Касцёл Святога Станіслава (Мядзел)

(Пасля перасылкі з Мядзельскі касцёл святога Станіслава)
Касцёл Святога Станіслава. Здымак пачатку XX стагоддзя.

Касцёл Святога Станіслава — касцёл, які існаваў у Мядзеле з 1454 да 1942 года. У другой палове 19 стагоддзя ў архітэктуры касцёла спалучаліся элементы стыляў барока і класіцызму.

Да пачатку 20 стагоддзя Мядзел падзяляўся на два мястэчкі — Стары Мядзел і Новы Мядзел, у выніку чаго да Другой сусветнай вайны ў кожнай з частак існавала асобная парафія[1]. Касцёл Святога Станіслава знаходзіўся ў Новым Мядзелі, а ў Старым Мядзелі дзейнічаў Касцёл Маці Божай Шкаплернай, які быў збудаваны ў Старым Мядзелі ў 1754 годзе. Апошні касцёл часта памылкова лічаць касцёлам Святога Станіслава, блытаючы яго з касцёлам у Новым Мядзелі[2].

ГісторыяПравіць

Касцёл быў пабудаваны ў 1454 годзе ў Новым Мядзелі — мястэчку, якое на той час належала каралю. Фундатарам з'яўляўся кашталян Андрэй Саковiч.

У 1500 годзе падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1500—1503 гадоў мястэчка было знішчана, а касцёл — спалены[3].

У 1543 годзе на месцы былога касцёла былі пабудаваныя капліца і двор[3].

У 1744 годзе Мядзельская парафія ў Свірскім дэканаце і Віленскай дыяцэзіі ўключала ў сябе наступныя населеныя пункты: Мядзел, Стары Мядзел, Вялікая Вузла, Хамінаў Вугал, Брулы, Брусы, Малая Вузла, Сваткаўшчына, Мацкі, Шкленікава, Трыданы, Ляхавічы, Закубіле, Некасецк, Горбы, Зуцун, Слабодка, Нагаўкі, Смыш, Пазарцы, Вішторды, Буце, Сакалова, Самсонава, Куровіца, Ражкі, Чарняты, Ветычаты, Іванкі, Чучэлічы, Востраў, Стахоўцы, Гатавічы, Белеўшчызна, Хадосы[4].

У 1843 годзе касцёл уваходзіў у Мінскую дыяцэзію Надвіленскага дэканата. 1850 год — касцёл у складзе Віленскай дэцэзіі Надвіленскага дэканату[4].

У 1852 касцёл быў пашкоджаны ў выніку пажару і аднаўляўся на сродкі парафіянаў[1]. У 1872 годзе Мядзельская парафія налічвала 4130 каталікоў, на могілках існавала капліца[4].

2 лістапада 1942 касцёл зноў быў спалены і больш не ўзнаўляўся[4].

Месцазнаходжанне і архітэктураПравіць

Касцёл быў збудаваны з дрэва і знаходзіўся на беразе возера Мястра. Цяпер на гэтым месцы размяшчаецца мядзельскі гарадскі рэстаран[2].

У першай палове 19 стагоддзя касцёл размяшчаўся на цэнтральным пляцы мястэчка Новы Мядзел. Уяўляў сабой драўляны храм крыжовай кампазіцыі. Меў купал у цэнтральнай частцы і дзве сакрыстыі пры прэзбітэрыі. На галоўным фасадзе знаходзіліся дзве чацверыковыя дзвух’ярусныя вежы, якія завяршаліся барочнымі фігурнымі купаламі. Па баках уваходу ў будынак былі размешчаныя падвойныя высокія круглыя калоны, якія неслі франтон з паўцыркульным акном. Унутры касцёла знаходзіліся 6 алтароў «старасвецкай разьбы»[1].

Пасля 1852 года пасля рэканструкцыі санктуарый стаў прамавугольным, а сам касцёл быў вертыкальна ашаляваны і пакрыты гонтавым дахам[1].

ЛітаратураПравіць

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 226-227.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Касцёл Святога Станіслава // Каталіцкія святыні. Частка І. Мінск, Про Хрысто, 2003
  2. 2,0 2,1 Мядель // Глобус Беларуси
  3. 3,0 3,1 Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 o. Jan Fibek OFMCap

СпасылкіПравіць