Адкрыць галоўнае меню

Мечыслаў Пароўскі, Мечыслаў Эвярыставіч Пароўскі (польск.: Mieczysław Porowski) (1878—1965) — гаспадарчы і грамадскі дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы.

Мечыслаў Эвярыставіч Пароўскі
польск.: Mieczysław Porowski
Старшыня Польскага Таварыства «Асвета» у Мінску (в.а.)[1]
1908 — 5 снежня 1909
Папярэднік: князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі
пасля гэтай даты прадаўжаў дзейнасць у канспірацыі
Старшыня Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі
3 мая 1917 — 15 лютага 1918
Папярэднік: няма (пасада заснавана)
Пераемнік: Канстанцін Рдултоўскі
 
Партыя:
Нараджэнне: 1878(1878)
Смерць: 1965(1965)

Быў адным з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе займаў пасаду дырэктара яго гандлёвага аддзела; выконваў абавязкі старшыні (1908—1909) Польскага Таварыства «Асвета» у Мінску; старшыня (1917—1918) Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі; член Польскай рады Мінскай зямлі.

Дзейнасць у Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркіПравіць

Быў дваранінам-каталіком Мінскай губерні, грамадзянінам Расійскай імперыі. Пражываў у Мінску. З'яўляўся шматгадовым членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і адным з яго лідараў, бо шмат год займаў пасаду дырэктара аднаго з галоўных аддзелаў МТСГ — гандлёвага аддзела (т.зв. «сельскагаспадарчага сіндыката»). Шмат год быў аднадумцам і блізкім сябрам лідара МТСГ Эдварда Вайніловіча і яго сям'і. Паводле ацэнкі Эдварда Вайніловіча, Пароўскі вылучаўся працавітасцю і камерцыйнымі здольнасцямі[2].

Дзейнасць у сферы польскамоўнай і каталіцкай адукацыіПравіць

Члены рады і настаўніцы Польскага таварыства «Асвета» у Мінску[3], фота 1907—1908 гг.

У 1905 г. разам з Міхалінай Ленскай (1882—1940) узначалілі нелегальнае Польскае таварыства «Асвета» у Мінску, задачамі якога была арганізацыя і каардынацыя польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Акрамя таго, адной з галоўных мэт было выхаванне дзяцей у духу «польскага патрыятызму» для рэалізацыі «польскай ідэі», якая жыла на былых землях Вялікага Княства Літоўскага, — адраджэння былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах да 1772 года[4]. Мячыслаў Пароўскі ўспамінаў пазней, што стварэннем «Асветы» хацелі падтрымаць «неўміручы польскі дух, які на ўсходніх рубяжах Вялікай Рэчы Паспалітай бараніў яе межы перад маскоўскай прагнасцю і кідаў пасевы заходняй культуры»[5].

Пасля 1907 г., у перыяд легальнай дзейнасці «Асветы», быў яе віцэ-старшынёй аж да 1917. У ствараемых школах разам з польскай выкладалася таксама і беларуская і руская мова, а вучні знаёміліся таксама з навінкамі беларускамоўных кніг[6]. Пасля выезду з Мінска старшыні Таварыства, ксяндза Казіміра Міхалкевіча ў 1908 г., выконваў яго абавязкі[7] да моманту фармальнага самароспуску арганізацыі 5 снежня 1909 г. Насамрэч ён працягваў арганізатарскую дзейнасць ў духу распушчанай арганізацыі падпольна. У 1911 г. расійская паліцыя атрымоўвала даносы, што Пароўскі арганізуе нелегальныя школы па вывучэнню польскай мовы і культуры ў Мінску[8].

Лібералізацыя ў галіне нерускамоўнай адукацыі, якая адбылася пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расійскай імперыі, дазволіла Мячыславу Пароўскаму зноў пачаць легальную дзейнасць у галіне польскай адукацыі. У Мінску, які падпарадкоўваўся тады ўладзе Часовага ўрада Расіі на чале з князем Георгіем Львовым, Мечыслаў Пароўскі 2 красавіка 1917 г. выступіў у гарадской думе з патрабаваннем увядзення школьніцтва на беларускай мове, якога афіцыйна не было ў Расійскай імперыі, і выказаўся, што беларусы маюць права адрадзіць сваё пісьменства, якім шырока карысталіся яшчэ ў XVI ст.[9] 3 мая 1917 г. на Вольным сходзе членаў Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі Пароўскага абралі старшынём гэтай арганізацыі. Пасля 15 лютага 1918 г. яго месца заняў Канстанцін Рдултоўскі, уплывовы член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[10].

