Манголія

дзяржава ў Азіі

Манголія (манг.: Монгол Улс) — краіна ў цэнтральна-ўсходняй Азіі. Мяжуе з Кітаем на поўдні, усходзе і захадзе і Расіяй на поўначы, выхаду да мораў не мае. У сталіцы і буйнейшым горадзе краіны Улан-Батары пражывае 38 % насельніцтва. Палітычная сістэма Манголіі — парламенцкая рэспубліка.

Манголія
Монгол Улс
Герб Манголіі
Сцяг Манголіі Герб Манголіі
Дзяржаўны гімн Манголіі
Заснавана 1206 (Заснаванне Мангольскай імперыi )
Дата незалежнасці 29 снежня 1911 (ад Цынскай імперыі)
Афіцыйная мова Мангольская
Сталіца Улан-Батар
Найбуйнейшыя гарады Улан-Батар, Эрдэнэт, Дархан
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Ухнаагійн Хурэлсух
Лувсанамсрайн Аюун-Эрдэнэ
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
18-я ў свеце
1 564 116 км²
0,6
Насельніцтва
• Ацэнка (2018)
Шчыльнасць

3 209 639[1] чал.
1,8 чал./км²
ВУП
  • Разам (2012)
  • На душу насельніцтва

$15,746 млрд[2]
$5548
ІРЧП (2011) 0,653[3] (сярэдні) (110-ы)
Валюта Мангольскі тугрык (MNT, код 96)
Інтэрнэт-дамены .mn
Код ISO (Alpha-2) MN
Код ISO (Alpha-3) MNG
Код МАК MGL
Тэлефонны код +976
Часавыя паясы +7 … +8

Геаграфія правіць

 
 

Большасць паверхні краіны займае плато вышынёй 900—1500 метраў над узроўнем мора. Над гэтым плато ўзвышаецца некалькі горных масіваў і хрыбтоў. Самы высокі з іх — Мангольскі Алтай  (руск.), які цягнецца на захадзе і паўднёвым захадзе краіны.

Паводле фізіка-геаграфічных умоў краіна падзяляецца на 5 буйных рэгіёнаў — Алтайскі, Хангайскі, Вялікія азёры, Усходнюю Манголію і Гобі. Алтайскі высакагорны рэгіён размешчаны на захадзе, мяжуе з Расіяй і Кітаем. Найвышэйшы пункт — гара Куйтэн-Уул  (руск.) (4374 м.) у горным раёне Таван.

Хангайскі рэгіён займае цэнтральную і паўночную частку краіны. Ён вызначаецца разнастайнасцю рэльефу — далінамі буйных рэк Архон, Анон, Керулен, Туул, Селенга і інш., а таксама Саянскім (Прыхубсугульскім), Хангайскім і Хэнтэйскім высакагор’ямі. У гэтым рэгіёне можна ўбачыць мясцовасці альпійскага тыпу, пакрытыя вечнымі снягамі вяршыні, невысокія сопкі, іглічныя лясы і старажытныя ледавіковыя азёры.

Рэгіён Вялікіх азёр  (руск.) знаходзіцца паміж Алтайскім і Хангайскім. На вышыні ад 759 м да 1153 м у пустыннай ці паўпустыннай мясцовасці 5 буйных азёр, мноства саланчакоў, гліністых раўнін і пясчанікаў.

Усходняя Манголія  (руск.) — найбольш нізкі і роўны рэгіён. Пануючая форма ландшафту — сухі роўны стэп. Часам сустракаюцца невысокія пагоркі, на поўдні, на мяжы з Кітаем, — малыя ўзвышаныя масівы вулканічнага паходжання, на поўдні і ўсходзе — пясчаныя барханы.

Поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход Манголіі займае пустыня Гобі, якая працягваецца на поўначы цэнтральнай часткі Кітая. Гэты рэгіён акружаны высокімі горнымі сістэмамі і займае тэрыторыю больш за 500 км з поўначы на поўдзень і 1000 км з захаду на ўсход. У Габійскім рэгіёне мала роўных прастораў. Раўніны занятыя сопкамі, чаргуюцца з сайрамі (каменнымі перасохлымі рэчышчамі), скальнымі ўзвышшамі і гарамі. У залежнасці ад структуры і характару горных парод і асвятлення пустыня мяняе колер ад чорнага да жоўтага і пурпурнага. Найбольш прыгожая частка паўднёвага Гобі — тры горныя ўзвышшы Гурван-Сайхан  (руск.), пакрытыя іглістымі лясамі, з мноствам ручаёў. У цясніне Ёлын-ам  (руск.) — магутны вадаспад і вечны горны лёд, незвычайна спярэшчаны воднымі струменямі. Пустыня мае вельмі разнастайныя часткі: пясчаныя, скалістыя, камяністыя, роўныя і пагорыстыя, розныя па колеры часткі — манголы падзяляюць яе на Жоўтую, Чырвоную і Чорную Гобі.

