Метэаралагічная станцыя

Метэаралагічныя станцыі складаюцца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе расстаўляюцца прыборы для метэаралагічных назіранняў, і будынка, дзе ўстанаўліваюцца барометры, барографы і аўтаматычныя прыборы-рэгістратары, захоўваецца запасное абсталяванне і вядзецца апрацоўка назіранняў. Метэаралагічныя станцыі абсталёўваюцца стандартнай апаратурай, з дапамогай якой праводзяць назіранні ў вызначаныя тэрміны ў пэўнай паслядоўнасці.

Метэаралагічная станцыя ў Аўстраліі

Метэаралагічных станцый у свеце каля 11 тыс., яны дзеляцца на тры разрады. Станцыі I разраду маюць найбольш поўную праграму назіранняў. Акрамя выканання і апрацоўкі назіранняў гэтыя станцыі здзяйсняюць тэхнічнае кіраўніцтва замацаванымі за імі метэастанцыямі II і III разрадаў і метэапастамі. Станцыі I разраду абслугоўваюць зацікаўленыя ўстановы і прадпрыемствы звесткамі аб метэаралагічных умовах і матэрыяламі па клімату. Метэастанцыі II разраду акрамя кругласутачнага правядзення і апрацоўкі назіранняў перадаюць даныя па ланцугах сувязі. Метэастанцыі III разраду выконваюць назіранні па скарочанай праграме і па меншай колькасці тэрмінаў.

На ўсіх станцыях праводзяцца назіранні за асноўнымі метэаралагічнымі элементамі (тэмпературай і вільготнасцю паветра і глебы, атмасферным ціскам, ветрам, воблачнасцю, ападкамі, атмасфернымі з'явамі). У дадатак да іх на некаторых станцыях вядуцца аэралагічныя, актынаметрычныя і градыентныя (цепла-балансавыя) назіранні. Аэралагічныя назіранні ахопліваюць вымярэнні атмасфернага ціску, тэмпературы і вільготнасці паветра, напрамку і скорасці ветру ў свабоднай атмасферы; актынаметрычныя — элементы радыяцыйнага балансу зямной паверхні. Пры градыентных назіраннях вымяраецца хуткасць ветру, тэмпература і вільготнасць паветра на ўзроўнях 0,5 — 2 м над паверхняй зямлі, а таксама тэмпература глебы на яе паверхні і глыбінях 5, 10, 15, 20см. Падчас актынаметрычных і градыентных назіранняў разлічваюць элементы цеплавога балансу сістэмы глеба—атмасфера.

Метэаралагічнае судна "Polarfront"

Аэралагічныя станцыі выконваюць радыёзандзіраванне атмасферы з выкарыстаннем радыёлакатараў. У наш час радыёзандзіраванце атмасферы адбываецца на 800 наземных аэралагічных станцыях і 40 суднах, што дазваляе атрымліваць інфармацыю аб тэмпературы, ціску, вільготнасці паветра і ветру да вышыні 25-30 км.

Станцыі ракетнага зандзіравання атмасферы праводзяць рэгулярныя вымярэнні фізічнага стану стратасферы і мезасферы з дапамогай метэаралагічных ракет. Ракетнае зандзіраванне атмасферы выконваецца таксама на наземных і суднавых станцыях.

Аўтаматычная радыёметэаралагічная станцыя

У цяжкадаступных мясцінах працуюць аўтаматычныя радыёметэаралагічныя станцыі, якія рэгіструюць у пэўныя тэрміны змяненні метэаэлементаў і перадаюць іх па радыё аўтаматычна без удзелу назіральніка. Спецыялізаваныя станцыі служаць для вывучэння асобных працэсаў і з'яў і іх узаемасувязі ў розных геаграфічных ўмовах, а таксама для спецыялізаванага абслугоўвання асобных галін гаспадаркі. Напрыклад, аграметэаралагічныя станцыі праводзяць назіранні за вільготнасцю глебы, развіццём і станам сельскагаспадарчых раслін, Дрэйфуючыя станцыі збіраюць звесткі аб метэаралагічным рэжыме Арктыкі. Селясцёкавыя станцыі вядуць гідраметэаралагічныя назіранні і вывучаюць фарміраванне селяў у горных раёнах.

Метэаралагічная станцыя размяшчаецца такім чынам, каб яе назіранні былі характэрнымі (рэпрэзентатыўнымі) для дадзенага раёна. Пляцоўка станцыі павінна размяшчацца на адкрытай і роўнай мясцовасці. Паблізу ад яе не павінна быць прадметаў, якія могуць паўплываць на паказанні прыбораў. У раўнінных умовах для атрымання дастаткова поўнай характарыстыкі тэмпературнага рэжыму патрэбна мець сетку станцый з адлегласцю 50 км паміж імі, а ў горнай мясцовасці — 30-40 км. Атмасферныя ападкі адрозніваюцца больш значнай зменлівасцю ў прасторы і ў часе, таму адлегласць паміж дажджамернымі пастамі павінна быць на раўнінах 20-30 км, а ў горных раёнах 15-20 км.

Касмічная сістэма гідраметэаралагічных назіранняў складаецца з арбітальных і геастацыянарных спадарожнікаў, якія дазваляюць атрымліваць даныя аб стане атмасферы з 70-80% паверхні Зямлі. Вышыня палёту арбітальнага спадарожніка 900 км, а геастацыянарнага 20000 км. Касмічная шфармацыя перадаецца на наземныя прыёмныя пункты. Спадарожнікавая апаратура працуе ў бачнай частцы спектра (0,5-0,7 мкм) і інфрачырвонай (8-12 мкм).

Адзіная сістэма збору, апрацоўкі, захавання і выкарыстання гідраметэаралагічнай інфармацыі з'яўляецца асновай спецыяльнай сусветнай інфармацыйнай сістэмы "маніторынг", якая ўяўляе больш шырокі комплекс назіранняў, аналізу (ацэнкі) і прагнозу стану прыроднага асяроддзя з мэтай выяўлення ступені антрапагеннага ўздзеяння на біясферу і клімат.

Літаратура

правіць
  • Каўрыга П. Лабараторны практыкум па метэаралогіі і кліматалогіі: Вучэб. дапам. — Мн.: Ураджай, 1997. — 151 с.: іл. ISBN 985-04-0231-8

Спасылкі

правіць