Мсціслаў

горад у Беларусі

Мсцісла́ў[3] (трансліт.: Mscislaŭ, руск.: Мстиславль[4]; часта Амсці́слаў) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мсціслаўскага раёна, на рацэ Віхра. За 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша — Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы.

Горад
Мсціслаў
Касцёл кармелітаў і гістарычная забудова, 2014 г.
Касцёл кармелітаў і гістарычная забудова, 2014 г.
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
203 м[1]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 10 019 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2240
Паштовыя індэксы
213470
Аўтамабільны код
6
СААТА
7246501000
Мсціслаў на карце Беларусі ±
Мсціслаў (Беларусь)
Мсціслаў
Мсціслаў (Магілёўская вобласць)
Мсціслаў

Тапонім Мсціслаў (гістарычнае Мсціслаўль) паходзіць ад імя Мсціслаў (напэўна, ад асновы мост (мост) — мостить (масціць), або месть (помста) — мстить (помсціць), за другі варыянт сведчыць адсутнасць каранёвага /о/)[5][6] і ёсць тыповай уладальніцкай назвай гарадоў ранняй феадальнай эпохі, то бок паходзіць ад імя рэальнага гістарычнага ўладальніка[7].

Да імя Мсціслаў дададзены старажытны суфікс прыналежнасці -j (-ёт), перад якім пасля губных зычных паяўляўся -л (Мстислав + j — Мстиславль). Назваў з падобным паходжаннем амаль не захавалася, таму яе адносяць да катэгорыі рэліктавых[7].

На думку Алега Трусава, заснавальнік горада — смаленскі князь Расціслаў Мсціслававіч, унук Уладзіміра Манамаха, назваў горад ў памяць свайго бацькі вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча[8]. Аднак, уладальніцкі тып назвы сведчыць хутчэй пра сувязь з нованароджаным сынам князя Расціслава — Мсціславам Расціславічам, якому горад меркаваўся бацькам ва ўладанне.

У 1130-я гады Расціслаў забраў у чарнігаўскіх князёў тэрыторыі паміж Дзясной і Сажом, заснаваў гарады Рослаўль і Мсціслаўль, якім даў імёны, адпаведна, сваё і сына. У рэгіёне абапал сучаснай мяжы Беларусі і Расіі больш за два дзясяткі назваў уладальніцкага тыпу, што паходзяць ад двухасноўных імёнаў — Хатовіж, Хіславічы (< Хаціславічы), Хацясловічы, Дабрахотаўка. Іх узнікненне імаверна звязана з тым самым часам і раздачай зямель Расціслававым баярам.

Форма Мсціслаў з’яўляецца традыцыйна-пісьмовай і больш блізкай па структуры да старажытнай формы (Мстиславль), у адрозненне ад формы Амсціслаў, якая адлюстроўвае адну з характэрных фанетыка-арфаграфічных асаблівасцей беларускай мовы (наяўнасць прыстаўных галосных), і таксама можа прэтэндаваць на нарматыўную[7].

Гісторыя

правіць

Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 1136—1150[9] гадамі, хоць у пазнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш ранняя дата заснавання паселішча — 1135 год[8]. Пад 1156 годам Мсціслаў згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як «горад» Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзнікла на гары цяпер называнай Замкавай (даследчыкі ў 1959—1969 гадах выявілі тут культурны пласт з прадметамі XII—XVII стст., драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. У 2-й палове XII ст. Мсціслаў, імаверна, быў другой рэзідэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 годзе Раман Расціслававіч надаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Мсціслаў Раманавіч — першы князь мсціслаўскі.

