Павятовы маршалак

(Пасля перасылкі з Маршалак павятовы)

Павятовы маршалак (прадвадзіцель) дваранства (шляхты) (руск.: Уездный предводитель дворянства) — выбарны глава дваранства павета Расійскай імперыі.

Выбіраўся дваранствам павета на 3 гады і служыў без узнагароды, што рабіла гэту пасаду ганаровай. Павятовы маршалак дваранства, акрамя выканання ім уласна дваранскіх саслоўных абавязкаў, быў актыўна ўцягнуты ў агульнадзяржаўную дзейнасць. . Закон прадугледжваў членства і старшынства павятовага маршалка дваранства ў мностве камісій, якія ажыццяўлялі ўладу ў павеце. Пасада павятовага маршалка была асабліва адказнай і таму, што адміністрацыйная сістэма Расійскай імперыі не прадугледжвала адзінага кіраўніка і адзінай адміністрацыі на павятовым узроўні (у адрозненне ад губернскага). Павятовы маршалак, член і старшыня большасці павятовых устаноў, з'яўляўся сувязным звяном паміж разрозненымі ўстановамі і дэ-факта главой павета. Пасля знаходжання на пасадзе на працягу трох трохгадовых тэрмінаў маршалкі атрымлівалі чын V класа (стацкі саветнік).

Заснаванне і развіццё пасады павятовага маршалка правіць

Дваранскае саслоўнае самакіраванне, і ў тым ліку інстытут маршалкаў дваранства, узнікла ў эпоху Кацярыны II. Першы раз павятовыя маршалкі дваранства згадваюцца ў 1766 годзе, пасада была заснавана як пастаянная (з выбарамі на 2 года) «Устанаўленнем аб губернях» 1775 года, і пацверджана выданнем «Граматы на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» ў 1785 годзе. Пасада маршалка заставалася вузка саслоўнай да канца кіравання Мікалая I; пачынаючы з эпохі Вялікіх рэформаў, да яе паступова, па меры ўскладнення дзяржаўнага ладу, далучаліся агульнадзяржаўныя абавязкі[1].

Пасля паўстання 1831 года сама назва «маршалак» у Заходніх губернях была забаронена да ўжывання і заменена расійскім тэрмінам «предводитель дворянства» (прадвадзіцель дваранства). Былі забаронены і іншыя назвы пасадаў і ўстановаў, якія паходзілі з часоў РП, а парадак дзейнасці і справаводства прыводзіўся ў адпаведнасць з расійскімі губернямі[2].

Дваранскія выбары [3] правіць

Дваранскія выбары праводзіліся ва ўсіх губернях і абласцях Еўрапейскай Расіі, акрамя тых, дзе дваранства было настолькі малалікім, што не магло запоўніць выбарныя пасады (Архангельская, Аланецкая, Вяцкая, Пермская губерні і ўсе рэгіёны Сібіры). У Валагодскай губерні дваранскія выбарныя пасады былі ўведзены толькі ў Валагодскім, Гразавецкім і Каднікаўскім паветах, а ў Арэнбургскай губерні — толькі ў Арэнбургскім і Троіцкім паветах.

У Паўночна-Заходнім краі, у парадку барацьбы з перавагай дваран польскага паходжання, маршалкі дваранства прызначаліся ўрадам. У губернях Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай прызначэнне ажыцяўляў генерал-губернатар; у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай — міністр унутраных спраў.

У Вобласці Войска Данскога замест павятовых маршалкаў дваранства былі акруговыя.

Дваранскія ўстановы Остзейскіх губерняў адрозніваліся ад агульнарасійскіх, а таксама і адна ад адной, захоўваючы формы, якія склаліся да ўключэння гэтых тэрыторый у Расійскую імперыю. У Курляндскай губерні існавалі павятовыя маршалкі дваранства, якія выбіраліся па цалкам іншых правілах, у Ліфляндскай і Эстляндскай губернях такой пасады ў сістэме дваранскіх устанаўленняў не прадугледжвалася.

