Мастацкая літаратура (выдавецтва)
«Мастацкая літаратура» — беларускае дзяржаўнае выдавецтва, якое ажыццяўляе выпуск мастацкай літаратуры.
Мастацкая літаратура | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Заснавана | 6 сакавіка 1972 |
Вэб-сайт | mastlit.by |
Гісторыя
правіцьВыдавецтва «Мастацкая літаратура» было ўтворана 6 сакавіка 1972 года[1] на аснове рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выдання велізарнай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў, а ў адукацыйных дзяржаўных праграмах было прадугледжана глыбейшае вывучэнне класікаў беларускай і сусветнай літаратуры.
У савецкія часы ў выдавецтве існавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў і перакладнай літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гісторыка-дакументальных кніг «Памяць». Штогод выдавалася каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны шырокаму кругу чытачоў. Тыраж кніг арыгінальнай паэзіі быў не меней трох тысяч, а арыгінальнай прозы — не меней шасці тысяч асобнікаў.
Выходзілі серыі «Першая кніга паэта» (з 1968 года), «Першая кніга празаіка» (з 1971 года), «Паэзія народаў» (з 1971 года), «Бібліятэка замежнай прозы» (з 1983 года), «Скарбы сусветнай літаратуры» (з 1989 года), «Бібліятэка беларускай класікі» (з 1990 года).
У выдавецтве выйшлі Зборы твораў такіх пісьменнікаў, як Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Іван Шамякін, Аляксандр Якімовіч, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Іван Навуменка, Максім Гарэцкі, Піліп Пестрак, Пятро Глебка, Змітрок Бядуля, Алесь Бачыла, Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Аляксей Пысін, Іван Пташнікаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін і іншых[1].
Выдаюцца серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя» (абедзве з 1998 года), «Беларуская паэзія ХХІ ст.», «Беларуская проза ХХІ ст.», «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». У 2018 годзе выдавецтва падпісала пагаднення аб супрацоўніцтве з выдавецтвам метадычнай і навуковай літаратуры Пекінскага ўніверсітэта замежных моў з мэтай рэалізацыі праекта ўзаемных перакладаў і публікацый класічных літаратурных твораў Беларусі і Кітая да 2020 года[2].
Дырэктары выдавецтва
правіць- Мікола Ткачоў (1972—1979),
- Міхась Дубянецкі (1979—1986),
- Анатоль Бутэвіч (1986—1987),
- Валерый Грышановіч (1987—1992),
- Серафім Андраюк (1993—1996),
- Георгій Марчук (1996—2002),
- Уладзіслаў Мачульскі (2002—2015).
- Алесь Бадак (з 2015 года).
Галоўныя рэдактары выдавецтва
правіць- Анатоль Кудравец (1972—1974),
- Аркадзь Марціновіч (1974—1981),
- Серафім Андраюк (1981—1993),
- Мікола Кусянкоў (1993—1996),
- Уладзімір Марук (2002—2003),
- Віктар Праўдзін (2003—2008),
- Віктар Шніп (з 2008 года).
Супрацоўнікі
правіцьСпачатку штат супрацоўнікаў выдавецтва налічваў больш ста чалавек, сорак пяць з іх з’яўляліся членамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Барыс Сачанка, Леанід Дранько-Майсюк, Варлен Бечык, Мікола Мятліцкі, Вадзім Спрынчан, Алесь Бачыла, Вера Палтаран, Павел Місько, Алена Васілевіч, Уладзімір Машкоў, Васіль Жуковіч, Вячаслаў Адамчык, Алесь Камароўскі, Ала Сямёнава, Нэлі Тулупава і іншыя.
Прэміі і ўзнагароды
правіць- 2006 год — Прэмія «Золата Парыжа»
- 2009 год — Гран-пры Міжнароднага конкурсу за літаратурна-мастацкае выданне Л. Нясцерчука «Напалеон Орда. Шлях ды Бацькаўшчыны»
- 2015 год — Дыплом першай ступені ў намінацыі «ЛІТ-фармат». За выданне кнігі Якуба Коласа «Новая зямля» з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча.
- 2015 год — Віншаванне выдавецтву з 40-годдзем ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- 2015 год — Дыплом II ступені ў намінацыі «Лепшае літаратурна-мастацкае выданне». За ажыццяўленне выпуску першага тома выдання В. Дунін-Марцінкевіч «Збор твораў у 2-х тамах»
- 2015 год — Дыплом III ступені ў намінацыі «Лепшая дзіцячая кніга». А. Масла «Вандроўкі з божымі кароўкамі»
- 2015 год — Дыплом I ступені ў намінацыі «Лепшая дзіцячая кніга». «Мова ўсяго жывога» (серыя «Казачны свет»)
- 2015 год — Дыплом I ступені ў намінацыі «Лепшае літаратурна-мастацкае выданне». За выданне кніжных серый: «Беларуская проза ХХІ стагоддзя», «Беларуская паэзія ХХІ стагоддзя» (Л. Рублеўская «Шыпшына для пані», А. Наварыч «Літоўскі воўк», У. Гніламёдаў «Уліс з Прускі»)
- 2015 год — Дыплом III ступені ў намінацыі «Наш сучаснік». За выдавецкі праект «Жыццё знакамітых людзей Беларусі»
- 2015 год — Дыплом III ступені ў намінацыі «Кнігі для дзяцей і юнацтва». «Сказка про Ивана-Гончара и чудовище царя»
- 2015 год — Пераможца намінацыі «Лепшая дзіцячая кніга». А. Грачанікава «Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара»
- 2015 год — Дыплом спецыяльнай прэміі. За кнігу «Уражанне раўнавагі, альбо Лесвіца ўверх», Віктар Альшэўскі.
- 2015 год — Дыплом імя Францыска Скарыны. За выданне кнігі вершаў «Мама, маці, матуля…»
- 2015 год — Дыплом I ступені ў намінацыі «Кніга цікавага лёсу». За кнігу «Мама, маці, матуля…»
- 2015 год — Дыплом I ступені ў намінацыі «Перамога». «1418 дней Великой Отечественной войны: хронология событий» и «Память со слезами на глазах: песни о Великой Отечественной войне»
- 2016 год — Дыплом імя Францыска Скарыны. За ажыццяўленне выдавецкага праекта Людмілы Крушынскай "Владимир Мулявин. «Сэрцам і думамі…»
- 2016 год — Дыплом першай ступені ў намінацыі «Перамога». За выданне кнігі нарысаў, апавяданняў, эсэ «Дзеці пра вайну малююць і пішуць»
- 2016 год — Дыплом першай ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». За выданне кнігі Алены Цераўковай «Англійская мова: слова за словам»
- 2016 год — Дыплом другой ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». За выданне кнігі Наталлі Бучынскай «Атракцыёны для вадзянікоў».
- 2017 год — Пераможца ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». За выданне кнігі «Чаму вожык не стрыжэцца», А. Пісьмянкоў
- 2017 год — Дыплом другой ступені ў намінацыі «Першадрук». За выданне кнігі «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка»
- 2017 год — Дыплом першай ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» 2017. За выданне серыі кніг «Вячэрняя казка»[3]
Зноскі
- ↑ а б Марат Гаравы. Выстава да 40-годдзя выдавецтва “Мастацкая літаратура” . Новы Час (14 чэрвеня 2012). Праверана 4 сакавіка 2018.
- ↑ Беларускія і кітайскія кнігавыдаўцы запланавалі пераклад і публікацыю класікі да 2020 года(недаступная спасылка). БЕЛТА (2 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
- ↑ Прэміі і ўзнагароды(недаступная спасылка). Мастацкая літаратура. Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
Літаратура
правіць- «Мастацкая літаратура» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 467. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.