Антычнае (метрычнае) вершаскладанне

(Пасля перасылкі з Метрычнае вершаскладанне)

Анты́чнае (метры́чнае) вершава́нне — сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках.

Гісторыя антычнага вершаскладання

правіць

Узнікла антычнае вершаскладанне ў VIII ст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі, у III ст. да н. э. перайшло ў Рым, шырокае развіццё атрымала ў антычнай літаратуры (адсюль і назва — антычнае). Гэта сістэма магла і можа ўжывацца толькі ў мовах, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Да такіх моў, апрача старажытнагрэчаскай і ранняй латыні, адносяцца арабская, персідская, славацкая і большасць індыйскіх моў. Антычны верш узнік і развіваўся ў еднасці з мелодыяй; антычны паэт выступаў і як складальнік вершаў, і як спявак, іх музычны інтэрпрэтатар. Асноўнай рытмічнай адзінкай верша з'яўлялася стапа, у якой у належнай паслядоўнасці ядналіся доўгія і кароткія склады. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, называлася морай. У доўгім складзе былі дзве моры. Раўнамернае чаргаванне пэўных стопаў стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці стопаў, аднолькавых па працягласці гучання, утварала вершаваны памер. Часам у вершаваных радках чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя па характары стопы. Такія вершы называліся лагаэдамі. У антычным вершаскладанні было 28 розных стопаў і дзясяткі памераў.

Найбольш пашыранымі вершаванымі памерамі антычнага верша былі гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі чаргаванне аднатыпных клаўзулаў у радках. Дзякуючы клаўзулам, а таксама вершаваным памерам асобныя радкі ядналіся ў строфы. Антычная паэзія выпрацавала свае віды строф. Надзвычай багатае, тэарэтычна распрацаванае антычнае вершаскладанне аказала велізарны ўплыў на ўсю еўрапейскую паэзію.

Літаратура

правіць