Музейны востраў (ням.: Museumsinsel) — назва, якую атрымаў паўночны ўскраек вострава Шпрэеінзель на рацэ Шпрэе ў Берліне, дзе размешчаны цэлы шэраг знакамітых берлінскіх музеяў. Музейны востраў з'яўляецца цэнтрам прыцягнення для турыстаў і знатакоў мастацтва з усяго свету. З 1999 года ўнікальны архітэктурны і культурны ансамбль уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 896
рус.англ.фр.
Музейны востраў на карце Берліна
Від на Музейны востраў з тэлевежы

Гісторыя правіць

У Сярэднявеччы паўночная частка вострава Шпрэеінзель уяўляла сабой заліўныя лугі. У паўднёвай, больш высокай частцы вострава яшчэ ў XIII ст. узнік горад Кёльн, а яго паўночная частка стала пазней садам пры берлінскім Гарадскім палацы. У XVII стагоддзі левы рукаў Шпрэе быў абсталяваны сістэмай каналаў. Узнік цяперашні канал Купферграбен, дзякуючы якому была асушана паўночная частка вострава. Паміж Шпрэе і Купферграбенам узнік Кёльнскі астравок (ням.: Cöllnische Werder), дзе ў другой палове XVII стагоддзя быў пабудаваны Люстгартэн. Да 1748 года аранжарэя Памеранцэнгоф (ням.: Pomeranzenhof) з трапічнымі пладамі, пальмамі і экзатычнымі раслінамі, апошні напамінак пра Люстгартэн, у сувязі з ростам гандлёвай дзейнасці па водных шляхах была пераабсталявана пад склад. Пазней на востраве былі пабудаваны дадатковыя склады, у тым ліку для мукі і солі.

У 1797 годзе кароль Фрыдрых Вільгельм II падтрымаў прапанову археолага і прафесара мастацтвазнаўства Алаіса Гірта стварыць музей для размяшчэння твораў мастацтва антычнасці і Новага часу. У 1810 годзе сваім найвышэйшым указам кароль Фрыдрых Вільгельм III загадаў закласці «публічны збор старанна адабраных твораў мастацтва». Гэтым указам ён пайшоў насустрач заклікам адукаванага бюргерства да стварэння публічных збораў твораў мастацтва, якія станавіліся ўсё больш гучнымі.

У 1822 годзе Карл Фрыдрых Шынкель прадставіў праект новага будынка, паводле якога планавалася вялікая перабудова паўночнай часткі Шпрэеінзель. Апроч музейнага будынка праект забудовы вострава прадугледжваў узвядзенне некалькіх мастоў і працы па выраўноўванні канала Купферграбен. Кіраўніцтва камісіяй па ўзвядзенні музея было ўскладзена на Вільгельма фон Гумбальта.

Першым музеем на Музейным востраве і адначасова першым публічным музеем Прусіі стаў пабудаваны ў 1830 годзе Стары музей. У 1859 годзе адкрыўся Прускі каралеўскі музей (цяпер Новы музей). У 1876 годзе абылося адкрыццё Нацыянальнай галерэі (цяпер Старая нацыянальная галерэя). У 1904 годзе на самым «носе» вострава адкрыўся Музей кайзера Фрыдрыха (цяпер Музей Бодэ, пераназваны ў 1960 годзе ў гонар нямецкага гісторыка мастацтва Вільгельма фон Бодэ). У 1930 годзе на Музейным востраве з'явіўся будынак Пергамскага музея. Дзякуючы Музейнаму востраву, які стаў цэнтрам навукі і мастацтва Берліна, горад заслужыў пахвальную мянушку «Афіны на Шпрэе».

У 1870-я гады назва «Музейны востраў» стала замацавалася за гэтай часткай вострава і была адлюстраваннем прэтэнзій Прусіі на годнае месца культурнай сталіцы Еўропы ў адным шэрагу з Парыжам і Лонданам. У 1880 годзе на канферэнцыі дырэктараў музеяў было прынята рашэнне размясціць на Музейным востраве выключна творы «высокага мастацтва», якім у той час лічылася мастацтва Еўропы і Блізкага Усходу.

Праекты далейшай забудовы ставілі мэтай стварэнне дадатковых выставачных плошчаў для калекцый мастацтва, які ўвесь час раслі. Яшчэ Альфрэд Месель планаваў прыбудаваць да свайго стварэння — будынка Пергамскага музея дадатковы паўднёвы корпус і размясціць у ім Егіпецкую калекцыю. Гэтым планам не наканавана было ажыццявіцца з-за велізарнай колькасці тэхнічных і фінансавых праблем.

 
Музейны востраў. Від на Пергамскі музей і Музей Бодэ

Пры нацыянал-сацыялістах у планы перабудовы Берліна, якія распрацоўвалася Альбертам Шпеерам, быў уключаны і Музейны востраў, дзе меркавалася ўзвесці яшчэ чатыры манументальныя музейныя будынкі па праекце архітэктара Вільгельма Крайса. Паводле гэтага праекта на паўночным беразе Шпрэе насупраць Музея Бодэ павінны былі вырасці Германскі музей, Музей XIX стагоддзя і Музей егіпецкага і пярэднеазіяцкага мастацтва, (які пасля перагляду праекта стаў проста Егіпецкім музеем — найбуйнешай з трох пабудоў з выставачнай плошчай 75 000 м²). Забудова тэрыторыі паміж вуліцамі Фрыдрыхштрасэ, Араніенбургерштрасэ і плошчай Манбіжуплац запатрабавала б пераносу самога палаца Манбіжу. Для ваенна-гістарычных калекцый берлінскага Цэйхгаўза ўздоўж Купферграбена Крайс планаваў пабудаваць будынак Музея сусветнай вайны. Ганс Дустман, імперскі архітэктар гітлерюгенда, прапанаваў у дадатак да новых музеяў у паўночнай частцы вострава стварыць у яго паўднёвай частцы паміж лініяй гарадской чыгункі і Фрыдрыхштрасэ новы Этнаграфічны музей. Усім гэтым маштабным праектам перашкодзіла вайна.

У часы Другой сусветнай вайны музеі вострава былі разбураны больш як на 70 %. Планам іх паступовага аднаўлення пачынаючы з 1950 года застаўся не ахоплены найбольш пацярпелы з усіх Новы музей. Празваныя «ганебнай плямай» руіны Новага музея хацелі знесці, што аднак зацягвалася з-за недахопу плошчаў. Дарагія працы па аднаўленні пачаліся толькі ў 1987 годзе. Прывесці Музейны востраў у поўны парадак планавалася да 1989 года, аднак з прычыны недахопу сродкаў гэтыя працы так і не былі пачаты.

Пасля аб'яднання Германіі ў канцы 90-х гадоў пачаліся маштабныя працы па рэстаўрацыі і аднаўленні Музейнага вострава. У 1999 годзе савет Фонду прускай культурнай спадчыны зацвердзіў генплан Музейнага вострава. Ён прадугледжвае аднаўленне існуючых будынкаў, іх архітэктурнае аб'яднанне ў музейны ансамбль і рэарганізацыю калекцый, падзеленых да 1989 года.

Музейны востраў цяпер правіць

 
Музей Бодэ
 
Пергамскі музей
 
Старая нацыянальная галерэя
 
Стары музей

Паўночны ўскраек Музейнага вострава перасякае мост Манбіжу, які злучае востраў з абодвума берагамі Шпрэе. Абодва масты закрыты для руху грамадскага транспарту і ўтвараюць уваход у Музей Бодэ, будынак трохвугольнай формы ў стылі неабарока, велізарны купал якога ўзвышаецца над паўночнай часткай Шпрэеінзель.

З паўднёвага боку Музея Бодэ востраў перасякае лінія берлінскай гарадской электрычкі, якая аддзяляе будынак Музея Бодэ ад суседняга Пергамскага музея. Гэты самы позні музейны будынак у комплексе на Музейным востраве з'яўляецца самым наведвальным берлінскім музеем, якія карыстаюцца сусветнай вядомасцю дзякуючы такім манументальным антычным экспанатам, як Пергамскі алтар, што даў назву музею. Уваход у музей уяўляе сабой плошчу, абмежаваную з трох бакоў карпусамі музейнага будынка, на якую можна патрапіць з вуліцы Ам-Купферграбен па пешаходным мосце.

З паўднёвага захаду да Пергамскага музея прылягае Новы музей, які пасля Другой сусветнай вайны працяглы час знаходзіўся ў руінах і ў наш час аднаўляецца, а з паўднёвага ўсходу з Пергамскім музеем суседнічае Старая нацыянальная галерэя, якая ўяўляе сабой па стылі антычны храм з высокай лесвіцай пры ўваходзе. Над уваходам у галерэю ўзвышаецца конная статуя Фрыдрыха Вільгельма IV, руцэ якога належаць першыя эскізы будынка. Каля ўваходу ў Нацыянальную галерэю разбіты лужок, аформлены скульптурамі з фонду музея. З поўдня і ўсходу ў Шпрэе лужок абмежаваны каланадамі дарычнага ордара. У летні час тут праводзяцца кінапаказы і канцэрты пад голым небам.

З паўднёвага боку Новага музея і Нацыянальнай галерэі востраў перасякае вуліца Бодэштрасэ, адкрытая для праезду транспарту праз заходні рукаў Шпрэе. Мост Фрыдрыхсбруке, які прылягае да яе, праз усходні рукаў Шпрэе закрыты для механічных транспартных сродкаў. Далей на поўдзень ад гэтай вуліцы ў заходняй частцы вострава знаходзіцца Стары музей і Люстгартэн, а ва ўсходняй частцы — Берлінскі кафедральны сабор. Вузкая вулачка Ам-Люстгартэн, якая праходзіць паміж імі, злучае Бодэштрасэ з найважнейшай транспартнай магістраллю Унтэр-дэн-Ліндэн — Палацавая плошча — Карл-Лібкнехт-Штрасэ, якая абмяжоўвае ціхі ў транспартным плане Музейны востраў з поўдня.

