Менгісту Хайле Марыям (амх.: መንግስቱ ኃይለ ማርያም; нар. 21 мая 1937 ці 1941) — ваенны і дзяржаўны дзеяч Эфіопіі, падпалкоўнік (1976). Адзін з лідараў эфіопскай рэвалюцыі. У 1974 годзе старшыня Каардынацыйнага камітэта узброеных сіл, паліцыі і тэрытарыяльнай арміі — кіруючага органа рэвалюцыйнага руху за ліквідацыю феадальна-манархічнага ладу ў Эфіопіі. Пасля звяржэння манархіі ў верасні 1974 года 1-ы намеснік старшыні Часовага ваенна-адміністрацыйнага савета (ЧВАС; «Дэрг»), які выконваў да 1987 года функцыі калегіяльнага кіраўніка дзяржавы. У лютым 1977 года абраны старшынёй ЧВАС і яго кіруючых органаў — Цэнтральнага і Пастаяннага камітэтаў. З'яўляўся таксама кіраўніком Часовага ваеннага ўрада (са снежня 1976 года) і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Генеральны сакратар ЦК Працоўнай партыі Эфіопіі (1984—1991). У 1987—1991 гадах прэзідэнт і старшыня Дзяржаўнага Савета Эфіопіі. З 21 мая 1991 года ў эміграцыі.
Як кіраўнік дзяржавы арыентаваўся на пабудову ў Эфіопіі сацыялізму. Лічыцца адным з найжорсткіх кіраўнікоў XX стагоддзя (за гады яго кіравання загінулі ад 200 тыс. да 3 млн чалавек — апошняя лічба ўключае таксама памерлых ад голаду). Развал эканомікі, голад і вайна з сепаратыстамі ў Эрытрэі прывялі ў 1991 годзе да яго звяржэння, пасля чаго Хайле Марыям эміграваў у Зімбабвэ, дзе атрымаў палітычны прытулак. На радзіме Вышэйшы суд Эфіопіі завочна прысудзіў Менгісту Хайле Марыяма да пажыццёвага зняволення, а затым да смяротнага пакарання.