Максім Гарэцкі

беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, палітык (1893—1938)

Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (6 (18) лютага 1893, в. Малая Багацькаўка, цяпер Магілёўская вобласць, Беларусь — 10 лютага 1938, Вязьма, НКУС, Смаленская вобласць[A]) — беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст[1]. Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы[2]. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці[2].

Максім Гарэцкі
Максім Гарэцкі, 1920-я
Максім Гарэцкі, 1920-я
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 6 (18) лютага 1893
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лютага 1938(1938-02-10) (45 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
  • невядома
Грамадзянства
Жонка Леаніла Усцінаўна Чарняўская
Дзеці Леанід Максімавіч Гарэцкі (1922—1944)
Галіна Максімаўна Гарэцкая (1921—2006)
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці літаратуразнавец, перакладчык, гісторык літаратуры, лексікограф, фалькларыст, пісьменнік, ваенны
Гады творчасці 19121937 гг.
Мова твораў беларуская
Дэбют «У лазні» (1913)
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Аўтар аповесці «Дзве душы», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», раманаў «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка». Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры», аўтар літаратурна-крытычнай працы «„Маладняк“ за пяць гадоў. 1923—1928», «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.», «Руска-беларускага слоўніка» (з Гаўрылам Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з Міколам Байковым).

Карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Біяграфія

правіць
 
Бацькі Іван Кузьміч і Ахрасіння Міхайлаўна Гарэцкія.

Паходжанне

правіць

Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай малазямельнай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856—1945), многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы на Смаленшчыне. Маці — Ахрасіння Іванаўна, у дзявоцтве Папова (1864—1935), дачка панскага ткача з сяла Слаўнае, сям’я лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28 гадоў, а Ахрасінні Іванаўне 20. Абое былі непісьменнымі. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася, і так і не навучылася. Праз кароткі час пасля шлюбу Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Ахрасіння ездзіла да мужа толькі ў госці, але зрэдку, бо было далёка[3].

У Івана і Ахрасінні нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але крыху больш чым праз год ён памёр. Праз два гады нарадзіўся Іван (1880—1939). Наступнай была Марына, але хутка памерла з водры. У 1893 годзе нарадзіўся Максім. Пасля нарадзіліся блізняты Панас (памёр праз 4 тыдні) і Парфір (1896—1980), Гаўрыла (1900—1988), Ганна (1902—1922)[4].

Раннія гады

правіць

Першую навуку Максім Гарэцкі атрымаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павета ў царкоўнапрыходскай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае свядома карыстацца беларускай мовай. У 1908 годзе Гарэцкі скончыў вучобу ў двухкласнай настаўніцкай школе ў Вольшы і атрымаў магчымасць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей[5]. Аднак праз малы ўзрост Максім пакуль працуе на бацькоўскай гаспадарцы[5]. У кастрычніку 1908 года прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступлення ў вучэльню. Жыў на вуліцы Зялёнай (цяпер вуліца Максіма Гарэцкага), дом Якаўлева[5]. У Горках займаўся з рэпетытарам Крэерам[6]. А. Крэер быў адным з арганізатараў у горадзе групы РСДРП, адзін з актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Горках у 1903—1907 гадах, аднак пасля Рэвалюцыі 1905—1907 гадоў адышоў ад руху і заняўся рэпетытарствам. Крэер меў вялікую бібліятэку, якой карысталіся не толькі вучні, але і навучэнцы сельскагаспадарчых вучэльняў, часам у яго праводзіліся літаратурныя вечары[5]. У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках[1], якую скончыў у 1913 годзе[7]. У вучэльні пад кіраўніцтвам Максіма было створана невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры. Сябры гуртка пісалі невялікія допісы ў «Нашу Ніву». Гарэцкі адзін з першых пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян[5]. Атрымаў у атэстаце наступныя адзнакі: агульнаадукацыйныя прадметы — выдатна, сельская гаспадарка — выдатна, землеўпарадкаванне — выдатна, прыродазнаўчыя прадметы — добра. У атэстаце таксама адзначаецца, што Максім Гарэцкі праявіў асаблівую цікавасць і аказаўся дасведчаным у геадэзіі і карэнным паляпшэнні ўгоддзяў[5]. Па размеркаванні накіраваны ў Вільню, куды ён едзе ўвосень 1913 года.

Служба ў войску

правіць
 
У вайсковым шпіталі, 1914 г.

Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні (Вільня, 1913—1914). На пасадзе каморніка Гарэцкі правёў толькі адзін год[1]. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасці і паступіць на гістарычна-філалагічны факультэт, аднак яму не ўдалося здзейсніць гэтыя планы. На той час адтэрмінаванне ад вайсковай службы каморнікам ужо скасавалі[1]. Каб не ісці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасці ў якасці «вальнапісанага» царскай арміі. 1 ліпеня 1914 года яго накіравалі ў артылерыйскую брыгаду ў Вільню (2-я батарэя 27-й артылерыйскай брыгады)[8], што супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Максім трапіў на фронт ужо 24 ліпеня і ўдзельнічаў у жорсткіх баях. Найбольш страшны бой быў 27 жніўня пад Аленбургам  (руск.) (Прусія), за гэты бой Гарэцкі быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені[9]. 25 кастрычніка пад Герытэнам быў паранены, ляжаў у шпіталі яўрэйскай абшчыны «Мішмэрэс хойлем» у Вільні, дзе яго наведалі бацька і брат Іван. У той час там працавала міласэрнай сястрой Алаіза Пашкевіч (Цётка)[9]. Праляжаў у шпіталі больш за два месяцы. Пасля Новага года паехаў у Багацькаўку. Пасля месяца дома паехаў у Мсціслаў, пазней у Маскву, дзе працаваў чарцёжнікам. Рана на назе зажывала дрэнна, гнаілася. Быў накіраваны ў шпіталь у Ляфортаве  (руск.)[10]. Атрымаў накіраванне ў шпіталь Магілёва. Перад тым як легчы ў шпіталь, вырашыў пабыць у Багацькаўцы, дзе пражыў з 3 красавіка да 20 траўня 1915 года. Тры месяцы праляжаў у шпіталі, дзе яму была зробленая аперацыя — хірург без наркозу шчыпцамі выцягнуў асколак з раны[11]. Прыйшоў загад эвакуяваць усіх раненых у Маскву. Максіма Гарэцкага накіравалі ў шпіталь Маскоўскага біржавога і купецкага таварыства, дзе камісія прызнала яго здаровым і накіравала на фронт.