На поўнач ад Берлінскага сабора насупраць Старой нацыянальнай галерэі летнімі вечарамі аматары арніталогіі могуць назіраць дзіўнае відовішча — дзясяткі тысяч шпакоў, якія адпраўляюцца на начлег у каштанавы лясок.

Музеі правіць

Пяць музеяў на Музейным востраве ўваходзяць у музейнае аб'яднанне Дзяржаўныя музеі Берліна, якое ў сваю чаргу з'яўляецца ўстановай Фонду прускай культурнай спадчыны. Музейны востраў у адным шэрагу з Культурфорумам у берлінскім Тыргартэне, комплексам Шарлотэнбургскага палаца і музеямі ў Берлін-Далем утварае адзін з найбольш вядомых музейных цэнтраў Берліна.

У будынках на Музейным востраве пераважна размешчаны археалагічныя калекцыі і мастацтва XIX стагоддзя. Пасля аб'яднання Германіі пачалося аб'яднанне падзеленых раней паміж Захадам і Усходам збораў. У адпаведнасці з генеральным планам Музейнага вострава плануецца рэарганізацыя і сумеснае экспанаванне калекцый усіх музеяў. Новы будынак уваходу, адкрыццё якога запланавана на 2008 год, стане цэнтральным уваходам на Музейны востраў у цэлым. Адначасова ў ім будзе знаходзіцца інфармацыйны цэнтр, кафэ, крамы, рэстараны і залы для спецыяльных мерапрыемстваў і выставак.

У Старым музеі на асноўным паверсе экспануецца частка Антычнага збору: скульптуры, зброя, залатыя ўпрыгожванні і скарбы са срэбра з калекцыі старажытнагрэчаскага мастацтва, пачынаючы з кікладскай эпохі да старажытнарымскай эпохі. На верхнім паверсе музея са жніўня 2005 г. часова размяшчаецца берлінскі Егіпецкі музей, які пераехаў туды з Шарлотэнбурга. У 2009 годзе ён зойме сваё месца ў адбудаваным Новым музеі.

Адноўлены Новы музей пасля адкрыцця ў 2009 годзе прыняў экспазіцыю Егіпецкага музея і зборы папірусаў, у якую ў прыватнасці ўваходзіць знакаміты бюст старажытнаегіпецкай царыцы Неферціці і іншыя творы мастацтва эпохі Эхнатона. У Новым музеі таксама часткова прадстаўлена экспазіцыя Музея дагістарычнага перыяду і ранняй гісторыі, якая адносіцца да каменнага веку і іншых старажытных эпох.

У трох карпусах Пергамскага музея сабраны архітэктурныя аб'екты, старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія скульптуры з Антычнага збору, музея Пярэдняй Азіі, экспанаты якога ахопліваюць шэсць тысяч гадоў гісторыі, мастацтва і культуры Пярэдняй Азіі, і Музея ісламскага мастацтва, у якім захоўваюцца творы мастацтва ісламскіх народаў VIII—XIX стст. Пергамскі музей атрымаў сусветную вядомасць дзякуючы ўражальнай рэканструкцыі археалагічнага ансамбля Пергамскага алтара, брамы Мілецкага рынку, Варотаў Іштар з фрагментам вавілонскай Дарогі працэсій і фрыза са Мшаты. Пасля адкрыцця чацвёртага, размешчанага пакуль на стадыі будаўніцтва корпуса Пергамскага музея ў ім можна будзе ўбачыць такія манументальныя творы са збору Егіпецкага музея, як брама з храмавага комплексу Калабша і калонная зала цара Сахуры, а таксама фасад з Тэль-Халафа з Пярэднеазіяцкага музея, якія яшчэ з часоў вайны знаходзіўся ў музейных запасніках Дзяржаўных музеяў Берліна.

У зборы Старой нацыянальнай галерэі прадстаўлены творы скульптуры і жывапісу XIX ст., пачынаючы з Каспара Давіда Фрыдрыха і французскіх імпрэсіяністаў і да фрэсак назарэйцаў, што тварылі ў Рыме.

У Музеі Бодэ, які адкрыўся 17 кастрычніка 2006 года пасля рэканструкцыі прадстаўлены экспанаты з Музея візантыйскага мастацтва III—XIX стагоддзяў, італьянская і нямецкая скульптура ад ранняга Сярэднявечча да XVIII ст. з Скульптурнага збору. У Манетным кабінеце захоўваюцца серыі манет, якія ахопліваюць перыяд ад VII стагоддзя да н.э., калі першыя манеты чаканіліся ў Малой Азіі, і да манет і медаляў XX стагоддзя, а таксама выбраныя экспанаты старых майстроў з Берлінскай карціннай галерэі.

У 2005 годзе адзін з трох адкрытых для доступу публікі музеяў на Музейным востраве наведаў кожны сёмы наведвальнік берлінскіх музеяў.

 
Від на Музейны востраў з паветра

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць