Ружаны (метэарыт)

метэарыт
(Пасля перасылкі з Метэарыт Ружаны)

Ружаны — каменна-жалезны метэарыт, які ўпаў у Ружанах. Падзенне назіралася 7 снежня 1894 г. у 19:30 жыхарамі некаторых губерняў Царства Польскага, а таксама Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Паводле звестак «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей»: «Апынулася, што ў м. Ружаны, у 23 вёрстах ад Слоніма і ў 43 ад Дзярэгіна, зваліўся аэраліт велічэзных памераў, прычым зямля дрыжала, як пры землетрасенні. У Слоніме бразгатала шкло і розныя рэчы валіліся на пол. Паводле паведамлення тых, хто бачылі аэраліт, ён — велічэзных, дагэтуль небывалых памераў»[1].

У XX стагоддзі ў Слонімскім музеі больш за 20 гадоў захоўваўся яшчэ адзін ружанскі метэарыт. У 1955 годзе музей наведала група геолагаў, якая ўсталявала, што камень з'яўляецца псеўдаметэарытам і ўяўляе сабой кавалак асадкавай пароды.

Меркавана, сапраўдны метэарыт быў выяўлены ў снежні 2013 года пад час рамонту царквы Святых Пятра і Паўла. Магчыма, камень быў часткай царкоўнай агароджы, узведзенай пасля Другой сусветнай вайны. У музей «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» знаходку перадаў настаяцель храма, айцец Аляксандр Сень. Метэарытнае паходжанне аб'екта вагой каля 25-26 кілаграмаў было падцвержана спецыялістамі з Расіі і Украіны. Далейшая экспертыза будзе праведзена, магчыма, у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вядучы спецыяліст Дзяржаўнага прадпрыемства НПЦ па геалогіі В. Ф. Вінакураў лічыць, што ў музеі выстаўлены не метэарыт, а крышталічная парода з украпваннямі гранатаў, якія з часам часткова выветрыліся, утварыўшы на паверхні варонкі[1].

Зноскі

Спасылкі правіць