Гісторыя правіць

Дагістарычны перыяд правіць

Першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі Манголіі ў эпоху верхняга палеаліту. Асноўнымі заняткамі чалавека той пары былі збіральніцтва і паляванне на маманта, аленя, шарсцістага насарога, бізона і іншых буйных жывёлін. У эпоху неаліту ўзніклі матычнае земляробства і жывёлагадоўля. Аднак да кан. ІІ тыс. да н. э. пераважалі паляванне на аленя і лоўля рыбы. У аймаках Баянхангор  (руск.) і Дарнод  (руск.) археолагамі знойдзены пячоры з роспісамі, зробленымі неалітычнымі паляўнічымі.

У I тыс. да н. э. найбольш распаўсюджаным заняткам стала качавая і адгонная жывёлагадоўля. Манголія з’яўлялася прарадзімай як мангольскіх, так і цюркскіх народаў. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што яе тэрыторыю маглі таксама насяляць індаеўрапейскія (іранамоўныя) плямёны. Па суседству з Манголіяй у Горным Алтаі (Расія) ў сярэдзіне ХХ стагоддзя быў знойдзены могільнік скіфскай жанчыны. Праўдападобнай выглядае гіпотэза аб індаеўрапейскім паходжанні юэчжаў  (руск.), што качавалі ў Джунгарыі і на захадзе Манголіі.

Старажытны перыяд правіць

Прыкладна ў V — III ст. да н. э. пачалася здабыча і апрацоўка жалеза. У гэты ж час склаліся два асноўныя палітычныя аб’яднанні качэўнікаў — гунаў (хунну) і дунху  (руск.). Большасць сучасных даследчыкаў мяркуюць, што яны мелі рознаэтнічнае паходжанне. Вядома, што аб’яднанне гунаў складалася з розных родаў і плямён, на чале якіх стаяў адзіны правадыр — шан’юй  (руск.). У 209 г. да н. э. уладу сярод гунаў захапіў шан’юй Мадэ  (руск.). Пры ім межы гунскай дзяржавы пашырыліся ад Сярэдняй Азіі на захадзе да р. Ляахэ на ўсходзе, ад возера Байкал на поўначы да Вялікай Кітайскай сцяны, пабудаванай для абароны Кітая ад качэўнікаў, на поўдні. У 162 г. да н. э. імператары кітайскай дынастыі Хань прызналі дзяржаўнасць паслядоўнікаў Мадэ. Але ў выніку міжпляменных сутычак гуны падзяліліся на паўночных і паўднёвых. Паўднёвыя былі хутка падначаленыя і асіміляваныя кітайцамі. Частка паўночных гунаў адкачавала на тэрыторыю Сярэдняй Азіі, а пазней — далей на захад. Іх прыход у Еўропу вызначыўся разбурэннем дзяржавы готаў у Паўночным Прычарнамор’і і пачаткам эпохі перасялення народаў. Астатнія паўночныя гуны змяшаліся з іншымі качэўнікамі.

Пасля знішчэння гунскай дзяржавы на тэрыторыі Манголіі ўзнікалі розныя ваенна-палітычныя саюзы. У другой палове IV ст. н. э. склалася аб’яднанне жужаняў  (укр.), вызначальную ролю ў якім адыгрывалі роды цюркскага паходжання. Частка жужаняў вяла аселы вобраз жыцця і займалася земляробствам. На чале аб’яднання стаяў правіцель — каган (хакан). Жужаньскі (цюркскі) каганат праіснаваў да сярэдзіны VI стагоддзя. Пасля яго распаду на тэрыторыі Манголіі панавалі аб’яднанні енісейскіх кіргізаў, уйгураў, кіданяў і г. д. Кіданьская імперыя Ляа  (руск.) была створаная ханам Елюем Амбагаем  (руск.) у X стагоддзі. Ён і яго нашчадкі падначалілі сабе большую частку Манголіі і Паўночнага Кітая  (руск.). Менавіта ад назвы кіданяў паходзіць сучаснае «Кітай». У XII стагоддзі імперыя Ляа была зруйнаваная блізкім суседам — чжурчжэньскай імперыяй Цзінь, што дазволіла манголамоўным саюзам татараў, тайджыут  (руск.), кэрэітаў  (руск.), найманаў  (руск.), меркітаў  (руск.) і інш. кантраляваць тэрыторыі ад Байкала да Вялікай Кітайскай сцяны. Сама назва «мангол» яшчэ не была вядома. Суседзі звычайна называлі манголамоўныя плямёны татарамі па назве аднаго з усходніх буйных аб’яднанняў.

