Мсціслаўскі езуіцкі калегіум

Мсціслаўскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Мсціславе.

Мсціслаўскі езуіцкі калегіум
Міжнародная назва Collegium Mscislaviense Societatis Jesu
Заснаваны 1779
Год закрыцця 1820
Размяшчэнне Мсціслаў, Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Езуіты ў Мсціславе

правіць

У 1690 г. шляхта на павятовым сейміку ўхваліла ідэю закласці ў горадзе місіянерскі дом і школу езуітаў. Пры матэрыяльнай падтрымцы мясцовых службовых асоб і жыхароў езуіты разгарнулі сваю адукацыйную дзейнасць у 1691 г. Знішчаная шведамі пад час Паўночнай вайны місія была адноўлена ў 1711 г. і пераўтворана ў рэзідэнцыю. Тады ж з’явілася новае памяшканне для бібліятэкі. У 1710 г. у езуіцкай школе пачалі выкладаць рыторыку. У 1729—1741 гг. выкладалася таксама філасофія (для свецкіх навучэнцаў), у 1736—1737 гг. — маральная тэалогія (для мясцовых семінарыстаў-езуітаў), а ў 1750—1751 гг. — матэматыка.

У 1764—1779 гг. паўстаў мураваны, крыты гонтам двухпавярховы будынак, які пасля атрымання рэзідэнцыяй статусу калегіума быў пашыраны. На час закрыцця ўстановы ў 1820 г. ён меў 60 метраў у даўжыню і 13 метраў у шырыню і складаўся з 18 пакояў. Галоўным храмам калегіума быў касцёл Святога Міхаіла Арханёла, пабудаваны ў 1730—1748 гг.[1]

Дзейнасць калегіума

правіць

Рашэнне Кацярыны ІІ захаваць Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі, у якую ў 1772 г. патрапіў і Мсціслаў, і хуткае ператварэнне яе беларускіх уладанняў у цэнтр прыцягнення для былых езуітаў спрыялі актывізацыі дзейнасці ордэна. Так, у 1779 г. рэзідэнцыі ў Магілёве і Мсціславе намаганнямі біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча атрымалі статус калегіумаў.

Сярэдняя школа

правіць

Звычайна ў Мсціслаўскім калегіуме працавалі 10-12 езуітаў, двое з якіх былі прапаведнікамі, а яшчэ чацвёра выкладалі ў 5-класнай школе (класы: інфіма, граматыка, сінтаксіс, паэтыка і рыторыка). ІІ і ІІІ класы (граматыка і сінтаксіс), а таксама ІV і V класы (паэтыка і рыторыка) вельмі часта аб’ядноўваліся. Сярэдняя школа езуітаў карысталася папулярнасцю. У 1784 г. у школе было 160 вучняў[2], у 1796 г. — 113, у 1802 г. — 142, у 1805 г. — 150[1]. Займаліся ў ёй амаль выключна дзеці шляхцічаў: у 1807 г. з 103 вучняў толькі 3 хлопцы былі з мяшчанаў[3].

Пад час вайны 1812 года калегіум і школа былі ператвораныя французамі на шпіталь. Рэктар В.Тыванкевіч распусціў вучняў дадому, а амаль усіх езуітаў адправіў па мясцовых фальварках. Навучальны год пачаўся толькі ў студзені 1813 г.[4]

Канвікт

правіць

У сярэдзіне 80-х гг. XVIII ст. быў адкрыты канвікт (пансіён) для дзяцей заможнай шляхты. Ён месціўся ў мураваным будынку, размешчаным насупраць калегіума. У 1784 г. у канвікце жылі 12 вучняў[1], у 1796 г. — 22, у 1802 г. — 21, у 1817 г. — 18, а ў 1818 г. — 15. Прычым, зніжэнне колькасці канвіктараў не было звязана з падзеннем яго папулярнасці, бо ў тым жа 1818 г. канвікт быў перабудаваны, каб прымаць не менш за 40 пастаяльцаў[5].

У 1807 г. гадавая плата за знаходжанне ў канвікце складала 100 рублёў срэбрам. Пры гэтым існаваў спецыяльны фонд сям’і Салагубаў, з якога аплачвалася пражыванне пэўнай колькасці вучняў (у 1807 г. такіх было 12)[1].

Музычная бурса

правіць

Таксама пры калегіуме з 1720-х гг. дзейнічала таксама музычная бурса. У 1796 г. у ёй займалася 14 вучняў[1], у 1802 г. — 10, у 1807 г. — 13, у 1817 і 1818 гг. — па 20 вучняў, якія атрымлівалі ад калегіума жытло з ацяпленнем, харчаванне і адзенне[6].

Бібліятэка і аптэка

правіць

Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум і дзякуючы пераезду з Заходняй Еўропы на Беларусь братоў-езуітаў з уласнымі кнігазборамі істотна папоўнілася езуіцкая бібліятэка. Звестак пра яе небагата, але ў акце візітацыі за 1816 год адзначаецца, што «калегіум мае невялікую біблітэку, якая задавальняе, аднак, усе патрэбы»[7]. Яшчэ з 1740 г. пры рэзідэнцыі дзейнічала ўласная аптэка[1].

Значныя постаці калегіума

правіць

Рэктары

правіць
  • Ян Шварц (1783)
  • Марцін Струсінскі (1783—1803)
  • Войцех Абрампальскі (1803—1806)
  • Мацей Алендзкі (1806—1810)
  • Вінцэнцій Тыванкевіч (1810—1814)
  • Вінцэнцій Рыпінскі (1814—1819)
  • Юзаф Пшысецкі (1819—1820)[1]

Выкладчыкі

правіць

Выпускнікі

правіць

Лёс езуіцкай спадчыны ў Мсціславе

правіць

Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) урад перадаў касцёл Святога Міхаіла Ахангела, мураваныя будынкі калегіума, школы і канвікта, а таксама гаспадарчыя пабудовы манахам бернардзінцам. Новыя гаспадары павіны былі працягнуць утрыманне школы, але іх павятовая школа праіснавала толькі з верасня 1822 па 1829 г. Неўзабаве касцёл быў перароблены на праваслаўную царкву, а ў паезуіцкіх будынках размесцілася праваслаўная духоўная семінарыя[1].

У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў, але пасля быў адрамантаваны і выкарыстоўваўся як раённы Дом культуры. Пасля таго, як у ноч на 21 снежня 2017 г. абрынулася частка сцяны, будынак знаходзіцца пад пагрозай поўнага знішчэння. Быў распачаты збор сродкаў на выратаванне касцёла[8]. Таксама захаваліся будынкі корпуса калегіума, аптэкі, канвікта, гаспадарчых пабудоў, а таксама капліца і цагляная агароджа. Робяцца спробы знайсці грошы на рэстаўрацыю калегіума праз праекты тэхнічнай дапамогі, якія рэалізуюцца пры фінансавай падтрымцы ЕС[9].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 131.
  3. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 141.
  4. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 372.
  5. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 211.
  6. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — . 270.
  7. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 229.
  8. Пока есть что спасать. Минкульт просит жертвовать деньги на восстановление костела в Мстиславле. Архівавана 6 сакавіка 2019.
  9. Урбаністычныя стратэгіі гістарычных гарадоў, арыентаваныя на супольнасці (COMUS)” Папярэдняя тэхнічная ацэнка. Рэстаўрацыя будынкаў былога езуітскага калегіўма і эфектыўнае іх выкарыстанне для развіцця горада Мсціслава.

Літаратура

правіць
  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.