Менаміні (саманазва: Mamaceqtaw, літаральна «людзі вадзянога рысу») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 8 700 чал.[1]

Менаміні
Mamaceqtaw
Фота пачатку XX ст.
Агульная колькасць 8700
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова менаміні
Рэлігія анімізм, політэізм, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы алганкіны, кры, абенакі

Гісторыя правіць

Да прыходу еўрапейцаў менаміні насялялі рэчышча аднайменнай ракі на тэрыторыі сучаснага штата Вісконсін. У 1634 г. яны ўсталявалі кантакты з французамі, з якімі падтрымлівалі гандлёвыя адносіны. З 1669 г. французскія езуіты вялі сярод іх місіянерскую дзейнасць.

У другой палове XVII ст. сітуацыя для менаміні ўскладнілася, паколькі Вісконсін стаў прыцягальным для іншых індзейскіх народаў, што беглі з паўднёвага усходу ад іракезаў. З пачатку XVIII ст. менаміні ўступалі з імі ў прамыя ваенныя сутычкі. Пры гэтым яшчэ болей умацаваўся саюз з французамі. Аднак, калі ў 1763 г. Францыя перадала кантроль над сваімі каланіяльнымі тэрыторыямі Вялікабрытаніі, менаміні адмовіліся ад удзелу ў індзейскім паўстанні і сталі саюзнікамі брытанцаў[2].

Падчас Амерыканскай рэвалюцыі менаміні падтрымалі лаялістаў. Некаторыя менаміні ўдзельнічалі ў вайне 1812 г. на баку Вялікабрытаніі супраць ЗША. У далейшым гэта ўскладніла адносіны паміж тубыльцамі і амерыканскімі ўладамі. У 1821 - 1822 гг. менаміні заключылі дагаворы з плямёнамі, што перасяліліся ў Вісконсін з Нью-Ёрка, аб перадачы апошнім значнай часткі сваіх зямель. Аднак вярхоўныя правадыры абвясцілі гэтыя дагаворы несапраўднымі. Тым не меней, у 1832 г. фэдэральны ўрад прыняў рашэнне аб адчужэнні 3,5 млн акраў.

Пад ціскам амерыканскай адміністрацыі ў 1836 г. і 1848 г. былі заключаны дагаворы з ЗША, якія ўводзілі федэральнае кіраванне, а таксама значылі новае скарачэнне тэрыторый. Сітуацыя пагаршалася з-за міграцыі ў Вісконсін заходніх перасяленцаў, якія заражалі індзейцаў эпідэмічнымі захворваннямі. Правадыры менаміні адстойвалі правы свайго народа ў судзе. У выніку ў 1872 г. яны атрымалі права на частку драўніны, што вырубалася ў іх лясах, а ў 1951 г. — значную грашовую кампенсацыю за страты.

30 красавіка 1961 г. урад ЗША прызнаў суверэнітэт народа менаміні. Былі зняты федэральны надзор, узноўлены племянныя структуры кіравання, створана камерцыйная арганізацыя Menominee Enterprises, якая распараджалася агульнай маёмасцю народа. Аднак зняцце федэральнага надзора прывяло да пагаршэння эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі. Па ініцыятыве саміх індзейцаў у 1973 г. федэральны надзор быў узноўлены[3]. У 1975 г. была створана асобная аўтаномная рэзервацыя менаміні, у 1978 г. прынята Канстытуцыя менаміні[4].

Культура правіць

Да прыходу еўрапейцаў менаміні вялі вандроўны лад жыцця, займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам. Яны таксама ведалі земляробства. Вырошчвалі тытунь, гарбузы, кукурузу, бабовыя. У выніку кантактаў з французамі ў XVII ст. значную ролю набылі здабыча і гандаль футрам. Значныя прыбыткі садзейнічалі ўсталяванню аселага лада жыцця[5]. З сярэдзіны XIX ст. менаміні займаліся пераважна сельскай гаспадаркай і рубкай лесу[6]. У нашы дні многія працуюць у прамысловасці за межамі рэзервацыі, займаюцца абслугоўваннем турыстаў.

Асноўнымі жытламі ў мінулым былі крытыя карою вігвамы. Стацыянарныя паселішчы меліся толькі на рацэ Менаміні. У іх праводзілі зімовы сезон. Улетку вандравалі ўслед за жывёлай, пры гэтым жылі ў буданах і лёгкіх вігвамах.

Вопратка мужчын уключала замшавыя насцегнавыя повязі, вузкія скураныя штаны, макасіны. На галаву апраналі скруткі каляровага прадзіва або футра выдры, завязаныя па прыкладу цюрбана. Такі галаўны ўбор упрогожваўся бісерам, пер'ем птушак, валасамі жывёл. Жанчыны насілі спадніцы і скуколкі з валокнаў крапівы, вузкія штаны, доўгія скураныя кашулі, макасіны[7]. Макасіны менаміні адрозніваліся мяккімі падэшвамі.

Традыцыйнае грамадства менаміні падзялялася на 34 роды, якія групаваліся ў 5 самастойных падраздзяленняў, кожнае з якіх мела свае правы і абавязкі, і чальцы якіх звалі адзін аднога братамі[8]:

  • Мядзведзя (грамадскае кіраванне)
  • Арла (ваенныя дзеянні і ахова падчас пераходаў)
  • Ваўка (паляванне і перанос будаўнічых матэрыялаў)
  • Лася (ахова часовых лагераў і месцаў для збіральніцтва)
  • Асятра (захоўванне традыцый)

Падраздзяленні былі экзагамнымі, таму шлюбы знутры іх забараняліся. Звычайна нявеста пераходзіла ў сям'ю жаніха. Перадача спадчыны і адлік сваяцтва вяліся па мужчынскай лініі. Правадыр Мядзведзяў арганізоўваў грамадскае кіраванне, аднак у час вайны выбіраўся ваенны правадыр з любога падраздзялення. Высокую сацыяльную прыступку ў грамадстве займалі шаманы. У многіх выпадках яны станавіліся правадырамі.

Фальклор менаміні вядомы сваімі казкамі і песнямі, прысвечанымі стварэнню света, культурнаму герою Манабушу, каханню, гістарычным падзеям, калыханкамі і г. д.[9][10]. Традыцыйныя музычныя інструменты: барабаны, бразготкі і флейты[11]. Асабліва вылучаюцца вадзяныя барабаны. Яны ўяюляюць драўляныя кантэйнеры, запоўненыя на чвэрць вадою, якія маюць асаблівы гук.

Рэлігія правіць

Старажытная рэлігія менаміні засноўвалася на анімістычных і політэістычных вераваннях. Вернікі падзялялі сусвет на некалькі частак. Верхняя частка з'яўлялася домам вярхоўнага бога Мекаветока. Ніжэй жылі багі вайны і ранішняй зоркі. Зямля была запоўнена шматлікімі духамі. Пад зямлёю месціліся яшчэ дзве часткі сусвета, якімі ўладарыў Вялікі Белы Мядзведзь — галоўная сіла зла, а таксама яго памагатыя — Белы Алень, Падземная Пантэра, рагатыя змеі. Апошнія часам пранікалі на зямлю і імкнуліся зацягнуць людзей у падземны свет[12]. У менаміні меўся інстытут шаманаў. Яны займаліся лекаваннем і магіяй.

З XVII ст. распаўсюджваецца хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі правіць