У сярэдзіне XIV ст.[9] Мсціслаў далучаны да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XV стст. Мсціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна звязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разанню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Мсціславе свайго намесніка, а пазней перадаў горада свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсціслаўскіх[9]. У часы Лугвена Мсціслаўскае княства складалася з валасцей уздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра — Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхры і яе прытока Малохвы. У 1386 годзе каля горада адбылася Мсціслаўская бітва. У 1410 годзе мсціслаўская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У 1501 годзе пад Мсціславам адбылася бітва паміж войскамі вяліклітоўскімі і маскоўскімі войскамі, маскоўскія войскі перамаглі, але не здолелі захапіць горад. З 1527 годзе[9] Мсціслаў перайшоў ва ўладанне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў цэнтрам Мсціслаўскага ваяводства, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іхняга складу[10]. У 1614 годзе ў Мсціславе збудавалі першы касцёл па фундацыі старосты Пятра Паца.

16 жніўня 1634 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу Магдэбургскае права і гарадскі герб: «у залатым полі збройная рука з мячом — Малая Пагоня»[11]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касцёл і кляштар кармелітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканцаў. У 1641 недалёка ад Мсціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазней — рэзідэнцыю і калегіум[9]. 22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Мсціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 мяшчан[12]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Мсціслаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтр павета Магілёўскай губерні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная ўніяцкая царква. У 1781 расійскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй частцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»), у верхняй частцы — палавіна герба Расійскай імперыі, аднак у 1797 імператрыца расійская Кацярына II унесла змены ў герб: «червлёный волк голова влево». У 1791 г. у Мсціславе адкрылася дваранскае, а ў 1810 — духоўнае вучылішча. У 1802 г. у горадзе збудавалі свечачны завод. На 1852 г. у Мсціславе дзейнічалі двухкласнае народнае вучылішча, дваранскае вучылішча, прыватная жаночая школа і 2 яўрэйскія вучылішчы. Неўзабаве з-за вялізных пажараў (у 1858 і 1863 гг.), якія ўшчэнт знішчылі Мсціслаў, пачаўся эканамічны заняпад горада.

Паводле перапісу (1897) у Мсціславе дзейнічалі гарадская, духоўная і прыходская вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. Станам на 1914 г. тут было 1048 будынкаў, з іх 25 — мураваныя, мелася 28 фабрык і заводаў з агульнай колькасцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месце была адна бальніца на 28 месцаў, амбулаторыя, аптэка, тры аптэкарскія магазіны, тры лекары, чатыры аптэкары, 6 акушэрак і 6 фельчараў на ўвесь павет. Па колькасці шынкоў Мсціслаў займаў другое месца ў губерні пасля Магілёва. Места асвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і калодзежаў.

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Мсціслаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Мсціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай акругі (з 1938 г. у Магілёўскай вобласці). У Другую Сусветную вайну 14 ліпеня 1941 да 28 верасня 1943 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

2 снежня 2000 г. на чарговым пасяджэнні ўлады Мсціслава зацвердзілі герб горада і раёна, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.

Насельніцтва

правіць
  • XIX стагоддзе: 1897 чал. — 8514 чал.[13]
  • XX стагоддзе: 1939 — 10,5 тыс. чал.[13]; 1995 — 12,3 тыс. чал.[13]
  • XXI стагоддзе: 2006 чал. — 11,7 тыс. чал.; 2008 чал. — 11,6 тыс. чал.; 2015 чал. — 10 437 чал.[14]; 2016 чал. — 10 376 чал.[15]; 2017 чал. — 10 370 чал.[16]

Эканоміка

правіць

У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі. Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца.

Культура

правіць
  • Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей.

Архітэктура

правіць
 
Рэгулярны план Мсціслава 1839 года

Архітэктурна-планіровачная структура Мсціслава фарміравалася на працягу стагоддзяў. Горад узнік на Замкавай гары. Складаўся з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада. Архітэктурнае аблічча сярэдневяковага горада вызначалі драўляныя храмы і нерэгулярная жылая забудова ўздоўж р. Віхра. У 1778 г. створаны рэгулярны план, які прадугледжваў прамавугольную сетку вуліц і сістэму плошчаў[17].

Сучасны Мсціслаў забудоўваўся паводле генпланаў, распрацаваных у 1961 г. інстытутам «Белдзяржпраект» і ў 1977 г. Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, з захаваннем гістарычнаіі сеткі вуліц і архітэктурных помнікаў. Развіваецца ўздоўж р. Віхра, пераважна ў паўночным напрамку. У раёне плошчы Пятра Мсціслаўца (створана на перакрыжаванні вуліц Варашылава і Савецкай) і вуліц Леніна (галоўная кампазіцыйная вось), Калініна, Пралетарскай сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр горада. Тут знаходзяцца будынкі райкама КПБ, райвыканкама, Дома культуры, Палаца шлюбаў і ўрачыстасцей (былога кінатэатра), рэстарана, гасцініцы, універмага, магазінаў і інш. Значнае месца ў архітэктурна-нланіровачнай кампазіцыі горада займаюць помнікі архітэктуры, а таксама гістарычныя зоны — Замкавая, Троіцкая і Дзявочая горы. Новы раён капітальнай жылой забудовы створаны ўздоўж аўтамабільнай дарогі Мсціслаў — Магілёў. Аднапавярховыя драўляныя дамы сядзібнага тыпу размешчаны на ўсёй гарадской тэрыторыі[17].

Вуліцы і плошчы

правіць

З урбананімічнай спадчыны Мсціслава да нашага часу гістарычныя назвы часткова захавалі вуліцы Кармеліцкая і Пірагоўская (афіцыйна гэтыя назвы вярнулі 2 верасня 2016 года[18]). Гістарычны Рынак атрымаў назву ў гонар Пятра Мсціслаўца.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Варашылава вуліца Шамаўская вуліца
Калініна вуліца Красная вуліца
Камсамольская вуліца Бернардзінская вуліца
Камунарная вуліца Манастырская вуліца
Карла Маркса вуліца Правальная-Слабадская вуліца
Кірава вуліца Кармеліцкая вуліца
Леніна вуліца Кіеўская вуліца
Пралетарская вуліца Смаленская вуліца
Рэспубліканская вуліца Пустынская вуліца
Савецкая вуліца Парадная вуліца
Урыцкага вуліца Пірагоўская вуліца
Юрчанкі вуліца Спаская вуліца[19]

Славутасці

правіць
 
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, выгляд з боку Замкавай гары.
 
Выгляд на касцёл Святога Міхала Арханёла і будынак былой мужчынскай гімназіі.
 
Царква Святога Аляксандра Неўскага.
 
Помнік Пятру Мсціслаўцу на цэнтральнай плошчы горада.

Гістарычныя будынкі

правіць

Культавае дойлідства

правіць

Помнікі археалогіі

правіць

Помнікі гісторыі

правіць

Страчаная спадчына

правіць

Зоны адпачынку

правіць

У цэнтры горада знаходзяцца паркі імя Н. К. Крупскай і Піянерскі, зона адпачынку на р. Віхра, прылеглыя лясныя масівы[17].

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

правіць
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаюцца таксама варыянты Мсці́слаў, Мсцісла́ўль, Амсці́слаў
  4. Код СААТА 7246501000, паводле публічнай кадастаравай карты Архівавана 14 жніўня 2021., мае рускае найменне «Мстиславль», але «Мстиславский район».
  5. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 246.
  6. Этымалагічны слоўнік Макса Фасмэра: от мстить и сла́ва, собственно «мсти за славу»
  7. а б в Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
  8. а б Алег Трусаў. Старажытны Мсціслаў — сэрца беларускай Смаленшчыны // Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992.
  9. а б в г д Батвіннік М. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  10. Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 321. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  11. Мсціслаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  12. Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  13. а б в Беларусь 1995.
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  17. а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  18. В Мстиславле переименовали улицы и площадь Архівавана 8 верасня 2016. // «Святло Кастрычніка», 2.09.2016.
  19. План з гістарычна-археалагічнага музея
  20. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 462.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць