Макак-рэзус[1] (Macaca mulatta) — від макак, адзін з найбольш вядомых відаў сямейства Мартышкавых.
Прыродаахоўны статус макак-рэзусаў у Чырвонай кнізе Міжнароднага саюза аховы прыроды пазначаны як LC («выклікае найменшую асцярогу») з прычыны шырокага распаўсюджвання, меркавана вялікай колькасці і адаптаванасці да разнастайных месцаў жыцця. Макак-рэзус насяляе Паўднёвую, Цэнтральную і Паўднёва-Усходнюю Азію, арэал віду найбольшы з усіх прыматаў, за выключэннем людзей. Сустракаецца на розных вышынях і ў самых розных месцах жыцця: ад лугоў да засушлівых і лясных зон, а таксама паблізу населеных пунктаў.
Назва «рэзус» нададзена віду макак французскім прыродазнаўцам Жанам Батыстам Адберам (1759—1800) у імя фракійскага цара Рэса, які падчас Траянскай вайны змагаўся на баку Троі. У еўрапейскія мовы імя ўвайшло ў латынізаваным напісанні Rhesus, скарочана — Rh.
Даволі буйныя мажныя жывёлы, з цёмнай зеленавата-жоўтай афарбоўкай поўсці. Твар, вушы і кісці рук бледна-мяснога колеру.
Рэзусы не баяцца вады, добра плаваюць і ныраюць.
Цяжарнасць доўжыцца 164 дні, нараджаецца 1 дзіцяня, якога маці корміць да года. Маці зацята абараняе сваё дзіцяня. Палавая спеласць надыходзіць у 4 гады.
Жывуць рэзусы вялікімі зграямі (да 20 і больш асобін) у лясах або на адкрытых горных схілах. Індыйцы лічаць іх свяшчэннымі жывёламі і часам пакідаюць для іх непрыбранай частка ўраджаю на сваіх палях.
Для макак-рэзусаў характэрны некалькі тыпаў крыкаў. Гэтыя гукі рэзусы выдаюць у розных сітуацыях, у розных эмацыйных станах:
- Раве малпа, якая ўпэўнена ў сваіх сілах і пагражае іншай, ніжэйшага рангу.
- Шумная задышка — пагроза зыходзіць ад менш упэўненага рэзусу, які хоча падчас нападу атрымаць падтрымку суродзічаў.
- Брэх значыць пагрозу з боку таго, хто недастаткова агрэсіўны, каб напасці.
- Бурчанне выдае злёгку ўстрывожаны рэзус.
- Віскатлівы брэх — відавы сігнал трывогі, выдаецца пры выяўленні драпежніка.
- Пранізлівы крык спачатку гучыць на вельмі высокай ноце, затым рэзка абрываецца; такі гук выдае рэзус, якому пагражае суродзіч высокага рангу.
- «Кудахтальны» крык выдае той, каму пагражае суродзіч.
- Віскат выдае пераможаная малпа, пакусаная падчас бойкі.
- Піск выдае рэзус, які абараняецца падчас бойкі і сілы якога канчаюцца.
Самы паспяховы і распаўсюджаны від прыматаў свету: сустракаюцца ў Пакістане, Індыі, у Гімалаях ад Непала да Паўночнай Бірмы, у Паўднёвым Кітаі, краінах Індакітаю; у вялікай колькасці жывуць нават у гарадах.
Макак-рэзусаў трымаюць у віварыях як мадэльныя аб’екты для медыцынскіх, эталагічных і нейрабiялагiчных даследаванняў. На гэтых малпах адкрыты рэзус-фактар — фактар сумяшчальнасці крыві.
Макак часта выкарыстоўваюць для эксперыментаў па трансплантацыі органаў. Так, у 1970 годзе амерыканскі нейрахірург Роберт Уайт правёў трансплантацыю галавы адной малпы на цела другой.
- ↑ Напісанне Макак-рэзус у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах, Т. 9. Мн., 1999, С. 526