Акрамя Еўрапейскай Расіі, выбарныя дваранскія ўстановы існавалі ў Кутаіскай, Стаўрапольскай і Тыфліскай губернях Каўказскага края.

У Царстве Польскім, Каўказскім краі (акрамя названых вышэй трох губерняў) і ў Сярэдняй Азіі дваранства не мела карпаратыўнай арганізацыі, не магло арганізоўваць дваранскія сходы і выбары. Дваранскія радаводныя кнігі ў гэтых рэгіёнах вялі губернскія праўленні.

Усяго, станам на 1897 год, існавала 417 пасад павятовых маршалкаў дваранства[4].

Павятовыя маршалкі дваранства выбіраліся на губернскім дваранскім сходзе (у прастамоўі называлася «дваранскім з'ездам»), але толькі дваранамі свайго «стала» (гэта значыць павятовай секцыі). Калі павятовыя дваране не маглі выбраць сабе маршалка (усе кандыдаты адмовіліся, усе галасы супраць усіх кандыдатаў), яго выбіралі для іх усе дваране губерні. Маршалкі выбіраліся на тры гады.

Выбарчыя патрабаванні да кандыдатаў у маршалкі былі ніжэйшымі за тыя, што патрабаваліся для права голасу на дваранскіх выбарах. Кандыдат павінен быў быць: спадчынным дваранінам, унесеным у радаводную кнігу менавіта гэтай губерні; быць ва ўзросце 21 года ці старэй; не падвяргацца суду за ганебныя ўчынкі. Патрабаванні, неабходныя для права голасу — наяўнасць цэнзавай уласнасці ў губерні, наяўнасць адукацыі (прынамсі сярэдняй) ці класнага чыну — да кандыдатаў у маршалкі не прымянялася.

Кандыдатамі лічыліся ўсе дваране, якія ўдзельнічаюць у сходзе, калі яны не абвясцілі пра сваю адмову; а таксама тыя, хто меў права быць выбраным, але не ўдзельнічаў у сходзе, і апавясціў сход пра сваю кандыдатуру пісьмова. Галасавалі за ўсіх падрад, калі кандыдаты набіралі роўную колькасць галасоў, выбраны вызначаўся жэрабем.

Другі па колькасці набраных галасоў удзельнік выбараў станавіўся кандыдатам да павятовага маршалка. Кандыдат у далейшым ніяк не ўдзельнічаў у дзейнасці дваранскага самакіравання, але калі марашалак пакідаў сваю пасаду ці быў працягла хворы, кандыдат займаў яго месца без выбараў.

Выбраныя маршалкі дваранства зацвярджаліся на сваіх пасадах губернатарамі. Усякі выбраны павятовы маршалак у абавязковым парадку ператвараўся ў кандыдата на пасаду губернскага маршалка дваранства на выбарах на гэту пасаду, якія адбываліся апошнімі па парадку спраў дваранскага сходу.

Пасады і абавязкі павятовых маршалкаў [3] правіць

Лічылася, што павятовыя маршалкі дваранства знаходзяцца на сапраўднай дзяржаўнай службе. Павятовыя маршалкі дваранства, незалежна ад наяўнасці ў іх класнага чыну, лічыліся «заурад» (на час знаходжання на пасадзе) чынамі V класа (стацкі саветнік). Па выслузе двух трохгоддзяў яны зацвярджаліся ў чыне VI класа (калежскі саветнік), а па выслузе трох трохгоддзяў — у чыне V класа. Маршалкі не атрымлівалі ўтрымання, але мелі права на пенсію.

Павятовыя маршалкі дваранства былі цалкам незалежнымі ад губернскіх маршалкаў дваранства.

Абавязкі маршалка складаліся з дзвюх незвязаных частак — па дваранскіх справах ён дзейнічаў як выбарная асоба дваранскага самакіравання, падпарадкаваная толькі дваранству павета ў цэлым, па агульнадзяржаўных адміністрацыйных справах — як нязменны чыноўнік, абмежавана адказны перад губернатарам.

Хоць заканадаўства Расійскай імперыі не прадугледжвала адзінага кіравання на ўзроўні павета, павятовыя маршалкі, якія ўзначальвалі ўсе павятовыя калегіяльныя ўстановы, на справе выступалі як главы паветаў.

Саслоўныя абавязкі правіць

  • Старшынства ў павятовым дваранскім сходзе. Павятовыя сходы, у адрозненне ад губернскіх, мелі малое значэнне, займаючыся толькі справамі дваранскай апекі і зацвярджэннем спісу дваран.
  • Удзел у сходзе маршалкаў і дэпутатаў дваранства — распарадчым сходзе, які рыхтаваў позву для губернскага дваранскага сходу.
  • Вядзенне спісу ўсіх дваранскіх родаў павета.
  • Старшынства ў Дваранскай апецы, саслоўнай установе, якая кіруе маёмасцямі сірот і недзеяздольных дваран.
  • Заступніцтва, па ўпаўнаважанню дваранства, аб патрэбах і карысці грамадскай.
  • Кіраванне дваранскімі сумамі (гэта значыць саслоўнай касай).
  • Удзел у судзейскай калегіі суда з саслоўнымі прадстаўнікамі; суд з саслоўнымі прадстаўнікамі вырабляўся судовымі палатамі (суды другога ўзроўню) па справах аб цяжкіх дзяржаўных і палітычных злачынствах, павятовыя маршалкі выклікаліся ў суд па чарзе, па жэрабі.

Агульнадзяржаўныя пасады і абавязкі правіць

  • Старшынства ў павятовым земскім сходзе, прадстаўнічым органе павятовага самакіравання[5].
  • Удзел у губернскім земскім сходзе.[6].
  • Старшынства ў павятовым з'ездзе. Павятовы з'езд — адно з «устанаўленняў, якое загадвае сялянскімі справамі», судова-адміністрацыйная інстанцыя, якая кантралявала земскіх начальнікаў і гарадскіх суддзяў. Павятовыя з'езды былі заснаваны ў 1893 годзе, замест скасаваных павятовых па сялянскіх справах прысутнасцяў. Прысутнасці, у сваю чаргу, былі заснаваны ў 1874 годзе замест скасаваных з'ездаў міравых пасрэднікаў, заснаваных у 1859 годзе. Старшынямі ўсіх гэтых папярэдніх устаноў таксама былі павятовыя маршалкі дваранства
  • Старшынства ў павятовым па вайсковай павіннасці прысутнасці.[7]
  • Старшынства ў павятовай землеўпарадкавальнай камісіі. Камісія займалася землеўпарадкавальнымі работамі, неабходнымі для перадачы надзельных зямель сялян ва ўласнасць, у рамках мерапрыемстваў аграрнай рэформы 1906 года.[8].
  • Старшынства ў павятовай ацэначнай камісіі. Камісіі займаліся кантролем за працай па ацэнцы зямлі і нерухомай маёмасці (якая служыла базай для шэрагу дзяржаўных падаткаў і земскіх сходаў), якая праводзілася земствамі.[9]
  • Старшынства ў павятовым вучылішчным савеце. Савет займаўся каардынацыяй працы ўсіх устаноў, якія фінансавалі і ўтрымоўвалі пачатковыя вучылішчы (міністэрства народнай асветы, духоўнае ведамства, земствы).[10]
  • Старшынства ў павятовым папячыцельстве дзіцячых прытулкаў.
  • Удзел у губернскім папячыцельстве дзіцячых прытулкаў.
  • Старшынства ў двух выбарчых з'ездах: з'ездзе землеўладальнікаў і з'ездзе ўпаўнаважаных ад валасцей, якія збіраліся ў час выбараў у Дзяржаўную Думу, для абрання выбаршчыкаў у губернскі выбарчы сход (гл. Выбарчая сістэма 1907 года).
  • Удзел у павятовым камітэце папячыцельства пра народную цвярозасць.[11]
  • Вядзенне спісу асоб, якія могуць быць прызначаны земскімі начальнікамі.
  • Старшынства ў часовых камісіях для складання чарговых спісаў прысяжных засядацеляў па павеце.
  • Праверка прысудаў валасных і сельскіх сходаў аб выключэнні з сялянскіх абшчын распусных членаў (практычна азначала высылку), пасля зацвярджэння іх земскім начальнікам.
  • Рэвізія, паводле свайго меркавання, справаводства земскіх начальнікаў, валасных і сельскіх праўленняў.

