Мора Лапцевых
Мора Лапцевых, Сібірскае мора, мора Нордэншэльда — ускраіннае мора Паўночнага Ледавітага акіяна, каля паўночнага ўзбярэжжа Усходняй Сібіры, паміж паўвостравам Таймыр, астравамі Паўночная Зямля на захадзе і Новасібірскімі астравамі на ўсходзе. На захадзе пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырвонай Арміі злучаецца з Карскім морам, на ўсходзе пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усходне-Сібірскім морам.
Пераважаюць глыбіні да 50 метраў, найбольшая — 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Анабарскі, Буор-Хая, Янскі. Найбуйнейшыя астравы: Вялікі Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастрычніка да ліпеня ўкрыта лёдам; на поўдні шырокі прыпай, на поўначы плывучыя льды. Сярэдняя тэмпература вады на паверхні летам у цэнтральнай частцы мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20 на поўдні да 34 на поўначы. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Мора Лапцевых — частка Паўночнага марскога шляху. Галоўны порт — Тыксі.
Мора названа ў гонар рускіх палярных даследчыкаў стрыечных братоў Дзмітрыя і Харытона Лапцевых.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).