З Масквы павезлі ў Пскоў, дзе ён пражыў тры тыдні. У канцы кастрычніка пагналі праз Старую Русу, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Асіповічы да Урэчча, а адтуль пехатой у Слуцк і далей — па 20 км у дзень — у сваю батарэю, куды дабраўся 15 лістапада[11].

У студзені 1916 года пасланы вучыцца ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча  (руск.) ў Петраградзе, дзе атрымаў чын прапаршчыка. Па заканчэнні вучылішча (пачатак чэрвеня) накіраваны ў Іркуцк. Па дарозе на некалькі дзён заехаў у Малую Багацькаўку, пасля ў Смаленск да брата Парфіра, якога тут рыхтавалі на фронт. Адпраўлены ў Гжацк, дзе тры месяцы чакаў адпраўкі на пазіцыю[12].

У канцы 1916 года адпраўлены на фронт, трапіў у раён пінскіх балот, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізіцыі сена ў сялян, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Вясной 1917 года захварэў на востры гастрыт, месяц быў у палявым шпіталі, потым эвакуяваны ў Арол, адтуль у Маскву, дзе праляжаў усё лета, а ўвосень адпраўлены на лячэнне ў Жалезнаводск[12][13].

У лістападзе 1917 года прыехаў у Смаленск, дзе камісіяй вызначаны нестраявым[14]. Тут сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Па сумяшчальніцтве пачаў працаваць у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов», потым перайшоў туды на сталую працу. Лета і пачатак восені прабыў у Багацькаўцы. У кастрычніку вярнуўся ў Смаленск[14]. У Смаленску тады жыў Янка Купала, які часта запрашаў Максіма ў госці. Разам з Янкам Купалам у кастрычніку 1918 года запісаўся слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута[15]. Вучобу хутка кінуў, бо не было часу хадзіць на лекцыі. Адзначаецца яго добрае знаёмства з Вільгельмам Кнорыным у Смаленскім савеце[16]. Працуе ў Смаленску камендантам жыллёвага аддзела, дзе кіраваў рэквізіцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі» (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газетах «Западная коммуна», «Звязда» (са жніўня 1918[1], запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасля абвяшчэння ССРБ[13]). Супрацоўнічаў з газетай «Дзянніца».

Віленскі перыяд

правіць
 
З жонкай Леанілай, дзецьмі Галінай і Леанідам, 1920-я гг.
 
Група 2-га выпуску 1-й Віленскай беларускай гімназіі, 1921 год. Максім Гарэцкі — настаўнік гімназіі, сядзіць у першым шэрагу справа.

Разам з рэдакцыяй «Звязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (21 красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі[1]. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віленскай беларускай гімназіі, таксама выкладчык Беларускіх настаўніцкіх курсаў і Вышэйшых літоўскіх педагагічных курсаў[17]. У гімназіі пазнаёміўся з будучай жонкай, Леанілай Чарняўскай, настаўніцай пачатковых класаў. 16 ліпеня 1919 года яны павянчаліся ў Прачысценскім саборы. Максім спачатку жыў на кватэры ў Леанілы на Антокалі  (бел. (тар.)), дзе яна жыла з маці, а потым яны атрымалі кватэру на Вастрабрамскай вуліцы каля будынка Беларускай гімназіі[18].

Супрацоўнічаў з газетай «Беларускія ведамасці»[1], «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газеты «Наша думка» (снежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасці» (з верасня 1921). Максім Гарэцкі быў сябрам Таварыства беларускай школы, Беларускага навуковага таварыства, Беларускага выдавецкага таварыства. Разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Антонам Луцкевічам, Аркадзем Смолічам, Францішкам Аляхновічам і іншымі беларускімі дзеячамі стаў ініцыятарам скаўцкага руху ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1919 годзе пачала дзейнічаць Народная рада БНР, старшынёй якой стаў Пятро Крачэўскі, а Максім Гарэцкі ўвайшоў у склад прэзідыума[19].

12 ліпеня 1920 года ў Маскве быў падпісаны Маскоўскі дагавор РСФСР з Літвой, згодна з якім Літве перадаваліся этнаграфічныя беларускія землі: Віленскі край з Вільняй, а таксама Горадня, Ліда, Смаргонь, Ашмяны, Нарач, Браслаўскія азёры. Максім Гарэцкі напісаў «Пісьмо беларускага дзеяча т. Міцкевічу-Капсукасу», спадзеючыся, што ён будзе адстойваць беларуская інтарэсы, ведучы змаганне з «ковенскімі імперыялістамі». У стрыманай форме Гарэцкі крытыкуе маскоўскіх бальшавікоў, якія «крамсаюць Беларусь», пры ўсякай нагодзе квапяцца на беларускія землі. Вельмі вострую крытыку аўтар скіроўвае на «ковенскіх імперыялістаў», «літоўскіх акупантаў» і «іх пісак-публіцыстаў, якія цынічна гавораць аб беларускіх адраджэнцах». Гарэцкі даказваў, што ні «ковенскія імперыялісты», ні «польскія паны» не маюць права на беларускія землі[19].

У 1921 годзе найбольш уплывовай беларускай арганізацыяй Сярэдняй Літвы быў Віленскі беларускі нацыянальны камітэт, які імкнуўся да стварэння Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага. Сярод найбольш вядомых сяброў лічыўся Максім Гарэцкі. Таксама ў 1921 годзе быў створаны Беларускі дзяржаўны камітэт, старшынёй якога стаў Антон Луцкевіч, сакратаром — Браніслаў Тарашкевіч, сябрамі — Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, Максім Гарэцкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька[20]. Расчараваўшыся, Гарэцкі разам з Сымонам-Рак-Міхайлоўскім выйшаў з Беларускага дзяржаўнага камітэта пасля некалькіх сходаў[21].

У студзені 1922 года перад выбарамі ў Віленскі сойм  (руск.) быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца. Быў абвінавачаны ў прыналежнасці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрыманні грошай ад камуністаў. Такія дзеянні паводле польскага крымінальнага кодэкса маглі карацца смерцю або катаргай. Зняволены ў Лукішскай турме ў Вільні[1]. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і літоўскіх дзеячоў прымусова з іншымі арыштаванымі дзеячамі высланы ў Літву. Сябры Беларускага нацыянальнага камітэта Гарэцкі, Карабач, Краскоўскі, Пракулевіч і іншыя накіраваліся ў Коўна. Ковенскі ўрад і ўрад БНР Вацлава Ластоўскага прынялі іх добразычліва. Літоўцы прапанавалі Краскоўскаму заняць пасаду міністра беларускіх спраў пры ковенскім урадзе, але супраць гэтага быў Ластоўскі. На пасадзе беларускага міністра Ластоўскі хацеў бачыць Гарэцкага, але Гарэцкі, так і Краскоўскі не прынялі прапанаванай пасады і выехалі ў Латвію[22].

Максім жыў 4 месяцы ў Дзвінску, дзе выкладаў на Беларускіх настаўніцкіх курсах. У Дзвінску Максіма паўторна арыштавалі, даставілі ў Вільню, дзе трымалі пад вартай каля трох тыдняў, пасля чаго адпусцілі пад заклад у 10 тыс. польскіх марак[22]. У пачатку 1923 года Гарэцкі ў якасці сябра Арганізацыйнага камітэта актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы правядзення з’езда беларускіх настаўнікаў сярэдніх школ, які рыхтавала Беларуская цэнтральная школьная рада. 11—14 красавіка ў памяшканні Віленскай беларускай гімназіі адбыўся з’езд, на якім былі Максім і Леаніла Гарэцкія. На II пленарным пасяджэнні Максім Гарэцкі выступіў з дакладам як выкладчык беларускай мовы і літаратуры Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, а на IV пленарным пасяджэнні — як выкладчык Віленскай беларускай гімназіі[23].

Менскі перыяд

правіць
 
Максім Гарэцкі (справа) са сваім братам Гаўрылам Гарэцкім, 1926 г.

У канцы кастрычніка 1923 года Гарэцкі з сям’ёй пераехаў з Вільні ў Менск[23]. Сям’я Гарэцкіх пасялілася на Савецкай вуліцы, насупраць гарадскога сквера. Жылі ў невялікай камунальнай кватэры на трэцім паверсе, дзе мелі два пакоі. Па прыездзе ў Менск адразу паехаў у Малую Багацькаўку, вярнуўся ў Менск разам з маці і павёз яе ў Маскву, каб наведаць магілу Ганны (сястры Максіма)[24].

Рэктар БДУ Уладзімір Пічэта запрасіў Максіма Гарэцкага выкладаць беларускую мову і літаратуру на рабочым факультэце, Гарэцкі пачаў працаваць там ў лістападзе 1923 года. Пазней Гарэцкі разам з Якубам Коласам, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры педагагічнага факультэта, па жаданні студэнтаў стварае гурток беларускай культуры на рабфаку БДУ. Гарэцкі выкладае беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, спачатку па сумяшчальніцтве, а з верасня 1925 года як на асноўнай рабоце. Чытае лекцыі па літаратуры ў ветэрынарным тэхнікуме. Ездзіў у Віцебск і Хоцімск з лекцыямі па фальклоры, беларускай літаратуры і мове. Друкаваў артыкулы ў Савецкай Беларусі і Звяздзе[25].

У 1925 годзе пастановай Наркамасветы БССР зацверджаны новы склад Інбелкульта, у які ўвайшоў Максім Гарэцкі. Ён узначальвае Слоўнікавую камісію, затым мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі, удзельнічаў у працы правапісна-тэрміналагічнай і літаратурнай камісій, чытаў лекцыі на першых Калінінскіх акруговых настаўніцкіх курсах, разам з Якубам Коласам — цыкл лекцый у Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў[25]. Гарэцкі неаднаразова прывозіў у Менску сваю маці, а кампазітары Мікалай Аладаў і Аляксандр Ягораў запісалі ад Ахрасінні Міхайлаўны і пераклалі на ноты многія беларускія песні[26].

Горацкі перыяд

правіць
 
Максім Гарэцкі, 1928 г.

У лютым 1926 года пераязджае ў Горкі. Загадчык кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[27]. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску, дакладчык па пытаннях мастацкай літаратуры. Улетку 1926 года для збору матэрыялаў ездзіў у Сібір і на Далёкі Усход. Рэктарам акадэміі яму 24 чэрвеня 1926 года выдадзенае пасведчанне з маршрутам навуковай экспедыцыі: Горкі-Масква-Томск-Благавешчанск і назад[5]. 10 лістапада 1926 года піша ліст-хадатайніцтва ў падтрымку Францішка Аляхновіча[28]. 15 снежня 1927 года падпісаў разам з вялікай групай прафесараў, дацэнтаў і іншых навуковых супрацоўнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадарскі «Пратэст», які быў пасланы польскаму консулу пра Урадзе БССР, у якім было адзначана, што яны, спачуваючы змаганню працоўных Заходняй Беларусі за свае спецыяльныя і нацыянальныя правы, гнеўна пратэстуюць супраць суда над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой і пасламі Сейма[28]. У ліпені 1928 года ездзіў на лячэнне ў Крым. Па дарозе спыняўся ў Смаленску, Маскве, Харкаве. Па запрашэнні Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Смаленску наведаў выпускную вечарыну студэнтаў педагагічнага факультэта Смаленскага ўніверсітэта[29].

Правадзейны сябра Інбелкульта, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спецыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытута навуковай мовы Інбелкульта. З сярэдзіны верасня 1928 года жыве і працуе ў Менску[7][30].

Рэпрэсіі

правіць
 
Магшот з асабістай справы НКУС, 1930 г. Максім Гарэцкі асуджаны за ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусі».

10 снежня 1928 года разам з Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Вацлавам Ластоўскім, Сцяпанам Некрашэвічам, Язэпам Дылам, Уладзіславам Галубком, Фларыянам Ждановічам, Міхайлам Грамыкам напісалі хадайніцтва ў абарону Францішка Аляхновіча, які быў абвінавачаны савецкімі ўладамі ў шпіянажы на карысць Польшчы[28].

Максім Гарэцкі разам з іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929).

