Міжнародны дзень роднай мовы
Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы (на іншых афіцыйных мовах ААН: англ.: International Mother Language Day, ісп.: Día Internacional de la Lengua Materna, фр.: la Journée internationale de la langue maternelle, араб. اليوم العالمي للغة الأم, кіт.: 國際母語日, руск.: Международный день родного языка) — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш (1999). Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года[1] ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення[2]. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы[3] і заклікала дзяржаў-членаў ААН і Сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.
Тэмы святаПравіць
- 2002 — «Моўная разнастайнасць» (лозунг Міжнароднага дня: «У галактыцы моваў кожная з іх — зорка»)
- 2004 — «Навучанне дзяцей»
- 2005 — «Брэйль і мовы знакаў»
- 2006 — «Мовы і кіберпрастора»
- 2007 — «Шматмоўная адукацыя»
- 2008 — «Міжнародны год моў»
- 2010 — «Міжнародны год збліжэння культур»[4]
- 2011 — «Інфармацыйныя тэхналогіі і камунікацыі дзеля захавання і папулярызацыі моў і моўнае разнастайнасці»
- 2012 — «Шматмоўе ў інтарэсах інклюзіўнай адукацыі»
- 2013 — «Кніга для навучання на роднай мове»
- 2014 — «Мясцовыя мовы ў інтарэсах глабальнай граадзянскасці: навука ў цэнтры ўвагі»
- 2015 — «Інклюзіўная адукацыя пры дапамозе мовы. Мовы — гэта важна!»
- 2016 — «Якасць адукацыі, мова (мовы) выкладання і вынікі навучання»
- 2017 — «Устойлівая будучыня на аснове шматмоўнага навучання»
- 2018 — «Захаванне лінгвістычнай разнастайнасці і прасоўванне шматмоўя ў рамках дасягнення мэтаў устойлівага развіцця»
- 2019 — «Мовы карэнных народаў важныя для ўстойлівага развіцця, пабудовы міра і прымірэння»
БеларусьПравіць
Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі ад часу залічэння ў 2009 годзе Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры беларускай мовы да ліку загрожаных. Ад таго часу бібліятэкі прысвячаюць святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, у т.л. у выставу «Захаваем моўную і культурную разнастайнасць і шматмоўе» ў Мінску. Музеі ладзяць публічныя чытанні беларускамоўных твораў мастацкай літаратуры пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі[5][6].
З 2008 года Таварыства беларускай мовы праводзіць у гэты Дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Таксама праводзяцца прэзентацыі новых беларускамоўных кніг, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты.
У 2020 годзе самая буйная імпрэза да Дня роднай мовы адбылася ў мінскім культурным хабе ОК16. На шасці пляцоўках праходзілі майстар-клясы, лекцыі, квэсты, фудтракі і канцэрты. Напрыканцы свята выступіў Лявон Вольскі[7].
Зноскі
- ↑ Інфармацыя на старонцы ЮНЕСКА (англ.)
- ↑ Міжнародны дзень роднай мовы на сайце ЮНЕСКА(руск.)
- ↑ Рэзалюцыя № Α/RES/56/262
- ↑ http://www.tbm-mova.by/dzenrodnajmovy
- ↑ Бардзілоўская Н. Сёння Міжнародны дзень роднай мовы // Белтэлерадыёкампанія, 21.2.2012
- ↑ Пастушэнка Т. Мінкультуры заклікае актыўней выкарыстоўваць у штодзённым жыцці беларускую мову // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22.2.2012
- ↑ svaboda.org
Гл. таксамаПравіць
- Міжнародны год моў (2018 год)
- Міжнародны год моў карэнных народаў (2019 год)