Муснікі
Муснікі[1], таксама Му́снінкай (літ.: Musninkai) — мястэчка ў Шырвінцкім раёне Віленскага павета Літвы, на рацэ Мусе. Цэнтр Мусніцкай сянюніі. Месціцца за 13 км на паўднёвы ўсход ад Шырвінтаў.
Мястэчка
| ||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьПершы пісьмовы ўпамін пра Муснікі датуецца 1422 годам у тастаменце Крысціна Осціка з Кернавы, які падзяліў паміж сваімі сынамі маёнткі, у тым ліку і Муснікі. З гэтага часу яны ёсць адным з вотчынных маёнткаў Радзівілаў. Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Muschnyki (6 снежня 1522 года)[2]; па-старабеларуску Мусники (1553 год)[3].
Былі ўласнасцю Радзівіла Осцікавіча і Мікалая Радзівілавіча, пасля смерці апошняга ў 1509 годзе яго сын Ян атрымаў Старыя Муснікі ў Літве, Геранёны і частку Харэцкай воласці на Беларусі. Яго ўладанні рэзка павялічыліся пасля шлюбу з Ганнай, дачкой Станіслава Кішкі[4]. Мікалай Радзівіл Руды пісаўся як Радзівіл на Мусніках і заснаваў тут кальвінскі збор. Яго сястра Барбара Радзівіл некаторы час тут жыла, ужо як жонка Жыгімонта Аўгуста. Калі руін двара ёсць трохпавярховая мураваная капліца святой Барбары, паводле падання ўзведзеная Барбарай Радзівіл у падзяку за цудоўнае выратаванне падчас пераправы праз раку Мусу.
У пачатку XVII ст. Муснікі перашлі да роду Кішкаў, які згас у 1653 годзе на Янушы Кішку, полацкім ваяводсе і вялікім гетмане літоўскім. У 1654 годзе Муснікі перашлі да менскага ваяводы Крыштафа Рудаміны-Дусяцкага, пазней (з 1767) да роду Падбярэскіх. У 1782 годзе двор належаў Гіпаліту Падбярэскаму, віленскаму земскаму суддзі.
Да 1522 года тут пабудаваны касцёл, у 1614 годзе ўфундаваны віцебскім ваяводсічам Станіславам Кішкам.
Расійская імперыя
правіцьПасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Муснікі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. У 1834 годзе ў Мусніках памёр іх уладальнік віленскі падкаморыюй Аляксандр Падбярэскі. Далей Муснікі перайшлі да яго брата суддзі Ксаверыя Падбярэскага, а потым да яго сына Міхала Падбярэскага, вядомага прамыслоўца і фабрыканта. У 1855 годзе ўзведзены мураваны касцёл намаганнямі Міхала Падбярэскага і парафіян.
У снежні 1905 года падчас рэвалюцыі жыхары скінулі гарадское праўленне.
Найноўшы час
правіцьЗ 1918 года ў складзе Літвы. У 1918 годзе пасля адыходу нямецкіх войскаў Муснікі былі акупаваныя бальшавікамі, а ў 1919 годзе захоплены польскім войскам. 19—20 лістапада 1920 года каля Муснікаў адбыліся баі паміж часцямі літоўскага войска і польскага войска Люцыяна Жалігоўскага. Паводле пагадненняў тэрыторыя засталася за літоўцамі.
З 1940 года ў складзе Літоўскай ССР. 5 верасня 1941 года загадам нямецкіх акупацыйных улад каля 180 яўрэяў мястэчка Муснікі знішчаны ў Півонскіх лясах каля Вількаміра. У ліпені 1944 года Ёнас Місюнас (па мянушцы Зялёны Д’ябал) пачаў збіраць літоўскіх партызан, яны двойчы займалі горад і вызвалялі арыштаваных. У 1940—1941 і 1944—1953 гадах савецкія ўлады зняволілі або выслалі больш за 40 жыхароў.
З 1990 года ў складзе адноўленай незалежнай Літвы. У 2019 годзе зацверджаны герб мястэчка.
Насельніцтва
правіць- каля 1885 года — 186 чал. (95 муж. і 91 жан.)[5]
- 2011 год — 415 чал.
Славутасці
правіць- Званіца
- Капліца прыдарожная
- Касцёл Святой Тройцы (1861)
- Сядзіба
Галерэя
правіць- Краявіды Муснікаў
-
Касцёл
-
Капліца прыдарожная
-
Званіца
-
Алея ў парку
Крыніцы
правіць- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 3 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 352 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-298-0. С. 80.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 150—151.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
- ↑ Насевіч В. А. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. // Pawet.net.
- ↑ Krzywicki J. Muśniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 814.
Літаратура
правіць- Muśniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 814.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Муснікі
- Муснікі на сайце Radzima.org