Мастацтва Старажытнага Егіпта

Мастацтва Старажытнага Егіпта цесна звязанае з рэлігіяй, у т.л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сацыяльнага ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона.

Піраміды Гізы

Пошукі эфектыўнай мастацкай мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асноўныя сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Егіпце былі выпрацаваны класічныя архітэктурныя формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўленчага мастацтва (круглая скулыпура, рэльеф, манументальны жывапіс і інш.). Кананічныя правілы, нязменныя выяўленчыя і выразныя сродкі, прыёмы будаўніцтва павінны былі ўлічваць у сваёй дзейнасці майстры ўсіх відаў мастацтва. Але рэгламентуючая роля канона не стала перашкодай у эвалюцыі мастацтва.

Дадынастычны перыяд

правіць

Прыклады мастацкай дзейнасці чалавека на тэрыторыі Егіпта адносяцца да эпохі неаліту. У канцы V — пачатку IV тыс. да н.э. тут назіраюцца працэсы распаду родавых адносін і фарміраванне рабаўладальніцкіх. Перыяд з пачатку IV тыс. па XXX ст. да н.э. атрымаў назву «Дадынастычны». Ужо ў той старажытны час тэрыторыя Егіпта падзялялася на вызначаныя вобласці — номы, на чале якіх стаялі племянныя правадыры — намархі. У хуткім часе номы аб’ядналіся ў Паўночнае і Паўднёвае царствы.

Асноўныя прынцыпы мастацтва Егіпта пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э. Адметнасцю з’яўляецца вядучае становішча архітэктуры, асабліва культавых і пахавальных збудаванняў, для якіх ствараліся жывапісныя, скульптурныя і дэкаратыўныя творы. Дойлідства выконвала аб’ядноўваючую, сінтэзуючую ролю для іншых відаў мастацтва. Прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геаметрычная абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць.

Аб мастацтве Дадынастычнага перыяду сведчаць вынікі раскопак пахаванняў. Памёршым прыпісвалі здольнасць заступніцтва, адсюль узнік мнагастайны ў сваіх формах культ продкаў. Людзі верылі ў замагільнае існаванне і надзялялі нябожчыка ўсім неабходным: побытавымі рэчамі (распіснымі сасудамі, мэбляй, упрыгожваннямі, зброяй), скульптурнымі выявамі слуг — так званымі ўшэбці. Мастацтва павінна было дараваць бессмяротнаць чалавеку, станавіцца прамым працягам зямнога жыцця. Праца мастакоў, архітэктараў высока цанілася і лічылася свяшчэннадзействам, побач з імёнамі фараонаў, жрацоў засталіся імёны стваральнікаў іх вобразаў, храмаў і магільняў.

 
Палетка Нармера. Адваротны і вонкавы бакі. Каля 3000 г. да н.э.

Частка твораў, знойдзеных у пахаваннях, звязана з магічнымі абрадамі, культамі. Да іх адносяцца палеткі — невялікіх памераў (10—15 см вышынёй) плоскія каменныя пласціны. Мяркуецца, што спачатку яны служылі для перамешвання і расцірання фарбаў, якімі карысталіся падчас культавых абрадаў, аб чым сведчаць невялікія паглыбленніўіх цэнтры. З цягам часу рытуальныя функцыі пачалі праяўляцца ў сімвалічным разуменні такіх рэчаў. Памеры плітак павялічваліся, а іх бакі пачалі апрацоўваць у выглядзе рэльефаў. Найбольш вядомай палеткай Дадынастычнага перыяду з’яўляецца «Пліта фараона Нармера» (каля 3000 г. да н.э.).

Старажытнае царства

правіць
 
Імхатэп. Піраміда Джосера. Сяр. XXVIII ст. да н.э.
 
Піраміда Хеопса
 
Вялікі Сфінкс фараона Хефрэна ў Гізе. Фрагмент. XXVII ст. да н.э.

У XXVIII — XXIII ст. да н.э. (Старажытнае царства) мастацтва Егіпта дасягнула росквіту. Гэтаму спрыялі аб’яднанне асобных тэрыторый у адзіную дзяржаву, на чале якой стаялі фараон і жрацы, шырокае выкарыстанне рабскай працы. Адбывалася далейшае развіццё замагільнага культу. Егіпцяне верылі, што чалавек існуе з многімі ўвасабленнямі душы. Адной з іх лічылі двайніка асобы «Ка». Таму скульптурныя выявы павінны былі не толькі замяняць нябожчыка, але і служыць для яго далейшага замагільнага жыцця і магчымасці аб’яднання са сваім двайніком — «Ка». 3 гэтай мэтай узводзіліся пахавальныя збудаванні — грабніцы, дзе размяшчалі скульптурныя выявы, ежу, прадметы хатняга ўжытку (посуд, мэблю), упрыгожванні, зброю, транспартныя сродкі.

