Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 года

Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 г. — сутыкненні жыхароў Слуцку з войскамі МУС падчас спробы няўдалага самасуду над крымінальнымі абвінавачанымі.

Падзеі правіць

9 красавіка 1967 г. загадчык аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама Генадзь Гапановіч і яго сваяк Леанід Сыцько выганялі з пад’езда свайго дома п’янага рабочага Аляксандра Нікалаеўскага і нанеслі яму цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр[1]. Калі 10 кастрычніка 1967 г. у Слуцку пачаўся суд на Гапановічам і Сыцько, ля будынка суда сабраўся натоўп, які патрабаваў смяротнага пакарання для камуніста-чыноўніка, які забіў простага рабочага. 11 кастрычніка натоўп пачаў патрабаваць выдаць ім забойцу Нікалаеўскага. 12 кастрычніка, калі Гапановіча выводзілі з будынка суда, натоўп паспрабаваў адбіць яго ў міліцыі і расправіцца з ім. У выніку пачалася бойка з войскамі МУС, якія стаялі ў ачапленні. Паколькі вайскоўцы не былі належным чынам узброены і спрабавалі разагнаць натоўп газам «Чаромха», то людзі, узброеныя палкамі і каменнем, паранілі, па некаторых звестках, каля 80 салдат[2]. Іншыя крыніцы называюць больш сціплыя лічбы: 42 параненыя[3]. Драўляны будынак суда закідалі бутэлькамі з бензінам і падпалілі. Загінуў адзін афіцэр міліцыі, які альбо сам няўдала выскачыў праз акно, ратуючыся ад полымя, альбо быў выкінуты ўдзельнікамі хваляванняў. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі памёр у шпіталі[3]. Згарэла суддзя Г. Аляксеева. Пажарныя машыны да пылаючага будынка натоўп не пусціў. Тым часам Г. Гапановіча міліцыя здолела вывезці ў Мінск.

Расследаванне правіць

Расследаваннем трагедыі занялася спецыяльная камісія з прадстаўнікоў кіраўніцтва МУС, КДБ і кампартыі, як рэспубліканскага ўзроўню, так і ўзроўню СССР. Найбольш актыўных удзельнікаў хваляванняў асудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення, двух — расстралялі. Пракурор Слуцку і начальнік гарадской міліцыі былі зняты са сваіх пасад[4].

Хваляванні ў Слуцку паказалі, з аднаго боку, сілу «эфекту натоўпу», якой не змагла супрацьстаяць нават дзяржава, якая адмаўляла сваім грамадзянам у праве на мірныя акцыі пратэсту. З другога боку, яны былі вынікам дзяржаўнай палітыкі СССР, згодна з якой народу не давалі нават магчымасці атрымаць поўную інфармацыю аб рашэннях улады, і раз’юшаныя жыхары Слуцка атрымоўвалі яе ў пераказах і плётках, што толькі больш правакавала натоўп.

Г. Гапановіч атрымаў некалькі год зняволення і рэшту свайго жыцця пражыў у Баранавічах.

Зноскі

  1. Василий Гедройц. Судья сгорела заживо (руск.)(недаступная спасылка). Белорусская нива (18 сентября 2010 года.). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2012. Праверана 17 чэрвеня 2012.
  2. Афіцыйны сайт Слуцкага РАЎС Архівавана 4 жніўня 2011.
  3. а б Марина Кунявская. Гриф «секретно» не снят // Советская Белоруссия, 9.11.2010. Архівавана 9 чэрвеня 2012.
  4. Владимир Иванов. Самосуд в Слуцке. Били кольями судью, прокурора, начальника милиции и чиновников городской власти.. kurjer.info (16 апреля 2010).

Спасылкі правіць