У час Першай сусветнай вайныПравіць

30 ліпеня 1914 г. (па прычыне распачатай Першай сусветнай вайны і адпаведнага занепакоення расійскіх улад) падпісаў разам з іншымі дваранамі Мінскай губерні адрас расійскаму цару Мікалаю II, дзе выказвалася аб вернасці манарху і Расійскай імперыі[11]. У пачатку вайны па ініцыятыве лідараў МТСГ быў створаны «Камітэт дапамогі ахвярам вайны з Каралеўства Польскага», які было прапанавана ўзначаліць Мячыславу Пароўскаму, — і ён згадзіўся. Камітэт сабраў грошы з многіх маянткоўцаў-каталікоў Мінскай губерні, але сабраныя 106 000 рублёў у канечным выніку не ўдалося перадаць Цэнтральнаму грамадзянскаму камітэту. Было вырашана пакінуць тую суму ў Таварыстве ўзаемнага крэдыту ў Мінску[12].

18-19 чэрвеня 1918 г. у Мінску прысутнічаў на другім Польскім сходзе, арганізаваным лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што былі кіраўнікамі Польскай рады Мінскай зямлі. Другі Польскі сход быў арганізаваны з мэтай канчатковага выцяснення прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў») са складу выканаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі. Мячыслаў Пароўскі, з'яўляючыся ўплывовым членам МТСГ, быў выбраны тады ў склад выканчаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі[13].

Удзел у спробе стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (1918)Правіць

Пасля таго, як у пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міра з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускагапаўночна-заходніх губерняў), прычым не ў якасці аўтаноміі ў рамках Расіі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы. Імі таксама планавалася, што новая дзяржава са сталіцай у Вільні будзе мець канстытуцыйна-манархічны лад[14]. Мячыслаў Пароўскі ў ліку іншых асоб (у тым ліку — графа Ежы Чапскага, Рамана Скірмунта і Эдварда Вайніловіча) падпісаў зварот мінскіх дваран да генерала Эрыха фон Фалькенхайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі ў Беларусі, праз якога хацелі паведаміць германскаму імператару Вільгельму II аб сваім жаданні стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага. Аднак ідэя стварэння новай дзяржавы аказалася нерэалізаванай[15].

Паміж Мінскам і ВаршавайПравіць

Пасля прыходу ў студзені 1919 г. у Мінскую губерню атрадаў Чырвонай Арміі Пароўскі выехаў з Мінска ў Варшаву, дзе згрупаваўся з такімі ж эмігрантамі з Мінскай губерні, якія 6 снежня 1918 г. заснавалі сваю арганізацыю «Саюз палякаў беларускіх ускраін» (каля 200 чалавек). На паседжаннях Саюза звычайна старшынстваваў Эдвард Вайніловіч[16]. Маянткоўцы вырашылі далучыцца да Камітэта абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), які ўзначальваў князь Яўстах Сапега (1881—1963), імкнуўся арганізаваць самаабарону маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў і разгарнуў агітацыю ахвотнікаў у Літоўска-беларускія дывізіі. Мячыслаў Пароўскі выдаткаваў грошы і падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўляемай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай і ўстанавіць усходнюю мяжу новай дзяржавы як мага далей наўсход (да ўсходніх меж былой Рэчы Паспалітай — да часу першага падзелу ў 1772 годзе)[17]. Прымаў удзел у паседжаннях членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што аднавіла сваю дзейнасць у Варшаве[18].

Ад Польскай рады Беларускіх зямель, у склад якой уваходзіла і Польская рада Мінскай зямлі, Мячыслаў Пароўскі быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сейма Польшчы і выступаў за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[19]. Мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель не былі прызнаны польскім сеймам.

Дзейнасць пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921)Правіць

Польскі «Арол» і літоўская «Пагоня» на вокладцы першага тома мемуараў Эдварда Вайніловіча, 1931 г.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) стаў грамадзянінам Польшчы. 29 красавіка 1921 г. у Варшаве прыняў удзел у паседжанні Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), на якім быў напісаны праект пратакола, які дэклараваў самаскасаванне таварыства і па зместу быў своеасаблівым «тастаментам», а па сваёй сутнасці яшчэ і абвінаваўчым актам супраць падпісантаў Рыжскага дагавора. Радай было вырашана прадставіць пратакол аб самаскасаванні арганізацыі на разгляд усіх членаў таварыства і прапанаваць стварыць падобнае ж таварыства сельскай гаспадаркі з сядзібай у Баранавічах ці Навагрудку, куды перадаць ацалелыя грашовыя фонды Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. 1 мая 1921 г. прысутнічаў на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка), дзе Эдвардам Вайніловічам быў зачытаны пратакол аб самаскасаванні МТСГ, што было ўхваленена ўсімі прысутнымі[20].

Пазней стаў дырэктарам крухмальнага сіндыката ў Варшаве. Да Пароўскага некалькі разоў у Варшаву заязджаў з Быдгашча Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), былы старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч папрасіў Генрыха Скірмунта (1868—1939), Цітуса Паніквіцкага, Мячыслава Пароўскага і Казіміра Здзяхоўскага (1875—1942) паклапаціліся пра публікацыю рукапіса яго мемуараў[21]. Менавіта гэтыя людзі (да якіх далучыўся і Раман Скірмунт) у 1931 у Вільні выдалі першую частку ўспамінаў «пана Эдварда» (аб падзеях да 21 мая 1921)[22].

Пасля смерці Вайніловіча з Пароўскім часта сустракалася Ядвіга Кастравіцкая (сястра Эдварда Вайніловіча), каб парадзіцца аб справах, якія прасіў выканаць паводле тастамента яе брат Эдвард[23].

Мячыслаў Пароўскі памёр у 1965 г. Пакінуў унікальныя мемуары, дзе апісаў палітычныя падзеі ў Беларусі ў 19041918 гг., галоўным чынам — дзейнасць лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Мемуары пакуль не надрукаваны, а захоўваюцца ў рукапісе.

Зноскі

  1. в.а. — выконваў абавязкі старшыні.
  2. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 69.
  3. Сядзяць (злева — направа): Розум, Вайткевіч, Ганна Чакатоўская, Міхаліна Ленская, Мячыслаў Пароўскі. Стаяць (злева — направа): (скарбнік) Людамір Брадоўскі, Барсукова, Вітвінская, Пятроўская, Цякавая, М. Чарноцкая, (настаўніцы) Лернянтовіч, Кажалоўская, Янкайціс, Макарэвіч, Моенк, Залуцкая, Язвінская, Прыялгоўская.
  4. Porowski, M. Praca społeczna… С. 4.
  5. Porowski, M. Praca społeczna… С. 15.
  6. Porowski, M. Praca społeczna… С. 5; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  7. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 34
  8. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 40
  9. Tarasiuk, D. Między nadzieją... С. 184.
  10. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 42
  11. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 178.
  12. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 80.
  13. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 337; Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej… С. 68—72.
  14. Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 141; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  15. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  16. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 217—220.
  17. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 220—221.
  18. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 240.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340.
  20. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 326—327, 332.
  21. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. v.
  22. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. xxiv; Chmielewska, G. Cierń… С. 308—311.
  23. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. xxiv; Chmielewska, G. Cierń… С. 317.

ЛітаратураПравіць

  • Весь Минск. ― Мн., 1911.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. — ISBN 978-83-227-2629-7.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Porowski, M. Praca społeczna kobiety-Polki w Mińszczyźnie na polu oświaty ludowej w okresie 1900—1916 roku / M. Porowski. — Nieśwież : Druk. «Wspólnej Sprawy», 1917. — 16 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.