Метрапалітэн
(Пасля перасылкі з Метро)
Метрапалітэ́н (фр.: métropolitain), або скарочана метро́ — від гарадскога транспарту, трасы якога праходзяць асобна ад вуліц, звычайна пад зямлёй. Рух цягнікоў у метро рэгулярны, паводле раскладу. Адрозніваецца высокай эксплуатацыйнай хуткасцю (да 45 км/г) і правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў у гадзіну ў адным кірунку). Лініі метрапалітэна звычайна пракладваюць пад зямлёй (у тунэлях), пры неабходнасці па паверхні зямлі або на эстакадах.
Існуюць розныя па велічыні метрапалітэны:
- Нью-Ёркскі — самы вялікі па колькасці маршрутаў (36) і станцый (472).
- Шанхайскі і Пекінскі — самыя вялікія па даўжыні ліній і гадавому пасажырапатоку.
- Пекінскі, а таксама Маскоўскі — самыя вялікія па суткаваму пасажырапатоку.
Да самых маленькіх адносяцца метрапалітэны ў Тэбрызе (Іран), Маракайба (Венесуэла), Дняпры (Украіна) і інш.
Самыя маленькія гарады, у якіх ёсць метрапалітэн, — Лазана, Рэн і Брэшыя.
У Рэспубліцы Беларусь на сучасны момант метро ёсць толькі ў Мінску.