Арганізацыя дзейнасці правіць

Пасада маршалка дваранства, ганаровая і неаплатная, па традыцыі прызначалася для мясцовых дваран-землеўладальнікаў і не патрабавала поўнай занятасці. Дзейнасць павятовых устаноў была арганізавана па месячных цыклах, і патрабавала ад павятовага маршалка знаходжання ў павятовым горадзе прыблізна адзін тыдзень на месяц. Спачатку адбываўся павятовы з'езд, найбольш загружаны справамі сход (у адзін дзень збіралася адміністрацыйная прысутнасць, у іншы — судовая), а за ім збіраліся ўсе перыядычна дзеючыя камісіі, у якіх апынуліся справы, што патрабуюць іх склікання ў гэтым месяцы. Цыкл удзелу ў губернскіх установах быў гадавым, і займаў каля двух тыдняў на год. Спачатку збіраўся губернскі дваранскі сход, а за ім — земскі сход, які меў з першым шмат агульных удзельнікаў[12].

Колькасць штатных чыноўнікаў у павеце была мінімальнай. Павятовы маршалак меў невялікую штатную канцылярыю, з уласнага сакратара і справавода[13], асобны сакратар быў пры павятовым з'ездзе.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Раздзел выкладзены паводле крыніцы: Дворянство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  2. Сяргей Токць. Спісы маршалкаў шляхты Гарадзенскан губерні ў XIX ст. (паводле Люцыяна Шчукі). // Герольд Litherland.- № 3-4 (3) — Горадня, 2001
  3. а б Раздзел выкладзены паводле крыніцы: Свод законов о состояниях: Раздел первый.О дворянстве // Свод Законов Российской Империи. — (неофиц. изд.). — 1912. — Т. IX., акрамя месцаў, адзначаных асобнымі зноскамі.
  4. Падлічана паводле кнізе: Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2011. Праверана 3 верасня 2010.Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2011. Праверана 3 верасня 2010..
  5. Гэты абавязак маршалкі неслі з моманту заснавання земстваў у 1864 годзе.
  6. Маршалкі былі ўведзены ў земскія сходы ў час рэформы земскіх устаноў 1890 года, Положение о губернских и уездных земских учреждениях // Свод Законов Российской Империи. — (неофиц. изд.). — 1912. — Т. II. — С. 209—228.
  7. Гэтыя абавязкі былі ўскладзены на маршалкаў з моманту ўвядзення ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1874 годзе.
  8. Камісіі былі заснаваны ў 1906 годзе, Полное Собрание Законов Российской Империи. Собрание третье. — СПб., 1909. — Т. XXVI. Отделение I. — 199-200 с. № 27478.
  9. Камісіі былі заснаваны ў 1893 годзе.
  10. Саветы былі заснаваны ў 1874 годзе.
  11. папячыцельствы пра народную цвярозасць ствараліся па меры ўвядзення ў губернях казённай віннай манаполіі, з 1896 па 1906 год; замянялі сабой павятовыя па піцейных справах прысутнасці.
  12. Распарадак працы павятовых устаноў апісаны па мемуарах: М. В. Голицын, кн. Мои воспоминания. 1873-1917. — М., 2007.
  13. Закон дазваляў мець толькі двух чыноўнікаў з правамі дзяржаўнай службы, дадатковых чыноўнікаў маршалак мог наймаць паводле свайго меркавання, але яны павінны былі быць вольнанаёмнымі.

Літаратура правіць