Музей-сядзіба Васіля Быкава
Музей-сядзіба Васіля Быкава — музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, размешчаны ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Музей-сядзіба Васіля Быкава | |
---|---|
Заснаваны | 18 чэрвеня 2004 |
Месцазнаходжанне | в. Бычкі, Ушацкі раён, Віцебская вобласць |
Выставачная плошча | 45.1 м² |
Адкрыты | 9.00 — 18.00 |
Білет |
40 капеек (для дарослых) 20 капеек (для дзяцей) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дзейнічае як філіял Ушацкага музея народнай славы[1]. У склад музея ўваходзяць адбудаваныя дом, хлеў, пуня, агароджа.
Гісторыя
правіцьМузей заснаваны паводле рашэння Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2004 года і распараджэння Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 1 сакавіка 2004 года[1]. На стварэнне музея ўлады выдаткавалі 80 мільёнаў рублёў[2].
Колішняя хата, у якой да 1940 года жыў пісьменнік, была пабудавана Уладзімірам Хведаравічам Быкавым. З 1976 года яна пуставала і ў 2003 годзе яе разабралі, бо яна згніла, а на яе месцы была ўзведзена дакладная копія[3].
На ўрачыстым адкрыцці сядзібы 18 чэрвеня 2004 года старшыня Ушацкага райвыканкама К. Пачэпка зазначыў, што намагаліся будаваць так, як і было.
На тэрыторыі сядзібы размешчаны хата, у якой прайшло дзяцінства Васіля Быкава, хлеў, гумно. Вакол хаты — дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка.
У хаце, якая складаецца з трох пакояў (жылы пакой, кухня і сенцы) агульнай плошчай 49 м² знаходзіцца этнаграфічна-бытавая экспазіцыя, дзе размешчаны прадметы хатняга ўжытку (альбо іх аналагі), якімі карысталася сям’я Быкавых. Захоўваюцца таксама кнігі з аўтографамі паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны, іншых дзяржаў. Сярод экспанатаў — копіі малюнкаў Васіля Быкава, стужка ганаровага жыхара Ушацкага раёна, асабістыя рэчы пісьменніка[4].
Экспазіцыя носіць мемарыяльны характар, што і абумовіла яе спецыфіку: на аснове тыпалагічных прадметаў быў адноўлены прыжыццёвы абсталюнак, у якім гадаваўся пісьменнік. Пры стварэнні мемарыяльнай экспазіцыі музея за аптымальную дату, на якую і была праведзена асноўная рэстаўрацыя і рэканструкцыя, аднаўленне інтэр’ераў, быў прыняты гістарычны перыяд, звязаны з нараджэннем і юнацкімі гадамі Васіля Быкава[5].
У асноўнай экспазіцыі музея ў сціснутай форме выдзелена гісторыка-біяграфічная частка, пабудаваная па тэматыка-храналагічным прынцыпе. Тут змешчаны дакументы, фотадакументы, аўтабіяграфічныя матэрыялы, літаратурныя выданні.
Зноскі
- ↑ а б Музей-сядзіба Васіля Быкава. // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. (бел.)
- ↑ У вёсцы Бычкі на Вушаччыне адчыніўся мэмарыяльны музэй Васіля Быкава, сястры Быкава не далі перарэзаць чырвоную стужку. // Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2004. (бел.)
- ↑ Музей Васіля Быкава ў Бычках Архівавана 8 красавіка 2022.. // Беларускае Радыё Рацыя, 19 чэрвеня 2017. (бел.)
- ↑ «Даўгая дарога». // Звязда, 3 ліпеня 2019. (бел.)
- ↑ Сядзіба-музей Васіля Быкава Архівавана 28 студзеня 2019.. // Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка. (бел.)
Літаратура
правіць- Аляксандрава, Г. Гэта дом нашай памяці / Г. Аляксандрава // Патрыёт (Ушачы). — 2004. — 23 чэрв.
- Дубровін, А. Не на дзень, а на век / А. Дубровін // Віцебскі рабочы. — 2004. — 22 чэрв.