Мергарх
Мерга́рх (урду مﮩرگڑھ) — помнік археалогіі на раўніне Качы ў штаце Белуджыстан, Пакістан. Агульная плошча 200 га.
Славутасць | |
Мергарх | |
---|---|
29°12′45″ пн. ш. 67°40′15″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата заснавання | 7000 да н.э. |
Дата скасавання | 2600 да н.э. |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьІніцыятыва правядзення раскопак у Мергарху належала французскай археалагічнай місіі ў Паўднёвай Азіі, якая з 1962 г. праводзіла пошукі ў Белуджыстане. Мергарх стаў адным з трох месц, дзе вяліся інтэнсіўныя даследаванні. У 1974—1985 гг. раскопкі на 11 розных пляцоўках ўзначальвалі Жан-Франсуа і Катрын Жар’яж. У выніку імі былі зроблены адкрыцці, якія па словах спецыялістаў перавярнулі ўсе ўяўленні аб цывілізацыі даліны Інда, паколькі аднавілі веды пра яе пачатковыя этапы развіцця.
У 1997—2000 гг. праводзіўся дадатковы этап пошукаў.
Мергархскія археалагічныя культуры
правіцьУсяго выяўлена 5 асноўных культурных пластоў:
Пласт МR3 уключае найстаражытнейшае паселішча 7-6 тыс. да н. э. эпохі так званага дакерамічнага неаліту. Былі знойдзены рэшткі глінабітных хацін. Вакол паселішча месціліся могілкі. Нябожчыкаў хавалі сагнутымі, целы пакрывалі чырвонай охрай, каля трупаў клалі розныя рэчы — паліраваныя каменныя цеслы, каменныя пасудзіны, упрыгожванні, у тым ліку пацеры з бірузы і хрызаколу, у адным выпадку — шарык з медзі. У дол да аднаго нябожчыка паклалі 5 коз. Даволі распаўсюджанымі былі крамянёвыя клінкі.
Старажытныя насельнікі ўжо займаліся земляробствам, вырошчвалі ячмень і пшаніцу. Большасць костак жывёлін належалі дзікім газелям, буйвалам і нават сланам, але паступова яны саступілі месца свойскай рагатай жывёле. Людзі былі знаёмы з пластычнымі якасцямі гліны, ляпілі з яе фігуркі людзей і звяроў, але галоўным матэрыялам для вырабу пасудзін з’яўляліся плеценыя кошыкі, абмазаныя бітумам.
Пласт MR4 другі па старажытнасці (5 −4 тыс. да н. э.). Пляцоўка знаходзілася к поўдню ад першай. Жыхары гэтага часу ўжо ведалі кераміку, карысталіся крамянёвымі сярпамі. Акрамя ячменя і пшаніцы былі знойдзены зярняткі бавоўніку.
Пласт MR2 (4 — 3,5 тыс. да н. э.) займаў ужо 50 га. Хаціны гэтага часу сталі большымі па памерах. Насельнікі карысталіся ганчарным колам. Кераміку ўпрыгожвалі выявы птушак і коз. Археолагі адшукалі медныя аскепкі, але плавільных печаў не было. Таму пласт быў аднесены да эпохі энеаліту.
Пласт MR1 (3,5 — 3 тыс. да н. э.) характарызаваўся з’яўленнем жылля з сырых цаглін, касцяных і тэракотавых пячатак, якія, як мяркуюць, пазначалі прыватную маёмасць.
Пласт MR5 (3 — 2,7 тыс. да н. э.) займала паселішча, насельнікі якога рабілі вялізарныя керамічныя пасудзіны для вывазу. У ніжняй частцы хацін будаваліся складскія памяшканні. Знойдзены статуэткі мужчын і жанчын. Па іх можна меркаваць, што мужчыны насілі цюрбанападобныя шапкі, жанчыны мелі розныя прычоскі і шматлікія ўпрыгожванні. Цікавасць таксама ўяўляюць тэракотавыя пласціны з выявамі быкоў і геаметрычным арнаментам.
Апошні пласт паступова зліваецца з культурай, якую можна вызначыць як індскую. Людзі працягвалі жыць у Мергарху да V ст. да н. э.
Зноскі
Літаратура
правіцьСпасылкі
правіць- Мергарх на сайце ЮНЕСКА
- Мергархская сага
- Dr. Ahmad Hasan Dani, «History Through The Centuries», National Fund for Cultural Heritage Архівавана 22 студзеня 2009.
- Mehrgarh (Balochistan) Архівавана 27 красавіка 2009.
- Jonathan Mark Kenoyer, «Early Developments of Art, Symbol and Technology in the Indus Valley Tradition», www.harappa.com
- «Stone age man used dentist drill», BBC News
- «Mehrgarh», Travel Web Архівавана 5 мая 2009.