Мечыслаў Багаткевіч
Мечыслаў Багаткевіч (польск.: Mieczysław Bohatkiewic, 1 студзеня 1901, Крыкалы, Віленская губерня — 4 сакавіка 1942, Глыбокае, БССР) — блажэнны Рымска-Каталіцкай Царквы, святар, пакутнік. Уваходзіць у лік 108 благаслаўлёных пакутнікаў, беатыфікаваных Рымскім Папам Янам Паўлам II падчас яго наведвання Варшавы 13 чэрвеня 1999.
Мечыслаў Багаткевіч | |
---|---|
польск.: Mieczysław Bohatkiewicz[1] | |
Род дзейнасці | каталіцкі святар, спавядальнік, прапаведнік, parochus |
Дата нараджэння | 1 студзеня 1904[2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 сакавіка 1942[2] (38 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | каталіцтва і Каталіцкая Царква[3] |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьМечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 года ў маёнтку Крыкалы каля Дунілавічаў (сучасная Віцебская вобласць). Яго бацькамі былі Станіслаў і Юзэфа з дому Зянкевічаў. Дзядуля Мечыслава ў свой час прымаў удзел у вызваленчым паўстанні 1863—1864 гадоў, а дзядзька Альфонс Зянкевіч быў святаром Віленскай архідыяцэзіі і дэканам у Крынках. Сям’я Багаткевічаў была вялікая. Акрамя Мечыслава было яшчэ восем дзяцей. Адзін з іх — Станіслаў, таксама стаў святаром (дажыў да 2004 г.). Усе дзеці выхоўваліся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы. Гэта аказала моцны ўплыў на фармаванне Мечыслава Багаткевіча як асобы.
Пачатковую адукацыю Мечыслаў атрымліваў у вёсцы Сітцы каля Параф’янава. З 1916 па 1920 гг. вучыўся ў гімназіі: першапачаткова ў беларускай у Будславе, а потым у польскай у Докшыцах. У той час адбыліся дзве рэвалюцыі, скончылася Першая Сусветная вайна, на ўсходзе ішла грамадзянская вайна, а на захадзе адраджалася Польшча. Беларускія землі былі арэнай барацьбы паміж многімі палітычнымі і ваеннымі сіламі, у прыватнасці — паміж Польшчай і савецкай Расіяй. Мечыслаў Багаткевіч хацеў нават дабравольна уступіць у шэрагі польскага войска, адыход якога з Беларусі ў 1920 г. балесна ўспрымаў.
Мечыслаў паехаў у Навагрудак, дзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю, якую адкрыў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Гэта была семінарыя Мінскай дыяцэзіі. З утварэннем у 1925 г. Пінскай дыяцэзіі яна была перанесена ў Пінск, дзе Мечыслаў і скончыў вучобу ў 1931 г. У гады семінарыйнай фармацыі Багаткевіч адзначаўся працавітасцю і любоўю да літургіі. Пасля заканчэння семінарыі ён паехаў у Варшаўскі універсітэт, каб вывучаць педагогіку. Пасвячэнне ў святары адбылося 23 ліпеня 1933 г.
Пасля пасвячэння ксёндз Мечыслаў распачаў працу ў Драгічыне, адначасова працягваючы ўніверсітэцкае навучанне. Ён распачаў працу ў якасці выхавацеля моладзі ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі. У 1936—1939 гг. ксёндз Мечыслаў быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, дзе быў педагогам і святаром. Ён выкладаў там гісторыю Касцёла, этыку, з’яўляўся капеланам Згуртавання Харцэрства Польскага і апекуном Марыянскай садаліцыі. З успамінаў сучаснікаў: Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні. Ксёндз Мечыслаў ведаў пра нас усё, пра ўсе нашыя грахі, правіны, пра нашыя беды і клопаты. Ён адзіны, хто праводзіў з намі час у размовах і жартах на калідорах або на вуліцы.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, ксёндз Мечыслаў Багаткевіч паехаў да свайго брата ксяндза Станіслава, пробашча ў Пушках. Там ён даведаўся, што ў бліжэйшай парафіі Пеліканы няма святара, а таму накіраваўся туды і застаўся там да восені 1941 года. Ксёндз Мечыслаў абслугоўваў мясцовае насельніцтва: удзяляў святыя сакрамэнты, прамаўляў казанні, клапаціўся пра найбяднейшых. Ён вельмі выразна акрэсліў сваё стаўленне да нямецкага нацыянал-сацыялізму, калі ў 1939 г. у Вігілію Божага Нараджэння ў сваім казанні рэзка асудзіў напад Германіі на Польшчу. Увогуле, Багаткевіч быў харызматычным прапаведнікам. Шмат з тых, хто слухалі яго казанні, расчульваліся да глыбіні душы, задумваліся над сваім жыццём. Людзі таксама ўзгадвалі, што святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды.
У лістападзе 1941 года, кіруючыся апостальскім духам, ксёндз Мечыслаў адправіўся ў Дрысу, якая знаходзілася на тэрыторыі БССР і была пад нямецкай акупацыяй. Там, дзе людзі ўжо шмат гадоў былі пазбаўленыя святара і знаходзіліся пад ціскам ваяўнічай атэізацыі, ахвярны святар распачаў працу па аднаўленню духоўнага жыцця. Актыўная і энэргічная праца не спадабалася акупантам. 16 студзеня 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. Намаганні ксяндза Антонія Зянкевіча вызваліць свайго пляменніка з турмы поспеху не прынеслі. Вечарам 2 сакавіка 1942 года паліцыя змясціла ксяндза М. Багаткевіча і яго братоў у святарстве ксяндза С. Пыртка, а праз дзень і ксяндза У. Мацьковяка, у камеру смяротнікаў. У апошнія гадзіны жыцця святароў адведваў ксёндз Пётр Барташэвіч, які паспеў паспавядаць іх. На світанні 4 сакавіка 1942 года ўсіх трох вязняў расстралялі ў лесе Барок каля Беразвечча (цяпер у межах горада Глыбокае).
Беатыфікацыя і ўшанаванне памяці
правіць13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве падчас Імшы Папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёнымі 108 новых мучанікаў. Сярод іх было імя ксяндза Мечыслава Багаткевіча. Пасля беатыфікацыі пачаў развівацца ягоны культ. Спачатку ў Польшчы на Беласточчыне і ў Драгічынскай дыяцэзіі, а цяпер і ў Беларусі — асабліва ў Пінскай дыяцэзіі. Родны брат ксяндза Мечыслава ксёндз Станіслаў Багаткевіч узгадваў, што благаслаўлёны Мечыслаў быў чалавекам, які заўсёды імкнуўся жыць згодна з воляй Божай і заахвочваў да гэтага іншых. Прыклад жыцця ксяндза-мучаніка яскрава гэта пацвярджае. Благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч можа быць узорам для усіх хрысціянаў, а асабліва для тых, хто рыхтуецца да святарства.
Зноскі
- ↑ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Bohatkiewicz-Mieczyslaw;4956714.html
- ↑ а б Mieczysław Bohatkiewicz // GCatholic.org — 1997.
- ↑ https://www.niedziela.pl/artykul/129211/nd/Blogoslawiony-Mieczyslaw-Bohatkiewicz
Спасылкі
правіць- Благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч Архівавана 21 красавіка 2016.