Мойша Гутман (Каменштэйн; 21 верасня 1883 ці 1888, Вяпрай — 20 чэрвеня 1938[1][2]) — яўрэйскі дзеяч Беларусі і Украіны.

Мойша Гутман
Таварыш старшыні Народнага сакратарыяту БНР
21 лютага 1918 — май 1918
Нараджэнне 21 верасня 1883(1883-09-21) ці 1888
Смерць 20 чэрвеня 1938(1938-06-20)
Партыя
Дзейнасць палітык

Нарадзіўся ў сям’і гандляра Лейбы, атрымаў рэлігійнае выхаванне. У 16 гадоў пераехаў у Вільню. Здаў іспыт на атэстат сталасці, скончыў прыватную школу правізараў-фармацэўтаў. З 1902 года ў рабочым руху, член партыі Паалей-Цыён, далей, паслядоўна, сацыялістычнай рабочай, аб’яднанай партыі, Бунда і камуністычных партый Польшчы і СССР. У 1910-я гады падтрымліваў тэрытарыялізм, падзяляў ідэю яўрэйскай дзяржавы ў Анголе, удзельнік венскага кангрэса 1912 года, потым пакінуў рух. Жыў у Лодзі і Варшаве, некалькі разоў яго арыштоўвалі. Нелегальна жыў у Пінску, Гомелі, Менску, Кіеве, Адэсе. Кіраваў кіеўскім аддзелам Яўрэйскага таварыства помачы ахвярам вайны і Бюро працы для беспрацоўных яўрэяў. У 1917 годзе браў удзел у стварэнні савета ў Адэсе, быў членам Украінскай цэнтральнай рады (у ліпені-жніўні) і Савета нацыянальных сацыялістычных партый Расіі. У верасні 1917 года прадстаўляў яўрэйскія нацыянальныя арганізацыі на Усерасійскай Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе, быў на з’ездзе паняволеных народаў Расіі. Пазнаёміўся з Варонкам, Сабалеўскім і Жылуновічам. З канца 1917 года — член Выканаўчага камітэта Рады Першага Усебеларускага з’езда. Пасля быў членам Народнага сакратарыята БНР ад яўрэйскай нацыянальнай меншасці. У маі 1918 года быў членам дэлегацыі ў правах замежных перамоў БНР. Першая Устаўная грамата была напісана ў яго доме і, як мяркуецца, пад яго рэдакцыяй.

У 1918—1925 жыў у Варшаве. Дзяяч Цэнтральнага бюро яўрэйскіх прафсаюзаў, арганізоўваў школы, узначальваў камісію па рэформе правапісу. На пачатку 1925 выехаў у СССР, жыў у Харкаве і Маскве. Супрацоўнік арганізацый Гезэрд і Гезкульт. Першая пашырала сярод яўрэяў земляробства, пры другой працавалі тэатр і выдавецтва. Падтрымліваў калектывізацыю. Член Украінскай акадэміі навук. Загадчык яўрэйскай рэдакцыі Украінскага выдавецтва нацменшасцей, з 1932.

Арыштаваны і расстраляны у 1938[2].

Упершыню выступіў у друку ў віленскай газеце, якую і рэдагаваў, «Хронік фун Пойле-ціен» (1903), друкаваўся ў «Нае цайт», савецкім выданні «Ройтэ вэлт», рэдактар харкаўскага «Юнгер шлоглер» (1931-32). Летам 1918 выдаваў у Гомелі часопіс «Дэр Штрал». Пераклаў з рускай мовы на ідыш «Аднаго сярод дзікуноў» Лебедзева пра Міклуху-Маклая. Псеўданімы: Балтыкаліс, Б. Зеліковіч, Маген, Міхлін.

Царскія і польскія ўлады арыштоўвалі яго 15 разоў.

Літаратура правіць

  • Ляхоўскі У., Ямкова В. Маісей Гутман: яўрэй, што стаяў ля вытокаў БНР і УНР // Наша гісторыя, № 2, 2019, с.20-24. ISBN 2617—2305
  • Gutman, Moyshe // Лексікон фун дэр наер ідэшэ літэратур.

Зноскі