Малішаў

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Ма́лішаў[1] (трансліт.: Mališaŭ, руск.: Малишев) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. 31 снежня 2009 года ўвайшла ў склад горада Хойнікі, да гэтага знаходзілася ў раённым падпарадкаванні[2].

Вёска
Малішаў
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1600
Насельніцтва
  • 370 чал. (2009)
СААТА
3254700021
Малішаў на карце Беларусі ±
Малішаў (Беларусь)
Малішаў
Малішаў (Гомельская вобласць)
Малішаў

Гісторыя

правіць

Карона Каралеўства Польскага

правіць

У пісьмовых крыніцах Малішаў ці не ўпершыню згаданы ў 1600 годзе як сяло ў Астраглядаўскім маёнтку паноў Харлінскіх; месціўся ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. 26 чэрвеня 1600 года sioło Maleszow адпісанае падкаморым кіеўскім Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое што іх падданыя з маёнтку Загалле адабралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года удава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іnszych (беларусізм?) wsiów i przysiołków»)[3]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[4], жанатага з яе дачкой Евай. У 1628 годзе Мікалай Абрагамовіч з двух дымоў вёскі Малешаў мусіў плаціць па тры злотыя[5]. У дакументах 1631 года Малішаў згаданы ў пераліку паселішчаў Астраглядаўскага маёнтку, часткі якога Шчасны (малодшы) і Самуэль Харлінскія ўрэшце згадзіліся саступіць за плату п. М. Абрамовічу і п. Лукашу Мадлішэўскаму[6].

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года маёнтку князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Малішаў, а таксама Гарошкаў, Карчовае ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste)[7]. Няма ніякіх звестак пра вёску ў рэвізіі 1716 і ў інвентары 1721 года, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добра Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча. Адсутнічае інфармацыя ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Хойнікамі тады валодалі малодшы сын князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім. У яўрэйскім перапісе 1784 года нарэшце засведчана пражыванне ў Малішаве пяці głow żydowskich, што належалі да Хойніцкага кагала[8].

Расійская імперыя

правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Малішаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. Паводле рэвізіі 1795 года тут было 15 двароў, у якіх жылі людзі прыгоннага стану, 44 мужчыны і 50 жанчын. Прозвішчы — Дрозд, Каток, Бандарэнка, Шматко, Турчын, Канопчанка, Баран, Ліцвінка. Побач, акрамя таго, у 10 дварах пражывалі 41 мужчына і 42 жанчыны з ліку людзей, пакуль што (за выключэннем беззямельных шляхцічаў Цішкевічаў), асабіста вольных. Прозвішчы — Зубко (Зубок), Тышкоўскі (Цішкоўскі), ізноў жа Турчын, Тышкевіч (Цішкевіч), Сітнік[10]. У наступным 1796 годзе Малішаў згаданы сярод уладанняў пана Людвіка[A] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[11].

 
Малішаў на карце Ф. Ф. Шуберта сярэдзіны XIX ст.

2 лютага 1807 года фальварак Паселічы з вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыццёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку смерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[12]. Паводле інвентара 1844 года, Малішаў — у складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара. У спісе незацверджанай у правах расійскага дваранства шляхты названыя сямействы Мікалая, сына Сымона, Базыля, сына Рыгора, Яна, сына Уладзіслава, Яна, сына Казіміра, Цішкевічаў (агулам 38 чалавек), жыхароў Малішава[13]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 51 жыхар абодвух полаў з вёскі Малішаў быў прыхаджанінам Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 57 малішоўцаў-мужчын і 58 жанчын з'яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[14].

У парэформенны перыяд вёска належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года налічвалася 102 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да Малішаўскага сельскага таварыства, трое аднадворцаў (Цішкевічы), прыпісаных да воласці[15]. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Малішаў заставаўся ў прыходзе Хойніцкай царквы[16]. Згодна з перапісам 1897 года тут было 69 двароў і 454 жыхары. На 1909 год у Малішаве 88 двароў з 610 жыхарамі[17].

Найноўшы час

правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Малішаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[18].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Малішаве працавалі дзве школы першай ступені (г. зн. пачатковыя): у адной, агульнай, — 109 вучняў, у другой, польскай, — 25 вучняў[19].

З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Малешаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг БССР. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, а тэрыторыя далучана да Валоцкага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Красный Рассветовец», працавалі вятрак і кузьня. У 1939 годзе ў вёску пераселеныя жыхары пасёлка Новы Пуць. 71 жыхар загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы 936 жыхароў, у складзе Хойніцкага пассавета і калгаса імя М. І. Калініна (цэнтр — вёска Валокі). Існавалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі.

  • Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі (1921 — 1997) — заснавальнік і першы дырэктар Хойніцкага раённага краязнаўчага музея[20].

Заўвагі

правіць
  1. Так, бывала, скарыстоўваючы імя жонкі Людвікі, падпісваўся абозны Караль, каб браць удзел у справах павета альбо вырашаць маёнтковыя праблемы. Гэта былі яе добра, на яго тады яшчэ не запісаныя.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Ма́лешаў.
  2. Решение Гомельского облсовета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области» Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  3. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 281, 637
  4. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie (далей: AGAD. APiJ). Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 56
  5. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  6. AGAD. APiJ. S. 59
  7. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 133 адв.
  8. АрхивЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 392
  9. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  10. НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 190—195
  11. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  12. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8
  13. НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7-27адв.: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
  14. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  15. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68об.
  16. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  17. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 118
  18. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  19. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  20. Клаўдзія Босак. Нязгасны прамень святла.

Літаратура

правіць
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

правіць