Максім Танк

беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч (1912—1995)

Максі́м Танк, сапр.: Яўге́н Іва́навіч Скурко́ (4 (17) верасня 1912, Пількаўшчына, Віленская губерня7 жніўня 1995(1995-08-07)[1], Мінск; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972).

Максім Танк
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Яўген Іванавіч Скурко
Псеўданімы Максім Танк, Аўгень Бура, А. Граніт
Дата нараджэння 4 (17) верасня 1912
Месца нараджэння
Дата смерці 7 жніўня 1995(1995-08-07)[1] (82 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, паэт, дзіцячы пісьменнік, палітык, рэдактар, журналіст
Кірунак сацыялістычны рэалізм
Жанр верш
Мова твораў беларуская
Дэбют 1931 год
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў медаль «Партызану Айчыннай вайны» медаль Францыска Скарыны афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы
Народны паэт Беларусі
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Класік беларускай літаратуры. На яго творчасць аказала ўплыў грунтоўнае веданне беларускага фальклору; паэзіі Максіма Танка ўласцівы інтэлектуалізм, шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет) арганізацыі верша[2].

Біяграфія правіць

Паходжанне правіць

 
Хата ў Пількаўшчыне, дзе нарадзіўся М. Танк, цяпер яго музей.

Прадзеда Максіма Танка звалі Марк, ён быў адным з заснавальнікаў вёскі Пількаўшчына. Дзеда звалі Хвёдар (Фёдар) Скурко, яго жонку — Улляна. Хвёдар Маркавіч Скурко быў заўзятым паляўнічым, апроч таго ведаў розныя лекавыя травы, дапамагаў хворым. Пасля сябе пакінуў каля шасці дзесяцін зямлі, разам з лесам і сенажаццю, і дванаццаць дзяцей. Засталіся звесткі толькі пра трох сыноў: Івана, Фадзея і Ціхана. Сем’і дачок Паліны і Соф’і былі рэпрэсіраваны і вывезены ў Сібір[3].

Бацька Максіма Танка — Іван Фёдаравіч Скурко (нар. 1882 г.; старэйшы сын Хвёдара Маркавіча), маці — Домна Іванаўна Хвалько (родам з вёскі Задубенне). Бацька арандаваў зямлю, шыў боты, ганяў плыты, наймаўся лесарубам, хадзіў на панскі луг капаць канавы; толькі адну зіму адвучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў в. Новікі, а потым яшчэ некалькі месяцаў у Мядзельскім народным вучылішчы; меў брата Ціхана, сясцёр Соф’ю і Хрысціну.

Падчас Першай сусветнай вайны, увосень 1914 года, Івана Фёдаравіча мабілізавалі ў войска. Ён быў накіраваны ў шавецкую майстэрню ў Пскоў. Ад шлюбу з Домнай Іванаўнай меў дзяцей: сыноў Яўгена (Максім Танк) і Фёдара, дачок Веру і Людмілу[3].

Дзяцінства. Школьныя і гімназійныя гады правіць

Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1914 годзе маці з двухгадовым сынам Жэням на руках далучылася да бежанцаў Першай сусветнай вайны. У Дзвінску на вакзале выпадкова сустрэлі бацьку, салдаты знайшлі для іх месца ў эшалоне, і сям’я эвакуіравалася ў Маскву[4]. У Маскве сям’я пражыла з 1914 па 1922 год. Маці падрабляла прыбіральшчыцай у доме палкоўніка, затым — святара, пазней перайшла на працу на ваенны завод.

 
Яўген і Вера Скурко. Масква, 1922 год.

Сям’я жыла на Ціхвінскай вуліцы, дзе знаходзілася і школа, у якую ён пайшоў. У школе адзначаўся кемлівасцю і поспехамі[3].

Паводле ўмоў Рыжскага міру яго родная Пількаўшчына разам з Заходняй Беларуссю адышла да Польшчы. У 1922 годзе сям’я падалася на радзіму. Школа тут была польскай, але польскай мовы хлопчык не ведаў, і год яму давялося сядзець дома. Бацька вучыў сына чытаць па-польску. У 1923 годзе Жэня пайшоў у Шкленікоўскую пачатковую школу, дзе атрымліваў выдатныя адзнакі[3]. Зімой вучыўся, а летам пасвіў кароў.

Увосень 1925 года бацька яго перавёў у Сваткоўскую школу. Хлопчык старанна вучыўся, удзельнічаў у драматычным гуртку, маляваў. За зіму перачытаў кнігі са школьнай бібліятэкі — творы Генрыка Сянкевіча, Марыі Канапніцкай, Жуля Верна, Фенімара Купера, Адама Міцкевіча. У Сватках яму ўпершыню ў рукі трапіў «Беларускі каляндар» (на 1925 год). Яго зацікавіла, што каляндар быў напісаны на той жа мове, на якой размаўлялі між сабой вяскоўцы[3]. У 1926 годзе Яўген Скурко скончыў пачатковую школу. У 1926 годзе паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі ў Вілейцы. Настаўніца рускай мовы і літаратуры, Аглаіда Мажухіна, заахвоціла яго да творчасці. Падчас навучання ён пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад свайго дзеда, склаў некалькі вершаў[5].

У 1928 годзе Вілейская гімназія была закрыта ўладамі, і Яўгену Скурку давялося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягнуў навучанне[4]. У Радашковіцкай беларускай гімназіі пазнаёміўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Большасць яго новых сяброў пісалі вершы, і ён таксама ўзяўся за гэтую справу. Першыя спробы пяра не захаваліся, пачынаючы паэт знішчаў амаль усе свае творы, якія не траплялі ў друк[3].

 
Дзед Хвёдар (сядзіць у цэнтры) і баба Улляна з нашчадкамі: у другім радзе стаяць сястра Вера, бацька Іван, сам паэт. Побач з дзядамі — сястра Мілка і брат Федзя. 1930-я гады.

У новай гімназіі Яўген Скурко прыняў удзел у вучнёўскай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ урадам. Пасля гэтага з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у ліку якіх апынуўся і ён. Яўген Скурко, як і шмат хто з выключаных вучняў, у 1929 годзе накіраваліся ў Вільню. У пачатку 1929 года хлопец паступіў у Віленскую рускую гімназію імя А. Пушкіна[6]. Але і тут ён затрымаўся ненадоўга: Яўген прыняў новы ўдзел у забастоўцы. Рэвалюцыйна настроеную моладзь чакала выдаленне. Вярнуўшыся ў Пількаўшчыну, дома Яўген Скурко правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, шмат чытаў і пісаў, марыў працягнуць вучобу[3].

Падпольная дзейнасць правіць

У пачатку 1930-х гадоў Яўген Скурко прымаў удзел у падпольнай камсамольскай рабоце. 27 красавіка 1932 года за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную дзейнасць быў арыштаваны і трапіў у віленскую турму Лукішкі, у якой месяц адбыў у зняволенні. Восенню 1932 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу і трапіў у Мінск у надзеі прадоўжыць вучобу. У Мінску таксама далучыўся да падпольнай дзейнасці. Тут яго арыштоўваюць і два тыдні трымаюць пад вартай. З ім праводзяць «сяброўскія гутаркі», вядуць допыты, а пасля дэпартуюць назад[7].

 
Максім Танк у турме Лукішкі, 1932 г.

У 1932—1933 гадах працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднаразова затрымліваўся польскімі ўнутранымі органамі. 11 жніўня 1933 года віцэ-пракурор XIII Віленскага раёна Дамінік Пятроўскі ў сваім абвінаваўчым акце (аб’ём — 13 друкаваных старонак) заяўляў, што жыхар вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны Пастаўскага павета, сын Яна і Дамінікі Яўген Скурко, якому 21 год, абвінавачваецца ў тым, што з 1930 года па 27 мая 1933 года ў Вільні, у Пастаўскім і Дзісенскім паветах Віленскага ваяводства, а таксама ў Навагрудскім ваяводстве, маючы намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі, узяў удзел у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), ведаючы, што гэта партыя складаецца з асоб, якія імкнуцца да азначанай вышэй мэты[8].

 
«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 г. Злева направа: 1-шы шэраг— Мікола Шчорс, невядомая; 2-гі шэраг — Антон Неканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Канстанцін Галкоўскі, Міхась Забэйда-Суміцкі, Рыгор Шырма, Антон Луцкевіч; 3-ці шэраг — Сяргей Паўловіч, Максім Танк, Станіслаў Станкевіч, а. Станіслаў Глякоўскі, Ян Станкевіч.

У турмах Яўген Скурко правёў з перапынкамі каля двух гадоў. У 1936 годзе быў прыняты ў КПЗБ[6].

