Малайзія
Малайзія (малайз.: Malaysia [məlejsiə]; англ.: [məˈleɪʒə] або [məˈleɪsiə]) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, на поўдні паўвострава Малака і ў паўночнай частцы вострава Барнеа. Клімат — экватарыяльны, гарачы і вільготны. Агульная плошча 330,8 тыс. кв. км. Сталіца – Куала-Лумпур (1,5 млн. чал.). Адміністрацыйным цэнтрам краіны, куды з 2003 перанесеныя ўрадавыя ўстановы, з'яўляецца Путраджая. Нацыянальны дзень 31 жніўня. Дзяржаўная мова малайзійская. Мусульмане складаюць большасць насельніцтва – каля 60%. Адміністрацыйнае дзяленне: 13 штатаў і тры федэральныя тэрыторыі.
Дзяржаўны ладПравіць
Федэратыўная канстытуцыйная манархія падобная да Вестмінстэрскай сістэмы. Манарх выбіраецца па выніках тайнага галасавання Савета кіраўнікоў, у які ўваходзяць спадчынныя султаны дзевяці з 13 штатаў краіны. Кіраўнік Малайзіі займае трон пяць гадоў без права перавыбрання на другі тэрмін запар. 30 ліпеня 2019 года ў Малайзіі прайшла каранацыя вярхоўнага кіраўніка краіны Абдулы Рыяятудзіна Аль-Мустафы Білаха. Ён прысягнуў у якасці манарха Малайзіі 31 студзеня, змяніўшы караля Мухамада V, які адрокся ад трона[5].
Заканадаўчая ўлада прадстаўленая двухпалатным Парламентам. Верхняя палата — Сенат. Ніжняя, Палата Прадстаўнікоў, фармуецца на тэрмін 5 гадоў па выніках усеагульных прамых выбараў.
Выканаўчую ўладу здзяйсняе Кабінет на чале з Прэм'ер-міністрам Наджыбам Радзакам.
У Малайзіі дзейнічаюць каля 40 буйных палітычных партый. Дамінуючыя пазіцыі ва ўнутрыпалітычным жыцці займае кааліцыя Нацыянальны фронт (13 партый). Вядучая роля ў ёй належыць найбуйнейшай, фактычна кіруючай партыі – Аб'яднанай малайскай нацыянальнай арганізацыі (АМНА). Найболей уплывовая апазіцыйная партыя Панмалайзійская ісламская партыя (ПАС).
НасельніцтваПравіць
Насельніцтва 26,6 млн. чал., з іх 65 % малайцы і роднасныя ім этнасы, 26 % — кітайцы, 8 % — індыйцы і іншыя выхадцы з Паўднёвай Азіі, 1–2 % — еўрапейцы і інш.
ЭканомікаПравіць
Па асноўных эканамічных паказчыках Малайзія ўваходзіць у лік новых індустрыяльных краін. У 2007 годзе рост ВУП склаў 6% (у 2006 – 5,9%).
Найбуйнейшым сектарам эканомікі з'яўляецца сфера паслуг 50% ВУП. У 2007 Малайзію наведалі больш 20,7 млн. турыстаў. Найболей дынамічна развіваецца апрацоўчая прамысловасць, якая складае 30% ВУП. Галоўны яе сектар – выпуск арыентаванай на экспарт электроннай і электратэхнічнай прадукцыі. На здабываючую прамысловасць (нафта, газ, волава і інш.) прыходзіцца 7% ВУП. Удзельная вага сельскай гаспадаркі 8% ВУП (звыш 50% сусветнай вытворчасці пальмавага алею, 3-е месца ў свеце па вытворчасці натуральнага каўчука).
Краіна ў ліку асноўных сусветных вытворцаў інтэгральных схем, кандыцыянераў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры. Малайзія мае ўласнае аўтамабілебудаванне (тры нацыянальных аўтамабільных прадпрыемства — «Пратон», «Перадуа», «Хайком»).
Знешнегандлёвае абарачэнне Малайзіі, якая ўваходзіць у першую дваццатку дзяржаў свету па гэтым паказчыку, у 2007 склала 324,2 млрд. дол. ЗША (у 2006 - 285,3 млрд. дол.). Экспарт у асноўным прадстаўлены гатовымі вырабамі — электроніка і электратэхніка, а таксама прадукцыя хімічнай прамысловасці. У імпарце галоўнымі артыкуламі з'яўляюцца тавары прамежкавага спажывання (кампаненты і паўфабрыкаты для вытворчасці гатовых вырабаў). Асноўныя гандлёвыя партнёры ЗША, Сінгапур, Японія і Кітай. Аб'ём прамых замежных інвестыцый у 2007 склаў больш 6 млрд.дол. Найбуйнейшымі інвестарамі застаюцца Японія і ЗША.
Прыбытак на душу насельніцтва дасягнуў $6,4 тыс. Узровень інфляцыі ў 2007 – 4%, беспрацоўя – 3,3%. З 2005 уведзены плаваючы курс нацыянальнай валюты, які ў сярэднім складае 3,5 рынггіта за 1 дол. ЗША. Знешні доўг – 50,3 млрд. дол. ЗША.
Узброеныя сілыПравіць
Узброеныя сілы налічваюць 111,5 тыс. чал.: сухапутныя войскі 85 тыс.чал., ВМС 14 тыс.чал., ВПС 12,5 тыс.чал. Колькасць паліцыі каля 95 тыс.чал.
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ а б в CIA - The World Factbook: Malaysia (англ.)
- ↑ Taburan Penduduk Dan Ciri-Ciri Asas Demografi (малайск.) (англ.)
- ↑ UNDP Human Development Report 2015 (англ.)
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ blr.belta.by
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Малайзія
- Партал урада Малайзіі Архівавана 27 жніўня 2008.