Мармарошскі масіў
Мармарошскі масіў, Мармарошскія горы (укр.: Мармароський масив, рум.: Munții Maramureșului) — горны масіў ва Усходніх Карпатах, геалагічная структура Карпацкай складкавай вобласці.
Мармарошскі масіў | |
---|---|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Знаходзіцца паміж рэкамі Чорны Чэрэмош і Белая Ціса на паўночным усходзе, Вішэу і Быстрыца-Аурэ на паўднёвым захадзе, пераважна на тэрыторыі Румыніі, часткова ў межах Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцей Украіны (Рахаўскія горы, Чыўчыны). Найвышэйшы пункт — Фаркау (1958 м).
Мармарошская геалагічная структура з’яўляецца высокападнятай зонай метамарфічнага комплексу парод, утвораных на працягу байкальскай і герцынскай складкавасцей (слюдзяныя сланцы, парагнейсы, гранітагнейсы і інш.). Асадкавы чахол складаецца з карбанатных абломачных парод трыясавага, юрскага, ніжнемелавога ўзростаў, што зберагліся ад размыву ў цэнтральнай частцы на невялікіх участках, і насунутых ва ўсходнім напрамку покрываў верхнемелавога—палеагенавага ўзростаў (вапнякі, даламіты, мергелі, пескавікі, кангламераты), утвораных у час ранняга этапу альпійскай складкавасці. У цэлым Мармарошскі масіў мае выгляд вялікай скібы складанай блокавай будовы, з паўночнага захаду абмежаванай разломам, перакрывае на ўсходзе прылеглыя структуры флішавых Карпат (з амплітудай гарызантальнага перамяшчэння да 15 км).
Дамінуюць прыродныя комплексы крутасхілага эразійна-дэнудацыйнага лясістага сярэднягор’я, складзеныя пераважна сланцамі, кварцытамі, месцамі вапнякамі і пескавікамі з ялова-піхтава-букавымі і яловымі лясамі на бурых горна-лясных глебах. Значнае пашырэнне на вышынях больш за 1600 м маюць ландшафтныя комплексы пенепленізаванага субальпійскага высакагор’я, складзеныя сланцамі, кварцытамі, месцамі вапнякамі з горнахваёвым крывалессем, зараснікамі ядлоўца і высакагорнымі лугамі (паланінамі) на горна-лугавых і горна-тарфяна-буразёмных глебах. На паўночных схілах найвышэйшых вяршынь (напр., Піп-Іван Мармарошскі, Чыўчын) сустракаюцца прыродныя комплексы старажытналедавікова-экзарацыйнага субальпійскага высакагор’я — ледавіковыя цыркі з горнахваёвым крывалессем і высакагорнымі лугамі на горна-лугавых глебах. Уздоўж вялікіх рэк пашыраны ландшафтныя комплексы вузкіх тэрасаваных рачных далін, складзеныя супясчана-галечнікавым алювіем з букавымі і альховымі лясамі на бурых горна-лясных глебах.