Маршальцы
Марша́льцы (маршал.: kajoor ri-Ṃajeḷ , laḷ ri-Ṃajeḷ) — карэннае мікранезійскае насельніцтва Маршалавых астравоў. Жывуць таксама ў ЗША і некаторых іншых краінах. Прыкладная агульная колькасць (2022 г.) — 57 100 чал.[1]
Маршальцы (kajoor ri-Ṃajeḷ , laḷ ri-Ṃajeḷ) | |
Жыхары атола Бікіні
| |
Агульная колькасць | 57100 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Маршалавы Астравы |
Мова | маршальская |
Рэлігія | культ продкаў, політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | касрае, рэфалуваш, тунгару |
Гісторыя
правіцьЗнаходкі амерыканскіх ваенных на атоле Бікіні паказалі, што ён быў населены ўжо ў 2 тысячагоддзі да н. э. Такім чынам, продкі сучасных маршальцаў трапілі ва Усходнюю Мікранезію каля 4 тысяч гадоў таму. Яны былі блізкімі сваякамі меланезійцаў і палінезійцаў, што пацвярджаецца даследаваннямі лінгвістаў і генетыкаў[2][3][4]. Пра старажытнае паходжанне маршальцаў сведчыць тое, што ў іх міфах і легендах не адлюстраваны факт міграцыі. Яны не памятавалі пра перасяленне продкаў на Маршалавы астравы і сцвярджалі, быццам бы жылі на іх заўсёды[5].
Да прыбыцця еўрапейцаў на Маршалавых Астравах склалася некалькі палітычных супольнасцяў[6] на чале з вярхоўнымі правадырамі (іраідж, іроі, іраіджлаплап), якія абапіраліся на ўладу мясцовых правадыроў. Існавалі некаторыя адрозненні ў культуры паміж насельнікамі розных атолаў, а таксама паміж жыхарамі дзвюх груп атолаў — Ралік і Радак.
Маршалавы Астравы былі адкрыты іспанцамі ў 1529 г. Аднак сталыя кантакты паміж еўрапейцамі і маршальцамі пачаліся толькі з канца XVIII ст. Астравы атрымалі сваю назву ад імя брытанскага мараплаўца Джона Маршала, які наведаў іх у 1788 г.[7] З другой паловы XIX ст. на некаторых атолах з’явіліся аселыя гандляры з Еўропы і ЗША. У 1885—1898 гг. Маршалавы Астравы трапілі ў каланіяльную залежнасць ад Германіі, якая садзейнічала ўкараненню рынкавай эканомікі, аднак абапіралася на ўладу традыцыйных правадыроў.
У 1914—1945 гг. Маршалы знаходзіліся пад кантролем Японіі. У адрозненне ад іншых частак Мікранезіі, тут не адбылося значных эканамічных і палітычных пераўтварэнняў. Маршальцы не дапускаліся да адміністрацыйнага кіравання, што часткова спрыяла падзенню прэстыжу правадыроў. Была ўведзена абавязковая адукацыя, японскія ўлады не перашкаджалі міграцыі насельніцтва.
Пасля паразы Японіі ў II сусветнай вайне ў 1945 — 1947 гг. Маршалавы Астравы знаходзіліся пад амерыканскай акупацыяй. У 1947 г. ААН перадала Маршалы ў апеку ЗША. Характэрнай асаблівасцю гэтай апекі было дамінаванне амерыканскіх ваенных інтарэсаў, што прывяло да поўнай эканамічнай залежнасці астравіцян ад ваенных ведамстваў ЗША. З 1946 г. атол Бікіні выкарыстоўваўся амерыканскімі ваеннымі для выпрабаванняў ядзернай зброі. Насельніцтва Бікіні і суседняга атола Эневетак было вымушана перасяліцца. У 1965 г. амерыканцамі было прадастаўлена ўнутранае самакіраванне Мікранезіі, створаны супольны Кангрэс, у якім атрымалі месцы і выбраныя прадстаўнікі ад Маршалавых Астравоў.
Пераўтварэнні ў паўсядзённым жыцці ў пасляваенны час садзейнічалі заняпаду традыцыйнай улады правадыроў і вылучэнню інтэлектуальнай эліты, залежнай ад ЗША. Але ў палітычных дыскусіях з іншымі мікранезійскімі палітыкамі падапечнай тэрыторыі маршальскія інтэлектуалы былі вымушаны сцвярджаць сваю культурную асаблівасць на аснове гістарычнай памяці аб уладзе іраідж, таму фармальна яна працягвала існаваць. У 1973 г. прадстаўнікі Маршалавых Астравоў спынілі працу ў Кангрэсе Мікранезіі. У 1979 г. была зацверджана асобная Канстытуцыя Маршалавых Астравоў[8]. Яна мела выразны дэмакратычны аб’яднальны характар, але адлюстроўвала прагу маршальцаў да захавання ўмоўных традыцыйных інстытутаў кіравання. Першы Прэзідэнт Маршалавых Астравоў, Амата Кабуа, паходзіў з высакароднай сям’і.
У 1982 г. адбыўся пратэст мясцовага насельніцтва супраць палітыкі ЗША з патрабаваннем павелічэння кампенсацый для землеўладальнікаў[9]. Пасля задавальнення іх патрабаванняў большасць выбаршчыкаў прагаласавала ў 1983 г. за падтрымку шчыльных стасункаў з ЗША. У 1986 г. амерыканскі Кангрэс зацвердзіў пагадненне аб незалежнасці Маршалавых Астравоў з захаваннем свабоднай асацыяцыі гэтай краіны з ЗША[10].
Культура
правіцьДа прыходу еўрапейцаў асноўнымі заняткамі маршальцаў былі земляробства і рыбалоўства. На малых каралавых астравах з беднымі вапняковымі глебамі, яны асвоілі сістему агралесагадоўлі, калі грады з клубневымі культурамі чаргаваліся з насаджэннямі дрэў[11]. Такім чынам ствараўся штучны біяцэноз, глебы хутка ўзнаўляліся. Зямлю апрацоўвалі завостранымі каламі. У другой палове XIX — першай палове XX стст. найбольш важнай прамысловай культурай стала какосавая пальма. Продаж копры іншаземным гандлярам складаў аснову эканамічнага дабрабыту правадыроў.
Рыбу лавілі ў лагунах і ў акіяне з дапамогай крукоў, якія выраблялі з косці або ракавін малюскаў (часам стваралі складаныя кампазітныя крукі з розных матэрыялаў), плеценых сетак, пастак, гарпуноў, каменных агароджаў і г. д. На некаторых атолах палявалі на чарапах. Паўсюдна на берагах збіралі крабаў, паўзуноў, галаваногіх.
У другой палове XX ст. з ростам насельніцтва, міграцыяй астравіцян на Кваджалейн і ў Маджура і пастаўкамі таннага іншаземнага харчу, сельская гаспадарка страціла вызначальную ролю. У наш час яна накіравана амаль выключна на ўнутранае забеспячэнне сельскай часткі насельніцтва. Але ўлады прадпрымаюць істотныя намаганні для адраджэння рыбалоўства. Разам з традыцыйнымі формамі лову ў лагунах будуюць буйныя рыбныя фермы[12], накіраваныя на пастаўку прадукцыі ў ЗША і краіны Азіі.
Маршальцы лічыліся выдатнымі мараплаўцамі. Паміж атоламі плавалі на малых суднах з ветразямі. Лодкі рабілі са ствала хлебнага дрэва, для ўстойлівасці ладзілі папярочную платформу, да якой прымацоўвалі паплавок. Ветразі звычайна былі трохвугольнымі, вырабляліся з лісця. Некаторыя лодкі дасягалі ў даўжыню 30,5 м і ўмяшчалі да 40 чалавек, іх плаванне магло працягвацца некалькі месяцаў. У моры арыентаваліся па сонцу, зорках, добра ведалі змену ветру ў розныя сезоны. Вядомы своеасаблівыя карты марскіх шляхоў, якія рабілі з прутоў і каменьчыкаў. На іх пазначалі плыні, вецер, месца астравоў. На сушы для мараплаўцаў часам пакідалі разнастайныя знакі.
Традыцыйныя рамёствы — суднабудаванне, выраб зброі, пляценне, апрацоўка косці, дрэва.