Савецкі перыяд правіць

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) Максім Танк працаваў у сельскім камітэце, у «Віленскай праўдзе» і вілейскай абласной «Сялянскай газеце». Член СП Беларусі з 1940[6]. У 1940 годзе ў Дзяржвыдавецтве БССР выйшлі яго «Выбраныя творы», а ў Маскве — зборнік «Стихотворения».

Бацька Максіма Танка быў адным з найбагацейшых гаспадароў у вёсцы, яго род меў 60 дзесяцін зямлі. Раскулачванне ў канцы 1940-х іх сям’ю абмінула толькі таму, што паэт загадаў бацькам тэрмінова ўступіць у калгас[9].

 
Яўген Скурко і Любоў Асаевіч, 1938 год.

У чэрвені 1940 года Яўген Скурко ажаніўся з Любоўю Асаевіч (1912 г.н.), з якой вучыўся яшчэ ў Віленскай гімназіі. Маладая сям’я патрапіла ў Беласток. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваліся ў Саратаў, у дарозе нарадзіўся сын Максім. Яўген Скурко ўступіў у народнае апалчэнне. Крыху пазней ён быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету «За Савецкую Беларусь». У 1945 годзе ў сям’і нарадзілася двойня, Ірына і Вера[10].

Пасля вайны Максім Танк працаваў у часопісе «Вожык». У 1948—1967 гады галоўны рэдактар часопіса «Полымя». З 1967 па 1990 гады Макім Танк з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 па 1986 гады — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, з 1958 па 1991 гады — старшыня Рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы, з 1991 — старшыня таварыства «Беларусь — Польшча». З 1990 года — член Рады СП Беларусі. З 1961 па 1966 гады — кандыдат у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 гады — член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, з 1969 па 1989 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 1963 па 1971 гады — старшыня Вярхоўнага Савета БССР[6][11].

Прымаў удзел у XV сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1960 год) ад нацыянальнага прадстаўніцтва Беларускай ССР у складзе дэлегацыі СССР[12].

Час незалежнасці правіць

За часам незалежнасці Максім Танк не цураўся бел-чырвона-белага сцяга. Перад смерцю падтрымліваў мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 года.[9]

Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 года. Пахаваны на могілках у вёсцы Новікі (Мядзельскі раён). Ён толькі на чатыры месяцы перажыў сваю каханую жонку і быў пахаваны з ёй у адной труне[13]. Побач магілы бацькоў, дзядзькі, брата і сясцёр[14].

Зборнік «Errata» (1996) змясціў яго вершы, напісаныя ў апошнія гады.

Творчасць правіць

Максім Танк пачаў пісаць вершы будучы гімназістам, у другой палове 1920-х гадоў. Дэбютаваў у друку ў 1931 годзе. Падчас навучання ў Віленскай гімназіі разам з аднакласнікам, паэтам і мастаком Я. Гарохам выдаў рукапісны часопіс «Пралом», дзе пад псеўданімам А. Граніт надрукаваў свае першыя вершы. Яго творы з гэтага часопіса ўзялі для «Хрэстаматыі заходнебеларускай літаратуры». У 1932 годзе малады паэт Яўген Скурко актыўна супрацоўнічаў у нелегальным друку: у «Праломе», у камуністычным «Часопісе для ўсіх», у газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё». У газеце «Беларускае жыццё» (за 7 красавіка 1932 года, Львоў) упершыню з’явіўся псеўданім Максім Танк, пад вершам «Заштрайкавалі гіганты-коміны»[6].

У канцы 1933, падчас зняволення ў турме, выдаваў пры падтрымцы палітвязняў рукапісны часопіс «Краты» (усяго было выдадзена выйшла 6 нумароў), у якім збылі змешчана і яго вершы, і творы іншых зняволеных паэтаў (П. Пестрака, В. Таўлая і інш.). У другой палове 1930-х гадоў вёў «Беларускую калонку» ў польскім выданні «Poprostu»[pl], загадваў літаратурным аддзелам у газеце «Наша воля», супрацоўнічаў у «Беларускім летапісе», у часопісе «Калоссе». У гэтых і іншых выданнях друкаваў свае вершы, апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы.

У 1935 годзе ў Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач», тэмай для якой паслужыла Нарачанскае выступленне рыбакоў. Цалкам надрукаваць твор было немагчыма з-за цэнзуры, таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калоссі». Некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. І толькі ў 1940 годзе паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы[15].

У 1936 годзе пры дапамозе КПЗБ быў выдадзены яго першы зборнік вершаў «На этапах», у 1937 годзе — зборнікі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач», у 1938 годзе — «Пад мачтай» (1938). Яго кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны польскімі ўладамі[6].

На яго творчасць аказала ўплыў грунтоўнае веданне беларускага фальклору, творчая вучоба ў класікаў беларускай, рускай, украінскай і польскай літаратур. Ад творчага вучнёўскага пераймання паэт даволі хутка перайшоў да самастойнага мастацкага выраза і мыслення.

 
Асабістая картка сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, запоўненая ўласнаручна Максімам Танкам.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Максім Танк падключыўся да грамадскіх і культурных працэсаў, што адбываліся ў савецкай краіне. Але яго творчасць адрознівалася ад пануючага ў той час рэвалюцыйнага пафасу бесканфліктнасцю. Ён паказваў лёс і духоўны свет заходнебеларускіх працоўных, умела пры гэтым працуючы ў разнастайных паэтычных відах і жанрах: лірыцы грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай, вершах гумарыстычных і сатырычных, казках, баладах, песнях, героіка-рамантычных паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»)[6].

Вершы Максіма Танка прасякнуты болем пра зняволены родны край, прыгнечаны і занядбаны народ. Гэта выразна адчуваецца ў зборніках Максіма Танка — «Журавінавы цвет» (1937) і «Пад мачтай» (1938). Шмат якім ягоным вершам, была ўласціва рэалістычнасць, прадметная выразнасць жывапіснага малюнка. Напрыклад, такім, як: «Калі няма на свеце маёй мовы…», «У падзямеллі», «Шэрыя хаты, платы і вароты…», «Лісце каштанаў» і іншым[16].

Максім Танк у сваіх творах звяртаўся да любімых паэтамі-раманістамі мастацкіх вобразаў вясны, сонца, навальніцы, пажару і іншых. Але яго ўмоўна-рамантычныя вобразы адначасова неслі і сацыяльную праўду жыцця: «Цягнуцца думы барознамі, Чорны змываючы пот» («Палавічнік»), «будуць вашы дзеці Араць бяду з пракляццем на шнурах», «Нехта з песняй залатым скрабе нарогам Грудзі чорныя, ўраджайныя зямлі», «Змоўкла песня, толькі звоняць недзе слёзы На палетках за скрыпучаю сахой» («Сказ пра Вяля»), у батрацкага сына багацця — «душа пад кашуляй, Сілы поўная буйнай» («Ой, калышацца вецер») і іншыя.

Паэзія Максіма Танка вызначалася чысцінёй і свежасцю, і пры гэтым умоўна-рамантычная мройлівасць, душэўная высакароднасць спалучалася ў ёй з бескампраміснасцю, ахвярнай мужнасцю. Гэта выразна бачна ў вершах «Чорныя скібы», «Начная цішыня», «Спатканне», «Над Прыпяццю», «Песня кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе…» і іншых. У яго вершах чытаюцца адметныя рысы тагачаснага грамадскага жыцця і прыроды Заходняй Беларусі. Вялікае месца ў сваёй паэзіі Максім Танк надаваў такім катэгорыям, як матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, каласістае гора, жалезны вырай, этапныя дарогі, світальная зара, полымя волі, сталёвы сонечны паход і іншыя. Усяму таму, што раскрывала характэрныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу[16].

 
Вокладка зборніка вершаў «Вастрыце зброю», 1945 год.

У часы Вялікай Айчыннай вайны творчасць Максіма Танка пераважна вылучаецца сатырычна-выкрывальнай і публіцыстычна-пафаснай жанравай скіраванасцю. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя подзвігу воіна, услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы — асноўныя матывы яго ваеннай лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партызанскага руху на Беларусі[2]. Патрыятычныя творы ваенных гадоў склалі кнігу «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945).

Яшчэ ў сталінскія часы не прымаў сацыялістычны рэалізм[17]. Пасляваенная творчасць вылучаецца зваротам паэта да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, услаўленні стваральнай працы. Зборнік Максіма Танка «Каб ведалі» стаў адным з лепшых у беларускай паэзіі пасляваеннага дзесяцігоддзя, быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР[4].

З канца 1950-х гадоў у паэзіі Максіма Танка ізноў заўважны сатырычны жанр (зборнік «Селядцы з вершамі»). Таксама ён звярнуўся да жанру гераічнай паэмы («Мікалай Дворнікаў»). А ў яго творах для дзяцей адчуваецца моцная сувязь з беларускай народнапесеннай творчасцю, якая характэрна для ўсёй лірыкі Максіма Танка (кнігі «Галінка і верабей», «Казкі лірніка», «Светлячок», «Ехаў казачнік Бай» і іншыя).

Творчасць Максіма Танка 1960—1980-х гадоў увасабляецца ў яго зборніках «Мой хлеб надзённы», «Перапіска з Зямлёй», «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць», «За маім сталом» і інш. Лірыка гэтага перыяду разнастайная па змесце, уключае філасофскі роздум над сутнасцю паэзіі ўвогуле. Паэт выявіў інтарэс да класікі, як айчыннай («Эх, Багрыме», «Над магілай Багдановіча», «Францішак Багушэвіч»), так і да замежнай («Сяргей Ясенін», «Трэска з дому Шэкспіра»). Ён займаўся пошукамі ў галіне паэзіі, а найбольш любімай формай выказвання паэтычнага пачуцця ў Максіма Танка быў верлібр[18].

Бібліяграфія правіць

Паэтычныя зборнікі правіць

  • «На этапах» (Вільня, 1936; факсім. Мінск, 1983)
  • «Журавінавы цвет» (1937)
  • «Пад мачтай» (1938)
  • «Выбраныя вершы» (1940)
  • «Вастрыце зброю» (1945)
  • «Праз вогненны небасхіл» (1945)
  • «Выбраныя вершы» (1947)
  • «Вершы» (1947, 1948)
  • «Каб ведалі» (1948)
  • «На камні, жалезе і золаце» (1951)
  • «Выбраныя творы» (1952, 1954)
  • «У дарозе» (1954)
  • «След бліскавіцы» (1957)
  • «Мой хлеб надзённы» (1962)
  • «Лірыка» (1963)
  • «Глыток вады» (1964)
  • «Вершы» (1967)
  • «Ключ жураўліны» (1972)
  • «Хай будзе святло» (1972)
  • «Дарога, закалыханая жытам» (1976)
  • «Вершы» (1979)
  • «Прайсці праз вернасць» (1979)
  • «Лірыка» (1982)
  • «За маім сталом» (1984)
  • «Лірыка» (1987)
  • «Дарога і хлеб» (1988)
  • «Збор калосся : Вершы 1983—1988» (1989)
  • «Паслухайце, вясна ідзе» (1990)
  • «Мой каўчэг» (1994)
  • «Errata» (1996)

Паэмы правіць

  • «Нарач» (1937)
  • «Янук Сяліба» (1943)

Паэтычныя зборнікі для дзяцей правіць

  • «Галінка і верабей» (1946)
  • «Казка пра мядзведзя» (1947)
  • «Вершы» (1948)
  • «Урачыстае абяцанне» (1949)
  • «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987)

Кнігі казак правіць

  • «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984)
  • «Конь і леў» (1955)
  • «Казкі. Легенды» (1960)
  • «Светлячок» (1970)
  • «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979)

Зборнікі гумару правіць

  • «Селядцы з вершамі» (1966)

Успаміны правіць

  • «Лісткі календара : Кніга-дзённік» (1970)

Зборнікі твораў правіць

  • «Збор твораў у 2-х тамах» (1958)
  • «Збор твораў у 4-х тамах» (1966—1967)
  • «Збор твораў у 6-ці тамах» (1978—1981)
  • «Збор твораў у 13-ці тамах» (2006—2012)

Пераклады правіць

Максім Танк перакладаў на беларускую мову творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Паўло Тычыны, Адама Міцкевіча, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава, Назыма Хікмета і іншых. У тым ліку пераклаў лібрэта оперы «Страшны двор» С. Манюшкі для пастаноўкі яе ў 1952 годзе. Займаўся перакладамі на беларускую мову з рускай, украінскай, польскай, літоўскай, латышскай, балгарскай моў[6].

Пераклады твораў Максіма Танка на рускую мову рабіў М. Старшынаў[19].

Ацэнкі правіць

 
Паштовая марка да 100-годдзя з дня нараджэння

Літаратуразнаўцы залічваюць Максіма Танка да класікаў беларускай літаратуры. Яго творчасць з’яўляецца сучаснай беларускай літаратурнай класікай, а сам ён уваходзіць у лік вядомых еўрапейскіх паэтаў[16].

З іменем Максіма Танкам і яго творчымі пошукамі некаторыя заходнебеларускія крытыкі звязвалі наступленне цэлай эпохі ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, артыкул С. Каліны, які быў надрукаваны і змешчаны ў часопісе «Калоссе», так і называўся — «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры». Каліна пісаў у сваім артыкуле:

«Ягоная творчасьць, што паўстала на працягу ўсяго трох апошніх гадоў, уліла ў нашую літаратуру зусім новыя плыні, выявіла аграмадныя мастацкія дасягненьні, напасьледак намеціла новы, адказуючы духу часу і варункам сучаснага жыцьця мастацкі і ідэёвы кірунак. Беларуская літаратура дзякуючы Танку перажывае сёньня, пасьля „нашаніўскай“ пары і ейнага прадаўжэньня, свой другі рэнэсанс, тым іншы за першы, што паколькі Купала і Колас, могучы мала карыстаць з літаратурнай спадчыны сваіх папярэднікаў, мусілі перадусім тварыць і замацоўваць наш літаратурны быт, патолькі сёньня распачынае нашая літаратура эпоху поўнай дасканаласьці, асягіваючы агульнаэўропэйскую ступень разьвіцьця»[4].

М. У. Мікуліч падкрэслівае, што пачынаючы паэт імкнуўся асэнсаваць працэсы заходнебеларускай рэчаіснасці і іх далейшае развіццё, у яго творчасці адлюстроўваўся высокі ўзровень нацыянальна-патрыятычнай свядомасці, вершы былі арыентаваны на адвечныя маральна-этычныя прынцыпы[16].

Як заўважае В. П. Рагойша, паглыбленне гуманістычнага пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэтычнагя выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі творчасці Максіма Танка 1960—1980-х гадоў[2].

Прэміі і ўзнагароды правіць

За пераклады польскай паэзіі і ўмацаванне дружбы паміж народамі Максім Танк атрымаў літаратурную прэмію Таварыства польска-савецкай дружбы (1958) і Таварыства аўтараў (ZAIKS. 1969). Шмат яго твораў былі адзначаны прэміямі. Так, зборнік вершаў паэта «Каб ведалі» (1948) быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, «След бліскавіцы» (1957) — Літаратурнай прэміяй Янкі Купалы, «Мой хлеб надзённы» (1962) — Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, «Прайсці праз вернасць» (1980) — Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева. За зборнік вершаў у перакладзе на рускую мову «Нарочанские сосны» (Масква, 1977) у 1978 годзе Максіму Танку была прысуджана Ленінская прэмія[4].

Ганаровы грамадзянін горада Мінска (1987), гарадскога пасёлка Радашковічы (1992). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978, за кнігу паэзіі «Нарачанскія сосны»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, за зборнік «Каб ведалі»), літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за зборнік «След бліскавіцы»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966, за зборнік «Мой хлеб надзённы»), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980, за кнігу «Прайсці праз вернасць»).

Удастоены звання народнага паэта Беларусі (1968), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, залатым медалём «Барацьбіту за мір», медалём Францыска Скарыны, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчынай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжом ордэна Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР, іншымі ордэнамі і медалямі[6][4]. Максім Танк з’яўляўся акадэмікам НАН Беларусі (1972)[16].

Увасабленне праз музыку правіць

Многія вершы Максіма Танка былі пакладзены на музыку. Песні, кантаты, араторыі на яго словы пісалі Л. Абеліёвіч (Дзве паэмы. Мн., 1958), М. Аладаў, У. Алоўнікаў, А. Багатыроў (Пяць вакальных дуэтаў. Мн., 1976), Р. Бойка, Г. Вагнер («Памяць»), Т. Дзядзюля («Каб ведалі»), К. Кавяцкас, Э. Калманоўскі, А. Кос-Анатольскі (хоры), I. Кузняцоў, А. Ленскі (хоры), Д. Лукас, I. Лучанок, Э. Манвелян, I. Мацін («Вясельная»), У. Мулявін («Завушніцы»), П. Падкавыраў (Свяці, зара; Добрай раніцы. Мн., 1957), А. Пахмутава, Р. Пукст, Ю. Семяняка, Г. Смірнова (Скаўронак. Л., 1956), Д. Смольскі, Э. Тамберг, А. Туранкоў, Э. Тырманд (Рамансы. Мн., 1969), А. Фляркоўскі, К. Цесакоў, М. Чуркін, В. Шабалін (хоры) і іншыя.

Ушанаванне памяці правіць

 
Помнік Максіму Танку, Мядзел.

Імя Максіма Танка прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Сваткаўскай сярэдняй школе (Мядзельскі раён) і Мядзельскай раённай бібліятэцы.

У Мінску, на вуліцы яго імя і на доме, дзе ён апошнія гады жыў і працаваў (вул. Кульман, 15), устаноўлены мемарыяльныя знакі[20].

Нацыянальны банк Беларусі 29 жніўня 2013 года ўвёў у абарачэнне памятную манету — «Максім Танк. 100 гадоў»[21].

5 снежня 2014 года ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку. Аўтары кампазіцыі — скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў[22].

Зноскі правіць

  1. а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б в В. П. Рагойша. Танк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  3. а б в г д е ё Жыццёвы i творчы шлях Максiма Танка. Мядзельскі раёны выканаўчы камітэт. Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2020. Праверана 31 сакавіка 2015.
  4. а б в г д е Біяграфія Максіма Танка. Паэтычная старонка Максіма Танка. Праверана 31 сакавіка 2015.
  5. Максім Танк // Беларуская літаратура: Вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Пад рэд. А. П. Бязлепкінай-Чарнякевіч, І. Д. Воюш. — Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2020. — С. 222—226. ISBN 978-985-594-737-1
  6. а б в г д е ё ж з Рагойша, В.П. Танк Максім // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік / Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. — Мн.. — Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Талалай — Яфімаў. — С. 8—10.
  7. Народные поэты Беларуси. Максим Танк (руск.). hvali.by (14 чэрвеня 2021). Праверана 7 красавіка 2015.
  8. Дранько-Майсюк Л.. Максім Танк(недаступная спасылка). ARCHE (16 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2013. Праверана 8 красавіка 2015.
  9. а б Скурко А.. Дубы Максіма Танка. Наша Ніва (17 верасня 2012 года). Праверана 31 сакавіка 2015.
  10. Падаляк, Т.. maksimtank.ru Да 95 годдзя Максіма Танка. maksimtank.ru (15 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2023. Праверана 13 ліпеня 2023.
  11. Максим Танк (Евгений Иванович Скурко) (руск.). ЦНБ НАН Беларуси. Праверана 8 красавіка 2015.
  12. Саўка, З. Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы = Belarusan Civilization in America: пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, 1949―1999: падзеі, дакумэнты, успаміны, пэрсаналіі / Зьміцер Саўка; [рэдактар Наталля Гардзіенка; прадмова Лявона Юрэвіча]. — Мінск: Кнігазбор, 2019. — 603 с., XII с. фат., партр.: іл., партр., факсім. — С. 76—77. — Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 38). — ISBN 978-985-7207-69-5.
  13. Паэт, падпольшчык і грамадскі дзеяч: сёння нарадзіўся Максім Танк. Sputnik.by (17 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2023. Праверана 13 ліпеня 2023.
  14. Кляшчук, А.. Па мясцінах Максіма Танка. Звязда (8 чэрвеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2020. Праверана 13 ліпеня 2023.
  15. Старонкі жыцця Максіма Танка // След : Газета. — сакавік, 2012. — С. 2.
  16. а б в г д Мікуліч, М.У. Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) (Да 95-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук : часопіс. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — № 4. — С. 122–124.
  17. Дэ Эм, В.. 20 нечаканых фактаў пра Максіма Танка. Беларуская служба Радыё «Свабода» (17 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2023. Праверана 13 ліпеня 2023.
  18. Тычко Г. К. Беларуская літаратура ХІХ-ХХ стагоддзяў: час і асобы: вучэб. дапам. — Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, 2010. — 267 с. ISBN 978-985-522-001-6
  19. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 164.
  20. Рэаліі жыцця Максіма Танка. Магілёўская абласная бібліятэка ім. У.І. Леніна. Праверана красавіка 2015.
  21. К 100-летию народного поэта Беларуси Максима Танка (руск.). БЕЛТА. Праверана 8 красавіка 2015.
  22. Высоцкі А.. Сёння ў Мядзеле адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку. Будзьма беларусамі! (5 снежня 2014). Праверана 8 красавіка 2015.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць