Мясцовы час (гурт)
«Мясцо́вы час» — беларускі рок-гурт з Полацка.
Мясцовы час | |
---|---|
Жанры | рок-музыка |
Гады | 1987—1992, 1997—2000 |
Краіна | Беларусь |
Горад | Полацк |
Мова песень | беларуская, руская |
Лэйблы | |
Склад |
Гісторыя
правіцьПачатак творчасці
правіцьГурт створаны ў 1987 годзе ў Полацку. Заснавальнікамі былі Алесь Кузьмін (Алуф) і Вячаслаў Макас — навучэнцы Полацкага палітэхнікума. Спачатку называўся «Местное время» і спяваў на рускай мове. У 1987 годзе да гурта далучыліся барабаншчык Аляксандр Свідрыцкі і гітарыст Валерый Драко.
Гурт робіць першы дэма-запіс «Местное время» і прымае ўдзел у некалькіх канцэртах, на якіх знаёміцца з «Мрояй». Пад уплывам «Мроі», а таксама Сержука Сокалава-Воюша і Алеся Аркуша, гурт пачынае спяваць па-беларуску і мяняе назву на «Мясцовы час».
З траўня 1990 года гурт пачаў стала супрацоўнічаць з Алесем Аркушам. Тэксты ў гурце пісалі Аляксандр Свідрыцкі і Алесь Кузмін па-руску, на беларускую мову іх перакладаў Алесь Аркуш, пераклаў тэксты песень з альбомаў «Мой дом» (1990) і «Наша ўскраіна» (1991).
Першыя поспехі
правіцьУ 1988 годзе «Мясцовы час» удзельнічае ў Наваполацкім гарадскім фэсце, дзе атрымлівае прыз «Надзея фэсту», прыз глядацкіх сімпатый і прыз за найлепшую аўтарскую песню.
Песня «Наш шлях» трапляе на хіт-парад радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і перамагае па выніках галасавання. Пазней песні «Вартаўнік» і «Будзе так» трапляюць на зборнік «Хіт-Парад Беларускай Маладзёжнай», які выдавала ўсесаюзная фірма «Мелодыя».
У 1989 годзе запісваецца першы альбом Слота, гурт удзельнічае ў фэсце «Рок-крок». У тым жа годзе ў гурце з’яўляецца клавішнік Руслан Парфёнаў.
У красавіку 1990 года гурт удзельнічае ў фэсце «Рок-кола» і запісвае другі альбом Мой дом. У 1991 годзе «Мясцовы час» прымае ўдзел у Мінскім фэсце «Тры колеры», дзе знаёміцца з мазырскім гуртам «Отражение», які ў той час ствараў уласную гуказапісвальную студыю. На гэтай студыі «Мясцовы час» запісвае свой самы паспяховы альбом Наша ўскраіна. У гэтым жа годзе гурт удзельнічае ў фэсце беларускай музыкі «Басовішча» (прыз «Найлепшая група»), праводзіць акустычны канцэрт у Полацкай Сафіі. Таксама музыкі прымаюць удзел ў вялікім канцэрце «Рок за незалежнасць», што праводзіўся на плошчы Леніна ў Мінску.
У 1992 годзе гурт зноў удзельнічае ў «Басовішчы», праводзіць канцэрты ў Мінску і Мазыры.
Распад гурта
правіцьПаступова ў гурце з’яўляюцца фінансавыя праблемы, пагаршаюцца адносіны паміж музыкамі. Алесь Кузьмін і Руслан Парфёнаў спрабуюць запісаць дэма для шведскай гуказапісвальнай кампаніі. У канцы 1992 года гурт распадаецца.
У 1997 годзе Алесь Кузьмін, Аляксандр Свідрыцкі і Валеры Драко спрабуюць ізноў аднавіць гурт. Замест бас-гітарыста Вячаслава Макаса прыходзіць Уладзіслаў Пальшын. З новым складам гурт запісвае новы альбом Халі-галі, удзельнічае ў канцэрце «АнтыСНІД», фэсце «Стракаты сусвет» і ў «Славянскім базары».
У 1999 годзе Аляксандр Свідрыцкі трапляе за краты. У 2001 годзе вакаліст Алесь Кузьмін з’язджае ў Германію. Гурт распадаецца канчаткова.
У 2012 годзе трагічна загінуў Аляксандр Свідрыцкі. У 2023 годзе ў пажары загінуў Валеры Драко.
Удзельнікі
правіць- Алесь Кузьмін — гітара, спеў
- Вячаслаў Макас — бас-гітара, спеў (да 1992)
- Валерый Драко — гітара, памёр у 2023 г.
- Аляксандр Свідрыцкі — барабаны (да 1999), памёр у 2012 г.
- Руслан Парфёнаў — клавішныя (1989—1992)
- Уладзіслаў Пальшын — бас-гітара (1997—2000)
- Аляксей Павукоў — барабаны (1999—2000)
- Сяргей Часнакоў — гітара (2000)
Дыскаграфія
правіцьАльбомы
правіць- «Местное время» (1987)
- «Слота» (1989)
- «Мой дом» (1990)
- «Наша ўскраіна» (1991)
- «Халі-галі» (1997)
Зборнікі
правіць- Хіт-парад «Беларускай маладзёжнай» (1990) — «Вартаўнік», «Будзе так»
- Вольныя танцы: слухай сваё (1999) — «Песня пра любоў»
- Генералы айчыннага року (2004) — «Наш шлях»
- Песьні свабоды (2006) — «Я жыў»
- Песні свабоды-2 (2006) — «Наша ўскраіна»
Літаратура
правіць- Д.П. «МЯСЦОВЫ ЧАС» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі (бел.) / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 194. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-6783-42-8.
Спасылкі
правіць- «Мясцовы час» на радыё Свабода
- Мясцовы час» . Тузін Гітоў. Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2011. Праверана 21 лютага 2017.
- Лідэр «Мясцовага часу» — герой мінулага / naviny.by