У перыяд Старажытнага царства мастацкія прыёмы набылі стылістычную завершанасць. 3 III тыс. да н.э. быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараонаў, для іх пачынаюць узводзіць гіганцкія грабніцы дакладнай геаметрычнай формы — піраміды, дзе прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны архітэктурны вобраз. Піраміды складаліся з падземных памяшканняў, куды ставіўся саркафаг з муміфіцыраваным ц-лам нябожчыка, і насыпу (мастаба), які абліцоўваўвалі цэглай-сырцом ці вапняковымі плітамі. Каб высокія мастаба былі больш трывалымі, іх рабілі ў выглядзе некалькіх прыступак. Так утварыліся першыя прыстукавыя піраміды (піраміды ў Сакары і Гізе).

Наступны этап фарміравання тыпу пірамід уяўляюць будынкі ў Гізе (сучаснае прадмесце Каіра). Яны ўзводзіліся ў XXVII ст. да н.э. для фараонаў IV дынастыі Хуфу, Хафра і Менкаўра. Грэкі называлі іх Хеопсам, Хефрэнам і Мікерынам, а збудаванні аднеслі да вядомых сямі цудаў свету. У архітэктурных помніках у Гізе з выключнай дасканаласцю ўвасобілася ідэя бессмяротнасці, велічы і неабмежаванасці ўлады фараонаў. Яны сталі пераканаўчым адлюстраваннем культавых уяўленняў старажытных егіпцян, бліскучым увасабленнем дасягненняў іх дойлідства.

Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл. Егіпецкае пісьмо).

Неад’емнай часткай старажытных егіпецкіх пірамід і памінальных храмаў былі круглая пластыка і рэльефы, якія таксама выконваліся па строгіх канонах. Адпаведна ім людзі выяўляліся ў спакойных, поўных велічы і шматзначнай нерухомасці позах. Гэта былі альбо стаячыя фігуры з высунутай уперад левай нагой, альбо сядзячыя — з рукамі, прыціснутымі да торса, ці з рукой, пакладзе-най адной на бядро, а другой — прыціснутай да грудзей. Нягледзячы на кананічнасць скульптуры Старажытнага царства, нелыа адмовіць у рэалістычнасці, імкненні майстроў паказаць чалавека як мага дакладней. Такая асаблівасць тлумачыцца тым, што пластыка была ўвасабленнем двайніка памёршага. Звычайна выявы паліхромныя, прычым тут існавалі кананічныя правілы. Так, цела мужчыны фарбавалі ў некалькі больш цёмны колер, чым цела жанчыны, асобныя часткі твару інкруставаліся рознымі матэрыяламі — гор-ным крышталём, бірузой, сердалікам. Захавалася некалькі выдатных, па-майстэрску выкананых скульптур, у якіх аўтарам удалося перадаць галоўнае ў вобразе чалавека. Вялікай выразнасцю вызначаюцца статуі пісца Каі і вяльможы Каапера (абедзве — сяр. III тыс. да н.э.).

 
Статуя фараона Хефрэна з памінальнага храма пры пірамідзе Хефрэна ў Гізе. Фрагмент. XXVII ст. да н.э.

Групу помнікаў скульптуры складаюць творы, што размяшчаліся ў пахавальных памяшканнях. Яны былі разлічаны на сувязь з архітэктурай, для іх характэрны сіметрыя, ураўнаважанасць частак, разлік пераважна на франтальнае ўспрыняцце. Строгасць і ўрачыстасць уласцівы статуі фараона Хефрэна (XXVIII ст. да н.э.). Мадэль у ёй паказана ў выглядзе атлета. Сціснуты; кулак правай рукі, якая ляжыць на калене, быццам падкрэслівае думку аб усемагутнасці і бязмежнай уладзе фараона. Гэтыя ж рысы адрозніваюць выявы не толькі фараона, але і яго прыдворных вяльмож, сваякоў, напрыклад сына фараона Снофру Рахатэпа і яго жонкі Нафрэт, дойліда Хеміўна (абедзве — XXVIII ст. да н.э.).

