Мая Міхайлаўна Яніцкая
Мая Міхайлаўна Яніцкая (22 мая 1931, хутар Валянцінава, Плешчаніцкі, цяпер Лагойскі раён, Мінская вобласць) — беларускі мастацтвазнавец. Спецыяліст па гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Кандыдат мастацтвазнаўства (1974)[3].
Мая Міхайлаўна Яніцкая | |
---|---|
Дата нараджэння | 22 мая 1931 (93 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастацтвазнаўца |
Навуковая сфера | мастацтвазнаўства[1], помнік гісторыі[d][1], дэкаратыўна-прыкладное мастацтва[1], studio glass[d][1] і мастацтва Беларусі[d][2] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат мастацтвазнаўства (1974) |
Альма-матар | |
Член у |
Біяграфія
правіцьСкончыла Усесаюзны завочны інстытут савецкага гандлю ў Маскве (1955), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі па спецыяльнасці выяўленчае мастацтва (1970). У 1971-74 гг. малодшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, у 1974-77 гг. у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» (у 1975-76 гг. загадчык рэдакцыі «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі»). З 1978 г. старшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі, з 1991 г. — Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 1997 г. — рэдакцыі мультымедыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.
Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Беларускае мастацкае шкло (16 — першая палова 19 ст.)»[3].
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1975 года[3].
Навуковая дзейнасць
правіцьДаследуе гісторыю беларускай культуры, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Аўтар кніг «Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.)» (1977), «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Фёдар Зільберт» (1980, творчы партрэт мастака-кераміста), «Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатку XX стст.» (1984), «Людміла Мягкова» (1984, творчы партрэт мастака), «Гісторыя шкляной вясёлкі» (1986), «Художественное стекло Советской Белоруссии» (1989). Першы аўтар фундаментальных артыкулаў па гісторыі розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў шэрагу энцыклапедычных выданняў. Адзін з аўтараў, навуковых рэдактараў і член рэдкалегіі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984-88) і серыйнага навуковага выдання «Вяртанне-1», «Вяртанне-2», «Вяртанне-3», «Вяртанне-4» (1992-97), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1-6, 1987-94), а таксама першага мультымедыйнага выдання Беларускага інстытута праблем культуры «Беларуская культура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі» (2000). Аўтар шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях Беларусі і Расіі, прысвечаных агляду выстаў розных відаў сучаснага беларускага мастацтва, аналізу твораў персанальных выстаў сучасных мастакоў Беларусі, а таксама складальнік каталогаў гэтых выстаў. Складальнік раздзела «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» да альбома-каталога «Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя» (2003).
Бібліяграфія
правіць- Гісторыя шкляной вясёлкі. Мінск, 1986.
- Беларускае мастацкае шкло XIХ — пачатак XХ ст. Мінск, 1984.
- Вытокі шкларобства Беларусі. Мінск, 1980.
- Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мінск, 1977.
- Удзел у калектыўных працах
- В граде Слуцке: [слуцкія паясы: фотаальбом]. Мінск, 2006.
- Вяртанне; Вяртанне-2; Вяртанне-3: дакументы і архіўныя матэрыялы па праблемах пошуку і вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1992; 1994; 1996.
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Мінск, 1987—1994.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск, 1984—1988.
Зноскі
Літаратура
правіць- ЯНІЦКАЯ Мая Міхайлаўна // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 271. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна: У 2 кн. Кн. 2. / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск.: БелЭН, 2004. 488 с. — С. 340