Мон-Сен-Мішэль (фр.: Mont Saint-Michel, нармандск.: Mont Saint Miché — невялікі скалісты астравок са знакамітым замкам у аднайменнай бухце Атлантычнага акіяна ля паўночна-заходняга берага Францыі. Належыць да дэпартамента Манш рэгіёна Нармандыя. Замак на востраве — адна з найвялікшых славутасцей краіны: штогод востраў, з 1979 уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, наведвае больш за 3 млн турыстаў. 60 будынкаў на яго тэрыторыі з’яўляюцца гістарычнымі манументамі (monuments historiques). Не меншую прывабнасць для гасцей рэгіёна маюць рэкордна высокія прылівы.

Мон-Сен-Мішэль і новы мост да яго, здымак з дрона, 2018

Востраў знаходзіцца у вусці ракі Каўэнон (Kouenon) за 1 км ад берага насупраць горада Аўранш і займае плошчу ў 7 гектараў. Разам з узбярэжнай тэрыторыяй утварае камуну Мон-Сен-Мішэль агульнай плошчай 4 км². Насельніцтва вострава — 50 чалавек.

Рыцарская зала

З антычных часоў з’яўляецца важным стратэгічным пунктам. У 8 стагоддзі тут знайшоў прытулак кляштар, які і даў імя востраву, неўзабаве быў збудаваны замак. Структурная кампазіцыя замка адлюстроўвае ўладкаванне феадальнага грамадства, якому ён служыў: наверсе абацтва і кляштар, што сімвалізуюць Бога; ніжэй — пакоі феадальных уладароў; пад імі — крамы і дамы рамеснікаў; а за сцяной, на самым нізе, — хаціны рыбакоў і агароднікаў.

Навакольная акваторыя здаўна вядомая сваімі надзвычайна высокімі прылівамі (да 13 м). У сярэднявеччы падчас нізкай вады па аголеным дне да замка ішлі пілігрымы. Мора ратавала цвярдыню ад усялякай небяспекі, паколькі захопнікі падчас прыліву або кожны раз адступалі; або, заспетыя высокай вадой знянацку, станавіліся яе ахвярамі. Найбольш гераічным эпізодам гісторыі вострава стаў 1433 год, калі у ходзе Стогадовай вайны невялічкі гарнізон замка адбіў атакі англічан. У канцы XV стагоддзя Людовік XI ператварыў Мон-Сен-Мішэль у турму, з якой абацтва суіснавала да Вялікай Французскай рэвалюцыі. У 1874 быў злучаны з мацерыком дамбай.

Вобраз замка быў узяты Пітэрам Джэксанам пры праектаванні крэпасці Мінас-Цірыт у кінатрылогіі «Уладар пярсцёнкаў».

Спасылкі правіць