Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Мінску, размешчана ў былым доме губернатара на плошчы Свабоды, 7.

Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Выява лагатыпа
Дата заснавання 15 кастрычніка 1935
Тып каледж і гімназія
Размяшчэнне
rmcollege.by

Гісторыя правіць

15 кастрычніка 1935 г. Пастановай Саўнаркама БССР было адкрыта аддзяленне юных талентаў пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У даваенныя гады ў дзіцячых класах вучыліся 25-30 чалавек толькі на двух аддзяленнях — фартэпіянным і струнным (скрыпка, віяланчэль). У праграму навучання таленавітых дзяцей былі ўключаны толькі спецыяльныя музычныя дысцыпліны, якія вялі прафесары і педагогі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі А. Амітон, М. Бергер, А. Бяссмертны, А. Віўен, А. Клумаў, Г. Пятроў, А. Стагорскі, Р. Шаршэўскі і інш. Навучэнцы дзіцячых класаў шмат канцэртавалі, дэманструючы творчыя поспехі і выканальніцкае майстэрства. У 1940 г. многія навучэнцы, нароўні з дарослымі артыстамі, удзельнічалі ў канцэртах Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве[1].

У гэты час адзяленне скончылі будучыя заслужаныя артысты БССР Г. Клачко, С. Асновіч, народны артыст РСФСР Б. Афанасьеў, доктар філасофскіх навук А. Ладыгіна, прафесары Белдзяржкансерваторыі Л. Бяссмертная, В. Рахленка, І. Цвятаева, музыказнавец І. Зубрыч і шматлікія іншыя[1].

Перапыненая вайной дзейнасць аддзялення аднавілася ў 1946 г. Распараджэннем Савета Міністраў у 1947 г. на яго базе створана Рэспубліканская музычная школа-дзесяцігодка пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага. Школы павінна была рыхтаваць музыкантаў-выканаўцаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Школе быў вылучаны былы дом губернатара на плошчы Свабоды. Адкрыліся новыя аддзяленні: духавое і народнае, а пазней — тэарэтычнае і дырыжорска-харавое. Навучэнцы атрымлівалі комплексную адукацыю як па спецыяльных, так і па агульнаадукацыйных прадметах. Для працы на новых аддзяленнях былі запрошаны Э. Азарэвіч, А. Болатаў, Р. Назаранка, Арлоў, С. Розенман, Ю. Цёмкін, У. Харытонаў, М. Шмелькін[1].

У 1952 г. у школе было адкрыта спецыяльнае аддзяленне тэорыі музыкі. У 1955 годзе школа брала ўдзел у Другой дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве, па выніках якой яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР. Пацверджаннем высокіх творчых дасягненняў сталі перамогі вучняў і выпускнікоў школы на выканальніцкіх конкурсах розных рангаў: Бельчанка — лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя Ф. Ліста, Э. Міянсараў — лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага, Л. Талкачова — лаўрэат Міжнароднага конкурсу ў Балгарыі[1].

У 1963 г. загадам Міністра культуры Рэспубліканская музычная школа-дзесяцігодка была перайменавана ў Сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (ССМШ пры БДК). У 1960-я гады ў школе адкрыўся гурток кампазіцыі пад кіраўніцтвам Р. Суруса (1967). Значны ўнёсак у справу выхавання юных кампазітараў унёс вядомы беларускі кампазітар К. Цесакоў, які працаваў тут з 1972 года. Навучэнцы, схільныя да творчай дзейнасці, атрымалі магчымасць паступлення на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі. Школа ўзгадавала многіх праслаўленых музыкантаў, сярод якіх І. Лучанок, Д. Смольскі, С. Картэс, В. Раінчык, С. Бельцюкоў, У. Дарохін, В. Капыцько, В. Кондрасюк і інш[1].

У 1968 г. пад кіраўніцтвам І. Жураўленкі ў ССМШ пры БДК было створана харавое аддзяленне. Дзякуючы ініцыятыве гэтага хормайстра ў школе неўзабаве быў створаны хор хлопчыкаў[1].

Навучальная праца школы ў 1970-1990-я гады ажыццяўлялася на розных аддзяленнях: фартэпіянным, струнным, народным, духавым, харавым, тэарэтычным і камернага ансамбля. У школе былі арганізаваны творчыя і канцэртныя калектывы, якія плённа ўдзельнічалі ў музычным жыцці горада і рэспублікі[1].

У 1990 г. ССМШ была перайменавана ў Музычны ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага, у 1992 г. — у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай акадэміі музыкі. У 1997 г. у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ліцэй ператвораны ў Рэспубліканскі навучальны комплекс гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а ў 2007 г. атрымаў цяперашнюю назву[1].

2 жніўня 2020 года Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўрачыста адкрылася пасля рэканструкцыі будынка[1].

Кіраўніцтва правіць

Дзейнасць правіць

У Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вядзецца навучанне на аснове агульнага базавага (9 класаў) і агульнага сярэдняга (3 курсаў) адукацыі. На базе 9 класаў — па 8 спецыяльнасцях (кірунках спецыяльнасцей), на базе 3 курсаў — па спецыяльнасці «Спевы акадэмічныя».

Спецыяльнасці (кірункі спецыяльнасцяў) правіць

  • 2-16 01 02 Дырыжаванне
    • 2-16 01 02-02 Дырыжаванне (акадэмічны хор)
    • 2-16 01 02-03 Дырыжаванне (народны хор)
  • 2-16 01 31 Інструментальнае выканальніцтва
    • 2-16 01 31 01 Інструментальнае выканальніцтва (фартэпіяна)
    • 2-16 01 31 02 Інструментальнае выканальніцтва (аркестравыя струнна-смычковыя інструменты)
    • 2-16 01 31 04 Інструментальнае выканальніцтва (аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты)
    • 2-16 01 31 05 Інструментальнае выканальніцтва (інструменты народнага аркестра)
  • 2-16 01 32 Спевы акадэмічныя
  • 2-17 03 01 Мастацтва эстрады
    • 2-17 03 01-01 Мастацтва эстрады (інструментальная музыка)
  • 2-21 04 31 Музыказнаўства

Цыклавыя камісіі правіць

Навучальная праца ў каледжы ажыццяўляецца цыклавымі камісіямі — метадычнымі аб’яднаннямі выкладчыкаў па роднасных дысцыплінах. У каледжы функцыянуюць 16 цыклавых камісій:

  • Акадэмічны хор
  • Народны хор
  • Спецыяльнае фартэпіяна
  • Аркестравыя струнна-смычковыя інструменты
  • Аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты
  • Інструменты народнага аркестра (баян, акардэон)
  • Інструменты народнага аркестра (струнныя)
  • Мастацтва эстрады
  • Музыказнаўства
  • Спевы
  • Агульнаадукацыйныя дысцыпліны
  • Агульны курс музычна-тэарэтычных дысцыплін
  • Агульнае фартэпіяна
  • Аркестравае дырыжаванне
  • Канцэртмайстарскі клас і камерны ансамбль
  • Практыка

Творчыя калектывы правіць

У каледжы актыўна дзейнічаюць 3 харавыя, 8 аркестравых калектываў, 7 інструментальных ансамбляў.

Зноскі

Спасылкі правіць