Мсціслаўскае княства
Мсціслаўскае княства — княжацкая воласць са сталіцай у Мсціславе, якая вылучылася ў XII стагоддзі са Смаленскага княства. Першым князем мсціслаўскім у 1180 годзе стаў Мсціслаў Раманавіч. Ва Мсціслаўскага княства ўваходзілі землі цяперашніх Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага і Чавускага раёнаў з гарадамі Радамлем і Расна.
Пасля смерці ў 1197 годзе смаленскага князя Давыда Расціславіча, дзядзькі Мсціслава Раманавіча, апошні стаў смаленскім князем і зноў далучыў Мсціслаўскае княства да Смаленскага, захаваўшы яго аднак як удзел.
У канцы XIII стагоддзя Мсціслаўскае княства апынулася на маскоўска-вялікалітоўскім памежжы, а ў 1359 годзе захоплена вялікім князем Альгердам і далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Пазней, княства перададзена Альгердам свайму сыну Карыгайле, затым перайшло да Лугвена, пачынальніка княжацкага роду Мсціслаўскіх. У 1386 годзе адбылася бітва на рацэ Віхры каля Мсціслава, калі смаленскі князь Святаслаў Іванавіч спрабаваў захапіць Мсціслаў і вярнуць да свайго княства. У бітве князь Святаслаў загінуў, яго войскі разбіты.
Мсціслаўскае княства доўгі час было памежным і важным у стратэгічным плане. Таму польска-вялікалітоўскія ўладары праводзілі гнуткую палітыку адносна мясцовых князёў, імкнуліся прадухіліць іх пераход у падданства Вялікага Княства Маскоўскага. Падчас вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў княства было полем баявых дзеянняў і моцна пацярпела. У прыватнасці, у бітве пад Мсціславам пацярпела паражэнне вялікалітоўская армія, хоць сам горад маскоўскія ваяводы ўзяць не здолелі.
У жніўні 1514 года князь Міхаіл Іванавіч пры набліжэнні маскоўскага войска да Мсціслава прысягнуўся вялікаму князю маскоўскаму Васілю III, аднак пасля паражэння маскоўцаў пад Оршай вярнуўся пад уладу вялікіх князёў літоўскіх. У 1526 годзе Мсціслаўскае княства перайшло ў прамое валоданне вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і пасля ператворана ў Мсціслаўскае староства. З 1566 годзе з тэрыторыі былога княства ўтворана Мсціслаўскае ваяводства.
Літаратура
правіць- Бычкова М. Е. Русское государство и Великое княжество Литовское с конца ХV в. до 1569 г. — М.: Изд. центр ИРИ, 1996.
- Варонін В. А. Князь Юрай Лынгвеневіч Мсціслаўскі: Гістарычны партрэт / Васіль Варонін. — Мн.: Тэхналогія, 2010.
- Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. Москва: Квадрига, 2010.
- Мяцельскi А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў XII—XVIII стст. — Мн.: Беларуская навука, 2010. — 664 с.
- Мсцісла́ўскае кня́ства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 501. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.