Марыя Рыгораўна Бялевіч

дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву

Марыя Рыгораўна Бялевіч (Бабіч) (1928, в. Бабічы, Дзісенскі павет, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка — 2023) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Сястра Івана Бабіча.[1]

Марыя Рыгораўна Бялевіч
Дата нараджэння 1928
Месца нараджэння
Дата смерці снежань 2023
Муж Леў Ніканавіч Бялевіч
Член у
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў 1928 года ў в. Бабічы Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка).

У Другую сусветную вайну пасля адыходу немцаў разам з братам Іванам Бабічам паступіла на вучобу ў Глыбоцкую педагагічную навучальню. У 1946 г. далучылася да нелегальнай беларускай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі. Трохі пазней да арганізацыі далучыўся яе брат Іван Бабіч, але напачатку яны не здагадваліся пра ўдзел адзін аднаго ў СБП. Належала да глыбоцкай групы арганізацыі. 25 сакавіка 1946 г. разам з іншымі сябрамі СБП прымала прысягу на вернасць беларускаму народу: «У мяне былі шчырыя гутаркі з Антонам Фурсам наконт таго, як гвалтам выцясняецца з нашай навучальні беларуская мова, як нас спрабуюць дэнацыяналізаваць. І я згаджалася з ім, што нельга з гэтым мірыцца, патрэбна неяк процідзейнічаць. Я была ў ліку першых, з каго пачынаўся Саюз Беларускіх Патрыётаў».

У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты ўдзельнікаў арганізацыі: да пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які падштурхоўваў да тэрарызму, выдаваўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі. Праз тое з 8 лютага Марыя з братам Іванам пераходзіць на паўлегальнае становішча. Але ў глыбоцкай педнавучальні таксама быў свой агент МДБ — Канстанцін Талапіла, які спрычыніўся да арышту Івана і Марыі Бабічаў: абое былі арыштаваныя 8 верасня 1947 г. падчас верагоднай спробы выезду ў Польшчу на станцыі Навадруцак каля Глыбокага.

Пасля арышту знаходзілася ў полацкай турме, як і брат Іван. Была асуджаны разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам, якіх судзілі за неданясенне на «ворагаў народу». Была асуджаная на 10 год савецкіх канцлагераў, пакаранне адбывала ў Комі АССР, Кіраўскай вобласці, у Азерлагу пад Тайшэтам, працавала на будаўніцтве чыгункі Тайшэт-Брацк, потым у Мардоўскай АССР. У 1955 г. разам з братам была накіравана ў Маладзечна на перагляд судовай справы, дзе ёй скарацілі тэрмін да 8 год.

Была вызваленая ў лютым 1956 г. вярнулася ў Беларусь. Пабралася шлюбам з сябрам Глыбоцкай групы СБП Львом Бялевічам, ад якога пазней мела дачку. Пасля вяртання ў Беларусь актывісты знаходзіліся пад цікам мясцовых уладаў, таму разам з братам і мужам выехала на заробкі ў Інту (Комі АССР).

З 1983 г. Леў і Марыя Бялевічы жылі ў Полацку. У снежні 2015 г. муж Леў Бялевіч памёр.

Памерла ў снежні 2023 года.

Узнагароды правіць

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[2]

Зноскі

Літаратура правіць

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18-21, 38, 75, 86, 88, 117, 126, 137, 139, 140, 141, 181, 182, 185, 186, 200, 215—243, 281—283, 314, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць