Мазырская града
Мазырская града, Мазырскае ўзвышша — краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся. Размешчаная ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на правабярэжжы ракі Прыпяць.
Мазырская града | |
---|---|
Каардынаты: 52°01′00″ пн. ш. 29°15′30″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Геаграфія
правіцьПрацягваецца з паўночнага захаду (раён вусця ракі Пціч) на паўднёвы ўсход да вёскі Барбароў прыблізна на 50 км. Шырыня 3—14 км. Вышыня над узроўнем мора 160—200 м, найбольшая 221 м.
Геалогія
правіцьУ тэктанічных адносінах мясцовасць прымеркавана да цэнтральнай часткі Прыпяцкага прагіна з глыбінёй залягання фундамента 4-5 км. Паверхня карэнных парод размяшчаецца на абсалютных адзнаках 100—140 м і складзена пясчана-гліністымі ўтварэннямі неагена і палеагена, на якіх залягае чахол антрапагенавых адкладаў магутнасцю 20-150 м і больш.
Фарміраванне тэрыторыі звязана з акумулятыўнай дзейнасцю прыпяцкага ледавіка. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўночных і паўночна-ўсходніх схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод.
Рэлеф
правіцьУ будове рэльефа вялікую ролю іграюць марэнныя адклады і лёсападобныя покрывы (да 11 м). Града мае выгляд слабавыгністых ў паўднёва-заходнім кірунку палос, складзеных з невялікіх градаў і ўзгоркаў. Паўночныя і ўсходнія схілы, звернутыя да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, вышыня іх над зрэзам вады да 50—70 м, заходнія і паўднёва-заходнія — спадзістыя, паступова зліваюцца з прылеглай водна-ледавіковай раўнінай. На асноўнай тэрыторыі пашыраны ледавіковы рэльеф, які ўтварае 2 ланцугі, кожны з якіх складаецца з некалькіх комплексаў невялікіх град і ўзгоркаў. З поўдня прымыкае зандравая забалочаная раўніна.
Паверхня дрэніруецца невялікімі вадацёкамі, якія ўтвараюць рашотчатыя і радыяльныя сістэмы (буйныя рэкі праходзяць толькі па перыферыі). Града моцна падзеленая (да 20—30 прамыінаў і яроў на 1 км²). Каля Мазыра яры глыбінёй 40—60 м, а гушчыня рассячэння дасягае 80 м/км². На схілах развіты невялікія тэрмакарставыя і суфазіёныя западзіны. Сустракаюцца эолавыя формы.
Глебы і расліннасць
правіцьГлебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Лясістасць каля 36 %. Пераважаюць хваёвыя лясы і дубровы. На тэрасаваных схілах праводзяцца лесапасадкі. Пад раллёй каля 22 % тэрыторыі.
Ахова прыроды
правіцьЛандшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння Мазырскія яры.
Літаратура
правіць- Мазырская града // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 455. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Мазырская града // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.