Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс

(Пасля перасылкі з Маргіянская цывілізацыя)

Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс (таксама вядомыя назвы Оксуская цывілізацыя, Маргіянская цывілізацыя) — старажытная цывілізацыя бронзавага веку ў Цэнтральнай Азіі. Існавала прыкладна ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н.э. — першай трэці 2 тысячагоддзя да н.э.

Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс
Бронзавы век
«Бактрыянская прынцэса» з калекцыі Луўра (пачатак 2 тысячагоддзя да н. э.)
Геаграфічны рэгіён Цэнтральная Азія
Лакалізацыя Туркменістан, Таджыкістан, Афганістан, Узбекістан
Датаванне 2400 да н. э. — 1700 да н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Даследчыкі Віктар Іванавіч Сарыяніды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адкрыццё правіць

Ганур-Дэпэ, першы вядомы помнік Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса, быў адкрыты савецкім археолагам В. І. Сарыяніды ў 1974 г. на тэрыторыі Марыйскага аазіса (Туркменістан)[1]. Да канца першага дзесяцігоддзя XXI ст. было выяўлена каля 200 помнікаў. Згодна з гіпотэзай першаадкрывальніка, Ганур-Дэпэ быў цэнтрам старажытнай краіны Маргуш, адкуль паходзіць назва Маргіянская цывілізацыя. Існуе таксама назва Оксуская цывілізацыя (ад грэч. Ώξος — Амудар’я), якая канцэнтруецца вакол адкрыццяў на тэрыторыі старажытнай Бактрыі. Аб’яднанне падобных помнікаў двух суседніх гістарычных рэгіёнаў у Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс дазваляе разглядаць іх як супольную цывілізацыю, што існавала адначасова з цывілізацыямі ў Месапатаміі і даліне Інда.

Гісторыя правіць

У наш час не існуе агульнапрынятай храналогіі Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Падуанскі археолаг Масіма Відале прапануе наступную перыядызацыю[2]:

  • Эра рэгіяналізацыі (4600 — 2400 гг. да н. э.): узнікненне сельскай гаспадаркі, апрацоўкі металаў, раннія гарадскія паселішчы
  • Эра інтэграцыі (2400 — 1900 гг. да н. э.): распаўсюджванне аднолькавых культурных рыс, развітыя гарадскія паселішчы, будаўніцтва палацаў
  • Эра лакалізацыі (1900 — 1300 гг. да н. э.): з'яўленне лакальных варыянтаў адзінай культуры

Існаванне сельскай гаспадаркі прасочваецца на паўночных схілах Капетдага з 5 тысячагоддзя да н. э. Мясцовыя земляробы вырошчвалі мяккую пшаніцу, а таксама здабывалі волава, золата, лазурыт, бірузу, алебастр. У эру рэгіяналізацыі пачалі фарміравацца адзіныя культурныя рысы, якія выяўляюцца ў керамічных вырабах, тыпах жытла з сырцовай цэглы, асаблівых метадах пахавання і г. д. У аснове распаўсюджання аднатыпных артэфактаў палягаў абмен, што закранаў не толькі поўдзень Цэнтральнай Азіі, а таксама даліну Зераўшана, Ферганскую даліну, Гарган, Аравійскі паўвостраў і захад Паўднёвай Азіі[3].

Узнікненне Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса звязана са з'яўленнем буйных гарадоў паміж 2400 г. да н. э. і 2250 г. да н. э. У гэты перыяд насельніцтва канцэнтруецца ў дэльце Мургаба, што можна патлумачыць засухамі, якія вымушалі сялян пакідаць папярэднія месцы жыхарства і рушыць у аазіс. Міграцыя суправаджалася вырубкай тугаёў, меліярацыйнымі мерапрыемствамі і капаннем каналаў для наступнай ірыгацыі. Дзякуючы гэтаму старажытныя насельнікі Маргіяны атрымоўвалі 2 ураджаі за год. Яны вырошчвалі 2 разнавіднасці пшаніцы, вінаград, слівы і яблыні[4]. Дадзены рэгіён мог з'яўляцца адным з найстаражытнейшых цэнтраў шаўкаводства[5]. Былі распаўсюджаны такія свойскія жывёлы, як авечкі, козы, каровы, вярблюды-бактрыяны, аслы. Археолагамі было знойдзена пахаванне каня, зробленае ў 3 тысячагоддзі да н. э. Прыкладна ў той жа час асвойвалася верхняя плыня Амудар'і. Напрыклад, у аазісе Дашлы на паўночным усходзе Афганістана земляробчыя паселішчы з'явіліся ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э.[6].