Арыштаваны 19 ліпеня 1930 года ў Менску па адрасе: вуліца Заслаўская, д. 5, кв. 1[31]. Абвінавачаны па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі, у красавіку — траўні 1931 года асуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку[1]. У Вятцы спачатку працаваў землякопам, потым чарцёжнікам (17 жніўня 1931 — 1 сакавіка 1932), тэхнікам-каштарыснікам мясцовай фабрыкі вучэбных дапаможнікаў і землеўладкавальнікам[32]. Год жыў адзін. У пачатку лета 1932 года жонка Леаніла Усцінаўна разам з дзецьмі пераехала ў Вятку, і ўжо 3 чэрвеня 1932 года Гарэцкі жыў разам з сям’ёй[32]. Спачатку жылі ў малым (9м²) прахадным пакойчыку, пазней атрымалі яшчэ адзін. Жонка пачала працаваць сакратаркай, а ў хуткім часе перайшла ў дзіцячы сад выхавацелькай[32]. З харчаваннем было цяжка, аднойчы сям’я варыла суп з грака[32]. У Вятцы сустракаліся з іншымі сасланымі беларускімі «нацдэмамі», сасланымі ў Вятку і суседнія месцы: Адамам Бабарэкам, Уладзімірам Пічэтам, Нічыпарам Чарнушэвічам. 21 ліпеня 1935 года Максіму Гарэцкаму выдадзеная даведка аб яго вызваленні, на наступны дзень ён атрымаў пашпарт. Можна было ехаць бліжэй да граніцы БССР. Ехаць у Менск ён не адважыўся, бо ведаў стаўленне ўладаў да сябе[33].

У жніўні 1935 года Гарэцкі паехаў у Смаленск. Там атрымаў накіраванне і з 1 верасня 1935 года стаў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка Пясочня (з 1936 года горад Кіраў) Заходняй, потым Калужскай вобласці. Чытаў лекцыі ў заводскім клубе і ваенкамаце, вёў заняткі па лікбезе[34]. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай.

Улетку 1936 года разам з дачкой наведаў Багацькаўку. З Багацькаўкі Гарэцкі на адзін дзень завітаў у Менск, каб даведацца пра лёс рукапісу «Віленскіх камунараў». Але была нядзеля, ён нікога не пабачыў апрача Алеся Вечара, якога выпадкова сустрэў на вуліцы. Вярнуўся ў Кіраў у прыгнечаным настроі[34]. У канцы жніўня 1936 года з сынам Лёнем ізноў наведаў Багацькаўку, верагодна, у той візіт запісаў «Камароўскі парад» — пералік усіх трыццаці пяці двароў у вёсцы і кароткія звесткі аб гаспадарах і іх сем’ях[35].

 
Максім Гарэцкі, 1937 г.

Узімку 1937 года да Гарэцкіх прыехаў пагасцяваць Максімаў бацька. Пісьменнік удакладняў свае запісы «Камароўскай хронікі», распытваючы бацьку пра старадаўняе жыццё. Улетку Гарэцкі накіраваўся ў Смаленск. Падаў заяву ў педінстытут, каб яму дазволілі здаць экстэрнам экзамены на атрыманне дыплома аб сканчэнні інстытута. Ён меў навуковыя працы, але гэта не лічылі за вышэйшую адукацыю[36]. Са Смаленску паехаў у Маскву, зайшоў да Уладзіміра Пічэты, але быў сустрэты сцюдзёна і насцярожана[36]. Улетку ізноў быў у Багацькаўцы.

Арыштаваны ў ноч з 3 на 4 лістапада 1937 года. 21 снежня этапаваны ў Вязьму[37]. Абвінавачаны ў варожасці да савецкай улады і контррэвалюцыйнай рабоце, выказванні тэрарыстычных намераў[37]. 5 студзеня 1938 года адбылося пасяджэнне «тройкі», на якім Максім Гарэцкі прысуджаны да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці[38]. Расстраляны 10 лютага 1938 года а 15-й гадзіне[39]. Жонцы паведамілі, што памёр ад кровазліцця ў мозг 20 сакавіка 1939 года.

Месца пахавання невядомае, на месцы турэмных могілак на Дзмітравай гары ў Вязьме ўсталяваны памятны знак Максіму Гарэцкаму[40].

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года. Першая публікацыя паводле сапраўдных фактаў расстрэлу 10 лютага 1938 года ў Вязьме з’явілася ў кастрычніку 1992 года ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Сям’я

правіць

У 1919 годзе ў Вільні Максім Гарэцкі пабраўся шлюбам. Жонка, Леаніла Усцінаўна Чарняўская-Гарэцкая (1893—1976) — празаік, перакладчык, педагог, працавала настаўніцай у I Віленскай беларускай гімназіі.

Сын Леанід Гарэцкі (1922—1944), загінуў у баях пад Ленінградам. Вядомыя яго «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна Гарэцкая (1921—2006) — захавальніца літаратурнага архіва сям’і Гарэцкіх, аўтарка шэрагу прац, прысвечаных жыццю і творчасці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку — акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Ацэнкі

правіць

Пасля рэпрэсій 1930-х гадоў і далейшага замоўчвання, публікацыі і даследаванні творчасці пісьменніка былі ўзноўленыя ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дзмітрыя Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Мінск, 1968), Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (Мінск, 1980), Івана Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Мінск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданняў Дзмітрыя Бугаёва, Максіма Лужаніна, Міхася Мушынскага, Юльяна Пшыркова, Івана Чыгрына і інш.

У наш час Максім Гарэцкі прызнаецца класікам беларускай літаратуры. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры[41]. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры[27]. Пачынальнік даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры[42]. Адзначаецца шматграннасць здольнасцей пісьменніка — літаратурных, матэматычных, музычных[43].

Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н. Рандаў) у ГДР[44]. У вышыні антываеннага духу апавяданні «Генерал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч»[45], аповесць «На імперыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля  (руск.)[44].

Творчасць

правіць
 
Зборнік апавяданняў «Рунь» (1914).
 
Рукапіс драматычнага абразка «Памінкі», 1922 г. На аркушы пячатка савецкіх часоў з надпісам «забаронена».

Літаратурная творчасць Гарэцкага пачалася з невялічкіх твораў, нататак, фельетонаў, якія друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Падпісваўся тады Гарэцкі такімі псеўданімамі: М. Б., Беларус, М. Беларус, Максім Беларус. Першая такая нататка з’явілася ў «Нашай Ніве» 26 верасня 1912 года. Першыя фельетоны выявілі талент Гарэцкага як сатырыка, аднак, у сваёй далейшай творчасці ён рэдка вяртаўся да гэтага[46].

