Малы арлец

(Пасля перасылкі з Малы падворлік)

Малы падворлік, малы арлец[1] (Aquila pomarina) — птушка з атраду сокалападобных (Falconiformes) сямейства ястрабіных (Accipitridae). Занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[1].

Малы арлец

Малы арлец, Беларусь
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Aquila pomarina Brehm, 1831

Арэал
выява
     гняздоўі     зімоўкі
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  175414
NCBI  52411
EOL  914147

Апісанне правіць

Буйная птушка. Даўжыня цела 60-65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 134—159 см. Афарбоўка цёмна-бурая, з больш светлымі мантыяй і ніжнімі покрыўнымі пёрамі. Маладыя птушкі цямнейшыя, з рэдкімі вохрыстымі плямамі на верхнім баку цела і рыжай плямай на патыліцы. Самкі некалькі больш буйныя за самцоў.

У палявых умовах з вялікай цяжкасцю адрозніваюць ад падворліка вялікага.

Пашырэнне правіць

 
Паштовая марка Беларусі

Арэал разарваны: Цэнтральная і Усходняя Еўропа, Балканы, Малая Азія і Каўказ, Індыя. На Беларусі распаўсюджаны на гнездаванні, пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Жыве ў старых лісцевых альбо мяшаных дрэвастоях паблізу адкрытых тэрыторый, абалон, пашаў, рачных далін, на ўсходзе — у лесастэпах. У Карпатах, на Балканах і Каўказе — таксама ў сухіх горных лясах да вышыні 1800 м, у выключных выпадках — да 2200 м.

Пералётны (індыйскія папуляцыі аселыя). Месца зімовак заходніх папуляцый — у паўднёва-ўсходняй Афрыцы.

Асаблівасці біялогіі правіць

Аснову корму складаюць земнаводныя і дробныя грызуны, радзей корміцца птушкамі і паўзунамі. Паляўнічы ўчастак складае ў сярэднім 360 га.

Гняздуецца парамі. Тэрыторыі пар звычайна на адлегласці 3-5 км. Можа займаць гнёзды іншых вялікіх птушак, якія перабудоўвае. Свае размяшчае бліжэй да ствала, у кроне (часцей за ўсё на лісцеым дрэве) на вышыні 6-26 м ад зямлі. Аснова — з сухіх галін, высцілка — з галінак (часта з прымессю травяністых раслін альбо дзярніны і лісця), па краях гнязда — свежыя галінкі хвойных дрэў. Новае гняздо дыяметрам 55-90 см, старое 70-170 см.

 
Яйкі Clanga pomarina

Яйкі 2 (часам 1-3), уздутыя або амаль эліптычныя. Афарбоўка зменлівая; галоўныя тыпы: белыя з іржавымі альбо бурымі мазкамі; белаватыя з глыбокімі светлымі фіялетавымі плямамі і чырвона-ржавымі на паверхні; бела-рыжаватыя з рэдкімі, глыбокімі светла-фіялетавымі мазкамі і густымі, вялікімі, цёмна-бурымі на паверхні. Памеры: 65 × 52 мм.

У месцы гнездавання прылятае ў другой палове сакавіка — першай палове красавіка. Наседжванне доўжыцца каля 43 сутак. Птушаняты вылупліваюцца ў апошнія дні траўня-чэрвені. Пры наяўнасці ў гняздзе 2 птушанят адно з іх гіне на 3-4 дзень жыцця. Злёткі пакідаюць гняздо ў першай палове жніўня. Адлёт да канца верасня.

Падвіды правіць

  • A. p. pomarina — цэнтральная, усходняя і паўднёва-ўсходняя Еўропа, праз Малую Азію і Каўказ да паўднёвага Каспія;
  • A. p. hastata — Індыя, поўнач Бангладэш і, імаверна, паўночныя Бірма і Пакістан.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Спасылкі правіць

  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)