Поспехі сельскай гаспадаркі дазвалялі канцэнтраваць насельніцтва ў буйных паселішчах. Так, Ганур-Дэпэ быў заснаваны ў 2300 — 2250 гг. да н. э.[7] У час росквіту ён займаў плошчу 20 — 50 га[8]. У ім знаходзіліся ўмацаваны палац, храмы, штучныя сажалкі і самы вялікі вядомы некропаль бронзавага веку, які ўмяшчае каля 5000 магільняў[9]. Блізкім па плошчы горадам быў Алтын-Дэпэ, а горад Намазга-Дэпэ дасягаў 70 га. У гарадскім цэнтры, які ўзнік у Дашлы каля 2300 г. да н. э., была ўзведзена цытадэль памерамі 88 м х 84 м[10] з масіўнымі падвоенымі мурамі. Апроч жылых будынкаў знутры цытадэлі вылучалася вялікае сховішча для збожжа. Вакол буйных гарадоў стваралася сетка меньшых па плошчы сельскіх паселішчаў. Найлепей яна вывучана вакол Ганур-Дэпэ[11], дзе на адлегласці 40 км ад горада было знойдзена болей за 40 археалагічных помнікаў.

Носьбіты культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса карысталіся піктаграфічнымі знакамі, аднак не мелі пісьмовасці[12]. Таму канкрэтныя гістарычныя падзеі і дакладная палітычная структура не вядомы. Шматлікія артэфакты дэманструюць сувязі Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса з Іранам, Месапатаміяй і Індскай цывілізацыяй, адкуль прывозілі сыравіну для ювелірных вырабаў, слановую косць, цыліндрычныя пячаткі і інш. Доказам уплыву старажытнай месапатамскай цывілізацыі можа быць зікурат — чатырохступеністая вежа 28 м у вышыню, выяўленая археолагамі ў Алтын-Дэпэ[13].

 
Бронзавая штампаваная пячатка

Разам з гэтым, дамінавалі мясцовыя культурныя традыцыі. Нягледзячы на знаёмства з цыліндрычнымі пячаткамі, якія паходзяць з Месапатаміі і былі распаўсюджаны на суседнім Іранскім плато, носьбіты культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса аддавалі перавагу мясцовым каменным або металічным штампаваным пячаткам. На іх выразалі складаныя кампазіцыі, імі апячатвалі дзверы жытлаў або складоў з таварамі, адзначалі гліняныя пломбы на мяшках і пасудзінах. Акрамя таго, пячаткі служылі абярэгамі: выразаныя на іх выявы павінны былі засцерэгчы ад хвароб, няшчасных выпадкаў і злых духаў[14]. Найбольшым доказам арыгінальнасці Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса з'яўляюцца пахавальныя некропалі, дзе археолагі знаходзяць шматлікія металічныя рэчы, кераміку, статуэткі і прадметы паўседзённага побыту. Магільні маргіянска-бактрыйскага тыпу выяўлены таксама на поўдні ад прынятых сярод навукоўцаў межаў археалагічнага комплексу ў Харасане (Іран)[15].

У першай трэці — сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. адбыўся заняпад Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Яго прыкметамі былі [16]: лакалізацыя матэрыяльных традыцый, пераход насельніцтва з умацаваных гарадскіх цэнтраў у дробныя сельскія паселішчы у стэпавых і предгорных раёнах паўднёвага захаду Таджыкістана і поўдня Узбекістана, а таксама на ўскраіны ранейшых месцаў жыхарства. Прычыны заняпаду дакладна не вядомы. Мяркуецца, што гэта магло здарыцца з-за зменаў клімату, апустыньвання, змяньшэння водных рэсурсаў, засалення глебы, уварванняў індаеўрапейцаў, носьбітаў суседняй Андронаўскай археалагічнай культуры.

Грамадства правіць

 
Мужчынская статуэтка з трубою

Этнічнае паходжанне стваральнікаў Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса не вядома. В. І. Сарыяніды лічыў, што яны былі індаеўрапейцамі, перасяленцамі з Малой Азіі, а іх рэлігію атаесамляў з пачаткамі зараастрызму[17]. Палеагенетычныя даследаванні не падвердзілі індаеўрапейскае паходжанне рэшткаў носьбітаў культуры археалагічнага комплекса[18]. Яно аказалася даволі стракатым. Тагачасныя жыхары мургабскага і амудар'інскіх аазісаў былі генетычна звязаны з неалітычным насельніцтвам поўдню Сярэдняй Азіі, Блізкага Усходу, Паўднёвай Азіі. На статуэтках, знойдзеных археолагамі, найчасцей знаходзяцца рысы, блізкія да прадстаўнікоў Блізкага Усходу, але антрапалагічныя даследаванні рэшткаў у магільнях дэманструюць, што большасць пахаваных была падобна на жыхароў Міжземнамор'я[19]. Выказваюцца гіпотэзы, што носьбіты Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса маглі размаўляць на сіна-каўказскіх, касіцкіх, дравідыйскіх мовах.

Археалагічныя раскопкі сведчаць пра сацыяльнае распластаванне грамадства. Напрыклад, у Алтын-Дэпэ вылучаліся тры групы, якія адрозніваліся ўзроўнем дабрабыту, характарам жытлаў і нават харчаваннем[20]. Першая група жыла ў вялікіх шматпакаёвых пабудовах, якія складаліся з нядбайна аздобленых цесных пакойчыкаў, калектыўныя магільні, што знаходзяць побач, утрымлівалі толькі нешматлікія гліняныя пасудзіны, а палову мясной ежы складалі дзікія жывёлы. Гэтая група магла быць прадстаўлена простымі абшчыннікамі, рамеснікамі і земляробамі. Другая група жыла ў будынках, разлічаных на адну сям'ю. Яна магла належыць да заможных абшчыннікаў. У іх пахаваннях знойдзены шматлікія каралі, пярсцёнкі, бронзавыя пячаткі і тэракотавыя статуэткі, а косткі дзікіх жывёл амаль не сустракаюцца. Вялікія дамы трэцяй групы кіраўнікоў і жрацоў мелі правільную планіроўку і займалі плошчу ў 80 — 100 м². Яны змяшчалі ў магільні розныя ўпрыгожванні, у тым ліку з золата і срэбра, шматлікія каралі і наборныя паясы. Паказальна, што нават рост у гарадской эліты быў вышэйшым, чым у простых абшчыннікаў — наступства сытага і заможнага жыцця.

Рэлігійныя інстытуты займалі важнае месца ў культуры Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. Пра гэта сведчаць вялікія храмавыя будынкі, што ўзводзіліся ў гарадах. Відавочна, рэлігійныя ўяўленні насельніцтва былі політэістычнымі. Гіпотэза В. І. Сарыяніды пра зараджэнне зараастрызму ў межах археалагічнага комплекса ў нашы дні выглядае вельмі спрэчнай[21]. Археолагі імкнуцца рэканструяваць вераванні на аснове тлумачэння сакральнага сэнсу выяў пячатак і статуэтак. Сакральны сэнс маглі мець трубы[22], рэшткі і выявы якіх часцяком знаходзяць падчас раскопак.

Зноскі правіць

  1. Гонур-депе — свидетельство древней истории туркмен
  2. Vidale, M. Treasures from the Oxus: The Art and Civilization of Central Asia — P. 9
  3. Élise Luneau, Climate Change and the Rise and Fall of the Oxus Civilization in Southern Central Asia
  4. Katherine M. Moore, Naomi F. Miller, Richard Meadow, Agriculture and herding in the early oasis settlements of the Oxus Civilization
  5. Гл.: Zhou, X., Li, X. Wang, J. Morus planting and silk production in Oxus civilization (2000 BC), Transoxiana
  6. Dashly 3 - Zoroastrian Heritage
  7. Гонур-депе – свидетельство древней истории туркмен
  8. Gonur Depe
  9. Nadezhda A Dubova, Types of Graves at Gonur Depe Bronze Age Site in Turkmenistan
  10. Dashly 3 - Zoroastrian Heritage
  11. Gonur / Gonor/ Gunar, Mouru, Murgab, Merv, Margiana
  12. Mysterious signs or pictographic inscriptions in the Oxus civilisation?
  13. ИРАН И СРЕДНЯЯ АЗИЯ В ДРЕВНОСТИ
  14. Культура древних цивилизаций: блистательная Маргиана
  15. Oxus Culture Finds in North Khorasan
  16. Bronze Age Central Asia
  17. За сотни лет до Заратустры на берегах Мургаба
  18. The Genomic Formation of South and Central Asia
  19. За сотни лет до Заратустры на берегах Мургаба
  20. ИРАН И СРЕДНЯЯ АЗИЯ В ДРЕВНОСТИ
  21. Gerard Fussman, Margush and the Indo-Europeans
  22. Bo Lawergren, Oxus Trumpets, ca. 2200 - 1800 BCE

Літаратура правіць

  • The World of the Oxus Civilization / Ed. by Bertille Lyonnet, Nadezhda A Dubova — Abingdon: Routledge, 2020 ISBN 9781138722873
  • Vidale, M. Treasures from the Oxus: The Art and Civilization of Central Asia — London, New York: I.B. Tauris, 2017 ISBN 9781784537722

Спасылкі правіць