У эпоху Старажытнага царства для ўпрыгожвання пахавальных храмаў і грабніц ствараліся роспісы і рэльефы. Як правіла, гэта былі шматфігурныя кампазіцыі, у якіх апавядалася аб самых розных баках жыцця: сельскагаспадарчых работах у памесцях, рамесніцкіх майстэрнях, паказваліся сцэны баляў, паляванняў, рыбнай лоўлі, працэсіі з ахвяравальнымі дарамі. Рэльефы, як і круглыя скульптурныя выявы, расфарбоўваліся. Для іх былі характэрны сіметрыя, спакойная рытміка форм, некаторая цяжкаважкасць, што тлумачыцца падпарадкаванасцю пластыкі архітэктурным паверхням. Атрымалі распаўсюджанне два віды рэльефаў — з невысокімі выступаючымі аб’ёмамі і ўрэзанымі ў паверхню формамі. Выдатнымі прыкладамі скульптуры Старажытнага царства з’яўляюцца рэльеф са сцэнай палявання фараона Сахура (Абусір, XXVI ст. да н.э.), выявы з грабніц знатных вяльмож у Сакара: Птахатэпа («Птахатэп за ахвярным сталом»), Ахатэпа («Дастаўка зерня з поля»), Ненхефцікаі («Музыканты на балю»), усе — сяр. III тыс. да н.э.

Насценны жывапіс значна саступае рэльефам у тэхнічных і вобразна-пластычных адносінах. У пахавальных інтэр’ерах дадзенага перыяду ён адыгрывае другарадную ролю.

Развівалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, таксама абумоўленае існаваннем замагільнага культу, патрэбай у стварэнні разнастайных рэчаў для вечнага жыцця чалавека. Прыкладное мастацтва вызначаецца значнай разнастайнасцю. Майстры з вялікім густам, тэхнічнай дасканаласцю выраблялі драўляную мэблю, інкруставаную золатам, слановай косцю, зброю, ювелірныя творы з малахіту, бірузы, сердаліку, керамічны і шкляны посуд, тканіны.

Мастацтва Старажытнага царства ў пэўнай ступені адлюстроўвае характар эканамічнага і палітычнага развіцця. Яно сведчыць і аб дастаткова складанай сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, развітых культавых уяўленнях. Асноўныя дасягненні мастацтва дадзенага перыяду будуць мець працяг, вызначаць культуру Егіпта ў наступныя часы.

Сярэдняе царства

правіць

У канцы XXIII — пачатку XXII ст. да н.э. Егіпет перажывае эканамічны заняпад, час палітычнай нестабільнасці. Неабмежаваная ўлада фараонаў аспрэчваецца правіцелямі (намархамі) номаў. Распад краіны ў канцы XXIII ст. да н.э. на шэраг тэрыторый і аб’яднанне іх у XXI ст. да н.э. пад уладай фіванскіх правіцеляў прыводзяць да ўзнікнення вызначаных мастацкіх школ, нават да змены канонаў у выяўленнях, у будаўніцтве, росту рэалістычных рыс у мастацтве. Гэты перыяд быў названы Сярэднім царствам.

Працэсы, якія закранулі егіпецкую архітэктуру ў XXI—XVIII стст. да н.э., яскрава бачны на прыкладзе храма-пахавальні Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры (XXI ст. да н.э.), пабудаванай паблізу сталіцы Фіваў на заходнім беразе Ніла, сярод гор. Пахавальня складалася з дзвюх тэрас, абкружаных калонамі і аб’яднаных палогімі пад’ёмамі (пандусамі), адкрытага двара, часткова высечанага ў скале. Стрыманая, некалькі цяжкаватая архітэктурная пластыка, з густам выкананая і ўключаная ў комплекс круглая скульптура і рэльефы, расфарбоўка сцен у жоўты і сіні колеры стваралі ўражанне строгага, але выразнага гарманічнага адзінства. Комплекс у Дэйр-эль-Бахры стаў прынцыпова важным збудаваннем для егіпецкага дойлідства. Ён паклаў пачатак храмавай архітэктуры чарговага перыяду — Новага царства.

 
Статуя Аменемхета III. XIX ст. да н.э.

Значнымі зменамі на шляху засваення рэалістычных прыёмаў вызначаецца скульптура Сярэдняга царства. Выявы фараонаў, што ствараліся ў той час, пачалі размяшчаць у храмах ці побач з імі пад адкрытым небам, разам з выявамі багоў, а не хаваць у патаемных месцах, як было раней. У сувязі з гэтым узмацняецца аб’ёмная мадэліроўка твораў, значная ўвага надаецца перадачы індывідуальных якасцей мадэлі. Менавіта такімі рысамі адрозніваюцца статуі Сенурсета III і яго сына Аменемхета III (абедзве — XIX ст. да н.э.). Уладарныя асобы прадстаюць у традыцыйных статычных позах, магутныя фігуры падкрэслена велічныя, але крыху выцягнутыя па прапорцыях. Большая жыццёвасць ва ўвасабленнях фараонаў адлюстравалася ў выяўленні іх у розных узростах. Так, у адной са статуй Аменемхет III паказаны юнаком са зграбным целам, прыгожым маладым тварам.

Імкненне наблізіцца да жыцця, паказаць яго ў самых разнастайных адценнях уласціва дробнай пластыцы Сярэдняга царства. Скульптары працавалі ў асноўным з каменем, дрэвам, металам, бліскуча выкарыстоўваючы ўласцівасці гэтых матэрыялаў. Паказваючы багоў у выглядзе простых людзей (статуэтка багіні Ісіды з сынам Горам, XX ст. да н.э.), слуг, воінаў («Слугі, якія нясуць ахвяравальныя прадукты», XIX ст. да н.э.; «Лучнікі-нубійцы», XX ст. да н.э.), яны перадавалі тыповае ў абліччы і паводзінах сваіх герояў, што з’яўлялася новым важным крокам у парушэнні існуючых канонаў. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала расфарбоўка статуэтак. Яна будавалася па традыцыйных схемах, у адпаведнасці з натуральным колерам выяўляемых прадметаў і фігур.

Роспісы, якімі ўпрыгожвалі сцены грабніц, пахавальных і памінальных храмаў, таксама сведчаць аб імкненні мастакоў пазбавіцца ад старых канонаў і выпрацаваць новыя, больш дасканалыя. Амаль усе роспісы гэтага часу поўныя велічнасці, пакою, больш свабодныя ў кампазіцыйным размяшчэнні на сценах будынкаў, чым гэта было раней. Так, у грабніцы Нумхатэпа II у Бені-Гасане (XX ст. да н.э.) выяўлены сцэны палявання на берагах Ніла. Кожная з кампазіцый, размешчаных паясамі ўздоўж сцен, вызначаецца завершанасцю, спакойнай, ураўнаважанай рытмікай фігур, а таксама высокімі дэкаратыўнымі якасцямі жывапісу. Асабліва многа бытавых эпізодаў, дэталяў ёсць у роспісах грабніц намархаў. Гэта сцэны паляванняў, сельскагаспадарчых работ, рыбнай лоўлі, баляў з танцоўшчыцамі.

Выдатнае дасягненне мастацтва Сярэдняга царства — творы мастацкага рамяства, ювелірныя вырабы. Сасуды, статуэткі гэтага перыяду часам мелі выгляд стылізаваных фігурак звяроў і птушак. Шырокае распаўсюджанне атрымаў распісны фаянс. У вырабах з дрэва звычайна выкарыстоўвалася тэхніка інкрустацыі золатам, слановай косцю.

Дасканаласці формы майстры дасягнулі ў ювелірных вырабах, асабліва ў нагрудных упрыгажэннях — пектаралях. Звычайна яны мелі складаныя кампазіцыі і ўключалі сімвалічныя вобразы, арнаментальныя матывы, надпісы. Так, у верхняй частцы пектараляў фараонаў Сенусерта II і Аменемхета III змешчана выява багіні Нехебт у выглядзе грыфа з прасцёртымі ў бакі крыламі, упрыгожанымі самацветамі і золатам. У цэнтры ў іерагліфіч-ным напісанні — імя фараона, заключанае ў картуш, паабапал яго — сокалы з каронамі на галовах, сокалагаловыя ільвы. Пры невялікіх памерах гэтыя пектаралі дэманструюць вы-датнае спалучэнне манументальнасці форм і дэкаратыўнай выразнасці.

Новае царства

правіць
 
Луксорскі храм

Унутраныя супярэчнасці прывялі да аслаблення і распаду Старажытнага царства. Гэтаму садзейнічала нашэсце азіяцкіх качавых плямён гіксосаў. Больш як сто гадоў яны правілі Ніжнім Егіптам. Толькі каля 1600 г. да н.э. правіцелі Фіваў змаглі вызваліць усю краіну і аб’яднаць яе. Пачынаецца перыяд узмацнення дзяржавы, улады фараона і жрацоў.

У гэты час Егіпет здолеў пакарыць вялікія суседнія землі. Прыток рабскай сілы, матэрыяльных каштоўнасцей з захопленых тэрыторый садзейнічае ўмацаванню Егіпта, станоўча адбіваецца на яго культуры. Інтэнсіўна развіваецца архітэктура, абагачаюцца новымі пластычнымі сродкамі скульптура, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Перыяд Новага царства (з XVI па XI ст. да н.э.) не быў аднародным. Ён складаўся з некалькіх этапаў, адпаведных праўленню XVIII і XIX дынастый, і быў абумоўлены важнымі зменамі ў эканамічным, культавым і культурным жыцці.

 
Храм Амона ў Карнаку, 1480-1370-ыя г. да н.э.
 
Храм Амона ў Карнаку. Калоны гіпастыльнай залы

Для мастацтва першай паловы Новага царства характэрны ўрачыстая пышнасць, дэкаратыўнасць у спалучэнні з вытанчанасцю, імкненне падкрэсліць раскошу і багацце жыцця царскага двара, знаці, жрацоў. У той перыяд архітэктура, галоўным чынам культавая, заставалася вядучым відам мастацтва. Найбольшае распаўсюджанне атрымаў тып храма, у склад якога ўваходзілі адкрыты двор, абкружаны каланадай (перыстыль), калонная зала (гіпастыль), свяцілішча.

Вакол храма ўзводзілі глухую агароджу, якая паўтарала прамавугольныя абрысы ўсяго комплексу. На фасадзе ставілі два вежападобных пілоны ў выглядзе ўсечаных пірамід з прамавугольным праходам у цэнтры, а перад імі — велізарныя статуі фараона, абеліскі. Такія гіганцкія тронныя скульптуры Аменхатэпа III дайшлі да нашага часу (яны калісьці стаялі перад памінальным храмам фараона). Структура храмавых комплексаў была разлічана на правядзенне пышных рэлігійных цырымоній, святкаванняў, урачыстых шэсцяў. Да храмаў вяла дарога, па баках якой размяшчалі рады сфінксаў — свяшчэннях істот бога Амона.

Асаблівай велічнасцю вызначаліся храмавыя комплексы, пабудаваныя ў Фівах і прысвечаныя багам Амону і Ра. Яны вядомы як Луксорскі храм і Карнакскі храмы (адпаведна сучасным назвам пасяленняў). Комплексы ствараліся на працягу значнага часу, паколькі кожны фараон прыбудоўваў да храмаў новыя часткі або разбураў, перарабляў некаторыя з іх, упрыгожваў збудаванні круглай пластыкай і рэльефамі. Амаль за дзесяць стагоддзяў яны ператварыліся ў своеасаблівыя гарады з параднымі дварамі, заламі, алеямі і плошчамі.

Першы будаўнічы этап у гісторыі Карнакскага комплексу звязаны з дойлідам Інэні  (руск.), які ў час царавання Тутмаса I узвёў традыцыйныя часткі храма (1530—20-ыя г. да н.э.). У далейшым падчас праўлення царыцы Хатшэпсут яго калонная зала была знішчана. Наступныя два этапы будаўніцтва адбыліся ўжо пры Тутмасе III і Аменхатэпе III (1480 — 1370-ыя г. да н.э., архітэктары Аменхатэп, сын Хапу і Аменхатэп Малодшы). Пры гэтых фараонах комплекс атрымаў завяршэнне і быў дапоўнены храмамі бога Хансу  (руск.) і багіні Мут  (руск.). Грандыёзнае збудаванне ўражвала амаль нечалавечай магутнасцю і размахам. Велізарных памераў пілоны, агромністыя статуі фараонаў, алеі сфінксаў, абеліскі, прасторныя адкрытыя двары, абкружаныя каланадамі, неабсяжная гіпастыльная зала з каласальнымі калонамі (больш за 20 метраў у вышыню) не толькі з’яўляліся матэрыяльным увасабленнем велічнага гімна багам, але і сведчылі аб непарушнай магутнасці фараонаў, павінны былі абуджаць у простых смертных пачуццё падаўленасці.

 
«Паляванне вяльможы на Ніле». Фрагмент роспісу грабніцы ў Фіванскім некропалі. Сяр. XV ст. да н.э.

Узвядзенне другога па значнасці і памерах храмавага комплексу Новага царства — Луксорскага адбывалася ў канцы XIV — XIII ст. да н.э. пры фараонах Аменхатэпе III (архітэктары Аменхатэп Малодшы, Горы, Суці) і Рамзесе II (архітэктар Бекенхансу). Будынкі комплексу выцягнуліся ўздоўж Ніла з поўначы на поўдзень на сотні метраў. Комплекс вы-значаецца больш дакладнай і зладжанай кампазіцыяй, паколькі асноўныя работы былі выкананы практычна адным архітэктарам — Аменхатэпам Малодшым. Аб геніальнасці гэтага майстра сведчаць выкарыстанне каланад, калон у выглядзе вязак папіруса з лёгкімі, вытанчанымі прапорцыямі, дасканалыя суадносіны каланады адкрытага двара і цэнтральнага ўваходу, якія, нягледзячы на розную вышыню, складаюць адзінае цэлае.

У арганізацыі ўнутранай прасторы будынкаў архітэктар выкарыстаў прыём паступовага нарастання руху да галоўнай каланады. Калоны першага двара маюць капітэлі ў выглядзе бутонаў, а цэнтральнага праходу — расцвіўшых кветак, што павінна было сцвярджаць ідэю аб этапах развіцця жыцця. Адзінае цэлае з архітэктурай храма складаюць яго рэльефная пластыка, жывапіснае афармленне.

 
Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. Дойлід Сенмут. Пач. XV ст. да н.э.

Пачынаючы з фараона Тутмаса I (XVIII дынастыя) пахаванні ў Егіпце сталі размяшчаць у цяснінах, у схілах гор, у патаемных месцах. Грабніцы аддзяляюцца ад памінальных храмаў і ўяўляюць сабой схаваныя тайнікі, якія складаюцца з калідора, пакояў для саркафага, каноп, царскіх дароў і каштоўнасцей.

 
Уваход у свяцілішча храма царыцы Хатшэпсут

Памінальны храм царыцы Хатшэпсут (пач. XV ст. да н. э.) пабудаваны архітэктарам Сенмутам у Дэйр-эль-Бахары паблізу ад храма Ментухатэпа I уяўляў сабой велічны ансабль, у які ўваходзілі тры тэрасы ў выглядзе гіганцкіх прыступак, аб’яднаных пандусамі. Аўтар комплексу знайшоў мерны і строгі рытм слупоў, якія ўтвараюць порцікі, каланады, што абкружаюць кожную тэрасу. Памінальны храм царыцы Хатшэпсут, узведзены ля падножжа скалістага абрыву, і каланады яго порцікаў, як і іншыя архітэктурныя аб’ёмы, арганічна ўпісваліся сваім рытмам у прыроднае асяроддзе, зліваліся з ім.

 
Роспіс храма царыцы Хатшэпсут

Выяўленчае мастацтва першай паловы Новага царства было падпарадкавана архітэктуры. Круглая пластыка, рэльефы, роспісы храмаў і грабніц вызначаліся ўрачыстасцю, спакоем і апавядальнасцю, падкрэсленай дэкаратыўнасцю. Так, у расфарбаваных рэльефах храма царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры разам з культавымі сімвалічнага зместу сцэнамі падрабязна расказваецца аб экспедыцыі, накіраванай ёю ў Пунт (сучаснае Самалі). У іх многа трапна заўважаных і перададзеных сцэн, асобных каларытных дэталяў. Як правіла, майстры прытрымліваліся традыцыйнага фрызападобнага размяшчэння выяў, але цяпер яны вызначаюцца больш свабоднымі трактоўкамі, цэльнасцю агульнай кампазіцыі.

Асаблівасці тагачаснай круглай пластыкі таксама ярка праявіліся ў памінальным храме Хатшэпсут. У ім было размешчана больш за 200 статуй, у тым ліку манументальных, што сведчыць аб тым, якая роля адводзілася скульптуры ў той час, асабліва ў храмавым будаўніцтве. У выявах царыцы прасочваюцца важныя заканамернасці, звязаныя з размяшчэннем статуй і вобразнымі трактоўкамі. Статуі, што знаходзіліся на адкрытай прасторы, амаль пазбаўлены індывідуалізацыі, перадаюць толькі найбольш характэрныя рысы твару, што тлумачыцца магчымасцю іх успрыняцця са значнай адлегласці, абагульнена. Выявы, якія размяшчаліся ў храмавых пакоях індывідуалізаваныя, з партрэтным увасабленнем асобы, але ў межах вызначанай ступені ідэалізацыі. Гэтыя скульптуры з’явіліся першым завершаным выказваннем афіцыйнага агулынадзяржаўнага стылю ў партрэце.

У круглай скульптуры Новага царства ўзрастаюць рэалістычнасць, жыццёвая пераканаўчасць. Яскрава гэта бачна ў невялікіх бронзавых і драўляных статуэтках, напрыклад, вярхоўнага жраца бога Амона Аменхатэпа і яго жонкі — спявачкі бога Амона Ранаі. Маладая прыгожая жанчына выяўлена ў традыцыйнай кананічнай позе: адна нага высунута ўперад, стан напружана прамы, уся пастава стрыманая і крыху застылая; але ў скупьптуры ўгадваюцца і новыя для пластыкі рысы — падкрэсленая хрупкасць, рафініраваная вытанчанасць, выцягнутая і тонкая па прапорцыях фігурка спявачкі нагадвае бутон кветкі.

У сярэдзіне Новага царства (1-ая пал. XIV ст. да н.э.) у мастацтве пачаўся перыяд, які атрымаў назву Амарнскі. Ён звязаны з імкненнем фараона Аменхатэпа IV абмежаваць уладу жрацоў, што ўзмацнілася пасля заваёўніцкіх войнаў, калі непамерныя багацці сканцэнтраваліся ў іх руках і ў арыстакратыі, што процівапаставіла жрэчаства царскай уладзе. Дзеля гэтага фараон-рэфарматар абвясціў несапраўднымі ранейшых багоў, замест якіх стварыў культ бога сонечнага дыска Атона. Фараон змяніў нават сваё імя на Эхнатон («Дух Атона»). Сталіца была перанесена з Фіваў у новае месца ў Сярэднім Егіпце.

 
Бюст царыцы Неферціці з Амарны. XIV ст. да н.э.

Перамены ў грамадскім, канфесійным жыцці дзяржавы садзейнічалі зменам і ў выяўленчым мастацтве. У яго прыходзяць жыццёвасць, пошук новых выразных сродкаў, імкненне пазбавіцца ад шэрагу кананічных форм, адмаўленне ад традыцыйнага ідэалізаванага вобраза цара. Новыя прынцыпы адносін да рэчаіснасці, ступень яе прысутнасці ў мастацкіх творах абумоўлены нежаданнем ісці ўслед правілам папярэдніх часоў, калі выявы багоў і цара павінны былі супадаць, дэманструючы боскае паходжанне правячай асобы. Ва ўмовах разрыву фараона з радавой знаццю і жрацамі вобразы, выявы царыцы, іх дзяцей не павінны былі мець падабенства з увасабленнем старажытных багоў.

 
Статуя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона). Фрагмент. 1-ая чв. XIV ст. да н.э.

У Амарнскі перыяд упершыню з’явіліся творы, у якіх фараона паказвалі ў побытавым акружэнні: на вуліцах горада ў насілках, на паляванні, у палацавым садзе, за сталом, сярод сям’і. Яго аблічча не выклікае жаху фізічнай сілай, выглядам жорсткага ўладара. У партрэце Эхнатона (1-ая чв. XIV ст. да н.э.) паўстае чалавек са звычайнымі фізічнымі рысамі, нават недахопамі. Яго выгляд засяроджаны і крыху стомлены, хваравіты. Выцягнуты, хударлявы твар з выступаючымі скуламі, вузкім разрэзам вачэй, празмерна вялікім падбародкам і даўгаватым носам. Гэта зусім не канон, а сапраўднае партрэтнае выяўленне без прыхарошвання і ідэалізацыі. Новыя рысы трактоўкі мадэлі паказваюць і партрэты жонкі фараона Неферціці (1-ая чв. XIV ст. да н.э.), якія, лічыцца, паходзяць з майстэрні буйнога скульптара таго часу Тутмеса. Вядома некалькі выяў царыцы. У адной з іх яна прадстае ў высокім, парадным галаўным уборы блакітнага колеру. У вобразе Неферціці ўсё дасканала — пачуццёвыя вусны, вытанчаная лінія падбародка, нос прыгожых прапорцый. Але пры знешняй прыгажосці адсутнічае ідэалізацыя, партрэт поўны адчування жыцця, натуральнасці.

 
«Дочкі фараона Аменхатэпа IV» (Эхнатона). Фрагмент роспісу палаца ў Ахетатоне (Амарне). XIV ст. да н.э.

Змены агульнага мастацкага стылю, адзначаныя ў круглай скульптуры, відавочны і ў рэльефах Амарнскага перыяду. Яны таксама адрозніваюцца глыбокімі індывідуалізаванымі характарыстыкамі, мяккасцю пластычнага выканання, паказам сапраўдных падзей. Сюжэты выяў разнастайныя: «Абед царскай сям’і», «Аплакванне памёршай царэўны», «Царская сям’я, якую асяняе Атон», «Пакланенне фараона Эхнатона Сонцу», «Царская сям’я», «Сменхкар і Мерытатон у садзе» (зяць і дачка Эхнатона) (усе — 1-ая чв. XIV ст. да н.э.). У іх адсутнічае ідэалізацыя, фігуры падаюцца пластычна, свабодна, у непасрэдных адносінах між сабой. У асобных выпадках іх праўдзівасць мяжуецца з карыкатурнасцю.

Цараванне Эхнатона было кароткім — каля 18 гадоў. Таму відавочныя перамены ў культуры паспелі ўвасобіцца толькі ў выяўленчым мастацтве. У меншай ступені яны закранулі архітэктуру.

Пасля смерці Аменхатэпа IV наступае паласа рэакцыі, адзначаецца вяртанне да старых нормаў жыцця, да пакланення колішнім багам начале з Амонам. Сталіца дзяржавы пераносіцца зноў у Фівы. Імя фараона-ерэтыка забараняецца, знішчаюцца любыя яго выявы, разбураецца Ахетатон. Пераемнік Эхнатона, яго другі зяць — юны Тутанхамон, быў вымушаны пайсці на прымірэнне са знаццю і жрэчаствам: яго імя спачатку гучала як Тутанхатон («Вобраз жывы Атона»), а пазней — Тутанхамон («Вобраз жывы Амона»). У мастацтва зноў прыходзяць кананізаваная пышнасць і вытанчанасць, парадная ўмоўнасць трактовак вобразаў. Аднак поўнае вяртанне да старых традыцыяый было ўжо немагчымым.

 
Пахавальная маска Тутанхатона

Аб мастацтве пераходнага перыядуда другой паловы Новага царства, аб яго блізкасці да традыцый Амарны даюць уяўленне творы скульптуры, дэкаратыўна-прыкладныя вырабы. Яны вядомы па знаходках у грабніцы Тутанхамона, якая, у адрозненне ад іншых пахаванняў фараонаў, не была разрабавана. Цалкам захаваліся ўсе помнікі, прычым вышэйшага мастацкага ўзроўню. Сярод іх — залатая маска цара, інкруставаная каштоўнымі камянямі, залаты саркафаг, парадныя крэслы, ложкі, алебастравыя сасуды, кубкі, жэзлы, апахалы, куфэркі, тонкай работы ўпрыгожванні, зброя. У іх рэльефах, інкрустацыях, у круглай пластыцы па-ранейшаму прысутнічаюць натуральнасць пастаў фігур, вытанчанасць адчування кожнага з матэрыялаў, гарманічнасць кампазіцыйных рашэнняў.

 
Фрагмент статуі Рамсеса II ў Луксоры

Другая палова Новага царства была звязана з захопніцкімі войнамі, якія вёў Егіпет. Яны спрыялі прытокуў краіну таннай рабочай сілы — рабоў, матэрыяльных каштоўнасцей, большасць з якіх ішла на будаўніцтва. Пры фараонах Рамсесе II і Рамсесе III яно вядзецца асабліва актыўна — завяршаецца фарміраванне ансамбляў у Луксоры і Карнаку, да якіх дабудоўваюцца асобныя храмавыя часткі. Менавіта ў той час да храма Амона ў Луксоры прыбудоўваюцца пілон, вялікі двор з калонамі, выконваюцца гіганцкія статуі Рамсеса II.

 
Храм Рамсеса II у Абу-Сімбеле. 1-ая пал. XIII ст. да н. э.

Для разумення шляхоў развіцця дойлідства Новага царства вялікую цікавасць уяўляюць храмы Рамсеса II у Абу-Сімбеле (1-ая пал. XIII ст. да н. э.) у Нубіі, на тэрыторыі, захопленай Егіптам. Выбар такога адносна ад-даленага месца ад сталіцы дзяржавы для ўзвядзення комплексу невыпадковы. Як і раней, у часы Амарны Эхнатон, цяпер ужо Рамсэс II, імкнуўся аддзяліць сябе ад сталічнага жрэчаства, а таксама замацаваць факт пакарэння Нубіі. У скалістым схіле берага Ніла былі высечаны храмы фараону, багам Амону і Ра. Галоўны фасад комплексу ўпрыгожваюць чатыры дваццаціметровыя сядзячыя фігуры Рамсеса II, ствараючы ўражанне пілона, традыцыйнага для храмавага дойлідства. Унутраныя памяшканні храма былі распісаны бытавымі сцэнамі. Яны вызначаюцца дынамікай, але па-ранейшаму будуюцца па канонах.

Падпарадкаванне схемам адрознівае скульптуру другой паловы Новага царства. Застыласць, сіметрыя выяўлення ўласцівы ўжо названым статуям з партрэтнымі характарыстыкамі фараона Рамсеса II у Абу-Сімбеле. Гэтыя ж рысы характэрны для статуяў цара, рэльефаў, якімі ў вялікай колькасці ўпрыгожвалі сцены культавых і пахавальных збудаванняў. Працуючы па канонах, скульптары імкнуліся да выразнага паказу руху чалавека, да гарманічнай пластычнай завершанасці твора. Дзякуючы гэтаму яны маглі пераканаўча адлюстроўваць стан чалавека, як, напрыклад, у рэльефе «Плакальшчыкі» (XIV ст. да н.э.) з грабніцы ў Мемфісе. Выява будуецца на графічнай манеры выканання і паказвае сцэну аплаквання нябожчыка. Кампазіцыя ўключае некалькі фігур, якія стаяць ці укленчаныя або прыпалі да зямлі. Ніводная з іх не паўтараецца. Выразныя сілуэты, позы і рухі людзей перадаюць багатую гаму пачуццяў — адчаю, гора, смутку па нябожчыку.

Пачынаючы з XI ст. да н.э. Егіпет ахоплівае барацьба розных груп знаці за ўладу. Разам са шматлікімі паўстаннямі рабоў, нападамі ваяўнічых суседзяў гэта прыводзіць да паступовага аслаблення магутнасці дзяржавы. Амаль да IV ст. да н. э. у культурным жыцці Егіпта назіраліся перыяды адноснага ўзлёту мастацкай дзейнасці. Так, пры цараванні саіскіх фараонаў (VII ст. да н.э.) усталёўваецца халодны, афіцыйна вытанчаны стыль, а пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім у 332 г. да н.э. тут узмацняецца ўплыў эліністычнай культуры.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць