Адкрыць галоўнае меню

Магілёўскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Магілёве.

Магілёўскі езуіцкі калегіум
Mahiloŭ. Магілёў (J. Pieška, 1800) (2).jpg
Міжнародная назва: Collegium Mohileviense Societatis Jesu
Заснаваны: 1779
Год закрыцця 1820
Размяшчэнне: Магілёў, Беларусь

Змест

Езуіты ў МагілёвеПравіць

Фундатарам магілёўскай рэзідэнцыі Таварыства Ісуса выступіў пробашч мясцовай парафіі Ян Здановіч (1673). Рашэнне аб яе адкрыцці было ўхвалена на аршанскім павятовым сейміку (1678). Рэзідэнцыя, падпарадкаваная Аршанскаму езуіцкаму калеігуму, распачала сваю дзейнасць у 1680 г. У 1684 г. для яе была пабудавана мураваная капліца, што насіла імя Св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў. У 1687 г. паўстаў драўляны касцёл, спалены казакамі ў час Паўночнай вайны (1709). У 1725 г. быў кансекраваны мураваны касцёл Св. Анёлаў-Ахоўнікаў, Св. Тадэвуша і Св. Францыска Ксаверыя, будаўніцтва якога вялося з перапынкамі з 1699 г.[1]

Магілёўскай рэзідэнцыі падпарадкоўваліся езуіцкія місіі ў Гомелі, Фашчаве, Хальчы, Чачэрску і інш. У розныя часы рэзідэнцыі і калегіуму належылі маёнткі Бялянічы, Варатынічы, Галынец, Дабрасневічы, Дубінскі, Куты, Параеўка, Паўлаўка, Турэц, Цёплае, Хронеў, Ямны і інш.[2]

Згодна з дадзенымі С. Заленскага і Л. Гжэбня, у 1682 г. пры рэзідэнцыі была адкрыта пачатковая школа[1]. Але беларуская даследчыца Т. Б. Блінова на падставе езуіцкіх каталогаў прыходзіць да высновы, што ад пачатку сваёй дзейнасці ў 1690/1691 навучальным годзе школа была сярэдняй, г.зн. апрача класаў інфімы, граматыкі і сінтаксісу ў ёй былі класы паэтыкі і рыторыкі. Першымі яе выкладчыкамі былі Себясцьян Яховіч (інфіма, граматыка і сінтаксіс) і Міхал Пятровіч (паэтыка і рыторыка). З другой паловы 20-х гг. і да пачатку 70-х гг. XVIII ст. у школе працавалі ўжо тры выкладчыкі. Адзін з іх быў замацаваны за класам інфімы, другі — граматыкі і сінтаксіса, а трэці — паэтыкі і рыторыкі[3]. У 1751/1752 навучальным годзе пачалося выкладанне гісторыі[4]. У 30-х гг. XVIII ст. школа атрымала ўласны цагляны будынак. Меліся ўласныя бібліятэка, музей і аптэка (з 1720 г.)[1]. У 1820 г. калегіум быў зачынены ў сувязі з выгнаннем езуітаў з Расійскай імперыі, а касцёл у 1833 г. быў ператвораны ў праваслаўную царкву[5].

Дзейнасць калегіумаПравіць

Падзеі пачатку 70-х гг. XVIII ст. істотна паўплывалі на далейшае развіццё езуіцкай пляцоўкі ў Магілёве. Па-першае, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) горад апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Па-другое, у 1773 г. папа рымскі Клімент XIV выдаў буллу Dominus ac Redemptor аб скасаванні скасаванні Таварыства Ісуса. Імператрыца Кацярына ІІ з палітычных меркаванняў забараніла агалошванне папскага загаду, а таму езуіты атрымалі магчымасць працягнуць дзейнасць у яе ўладаннях.

Чатыры калегіума (у Полацку, Дынабургу, Віцебску і Оршы), дзве рэзідэнцыі (у Магілёве і Мсціславе) і цэлы шэраг місіяў апальнага Таварыства Ісуса становяцца цэнтрам прыцягнення для былых езуітаў з усяго свету і пры спрыянні расійскіх уладаў атрымліваюць значны штуршок для свайго развіцця. Так, у 1779 г. рэзідэнцыя ў Магілёве намаганнямі біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча атрымала статус калегіума. У канцы 80-х — пачатку 90-х гг. XVIII ст. пад кіраўніцтвам Андрэя Жаброўскага (1787—1788), Войцеха Абрампальскага (1788—1790) і Казіміра Астроўскага (1790—1791) комплекс будынкаў калегіума быў значна пашыраны[1].

ШколаПравіць

Езуіцкая школа ў Магілёве была 6-класнай. Прычым, вывучалі ў ёй не толькі матэматыку і філасофію, але нават архітэктуру (1802 г. яе выкладаў, напрыклад, прафесар Ю. Пшысецкі[6]), натуральную гісторыю, эксперыментальную фізіку, нямецкую, французскую і рускую мовы[7].

Важна адзначыць, што ў той час, як у школе пры рэзідэнцыі замежныя мовы не выкладаліся[8], езуіцкі каталог за 1783 г. сведчыць пра тое, што ў класе інфімы вывучалі нямецкую, у класе сінтаксіса — французскую, а ў класе рыторыкі — нямецкую і французскую мовы[9]. З 1790 г. лекцыі па французскай і архітэктуры наведвалі таксама клірыкі дыяцэзіяльнай семінарыі[1].

У 1796 г. у школе займаліся 106 вучняў, у 1802 г. — 126[7], у 1805—154, у 1806 г. — 94, у 1807 г. −108 (прычым, 11 з іх былі ўніятамі і 6 — мяшчанамі), 1808 г. — 102, у 1809 г. −100, а ў 1811—130[10]. Цікавыя звесткі пра школу магілёўскіх езуітаў падае візітатар В. Севяргін, які наведваў яе 17 — 25 чэрвеня 1803 г. Так, у першым класе займалася 56 чалавек ад 7 да 15 гадоў. Гэты клас быў падзелены на тры часткі. Некаторыя вучні заставаліся ў ім чатыры гады, а некаторыя — толькі паўгады. Поспяховасць у гэтым класе візітатар ацаніў станоўча[7].

КанвіктПравіць

Недзе з 1784 г. пры калегіуме пачаў дзейнічаць канвікт (пансіён). З 1788 г. ён размяшчаўся ў перабудаваным зернясховішчы. У 1784 г. у канвікце знаходзілася 14 [9], у 1788 г. — 10, у 1796 г. — 18, у 1802 — 28 , а ў 1807 — 17 вучняў[1].

Музычная бурса і школьны тэатрПравіць

Ад пачатку свайго існавання (1684) бурса мела ўласны бюджэт[1]. У 1796 і ў 1802 г. у ёй было па 16 хлопчыкаў, у 1807 — 14, у 1817 г. — 23 ,а ў 1818 г. — 20. Жадаючы мець добрую бурсу (гэта азначала падтрыманне на належным узроўні богаслужэння), магілёўскія езуіты не лічыліся з выдаткамі. Настаўнікам музыкантаў Вінцэнту Чахоўскаму і Вінцэнту Хадкевічу плацілі адпаведна 150 і 60 рублёў у год. Акрамя таго, яны знаходзіліся на поўным пансіёне[11]. З канца XVII ст. у Магілёве дзейнічаў і школьны тэатр[1].

БібліятэкаПравіць

Доўгі час бібліятэка магілёўскай рэзідэнцыі езуітаў развівалася павольна, залежачы, галоўным чынам, ад ахвяраванняў дабрадзеяў. Так, напрыклад, каштоўны кнігазбор пакінуў ёй Пётр Пузына, былы суперыёр мясцовай рэзідэнцыі (1705—1709). У 1773 г. у бібліятэцы, выратаванай ад пажару 1748 г., было ўжо каля 1 000 тамоў. За час існавання калегіума кнігазбор магілёўскіх езуітаў павялічыўся ў пяць разоў і ў год закрыцця калегіума ў бібліятэцы налічвалася каля 5 000 тамоў[1]. Галоўныя фактары такога ўражальнага росту: прыезд на Беларусь езуітаў з Заходняй Еўропы і выдавецкая дзейнасць Полацкай друкарні.

МузейПравіць

Каля 1780 г. пры езуіцкай школе быў адчынены музей. У ім былі прадстаўлены калекцыі мінералаў і ракавін, матылёў, манет і медалёў, машыны, прыборы, мікраскопы і глобусы, мадэлі і архітэктурныя мадэлі і чарцяжы[7]. Як мяркуе Т. Б. Блінова значная частка гэтага абсталявання была знічшана ў час вайны 1812 года. Тым не менш, езуіты шчодра фінансавалі як яго аднаўленне, так і належнае выкарыстанне. Напрыклад, у 1816 г. калегіум выдаткаваў 70 рублёў на набыццё хімікатаў, а ў 1818 г. на правядзенне школьных вопытаў па фізіцы і ўзнагароды паспяховым вучням — 220 рублёў[12].

Значныя постаці калегіумаПравіць

РэктарыПравіць

ВыкладчыкіПравіць

ВыпускнікіПравіць

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Магілёўскі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Г. П. Пашкоў (галоў. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1999. — Т 5 : М — Пуд — С. 25.
  3. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 71.
  4. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 98.
  5. Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — s. 196.
  6. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 139.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — s. 188.
  8. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 98.
  9. 9,0 9,1 Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 131.
  10. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 141.
  11. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 207.
  12. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — C. 250.

ЛітаратураПравіць

  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Магілёўскі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Г. П. Пашкоў (галоў. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1999. — Т 5 : М — Пуд — С. 2. ISBN 985-11-0141-9.
  • Пазднякоў, В. Магілёўскі езуіцкі калегіум / В. Пазднякоў, Т. Чарняўская // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапелыя. У 3 т. / р\д. Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. — С. 250.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / оprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.