Музыказнаўства

(Пасля перасылкі з Музыказнаўца)

Музыказнаўства — навука пра музыку, галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду музычных з’яў. Аснова класіфікацыі музыказнаўства  — падзел на гістарычныя і тэарэтычныя галіны адпаведна выкарыстанню гістарычнага і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў мастацкай творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае музыказнаўства вывучае гісторыю музыкі як мастацкі працэс, развіццё нацыянальных музычных культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае музычнае крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэтычнае музыказнаўства даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, музычную форму. Асобныя галіны музыказнаўства — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, музычная сацыялогія, псіхалогія, крытыка.

Тэарэтычнае асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах старажытных цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Старажытнай Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе[ru], музычных ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах[ru]. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага[ru] (мажор) і эалійскага[ru] (мінор) ладоў. Дж. Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вялікай тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору, даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У XVII ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па музычна-тэарэтычных, акустычных і эстэтычных праблемах.

Важны этап у фарміраванні музыказнаўства як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самастойная навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, музыказнаўства склалася ў XX ст.

У Расіі музыказнаўства развівалася з канца XVII стагоддзя ў працах Іаанікія Коранева[ru] («Мусікія», 1660-я гг.) і Мікалая Дылецкага[ru] («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У XVIII ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нацыянальнай музычнай культуры. У XIX ст. ў артыкулах Уладзіміра Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рускай музычнай школы і яе адносіны да інш. нацыянальных школ. Росквіт рускага класічнага музыказнаўства звязаны з дзейнасцю А. Сярова[ru] (увёў тэрмін «музыказнаўства»), У. Стасава, Г. Лароша[ru]. Шмат прац прысвяцілі музыказнаўству кампазітары М. Глінка, П. Чайкоўскі, М. Рымскі-Корсакаў, С. Танееў і інш. У 1920-я гг. створаны спецыяльныя навуковыя ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.

Беларусь

правіць

На Беларусі музычнае жыццё гарадоў у XIX — пачатку XX ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця музычнай крытыкі. Артыкулы і нататкі пра музычнае жыццё ў газеце «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфармацыйны характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некаторых матэрыялах выявіўся зварот да нацыянальнай музыкі, прапанавана праграма стварэння беларускага кірунку ў музычнай культуры. У пачатку XX ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў музычнага мастацтва разглядаліся ў артыкулах М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, З. Бядулі.

У 1920-я гг. фарміраваліся прапагандысцка-асветных тэндэнцыі ў музыказнаўстве ў артыкулах Ю. Дрэйзіна і інш. абагульнены некаторыя новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 годзе выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пачатку 1930-х гг. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навучальныя дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В. Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М. Мацісона, уступныя артыкулы да беларускіх опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне народнай музычнай творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я гг. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню музыказнаўства садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё беларускай прафесійнай музыкі (1925), арганізацыя сімфанічнага аркестра (1928) і опернага тэатра (1933). Характэрнымі жанрамі музычнай публіцыстыкі 1930-х гг. былі творчы партрэт і нарыс.

У канцы 1940-х — 1950-я гг. даследаваліся пытанні прафесійнай музычнай творчасці і нацыянальнай выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра беларускую музыку (І. Нісневіч, Б. Смольскі, Г. Цітовіч), яе вядучыя жанры (С. Нісневіч, В. Сізко), музычныя калектывы (Л. Мухарынская, Б. Смольскі, І. Жыновіч). Распрацоўваліся эстэтычныя праблематыка нацыянальнай музыкі, актуальныя пытанні беларускай музычнай творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, музычнай мовы[en], узаемаадносін прафесійнай і народнай музыкі.

Да 1960-х гг. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэтычных асноў нацыянальнага мастацтва. У працах абагульняльнага характару беларускай музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нацыянальная народная музыка, музычная культура Беларусі ад сярэднявечча да XX ст., сучасная беларуская музычная творчасць і выканальніцтва, эстэтычныя праблемы нацыянальнага музычнага мастацтва і інш. Цэнтрамі навукова-даследчай думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 годзе аддзела музыкі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі.

Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на музычна-педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка і Беларускім універсітэце культуры.

У 1960—1990-я гг. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навуковых прац па гісторыі нацыянальнай музычнай культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра беларускую прафесійную музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Інстытута гісторыі мастацтваў Міністэрства культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кнігі 1—4, 1990—1997; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1998 за кнігі 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай беларускай музычнай культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычньм нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»), Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў беларускай музыкі (асобных жанраў, пытанняў музычнага стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нацыянальнага і інтэрнацьмнальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С. Нісневіч, Н. Юдзеніч, В. Сізко, Г. Куляшова, Т. Дубкова, Г. Глушчанка, К. Сцепанцэвіч, Т. Шчарбакова, І. Назіна, Р. Аладава, Л. Сцяпура, В. Савіцкая, А. Друкт, Р. Сергіенка, Т. Ляшчэня, Т. Шчэрба, В. Антаневіч, А. Смагін, Н. Юўчанка, Т. Дзядзюля, Э. Алейнікава, А. Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць беларускіх кампазітараў, выканаўцаў і музычных калектываў (І. і С. Нісневічы, Л. Мухарынская, Г. Куляшова, Т. Дубкова, І. Зубрыч, A. Ракава, Дз. Жураўлёў, Н. Калеснікава, Л. Аўэрбах), біябібліяграфічныя даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Дз. Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т. Мдывані і Р. Сергіенка (1997).

З 1970 года выходзіць шматтомнае навуковае выданне беларускага фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х гг. распрацоўваецца праблематыка музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да XIX ст., даследуецца царкоўная музыка Беларусі (Л. Касцюкавец, B. Дадзіёмава, В. Пракапцова (Масленікава), А. Капілаў, А. Ахвердава, Т. Ліхач, У. Неўдах). Узбагацілася тэарэтычная літаратура па праблемах народнай музыкі (Г. Цітовіч, В. Ялатаў, Л. Мухарынская, З. Мажэйка, Т. Якіменка, Т. Варфаламеева), ствараецца вучэбная літаратура па беларускай музыцы і беларускай народнай творчасці для музычных навучальных устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэтычная праблематыка (А. Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімфанічнага (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэтычныя праблемы расійскай, савецкай, зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М. Шыманскі, Мдывані, Б. Златавярхоўнікаў, Н. Сцяпанская, А. Гарахавік, К. Дулава і інш.), музычнай сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Беларускія музыказнаўцы ўдзельнічаюць у музычным жыцці Беларусі, вядуць музычна-асветніцкую працу, займаюцца крыгычнай дзейнасцю, выступаюць у перыядычным друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х гг. удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.

Літаратура

правіць
  • Аладава Р. М., Глушчанка Г. С. Музыказнаўства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Серов А. Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А. Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
  • Глебов Игорь [Асафьев Б. В. ]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
  • Рыжкин Н., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
  • Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретнческне очеркн н этюды. М., 1970;
  • Музыказнаўства //Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
  • Дубкова Т. А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстзоыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
  • Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
  • Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
  • Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Спасылкі

правіць