Мстиславский голос

(Пасля перасылкі з Мстиславский голос (1917))

«Мстиславский голос» («Мсціслаўскі голас») — газета, орган Мсціслаўскага павятовага земства. Выдавалася з 30 ліпеня 1917 года ў Мсціслаўле Магілёўскай губерні два разы на тыдзень на рускай мове.

«Мстиславский голос»
Тып газета

У рэдакцыйную калегію ўваходзілі святар М. Ф. Свідзерскі, галосны гарадской думы У. М. Нікольскі, старшыня павятовай земскай управы Ф. І. Дарашэвіч, старшыня павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў М. С. Старавойтаў, галосны земства А. А. Біруковіч і Я. М. Брыськін.

Паводле ідэйнага кірунку была агульнадэмакратычным выданнем. Падтрымлівала палітыку Часовага ўрада. У рубрыках «Агульная хроніка», «Мясцовая хроніка» асноўную ўвагу аддавала мясцовым, асабліва харчовым праблемам, выбарам у валасныя земствы і інш. Значнае месца адводзіла пытанням палітычнай асветы сярод сялянства (рубрыка «Грамадзянам сялянам»). Змяшчала матэрыялы грамадска-палітычнага жыцця Расіі (рубрыка «Па Расіі»), асвятляла баявыя дзеянні на франтах («Ваенныя навіны»), дзеянні ўрада («Пастановы Часовага ўрада») і іншае. Інфармацыя падавалася са значным спазненнем, для яе асвятлення характэрны антыбальшавіцкі падыход. Друкавала аб’явы, паведамленні партыйных арганізацый, перадвыбарныя заклікі, спісы кандыдатаў ва Устаноўчы сход. Апошні вядомы нумар ад 12 лістапада 1917 года.

Літаратура правіць

  • Сяменчык, М. «Мстиславский голос» / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. – С. 224.