Сярэдневяковы перыяд правіць

 
Чынгісхан

У канцы ХІІ — пачатку XIII стагоддзя склалася адзіная мангольская дзяржава. Яе заснавальнік Тэмучжын (11621227 гг.), вядомы таксама як Чынгісхан, дамогся на курултаі (сходзе племянных правадыроў) на рацэ Анон у 1206 годзе выбрання сябе вялікім ханам і правёў шэраг рэформ, накіраваных на знішчэнне старой родава-племянной арганізацыі і стварэнне моцнага войска. Дзякуючы гэтаму ў 12111215 гадах ён знішчыў  (руск.) імперыю Цзінь са сталіцай у Пекіне, у 12181222 гадах захапіў Цэнтральную Азію, паўночны Іран, разбурыў дзяржавы Паўднёвага Каўказа, паўночнага Каўказа і Крыма. У 1223 годзе на рацэ Калцы  (руск.) манголы перамаглі кааліцыю рускіх князёў. Яго пераемнікі Угедэй, Мункэ і Хубілай працягвалі палітыку заваяванняў. У 12371242 гадах Бату-хан (Батый), сын Джучы і ўнук Тэмучжына, здзейсніў два паспяховыя паходы на землі Усходняй Еўропы. Наступленне манголаў на захад спыніла вестка аб смерці Угедэя. Бату-хан спешна пакінуў Еўропу для прыняцця ўдзелу ў курултаі і замацавання за сваім родам захопленых тэрыторый. Аднак новы вялікі хан Мункэ быў абраны без яго ўдзелу. За родам Джучы быў замацаваны ўлус (пазней дзяржава Залатая Арда), у склад якога ўвайшлі землі ўсходняй і паўднёвай Русі, Паволжа і Паўночнага Каўказа. У 1258 годзе брат Мункэ, Хулагу, захапіў Багдад. Да 1279 года было завершана заваяванне Кітая. Хан Хубілай прыняў тытул імператара (імперыя Юань). Манголы таксама арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі супраць дзяржаў бірманцаў і в’етаў, на Зондскія астравы (сучасная Інданезія) і Японію. У Цэнтральнай Манголіі хан Угедэй заснаваў сталіцу Каракарум  (руск.) (Харахарын), у будаўніцтве якой удзельнічалі ваеннапалонныя з розных краін свету, у тым ліку з Еўропы. Пазней сталіца была перанесена на тэрыторыю Кітая.

Да канца XIV стагоддзя адзіная мангольская дзяржава фактычна распалася. У 1368 годзе кітайскія паўстанцы зверглі хана Тагон-Тэмура. Імперыя Юань пала. Пад ціскам сярэднеазіяцкага правадыра Тамерлана манголы згубілі кантроль над Сярэдняй Азіяй і Іранам. У 1571 годзе вялікі хан Алтан  (руск.) прызнаў незалежную кітайскую імперыю Мін і прыняў будызм. У 1586 годзе быў адкрыты першы будысцкі кляштар. Пасля яго смерці ў Цэнтральнай Азіі вылучыліся тры буйныя аб’яднанні паўднёвых (унутраных) манголаў, халха-манголаў і джунгараў (айратаў), якія знаходзіліся ў несупыннай барацьбе адно з адным. З 30-х гадоў XVII стагоддзя ў Кітаі і Цэнтральнай Азіі палітычная перавага перайшла да маньчжурскай дынастыі Цын. У 1636 годзе маньчжуры далучылі да сваіх уладанняў Унутраную Манголію. У 1688 годзе халха-манголы пагадзіліся на ўвядзенне маньчжурскіх войск на свае тэрыторыі для барацьбы з джунгарамі. У 1691 годзе курултай халха-мангольскіх ханаў прызнаў сваю падначаленасць дынастыі Цын. У 1758 годзе пала Джунгарскае ханства.

Далучэнне зямель халха  (руск.) (Знешняй Манголіі) да імперыі Цын не азначала поўнай згубы незалежнасці. Мангольскія роды працягвалі кіравацца аўтаномна. Ханы атрымоўвалі матэрыяльныя ўзнагароды ад імператарскіх уладаў. З XVII стагоддзя духоўную і часткова свецкую ўладу атрымалі будысцкія правіцелі — багдыханы  (руск.) (богда-гэгэн  (руск.)). Аднак на тэрыторыі Знешняй Манголіі знаходзіліся кітайская адміністрацыя, гарнізоны, дзейнічалі кітайскія прадпрымальнікі і г. д. Карыстаючыся аслабленнем маньчжураў, у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя расійскія ўлады арганізавалі ў Манголію шэраг даследчых экспедыцый. Паступова расійскія прадпрымальнікі і ваенныя занялі вызначальныя пазіцыі. Улада кітайскай адміністрацыі стала фармальнай.

Навейшы перыяд правіць

 
Харлагійн Чойбалсан  (руск.)

У выніку кітайскай рэвалюцыі 1911 года  (руск.) дынастыя Цын пала. На тэрыторыі Знешняй Манголіі была абвешчана  (руск.) незалежная тэакратычная дзяржава  (руск.) на чале з багдыханам. Аднак аўтаномія Знешняй Манголіі  (манг.) не была прызнаная кітайскім рэспубліканскім урадам. У 1915 годзе на канферэнцыі ў Кяхце Кітай пад ціскам Расіі пагадзіўся з шырокай аўтаноміяй Манголіі.

Пасля захопу ўлады ў Расіі бальшавікамі ў 1917 годзе ўсе папярэднія міжнародныя дагаворы, якія маглі б лічыцца кабальнымі, былі адмененыя. Дзякуючы гэтаму ў 1918 годзе Кітай атрымаў магчымасць зноў увесці свае ваенныя сілы ў Мангольскую аўтаномію. У лістападзе 1919 года мангольскі ўрад быў распушчаны, а армія раззброеная. У 1920 годзе на тэрыторыю Манголіі ўвайшлі атрады сібірскіх казакоў і часткі Азіяцкай коннай дывізіі  (руск.) на чале з баронам Р. Ф. Унгернам фон Штэрнбергам. Яны распачалі ваенныя дзеянні супраць кітайцаў. Р. Ф. Унгерн прыняў будызм і заручыўся падтрымкай мясцовых феадалаў і часткі будысцкіх святароў. У 1921 годзе ён стаў «белым» дыктатарам Манголіі. Яго армія ўварвалася ў межы савецкай Далёкаўсходняй рэспублікі  (руск.) і была разбітая. Р. Ф. Унгерн быў арыштаваны і расстраляны.

У 1919 годзе ва Урге  (руск.) (Улан-Батары) склаліся дзве нацыяналістычныя мангольскія групы на чале з Дамдзінам Сухэ-Батарам (1893—1923) і Харлагійнам Чойбалсанам  (руск.) (1895—1952), якія арыентаваліся на падтрымку ўрада РСФСР. У 1920 годзе яны аб’ядналіся ў Мангольскую народную партыю  (руск.) (пазней — Мангольская народная рабочая партыя, МНРП). Яе першы з’езд адбыўся ў сакавіку 1921 года на тэрыторыі Расіі, у Кяхце. На ім быў створаны часовы народны ўрад і мангольская народная рэвалюцыйная армія на чале з Д. Сухэ-Батарам. Пасля паражэння Р. Ф. Унгерна летам 1921 года народная рэвалюцыйная армія  (руск.) пры падтрымцы Чырвонай арміі ўступіла ў Манголію. 6 чэрвеня была занятая Урга. 11 чэрвеня 1921 года лічыцца днём перамогі народнай рэвалюцыі  (руск.). 1 лістапада 1921 года народны ўрад і багдыхан падпісалі дагавор, згодна з якім апошні фармальна захоўваў тэакратычныя прывілеі, але фактычная ўлада пераходзіла да Часовага ўрада. 5 лістапада 1921 года ў Маскве паміж Манголіяй і РСФСР быў падпісаны міжнародны дагавор аб шчыльным супрацоўніцтве  (манг.).

 
Нацыянальны Вялікі Хурал, які прыняў першую Канстытуцыю

Пасля смерці багдыхана ў лістападзе 1924 года па ініцыятыве мангольскай народнай партыі адбыўся І Народны хурал  (манг.), які абвясціў Мангольскую Народную рэспубліку (МНР) і прыняў І Канстытуцыю краіны. У 1928—1952 гадах у МНР быў усталяваны аўтарытарны рэжым Х. Чойбалсана  (руск.), адзначаны палітыкай калектывізацыі, масавымі палітычнымі рэпрэсіямі, закрыццём будысцкіх кляштароў, ганеннем рэлігійнага кліру і г. д. У 1940 годзе была прынята ІІ Канстытуцыя  (манг.), якая замацавала адзінаўладдзе МНРП. З 1941 года дзейнічалі гадавыя, а з 1948 — пяцігадовыя планы развіцця эканомікі. Аднак аб заканчэнні сацыялістычных пераўтварэнняў было заяўлена толькі ў 1960 годзе. У міжваенны час МНР знаходзілася ў сталай залежнасці ад СССР, што тлумачылася непрызнаннем незалежнасці Манголіі з боку іншых дзяржаў і неспрыяльнай ваенна-палітычнай сітуацыяй. Да 1960-х гадоў СССР заставаўся практычна адзіным знешнеэканамічным партнёрам. МНР атрымоўвала матэрыяльную і гуманітарную дапамогу для развіцця эканомікі, сацыяльнай інфраструктуры, адукацыі і г. д. У 1936 годзе быў падпісаны Пратакол аб узаемнай ваеннай дапамозе  (манг.). У 1937 годзе ў Манголію ўвайшлі савецкія войскі. У жніўні 1939 года, калі на тэрыторыю МНР уварваліся японскія войскі, яны былі разгромлены на р. Халхін-Гол сумеснымі намаганнямі частак Чырвонай і Мангольскай народнай армій па плане, распрацаваным Г. К. Жукавым. Восенню 1939 года пры пасрэдніцтве СССР быў заключаны дагавор аб размежаванні Манголіі і Манчжурскай дзяржавы. У сваю чаргу, МНР аказвала актыўную ваенную і матэрыяльную дапамогу Савецкаму Саюзу пад час вайны СССР з Германіяй (1941—1945).

У 1956—1962 гадах адбылася палітычная адліга. Прыйшоўшы ў 1952 годзе да ўлады Юмжагійн Цэдэнбал  (руск.) (1916—1991) арыентаваўся на цесны ваенна-палітычны і эканамічны саюз з Савецкім Саюзам. У МНР знаходзілася буйная групіроўка савецкіх войск (55 тысяч чалавек), будаваліся сумесныя савецка-мангольскія прадпрыемствы, працавала мноства спецыялістаў з розных рэспублік СССР. Грамадзяне Манголіі таксама атрымалі магчымасць вучобы і працы ў краінах СЭУ. З 1960 да 1985 года нацыянальны даход павялічыўся ў 3,2 разы.

З 1985 года ў МНР пад уплывам савецкай Перабудовы праводзілася палітыка дэмакратызацыі. У 1988 годзе на пленуме ЦК МНРП была асуджана дзейнасць Х. Чойбалсана  (руск.). У 1990 годзе Ю. Цэдэнбал  (руск.), які на той час жыў у Маскве, быў выключаны з МНРП. Сацыяльныя цяжкасці ў канцы 1980-х гадоў выклікалі масавыя пратэсты сярод насельніцтва. У снежні 1989 года частка грамадскіх няўрадавых арганізацый адкрыта выступіла супраць камуністычнага кіраўніцтва. У сакавіку 1990 года мірныя выступленні  (руск.) прывялі да адстаўкі ўрада і пачатку істотных змен у палітычным і эканамічным жыцці. На нечарговых выбарах 1990 года  (англ.) зноў перамагла МНРП, але да ўлады былі таксама дапушчаныя іншыя палітычныя партыі і арганізацыі. Былі нармалізаваныя адносіны з суседняй КНР  (руск.), ЗША  (руск.), Японіяй  (руск.), Паўднёвай Карэяй  (руск.) і інш. МНР была перайменавана ў Манголію. На выбарах 1996 года  (англ.) апазіцыя ўпершыню дамаглася перамогі. Але змены характарызаваліся супярэчлівымі вынікамі. Ад’езд тысяч савецкіх спецыялістаў, рэзкі разрыў эканамічных сувязяў з СССР  (руск.) і былымі краінамі СЭУ, палітыка свабоднага гандлю, перавага таннай прадукцыі з Кітая прывялі да банкруцтва і закрыцця многіх прадпрыемстваў, беспрацоўя і згалення значнай часткі насельніцтва. Летам 2008 года МНРП зноў атрымала перамогу на выбарах  (англ.), што, аднак, прывяло да гвалтоўных выступленняў ва Улан-Батары  (руск.) летам 2008 года.

Эканоміка правіць

Асновай мангольскай эканомікі з’яўляюцца: жывёлагадоўля, здабыча бурага вугалю, медзі, золата, малібдэну і фасфатаў. Пасля шматгадовага савецкага інтэрвенцыяналізму працэс пераходу эканомікі да капіталізму сутыкаецца з шматлікімі цяжкасцямі. Эканоміка вельмі цэнтралізаваная, існуе каля 10 000 прыватных прадпрыемстваў, але іх дзейнасць абмяжоўваецца Улан-Батарам. Па-за межамі сталіцы большасць жыхароў займаецца гадоўляй коней, кароваў, вярблюдаў, козаў, авечак і г.д. Краіна мае вельмі нізкі ВУП і, акрамя гэтага, мае праблемы з выплатай дзяржаўнай запазычанасці Расіі (11 млрд. долараў). У 1997 годзе Манголія далучылася да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай, Расія, Канада, Велікабрытанія, Японія, Паўднёвая Карэя.

Палітыка правіць

 
Візіт Дж. Буша ў Манголію ў 2005 г.

Манголія — унітарная рэспубліка парламенцкага тыпу. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца на 4 гады ў выніку прамога галасавання грамадзянамі Манголіі. Прэзідэнт Манголіі павінен быць народжаным у Манголіі, ва ўзросце старэйшым за 45 гадоў, павінен стала жыць на тэрыторыі Манголіі да моманту выбараў не меней пяці гадоў. Пад час прэзідэнцтва ён абавязаны спыніць сваю дзейнасць у складзе той ці іншай палітычнай партыі. Прэзідэнт Манголіі (з 2009) — Цахіагійн Элбэгдорж.

Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Дзяржаўнаму Вялікаму хуралу. У яго склад уваходзяць 76 прадстаўнікоў, якія абіраюцца ў выніку прамога галасавання грамадзянамі Манголіі тэрмінам на 4 гады. Дзяржаўны Вялікі хурал прызначае прэм’ер-міністра і зацвярджае ўрад.

Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, аднак яго паўнамоцтвы абмежаваныя. Ён мае права вета на законы і пастановы, прынятыя Дзяржаўным Вялікім хуралам. У сваю чаргу, парламент можа заблакаваць вета рашэннем двух трацін прадстаўнікоў. Значныя выканаўчыя паўнамоцтвы таксама мае прэм’ер-міністр, які ўзначальвае ўрад.

Палітычнае жыццё Манголіі вызначаецца супрацьстаяннем дзвюх палітычных партый — МНРП і Дэмакратычнай партыі. У меншай ступені карыстаюцца падтрымкай выбаршчыкаў Партыя грамадзянскай волі, Рэспубліканская і Патрыятычная партыі.

Ваенныя сілы правіць

Ваенныя сілы складаюцца з агульнай арміі (7000 чал. у 2005 г.), пагранічных войскаў (6500 чал.) і ўнутраных войскаў (15000 разам з паліцэйскімі ўзброенымі фарміраваннямі). Мангольская армія ўдзельнічае ў місіях па падтрыманню міру ў краінах Афрыкі і ваенных аперацыях НАТА ў Іраке і Афганістане.

Дэмаграфія і этнічны склад правіць

 
Мангольскія жанчыны

85 % насельніцтва — манголы, у асноўным халха-манголы (у тым ліку групы элжгін і дарыганга), а таксама сартулы, хатагойт-манголы, дархаты, зун-узумчыны (1 700 чал), уранхайцы (25,2 тыс. чалавек), хатоны, бураты (70 000), шынэ-баргуты (каля 1 000), захчыны (29,8 тыс. чалавек), таргуты, баяты (50,8 тыс. чалавек), хашуты, мянгаты, алёты, харачыны, чахары, тумэты, 7 % казахі і кіргізы, 4,6 % дурбэты (заходне-мангольскае племя), 3,4 % — іншыя этнічныя групы. Каля 5 млн манголаў жывуць па-за межамі Манголіі (у тым ліку 4,8 млн у Кітаі).

Халха-манголы насяляюць усю тэрыторыю краіны. Іншыя мангольскія групы насяляюць розныя рэгіёны. Так, уранхай жывуць у горных далінах Алтая і падзяляюцца на самастойныя моўныя групы манчок (горныя ўранхайцы) і цаатан (аленныя ўранхайцы з Прыхубсугульскіх стэпаў). Некаторыя этнолагі лічаць іх нашчадкамі тувінцаў, якія перанялі мангольскую мову.

Другая па колькасці этнічная група — казахі (5,39 %) размаўляе на мове цюркскага паходжання. Казахі пераважна насяляюць Баян-Улэгейскі аймак на захадзе Манголіі. Іншыя цюркамоўныя групы: хатоны (0,27 %) — нашчадкі цюркскіх перасяленцаў з заходняга Кітая, і тувінцы (дадзеных няма). На поўначы Манголіі жывуць хамнінганы (конныя тунгусы — 0,32 %), блізкія па мове да сібірскіх эвенкаў, але па матэрыяльнай культуры — да буратаў.

У Манголіі таксама маецца рускае насельніцтва (звыш 10 тыс. чалавек). Сярод рускіх Манголіі вылучаюць некалькі дробных груп старавераў і іх нашчадкаў, якія сяліліся на поўначы Манголіі з ХІХ ст. Але ў асноўным гэта перасяленцы ці нашчадкі перасяленцаў другой паловы ХХ ст., у тым ліку жанчыны, што знаходзяцца ў шлюбе з манголамі. Да рускіх таксама адносяць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў былога СССР, у тым ліку ўкраінцаў, яўрэяў, беларусаў, армян і г. д.

Кітайцы (хаятад) — 16157 чалавек. Вылучаюць дробныя групы кітайцаў — нашчадкаў перасяленцаў ХІХ — пачатку ХХ стст. Але ў большасці гэта мужчыны, жанатыя на грамадзянках Манголіі, якія атрымалі магчымасць перасяляцца на сталае месца жыхарства пасля 1991 г. Сярод іх таксама ёсць нашчадкі паўднёвых (унутраных) манголаў, што перанялі кітайскую мову і культуру.

Мова правіць

Дзяржаўная мова — мангольская. У Баян-Улэгейскім аймаку, апрача мангольскай, афіцыйны статус мае казахская мова. На ёй часткова вядзецца выкладанне ў мясцовых школах, працуюць сродкі масавай інфармацыі.

Рэлігія правіць

 
Будысцкі ўніверсітэт ва Улан-Батары
 
«Овоо» (оба)

Найбольш распаўсюджаная рэлігія — будызм у форме ламаізму (ваджраяны). Яго спавядаюць не менш за 94 % насельніцтва.

Ламаізм вядомы ў Манголіі з ХІІІ ст., аднак шырокае распаўсюджанне атрымаў з XVI ст. Першы ламаісцкі кляштар (кхіід) Эрдэнедзу быў пабудаваны ў 1586 г. каля былой сталіцы Мангольскай імперыі — Каракорума. У 1918 г. у Манголіі налічвалася больш за 700 кляштароў і 120 тысяч манахаў (каля паловы ўсяго мужчынскага насельніцтва). Ламаісцкія кляштары з’яўляліся галоўнымі эканамічнымі, культурнымі і адукацыйнымі цэнтрамі. Але ў выніку антырэлігійнай палітыкі камуністычнага ўрада да 1939 г. былі зачыненыя ўсе кхііды. Манахі былі рэпрэсіраваныя ці вымушаныя далучыцца да свецкіх колаў. У 1944 г. ва Улан-Батары зноў быў адчынены кхіід Гандан, пры якім у 1970 г. заснаваны Будысцкі ўніверсітэт. У 1979 і 1982 гг. Манголію наведваў далай-лама. У другой палове 1980-х гг. палітыка дзяржавы ў дачыненні да рэлігіі змянілася, што садзейнічала адраджэнню будысцкіх кляштароў і храмаў.

Для мангольскага будызму характэрныя традыцыі: шанаванне мясцовых багоў і духаў (нароўні з тыбецкімі), культы продкаў і неба, сакральныя знакі «овоо» (оба) і г. д. Аднак у астатнім ён мала адрозніваецца ад тыбецкага ламаізму. Будысцкую арганізацыю ўзначальвае вярхоўны плябян — хутагт халха. Зараз гэтую пасаду займае манах Зая Бандзіда.

Адносна невялікая колькасць веруючых належаць да мусульман і хрысціян. Мусульмане (1,2 %) — прадстаўнікі этнічных меншасцяў — казахаў і хатонаў — належаць да суніцкай веткі ісламу. Большасць хрысціян — праваслаўныя (належаць да Рускай Праваслаўнай царквы і рускіх стараверскіх абшчын) і пратэстанты (розныя неапратэстанцкія цэрквы). У сталіцы дзейнічае адна каталіцкая парафія.

Культура правіць

 
Мангольскі народны танец

На працягу стагоддзяў мангольская культура развівалася пад уплывам суседняга Кітая і Тыбета, адкуль прыйшоў будызм. У XX ст. моцны культурны ўплыў аказваў СССР. Аднак гэта не азначае поўнай адсутнасці асаблівых мангольскіх культурных традыцый, якія паходзяць з спецыфічнага качавога ладу жыцця, народных строяў, этыкету і фальклору. Манголы захавалі багатыя народныя вусныя традыцыі — казкі, міфы, легенды, паданні і спевы аб сапраўдным мінулым і легендарных падзеях. У сярэднявеччы былі складзеныя буйныя эпічныя творы «Патаемнае казанне» (XIII ст.), «Залатая кніга», «Роспач Тагон-Тэмура» і г. д. У XVII—XIX стст. у пісьмовай традыцыі пераважалі рэлігійныя традыцыі, пераклады індыйскай і тыбецкай літаратуры, але ў XIX ст. вылучылася некалькі пісьменнікаў, якія выкарыстоўвалі свецкія матывы (Гэлэгбалсан, Хішыгбат, Інжынаш). У ХХ ст. вызначыліся такія паэты і пісьменнікі, як Дажаагійн Цэдэў, Ж. Пурэў, Д. Намдаў, Д. Нацагдорж і інш.

Таксама захаваліся народныя спеўныя, танцавальныя і выяўленчыя традыцыі. Вяршыняй спеўнага мастацтва да нашых дзён лічыцца працяглы спеў — артын доо, які выконваецца сола ці хорам. Народнае танцавальнае мастацтва заснавана на пантаміме, перайманні рухаў навакольнага жыцця — бегу жывёлін, павеваў ветру, штодзённых заняткаў і г. д. Асаблівым відам відовішчнага мастацтва з’яўляўся цам — рытуальныя містэрыі. Спевы і танцы суправаджаюцца ігрой на разнастайных музычных інструментах, зробленых з мясцовых матэрыялаў — дрэва, скуры, металу. Падобна іншым усходнеазіяцкім народам, манголы аддаюць перавагу мелодыі, а не рытму. Прыкладамі выяўленчага мастацтва з’яўляюцца арнамент, пабудаваны на сімвалічным адлюстраванні свету, і «мангол зураг» — плоскія графічныя малюнкі без перспектывы, якімі распісваліся сцены храмаў і кляштароў. Арнамент шырока выкарыстоўваецца ў нашыя дні для аздаблення сценаў гарадскіх будынкаў і знутры гэраў (юрт). Ужо ў старажытнасці былі вядомыя скульптурныя выявы з каменю, пазней — адлітыя з металаў, у тым ліку выявы будысцкіх багоў і духаў. Нават у сучаснасці шырока практыкуецца разьба па дрэву. Застаюцца папулярнымі народныя спартыўныя гульні — конныя скачкі, стральба з лукаў і барацьба. Святкуюцца народныя фестывалі — надамы (літаральна «відовішчы» ці «гульні»). Самы вялікі з іх праводзіцца ў ліпені ва Улан-Батары. Узімку святкуюць Цаагансар — пачатак новага года па месячным календары.

