Менскае Евангелле

Менскае Евангелле — помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры XIV ст. Цяперашняе месцазнаходжанне рукапісу невядома.

Паводле сцвярджэння ўкраінскага навукоўца М. Драй-Хмары[uk], які грунтоўна даследаваў Менскае Евангелле і ўпершыню апублікаваў яго частку ў 1931 годзе[1], фрагмент гэтага помніка (35 аркушаў пергаменту) быў знойдзены ў 1860-я гады ў руінах старой пабудовы, магчыма царквы, у фальварку Масюкоўшчына каля Мінска. У 1920-я гады належаў жыхарцы ўкраінскага горада Камянца-Падольскага Ларысе Кузьмінскай.

Тэкст Мінскага Евангелля напісаны на аркушах пергаменту буйнога фармату (in folio) уставам у два слупкі. Сустракаліся ініцыялы (загалоўныя літары), намаляваныя ў так званым звярыным стылі. Па сваіх моўных асаблівасцях рукапіс быў, на думку даследчыка, «копіяй з царкоўна-славянскага апракаса, у якой захаваліся паўднёва-славянскія і агульныя ўсходне-славянскія рысы і ў якую перапісвальнікі-беларусы… унеслі асаблівасці жывой беларускай мовы». На думку ўкраінскага навукоўца, гэты помнік узнік на мяжы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў беларускай мовы, быў перапісаны ў XIV ст. дзесьці паміж Дняпром і Бярэзінай. Тэкст гэтага Евангелля апублікаваны ў дадатку да даследаванняў М. Драй-Хмары, дзе змешчаны таксама фотакопіі першай і апошняй старонкі захаванай часткі рукапісу.

Паводле агульнага характару Менскае Евангелле блізкае да Друцкага, Лаўрышаўскага, Мсціжскага і іншых евангелляў падобнага тыпу, што шырока бытавалі, перапісваліся і чыталіся на беларускіх землях у часы Сярэднявечча.[2]

Зноскі

  1. Драй-Хмара М. Фрагменти Меньского пергаменового апракаса XIV в. // Збірник Комісії для дослідження історії української мові. — Київ, 1931. Т. 1. — С. 141—246
  2. Памяць. Мінск 2001, с. 186.

Літаратура правіць