Першае апавяданне Гарэцкага «У лазні» было змешчанае ў «Нашай Ніве» 25 студзеня 1913 года пад псеўданімам Максім Беларус, напісанае было 31 снежня 1912 года[47]. Пасля гэтага пачалі з’яўляцца новыя мастацкія творы: апавяданні «Стогны душы», «Роднае карэнне», «У панскім лесе», драматычны абразок «Атрута». Усё гэта было апублікавана на працягу 1913 года ўсё ў той жа «Нашай Ніве» пад псеўданімамі Максім Беларус і М. Г.[48]. Сваім сапраўдным прозвішчам Гарэцкі падпісаўся толькі ў 1914 годзе, калі Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні была выдадзеная кніга «Рунь»[49]. Гарэцкі востра адчуваў патрэбы літаратурнага развіцця беларусаў, аб чым сведчаць яго артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», апублікаваныя ў 1913—1914 гадах. У іх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатру[50].

22 лютага 1914 года была завершаная кніга Гарэцкага «Антон». Надрукаваная яна была толькі ў 1918 годзе ў віленскай газеце «Гоман». У 1919 годзе выйшла асобнае выданне. Твор мае падзагаловак «Абразы жыцця» і складаецца з 15 асобных абразкоў[51]. Франтавыя ўражанні і назіранні 1916—1917 гадоў пісьменнік акуратна заносіў у дзённік, матэрыялы якога ён пазней выкарыстаў для напісання дакументальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне»[52]. Пасля 1917 года шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918—1919 гадах у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху[53].

У 1918 годзе Максім разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», які быў выдадзены ў Смаленску ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе ў Вільні. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самога пісьменніка ў галіне лексікаграфіі. Аўтарству Гарэцкага належыць «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданні, апошняе пад назвай «Беларуска-расійскі слоўнічак» выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 годзе. На год раней у Менску з’явіўся складзены Гарэцкім разам з Міколам Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік», які ахоплівае каля 20000 словаў[54].

На працягу 1919—1923 гадоў ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданні, аповесць «Дзве душы», крытычныя артыкулы[55]. Звяртаўся да жыцця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сібірскія абразкі», апавяданні «Хадзяка», «Моцнае каханне», «Хоцімка» і інш.). У групе апавяданняў, створаных у 1921—1922 гадах, Гарэцкі наблізіўся да асэнсавання вобразу інтэлігента як усвядомленага суб’екта ў гістарычным быцці свайго народа. Здарылася гэта пад уплывам вайны, якая ў 1914 годзе абрынулася на беларускія землі, рэвалюцыяў 1917 года, абвастрэнняў нацыянальнай барацьбы ў краі[56].

У 1926 годзе ў Менску быў выдадзены зборнік апавяданняў «Досвіткі». У гэты час Гарэцкі прымаў удзел у розных дыскусіях, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасць многіх савецкіх пісьменнікаў, рабіў фальклорныя запісы[57]. У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі», падрыхтаваны Гарэцкім у суаўтарстве з кампазітарам Ягоравым. Там змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці[58]. У канцы 20-х гадоў пісьменнік займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: «Разгром» Фадзеева, апавяданні Горкага «Канавалаў», «Чалкаш». Пераклады былі падпісаныя псеўданімам А. Мсціслаўскі, але іх прыналежнасць Гарэцкаму не выклікае сумнення[59]. У 1928 годзе Гарэцкі падрыхтаваў да выдання вялікую кнігу сваіх выбраных твораў, нанова адрэдагаваўшы некаторыя з іх. Гэтая кніга не была надрукаваная[59].

Гарэцкі звяртаўся да праблемы ўзаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным развіцці (аповесць «Меланхолія», апавяданні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасці маладой беларускай літаратуры.

У творчасці Гарэцкага вызначаюцца наступныя перыяды (так, як іх акрэсліў Гаўрыла Гарэцкі ў лісце да А. Адамовіча[60]):

  • 1912—1913: Горацкі першы
  • 1913—1914: Віленскі першы
  • 1914—1917: часу імперыялістычнай вайны
  • 1917—1919: пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі
  • 1919—1923: Віленскі другі
  • 1923—1926: Мінскі першы
  • 1926—1928: Горацкі другі
  • 1928—1930: Мінскі другі
  • 1931—1935: Вяцка-Кіраўскі
  • 1935—1937: Пясочынска-Кіраўскі.

Творы Гарэцкага перакладзеныя на рускую, украінскую, балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую мовы.

 
Вокладкі зборніка апавяданняў «Досвіткі» (1926), кнігі «Ціхія песні» (1926), «Ціхая плынь» (1930).
  • «У лазні» (1912, надрукаваная ў 1913), першае апавяданне.
  • «Антон» (1914, упершыню надрукаваная ў газеце «Гоман», 1918; асобна — у 1919), драматызаваная аповесць.
  • «На імперыялістычнай вайне» (1914—1919, фрагменты друкаваліся ў «Полымі», першае асобнае і цэлае выданне — 1926), ваенныя запіскі.
  • «Літоўскі хутарок» (1915, надрукаваны ў газеце «Беларусь», 1920), апавяданне, першая спроба літаратурнага, не дзённікавага твора пра вайну.
  • «Генерал» (1916, першы раз надрукаваная газетай «Вольная Беларусь», 1918), апавяданне.
  • «Рускі» (1915), апавяданне.
  • «Чарнічка», апавяданне.
  • «Хадзяка» (1916), апавяданне.
  • «На этапе» (1916), апавяданне.
  • «Меланхолія», (урыўкі друкаваліся ў 1916), аповесць (незавершаная).
  • «Сібірскія абразкі» (1926—1928, часткова выдадзеныя ў 1973), збор 42 падарожных замалёвак.
  • «Ціхая плынь», аповесць (першы варыянт, «За што?», напісаны ў 1917—1918, быў надрукаваны ў газеце «Известия Смоленского Совета», май 1918; урыўкі друкаваліся аўтарам у заходнебеларускім друку, асобныя выданні — 1926 і 1930). Называецца крытыкамі адзіным завершаным і скончаным ва ўсіх адносінах буйным творам Гарэцкага[61].
  • «Дзве душы» (1918—1919, у газеце «Беларуская думка», чэрвень—ліпень 1919, першы раз асобна — Вільня, 1919), аповесць.
  • «Усебеларускі з’езд 1917-га года» (1922), апавяданне.
  • «Фантазія», апавяданне.
  • «Віленскія камунары», раман-кроніка (рукапіс быў адасланы аўтарам у Менск у жніўні 1934, і быў знойдзены ў фондах бібліятэкі АН Літоўскай ССР у лютым 1961; першае выданне ў 1965). Рускі варыянт «Виленские воспоминания» прапаноўваўся да друку ў Маскву ў сакавіку 1935, але не быў прыняты.
  • «Чырвоныя ружы» (1922), драматычны твор.
  • «Камароўская кроніка» (1930—1932—1937, апублікаваная 1966), раман-эпапея (незавершаны).
  • «Меланхолія»
  • «У чым яго крыўда?» (1926), аповесць.
  • «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925, апублікавана «Полымя», 1926), п’еса.
  • «Лявоніус Задумекус», аўтабіяграфічны твор (пісаўся ў 1930-я гады ў Вятцы, надрукаваны з адзінага чарнавіка ў часопісе «Полымя» 2/1993).
  • Аўтабіяграфічныя матэрыялы («Храналогія маіх твораў», успаміны, пісьмы); пераклады асобных прац і твораў Леніна, Горкага, А. Фадзеева, Ю. Лібядзінскага; іншыя творы і допісы ў перыядычным друку («Наша Ніва», «Полымя» і інш.)
  • «Рунь»[62] (Вільня, 1914), зборнік прозы, першая кніга.
  • «Расійска-беларускі слоўнік» (Смаленск, 1918, 2-е выд. — Вільня, 1920; разам з Гаўрылам Гарэцкім).
  • «Беларуска-расійскі слоўнічак» (Вільня, 1919, 3-е выд. — Менск, 1925).
  • «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (2-е выд. — Менск, 1926; разам з М. Байковым).
  • «Гісторыя беларускае літаратуры» (Вільня, 1919 і 1920, 4-е выд. — Менск, 1926).
  • «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век — 1905 г.» (Вільня, 1922).
  • «Народныя песні з мелодыямі» (Менск, 1928; разам з А. Ягоравым), зборнік песень.
  • «Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928» (Менск, 1928).
  • «Апавяданні», зборнік, рыхтаваўся ў 1928, але не быў выдадзены. Частка матэрыялаў была выдадзеная ў 2-томным зборніку «Выбраныя творы» (Мінск, 1973).
  • «Люстрадзён», нявыдадзены зборнік, рыхтаваўся ў 1929 годзе.

Пасля высылкі Максіма Гарэцкага ў Вятку, ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвеня 1932 года ў Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасля 4 снежня 1937 года перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12 сакавіка 1971 амаль усе рукапісы былі перададзеныя ў Фундаментальную бібліятэку Акадэміі навук БССР (архіў № 7, 119 адзінак захавання). Рэшта рукапісаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Ушанаванне памяці

правіць
 
Максім Гарэцкі на паштовай марцы Беларусі.

У 1993 годзе ў роднай вёсцы да 100-годдзя з дня народзінаў пісьменніка, што адзначалася таксама ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, адкрылі Літаратурны музей Максіма Гарэцкага[63]. У 1993 годзе да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага беларуская пошта выпусціла ў абарачэнне паштовую марку. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі. З 1992 года рэгулярна ладзяцца Гарэцкія чытанні[64]. У 2007 годзе была адкрытая памятная дошка на будынку Віленскай беларускай гімназіі[65]. 24 мая 2013 года ў Кіраве (Расія) на будынку былой Пясочанскай сярэдняй школы № 1 (цяпер у будынку размяшчаецца школа-інтэрнат для дзяцей з праблемамі слыху) адкрыта памятная дошка[66]. Таксама памятная дошка ўсталяваная ў Горках на вучэбным корпусе № 4. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет Максіма Гарэцкага, а таксама яго імем названа вучэбная аўдыторыя. З 2015 года рэктарат акадэміі ўручае імянную стыпендыю імені Максіма Гарэцкага замежнаму студэнту за поспехі ў вывучэнні мовы. Заір Азгур стварыў скульптурны партрэт Максіма Гарэцкага. У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926—1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка[67].

У 2013 годзе кінастудыя Беларусьфільм прэзентавала кароткаметражны фільм «Рускі» рэжысёра Віктара Аслюка паводле аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага[68]. У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка[69][70].

Заўвагі

правіць
  1. У савецкай гістарыяграфіі дата смерці падавалася як 20 сакавіка 1939.

Зноскі

правіць
  1. а б в г д е ё ж з Горецкий Максим Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 163—164. — 737 с.
  2. а б Мушынскі М. 1997, с. 81.
  3. Гарэцкі Р. 2008, с. 12.
  4. Гарэцкі Р. 2008, с. 12—13.
  5. а б в г д е ё Ліўшыц У.. Максім Гарэцкі. Старонкі жыцця.. arche.by (25 мая 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2016. Праверана 16 лютага 2016.
  6. Дасаева Т. 1993, с. 7.
  7. а б Бугаёў Дз. 2003, с. 15—17.
  8. Гарэцкі Р. 2008, с. 24.
  9. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 25.
  10. Гарэцкі Р. 2008, с. 26.
  11. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 28.
  12. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 29.
  13. а б Пшыркоў Ю. 1965, с. 7.
  14. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 34.
  15. Гарэцкі Р. 2008, с. 35.
  16. Адамовіч А. 1980, с. 89.
  17. Гарэцкі Р. 2008, с. 39.
  18. Гарэцкі Р. 2008, с. 40.
  19. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 41.
  20. Гарэцкі Р. 2008, с. 42.
  21. Латышонак А. 2014, с. 195.
  22. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 59.
  23. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 60.
  24. Гарэцкі Р. 2008, с. 83.
  25. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 84.
  26. Гарэцкі Р. 2008, с. 85.
  27. а б Каўка А. 1994, с. 494.
  28. а б в Гарэцкі Р. 2008, с. 87.
  29. Гарэцкі Р. 2008, с. 88.
  30. Ліўшыц У.. Максім Гарэцкі. Старонкі жыцця. Працяг.. arche.by (28 мая 2012). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2016. Праверана 18 лютага 2016.
  31. Гарэцкі Р. 2008, с. 103.
  32. а б в г Гарэцкі Р. 2008, с. 141.
  33. Гарэцкі Р. 2008, с. 142.
  34. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 143.
  35. Гарэцкі Р. 2008, с. 144.
  36. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 147.
  37. а б Гарэцкі Р. 2008, с. 156.
  38. Гарэцкі Р. 2008, с. 159.
  39. Гарэцкі Р. 2008, с. 160.
  40. Брэская — Гарэцкі – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 4 жніўня 2024.
  41. Чыгрын І. 2003, с. 70—81.
  42. Пшыркоў Ю. 1965, с. 8.
  43. Адамовіч А. 1980, с. 23.
  44. а б Чыгрын І. 2003, с. 50.
  45. Адамовіч А. 1980, с. 67.
  46. Бугаёў Дз. 2003, с. 18.
  47. Дасаева Т. 1993, с. 8.
  48. Бугаёў Дз. 2003, с. 20.
  49. Бугаёў Дз. 2003, с. 21.
  50. Бугаёў Дз. 2003, с. 29.
  51. Бугаёў Дз. 2003, с. 89.
  52. Бугаёў Дз. 2003, с. 119.
  53. Чыгрын І. 2003, с. 92—96.
  54. Бугаёў Дз. 2003, с. 123—124.
  55. Бугаёў Дз. 2003, с. 127.
  56. Чыгрын І. 2003, с. 32.
  57. Бугаёў Дз. 2003, с. 135.
  58. Бугаёў Дз. 2003, с. 152.
  59. а б Бугаёў Дз. 2003, с. 154.
  60. Адамовіч А. 1980, с. 41—42.
  61. Адамовіч А. 1980, с. 111.
  62. Власт. „Рунь“ // Наша Ніва. — 1914. — № 39. — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020.
  63. Мікалай Рудкоўскі.. Жыву і радуюся, і вы жывіце і радуйцеся. Газета «Магілёўскія ведамасці» (25 лютага 2008). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2016. Праверана 25 лютага 2016.
  64. Жук Т., Ліс М.. Рукапісы не гараць. Максім Гарэцкі: «Жыццё праляцела, як адзін дзень»(недаступная спасылка). Tut.by (18 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 25 лютага 2016.
  65. У Вільні ўшанавалі памяць Максіма Гарэцкага і Натальлі Арсеньневай. Наша Ніва (8 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2016. Праверана 12 лютага 2016.
  66. В Кирове появилась мемориальная доска классика белорусской литературы Максима Горецкого (руск.). pesochnya.com (25 мая 2013). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2016. Праверана 11 лютага 2016.
  67. Аксак В.. 120-годзьдзе Максіма Гарэцкага: дом зьнесьлі, збор твораў ня выдалі.. Радыё Свабода (18 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2016. Праверана 25 лютага 2016.
  68. Ірэна Кацяловіч.. Брат на варожым баку. zviazda.by (12 верасня 2014). Праверана 28-6-2019.
  69. «Дзве душы». Адбылася прэм'ера. kupalauski.by (27 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2016. Праверана 28 красавіка 2016.
  70. Дзяніс Марціновіч.. Уладзіслаў Ахроменка: «Мікалай Пінігін – напэўна, самы патрабавальны рэжысёр…». Народная Воля (11 лютага 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2016.

Літаратура

правіць
  • Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…». — Мінск: Выд-ва БДУ, 1980. — 224 с., іл., 1 л. партр. с.
  • Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. — 2-е выд., выпр., дап.. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 239 с. — ISBN 985-08-0533-1.
  • Бугаёў Дз. Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ. — С. 374.
  • Гарэцкі Р. Ахвярую сваім «я» … (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). / Р. Гарэцкі; Навуковы рэдактар М. І. Мушынскі. — Мінск: Беларуская навука, 1998. — 287 с.
  • Гарэцкі Р. Браты Гарэцкія / Шаўлякова І.. — Мінск: Згуртаванне Беларусаў Свету Бацькаўшчына, 2008. — 334 с. — ISBN 978-985-6887-21-8.
  • Гарэцкі Р. Янка Купала і браты Гарэцкія. // Роднае слова: Навук. і метад. часоп. ― Мн., 2004. ― № 7. ― С. 96―99.
  • Гаўрук, Ю. Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы. — Мн., 1984. — С. 87.
  • Дасаева Т. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. — 87 с. — ISBN 5-343-01432-1.
  • Кажамякін Г. Максім Гарэцкі і Кузьма Чорны: да праблемы тыпалогіі / Г. Кажамякін // Зборнік Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага: Зборнік навуковых артыкулаў / Пад агульн. рэд. Л. Дз. Сіньковай. — Мінск: БДУ, 2001. — С. 131—134.
  • Каўка А. Гарэцкі Максім Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл. / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч.. — Мінск: БелЭН, 1994. — С. 494—496. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Кныш, Л. Гутарковая камунікацыя ў прозе Максіма Гарэцкага // Роднае слова. — 2006. — № 2. — С. 32.
  • Кныш, Л. Моўныя сродкі ў творах Максіма Гарэцкага // Роднае слова. — 1998. — № 6. — С. 72—81.
  • Корань (Сінькова), Л. Д. Максім Гарэцкі // Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. — Мн.: Маст. літ., 1996. — С. 22—65.
  • Латышонак А. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  • Ліўшыц У. М. Максім Гарэцкі — жыццё і творчасць. Метадычны матэрыял і парады ў дапамогу прапандыстам кнігі. — Магілёў: абласное таварыства аматараў кнігі, 1993. — 34 с.
  • Ліўшыц У. М. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Кароткі даведнік. — Орша: аддзел культуры Горацкага райвыканкама, 1997. — 69 с. — ISBN 985-6120-13-6.
  • Ліўшыц У. М. Максім Гарэцкі : сцежкамі жыцця (да 125-годдзя з дня нараджэння). — Горкі : выдавецтва БДСГА, 2018. — 180 с. : іл. — ISBN 978-985-467-785-9.
  • Марціновіч А. Брама, адчыненая ў вечнасць: дзецям пра Максіма Гарэцкага: нарысы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 205 с. — (Гісторыя ў асобах). — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1423-2.
  • Мушынскі М. Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн., 1997. — С. 81. — 576 с.: іл. с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
  • Мушынскі М. Падзвіжнік з малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага // Мушынскі М.; навук. Рэд. А. М. Макарэвіч; Нац. Акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. Імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 543 с.
  • Новік, М. Слова і вобраз у «Скарбах жыцця» Максіма Гарэцкага // Роднае слова. — 2005. — № 4. — С. 12, 66—67.
  • Пшыркоў Ю. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мінск: Беларусь, 1965. — С. 356.
  • Савіцкая І. І. М. Гарэцкі і асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратурнай мовы // Пісьменнік — мова — стыль: Тэз. дакл. і паведамл. міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю з дня нараджэння праф. Л. М. Шакуна (17-19 верас. 1996 г.). — Мінск, 1996. — С. 117—119.
  • Сінькова Л. Д. Смехавое як пазнака нацыянальнага ў творах Максіма Гарэцкага / Л. Д. Сінькова // Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік / гал. рэд. Л. Д. Сінькова. — Вып. 6. — Мінск: БДУ, 2008. — С. 47—51.
  • Стральцоў М. Чалавек з Малой Багацькаўкі // Стральцоў, М. Л. Ад маладзіка да поўні: апавяданні, аповесці, эсэ / Міхась Стральцоў; уклад. В. Стральцовай. — Мн.: Маст. літ., 2005. — С. 323—336.
  • Тычына М. Максім Гарэцкі і праблема «другога» ў яго творах / М. Тычына // Роднае слова. — 2003. — № 2. — С. 5—9.
  • Тычына М. На выспе Патмас: Творчасць Максіма Гарэцкага / М. Тычына // Роднае слова. — 1993. — № 2. — С. 15—22.
  • Чыгрын І. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага. — 2-е выд., выпр.. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — С. 166. — ISBN 985-08-0539-0.
  • Гарэцкі Максім // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.

Дысертацыі:

  • Атрашкевич, В. И. Проблема автобиографизма в белорусской советской художественной прозе 20-х годов: На материале творчества Тишки Гартного, Горецкого, Якуба Коласа: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук. — Мн., 1979. — 24 с.
  • Голуб, Т. С. Тэксталогія твораў Максіма Гарэцкага: Прынцыпы выд. Поўнага збору твораў: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вучон. ступ. канд. філал. навук: 10.01.11 / Голуб Тэрэса Станіславаўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я.Купалы. — Мн., 2000. — 20 с.
  • Губская В. М. Раман М. Гарэцкага «Віленскія камунары» ў кантэксце беларускай прозы 1920—1930-х гадоў: жанравае наватарства: аўтарэф. дыс. … канд. філал. навук: 10.01.01 / В. М. Губская; БДУ. — Мінск, 2012. — 24 с.
  • Дасаева, Т. Н. Паэтыка лірызму ў беларускай публіцыстыцы і мастацкай прозе: Аўтарэф. дыс. на атрым. вучон. ступ. д-ра філал. навук: 10.01.10 ; 10.01.01 / Дасаева Таццяна Мікалаеўна; Бел. дзярж. ун-т. — Мн., 2002. — 39 с.
  • Кажамякін, Г. В. Ідэйна-мастацкая эвалюцыя творчасці Максіма Гарэцкага: аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук: 10.01.01 / Кажамякін Генадзь Вячаслававіч; Беларускі дзяржаўны універсітэт. — Мінск, 2007. — 21 с.
  • Кныш, Л. С. Гутарковая камунікацыя ў мастацкай прозе Максіма Гарэцкага: спосабы стылізацыі: аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук: 10.02.01 / Кныш Ларыса Сяргееўна: 29.09.2006. — Мінск, 2006. — 20 с.
  • Коротков, Н. Н. Ранняя проза М. Горецкого: проблема стиля: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук: 10.01.03 / Коротков Николай Николаевич; Академия наук Белорусской ССР, Институт литературы им. Я. Купалы. — Минск, 1989. — 21 с.
  • Маханьков, Ю. В. Становление белорусской советской прозы и традиции Л. Н. Толстого (Я.Колас, М.Горецкий, К.Чорный): Автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. филол. наук (01.01.02, 01.01.01) / АН РБ, Ин-т лит. им. Я.Купалы. — Мн., 1991. — 19 с.
  • Савіцкая, І. І. Лексікаграфічная спадчына М.Гарэцкага: моўна-гістарычны кантэкст, фарміраванне лексікону, нармалізатарская практыка: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вучон. ступ. канд. філал. навук: 10.02.01 / Савіцкая Ірына Іванаўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мн., 2002. — 19 с.
  • Сінькова, Л. Д. Беларуская проза ХХ стагоддзя: дынаміка жанравых структур: Аўтарэф. дыс. на атрым. вуч. ступ. д-ра філал. навук: 10.01.01 / Беларус. дзярж. ун-т. — Мн., 1996. — 41 с.
  • Смаль, В. М. Беларуская аповесць для юнацтва 20-х гадоў XX стагоддзя: стылева-жанравая спецыфіка: Аўтарэф. дыс. на атрыманне вучон. ступ. канд. філал. навук: 10.01.01: 27.04.2004 / Смаль Валянцін Мікалаевіч; [Установа адукацыі «Брэсц. дзярж. ун-т ім. А. С. Пушкіна»]. — Брэст, 2004. — 20 с.
  • Тарасова, Т. Н. Проблема «Человек и война» в творчестве Максима Горецкого и Анри Барбюса: Автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. филол. наук: 10.01.03; 10.01.05 / Тарасова Тамара Николаевна; Акад. наук БССР, Ин-т лит. им. Я.Коласа. — Мн., 1986. — 20 с.
  • Уткевич, В. І. Тыпалогія нацыянальнага характару ў творчасці Кнута Гамсуна і Максіма Гарэцкага: аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук: 10.01.03 ; 10.01.01: 20.02.2006. — Мінск, 2006. — 21 с.
  • Шышко, А. В. Мастацкае ўвасабленне нацыянальнага характару ў драматургіі Максіма Гарэцкага: аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук: 10.01.01 / Шышко Алена Вікенцьеўна. — Менск, 2009. — 23 с.

Спасылкі

правіць