Адкрыць галоўнае меню

Марэдыд ап Оўайн (вал.: Maredudd ab Owain, пам. 999) — прадстаўнік Дыневурскай галіны, заваёўнік і кіраўнік Гвінеда і кароль Повіс з 986 года, кіраўнік Дэхейбарта з 988 года[1].

Марэдыд ап Оўайн
вал.: Maredudd ab Owain
Кароль Гвінеда
986 — 999
Папярэднік: Кадвалан ап Іеяў
Пераемнік: Кінан ап Хівел
Кароль Повіс
986 — 999
Папярэднік: Оўайн ап Хівел
Пераемнік: Кінан ап Хівел
Кароль Дэхейбарта
988 — 999
Папярэднік: Оўайн ап Хівел
Пераемнік: Кінан ап Хівел
 
Дзейнасць: манарх
Нараджэнне: мерк. 938
Смерць: 999(0999)
Бацька: Оўайн ап Хівел
Дзеці: сыны Кадвалан і Рыян; дачка Ангарад

БіяграфіяПравіць

Марэдыд быў сынам Оўайна ап Хівела і ўнукам Хівела Добрага. Калі бацька стаў занадта старым, камандаванне войскамі ўзяў на сябе Марэдыд, і ў 986 годзе захапіў каралеўства Гвінед, забіўшы яго тагачаснага караля Кадвалана III з дынастыі Аберфрау. Разам з уладай над Гвінедам Марэдыд атрымаў і Каралеўства Повіс.

 
Уэльс пад уладай Марэдыда ап Оўайна, 986—999 гады     Тэрыторыі падуладныя Марэдыду      Гвент і Маргануга (Глівісінг)

Калі ў 988 годзе Оўайн ап Хівел памёр, Марэдыд змог дадаць да свайго тытула і тытул «кіраўнік Дэхейбарта». Такім чынам, пад яго кантролем знаходзіўся практычна ўвесь Уэльс (акрамя Гвента і Маргануга)[2].

Кіраванне Марэдыда адзначана частымі набегамі вікінгаў. Вядома, што Марэдыд выкупляў сваіх падданых з палону па кошце 1 пені за галаву. Так, у 987 годзе Годфрыд Харальдсан (дацк.: Goðfriðr Haraldsson, вал.: Godfrey Haroldson) са сваімі чорнымі язычнікамі (вал.: kenhedloedd duon)[3] напаў на Англсі, забіўшы тысячу (у бітве пры Манан) і захапіўшы каля дзвюх тысяч чалавек у палон, і Марэдыд быццам бы заплаціў велізарны выкуп за свабоду закладнікаў[4].

Марэдыд ап Оўайн памёр у 999 годзе. Пасля яго смерці на троне Гвінеда зноў замацаваліся нашчадкі Ідвала Лысага, пераемнікам Марэдыда стаў Кінан ап Хівел. У «Хроніцы прынцаў» (вал.: Brut y Tywysogion) Марэдыд апісаны як «самы знакаміты кароль брытаў» (вал.: brenin mwyaf clodfawr y Brutaniaid)[5].

Лічыцца, што ў Марэдыда было двое дзяцей[6]. Старэйшы сын Марэдыда, Кадвалан (вал.: Cadwallon), загінуў у адной з бітваў у 991 годзе. Дачка Ангарад (вал.: Angharad, Yngharad) у 994 годзе (ва ўзросце 14 гадоў) стала жонкай Лівеліна ап Сейсіла, які ў далейшым стаў кіраўніком Повіса (пасля смерці мужа ў 1023 годзе Ангарад выйшла замуж у другі раз)[6]. У 1022 годзе ў Дэхейбарце з'явіўся нейкі ірландзец Рыян (вал.: Rhain, Rein), які абвясціў сябе сынам Марэдыда. Пры падтрымцы паўднёўцаў ён паспрабаваў прэтэндаваць на кіраванне, але быў разбіты Лівелінам пры Абергвілі (Abergwili)[7].

Зноскі

  1. The Early Welsh Kingdoms: Deheubarth (англ.) . Castle of Wales. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2012. Праверана 13 красавіка 2010.
  2. Марэдыд, кароль Гвінеда, Дэхейбарта і Повіса(руск.)  на сайце «Усе манархіі свету».
  3. A Chronology of Viking Raids into Wales (англ.) . Norse Raids and Settlement in Wales. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2012. Праверана 13 красавіка 2010.
  4. Lloyd E. A History of Wales From The Earliest Times To The Edwardian Conquest. — Лондан: Longmans, Green, and Co., 1911. — Т. I. — P. 351.
  5. Brut y Tywysogyon. Peniarth MS. 20., tud. 13a.
  6. 6,0 6,1 Meredydd son of Owain son of Hywel the Good(англ.)  на сайце Foundation for Medieval Genealogy.
  7. Лівелін ап Сейсіл(руск.)  на сайце «Усе манархіі свету».