У XX ст. распаўсюдзіліся запазычаныя формы мастацтва — заходнія танцы і музыка, партрэтны жывапіс, фатаграфія, скульптура, цырк і г. д. У сярэдзіне XX ст. узнікла мангольскае кінамастацтва. У станаўленні мангольскага кіно важную ролю адыграў беларускі кінамастак Ю. В. Тарыч (1885—1967). З канца XX ст. у культуры Манголіі заўважна імкненне да сумяшчэння запазычаных і мясцовых традыцый. Тым не менш, з-за спынення дзяржаўнага фінансавання культурных устаноў і недахопу сродкаў назіраецца крызіс прафесійнага мастацтва. У сучасным паўсядзённым жыцці дамінуе расійская, амерыканская і азіяцкая (паўднёвакарэйская, кітайская, у меншай ступені японская) поп-культура.

Адукацыя правіць

97,8 % насельніцтва Манголіі пісьменныя. Сістэма свецкай адукацыі сфарміравалася ў часы сацыялізму і ў агульных рысах нагадвала савецкую. З 2008/2009 акадэмічнага года школьная сістэма пераведзеная на 12-гадовы тэрмін сярэдняга навучання. Дзейнічаюць два буйныя ўніверсітэты — Нацыянальны ўніверсітэт Манголіі і Мангольскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій.

Адміністрацыйны падзел правіць

Краіна падзяляецца на 21 аймак, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на больш дробныя адзінкі — сумы, і дзве асобныя адміністрацыйныя адзінкі Улан-Батар і Дархан, якія завуцца хоты:

Турызм правіць

Турызм як галіна гаспадаркі атрымаў развіццё з 1960-х гг., але асаблівую ролю ў эканамічным і культурным жыцці ён набыў толькі ў канцы XX ст., што было звязана з палягчэннем візавага рэжыму для іншаземцаў, адраджэннем прыватнай эканамічнай ініцыятывы і значным паніжэннем унутраных коштаў у параўнанні са знешнімі. У цяперашні час большасць арганізаваных турыстаў з розных краін свету абслугоўваюць некалькі нацыянальных тураператараў. Але амаль палову турыстаў складаюць самастойныя вандроўнікі. Для іх у гарадах і сельскай мясцовасці арганізаваныя хостэлы, кемпінгі, танныя транспартныя паслугі і г. д. Іншаземцаў прыцягваюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнымі традыцыямі манголаў, будысцкімі кляштарамі, а таксама амаль некранутая прырода Манголіі — чыстыя рэкі і азёры, горы, пустыня Гобі і г. д.

Для грамадзян Беларусі ўезд бязвізавы, аднак арганізаванага турыстычнага патоку з нашай краіны пакуль не існуе з-за адсутнасці прамых танных авіяліній.

Беларуска-мангольскія сувязі правіць

Упершыню жыхары беларускіх земляў сутыкнуліся з манголамі ў XIII ст., калі мангольская армія зруйнавала Смаленск і спустошыла паўднёвыя беларускія тэрыторыі. Лічыцца, што назва населенага пункту Койданава (зараз назва чыгуначнай станцыі, Мінская вобл.) паходзіць ад імя мангольскага цемніка Кайдана (Кейдана).

На мяжы XIX — XX стст. у сувязі з працэсам «паўстання Азіі» і публікацыямі матэрыялаў навуковых экспедыцый сярод беларускіх інтэлектуалаў цікавасць да Манголіі павысілася. Пасля Першай сусветнай вайны некаторыя прадстаўнікі нацыянальнага руху прапаноўвалі праект «мангалізацыі» — ператварэння Беларусі ў незалежную буферную дзяржаву накшталт МНР. У 1920-я гг. у БССР быў заснаваны хутар Манголія (зараз вёска, Віцебская вобл.).

Больш шчыльныя сувязі паміж краінамі былі ўсталяваны ў межах супрацоўніцтва СССР і МНР. У Манголіі працавала шмат выхадцаў з БССР, у тым ліку ваенныя, будаўнікі, настаўнікі, урачы і г. д. Найбольш вядомы з іх — кінарэжысёр і аператар Ю. В. Тарыч (18851967), аўтар першай беларускай мастацкай кінастужкі і дырэктар першага мастацкага мангольскага кіно.

Пасля 1991 г. паміж Рэспублікай Беларусь і Манголіяй былі ўсталяваныя міждзяржаўныя адносіны, заключаная дамова аб узаемным транзіце. У Брэсце дзейнічае ганаровае мангольскае консульства. У 2009 г. 29 жыхароў Беларусі вызнавала сваю тоеснасць як манголы, 11 з іх лічыла роднай мовай мангольскую, 3 — беларускую[4]. У 2014 годзе адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Манголіі[5]. Адпаведнае рашэнне было зацверджана пастановай Саўміна ад 12 снежня 2013 года № 1068.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Монгол Улсын Үндэсний статистикийн xорооны бүртгэл
  2. World Economic Outlook Database, April 2012
  3. Human Development Report 2011. United Nations Development Programme (2011). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013. Праверана August 21, 2012.
  4. belstat.gov.by
  5. embassies.mfa.gov.by/ Архівавана 6 лютага 2015.

Спасылкі правіць