У мінулым маршальцы жылі ў невялікіх паселішчах, якія складаліся з адной сям’і або часткі матчынага роду. Жытлы будавалі з дрэва на па́лях або каркаснага тыпу. Былі вядомы каменныя збудаванні-платформы, якія ў нашы дні лічацца магільнямі правадыроў.
Асновай сацыяльнай арганізацыі з’яўляліся матрылакальныя роды. Заахвочваліся шлюбы са стрыечнымі братамі і сёстрамі, што было асабліва характэрна для высакародных. Адлік сваяцтва вёўся па матчынай лініі, але да прыняцця хрысціянства сустракалася палігінія. Роды лічыліся маёмаснікамі зямлі. Грамадскім жыццём і размеркаваннем надзелаў займаліся спадчынныя родавыя правадыры алап. Іх загады не аспрэчваліся простымі абшчыннікамі кау́р. На вяршыні сацыяльнай лесвіцы стаялі вярхоўныя правадыры іраідж, іроі або іраіджлаплап, а таксама іх сваякі бвірап. Іраідж кіравалі адным або некалькімі атоламі. Высакародныя не займаліся фізічнай працай, мелі асаблівую татуіроўку і кара́лі. У другой палове XIX ст. яны фактычна захапілі зямельную ўласнасць і ператварылі каур у залежных сялян. Правадырам належаў ураджай какосаў, які прыносіў асноўны грашовы прыбытак. За працай каур і зборам сродкаў назіралі прызначаныя правадырамі выведнікі рыджэрбал. У XX ст. у выніку з’яўлення прафесійнай адміністрацыі, а таксама міграцыі насельніцтва матрылакальныя роды і традыцыйныя правадыры згубілі магчымасць паўнавартаснага ўплыву на суайчыннікаў. Аднак фармальна інстытут правадыроў працягвае існаваць. 12 іраідж фарміруюць вышэйшую палату мясцовага парламента.
Фальклор прадстаўлены шматлікімі легендамі, міфамі, генеалагічнымі паданнямі. Здаўна сярод маршальцаў высока цанілася майстэрства рыторыкі. Распаўсюджана мастацтва татуіроўкі. Вядомы мясцовыя танцавальна-песенныя фестывалі курыджмодж.
Мова
правіцьМаршальская мова адносіцца да ўсходнемікранезійскіх моў малайска-палінезійскай групы аўстранезійскай моўнай сям’і. Яна мае статус адной з афіцыйных моў Маршалавых Астравоў (разам з англійскай).
Рэлігія
правіцьСтаражытная рэлігія маршальцаў была політэістычнай. Важную ролю адыгрываў культ продкаў, перажыткі якога захоўваюцца і ў нашы дні. Хрысціянскія місіянеры прыбылі на Маршалавы Астравы ў XIX ст. У наш час хрысціянства спавядае абсалютная большасць вернікаў (88,5 % — пратэстанты, 8,4 % — каталікі), астатнія — бахаі, мусульмане і іўдзеі[13].
Зноскі
- ↑ Marshallese
- ↑ janeresture.com Архівавана 15 кастрычніка 2012.
- ↑ Globin genes in Micronesia: origins and affinities of Pacific Island peoples
- ↑ mtDNA and language support a common origin of Micronesians and Polynesians in Island Southeast Asia
- ↑ JOHN NOBLE WILFORD, Pacific Islanders’ Ancestry Emerges in Genetic Study
- ↑ Traditional polities
- ↑ mongabay.com
- ↑ CONSTITUTION OF THE REPUBLIC OF THE MARSHALL ISLANDS
- ↑ Justin Corfield, Anti-nuclear protests, Marshall Islands Архівавана 11 сакавіка 2016.
- ↑ Marshall Islands profile
- ↑ AGROFORESTRY
- ↑ Is ‘moi’ the real deal for Marshall Islands?
- ↑ International Religious Freedom Report 2009
Спасылкі
правіць- Culture Архівавана 1 лістапада 2014.
- Culture of Marshall Islands
- History of the Marshall Islands Архівавана 18 снежня 2007.
- Joseph Genz, Navigating the Revival of Voyaging in the Marshall Islands: Predicaments of Preservation and Possibilities of Collaboration Архівавана 9 лютага 2022.
- Marshall Islands Traditional Stories