Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, воінам-вызваліцелям і землякам

Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, воінам-вызваліцелям і землякам — мемарыяльны комплекс у в. Яніна (Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь). Знаходзіцца за 0,3 км ад горада Верхнядзвінска, на развілцы аўтамабільных дарог Верхнядзвінск — Асвея, Даўгаўпілс — Полацк.

Помнік
Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, воінам-вызваліцелям і землякам
Краіна  Беларусь
Вёска Яніна
Дата пабудовы 1977 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000220шыфр 213Д000220

Гісторыя правіць

У Вялікую Айчынную вайну нямецкія войскі загубілі 12212 жыхароў Верхнядзвінскага раёна, спалілі 426 вёсак (многія пасля вайны не адрадзіліся, 69 вёсак увекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь, у тым ліку 43 на «могілках вёсак»). 1492 савецкія воіны і партызаны загінулі пры вызваленні тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3140 землякоў — на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Апісанне правіць

У 1977 годзе для ўшанавання памяці загінуўшых адкрыты мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс (скульптар І. Краўчанка, архітэктар М. Ткачук; бетон). У цэнтры кампазіцыі на насыпным узгорку ўстаноўлены скульптуры (вышыня 8 м) старога і дзяўчыны. Вакол узгорка ўкапаны 6 масіўных жалезабетонных слупоў, што нагадваюць процітанкавыя надаўбні. На іх нахільных тарцовых плоскасцях звесткі аб стратах раёна ў Вялікую Айчынную вайну. Прыводзяцца лічбы загінуўшых на франтах, загубленых і вывезеных у няволю нямецка-фашысцкімі захопнікамі жыхароў, назвы спаленых вёсак. Да мемарыяла з боку горада вядзе сцежка з бетонных пліт, у пачатку яе пастаўлена стэла. Уздоўж сцежкі, направа ад яе — вялікія камяні.

Літаратура правіць

  • Чуракова, Т. Р. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам / Т. Р. Чуракова, Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 160.