Мікалай Аляксандравіч Максімец

Мікалай Аляксандравіч Максімец (нар. 1905, г. Беласток, Гродзенская губерня — 15 красавіка 1956) — беларускі архітэктар.

Мікалай Аляксандравіч Максімец
Дата нараджэння 1905
Месца нараджэння
Дата смерці 15 красавіка 1956(1956-04-15)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Мікалай Максімец у 1927 годзе

Беларус. Нарадзіўся ў 1905 годзе ў Беластоку ў сям’і чыгуначніка. У сям’і, акрамя Мікалая, было яшчэ 5 дзяцей: браты Міхаіл, Уладзімір, Георгій (Жоржык) і сёстры — Надзея і Вольга[1]. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я была эвакуіраваная ўглыб Расіі, адкуль вярнулася ў родныя мясціны ўжо пасля Грамадзянскай вайны. Мікалай жа разам з братам Міхаілам[1] падаўся ў Ленінград, дзе ў 1936 годзе скончыў Інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва па спецыяльнасці «архітэктар»[2].

Архітэктар-праекціроўшчык дарожнага аддзела Гаркамгаса г. Калінін. Арыштаваны 8 верасня 1937 года. Паводле яго жонкі, падставай для арышту стаў данос сакурсніка. Асуджаны 28 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС СССР як «польскі шпіён» да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Нагодай магло быць паходжанне ды кантакты са сваякамі ў Заходняй Беларусі, якія Мікалай не хацеў абрываць. Частку тэрміну адбываў на поўначы, у Архангельскай вобласці. Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Яўстоліяй Папоўскай, якая перажыла найстрашнейшую зіму 1941—1942 гадоў у блакадным Ленінградзе. Пасля зняцця блакады яе эвакуявалі ў тыл, дзе прызначылі на гаспадарчыя працы ды ў хуткім часе за няўважлівасць далі тэрмін з фармулёўкай «сабатаж». Мікалая ў пэўны момант узялі ў лагерную кантору чарцёжнікам, што аўтаматычна вызваляла ад рабскай працы ў нялюдскіх умовах. Захавалася цэлая калекцыя лагерных малюнкаў Максімца: у асноўным партрэты іншых зняволеных ды суворыя паўночныя пейзажы[2].

У траўні 1947 года пасля вызвалення Максімец разам з жонкай адправіліся ў Гродна, дзе жылі яго састарэлы бацька, брат ды сястра. Як былому вязню, прапіскі ў абласным цэнтры яму не далі, зарэгістравацца атрымалася толькі ў Лідзе[2].

Памёр 15 красавіка 1956 года. Праз тры месяцы, 9 жніўня 1956 года Ваенным трыбуналам Маскоўскай вайсковай акругі поўнасцю рэабілітаваны «за адсутнасцю складу злачынства»[2].

 
Мікалай Максімец разам з сям’ёй у Гродне. 1950-я

У 1970-я гады ў зусім маладым узросце ад раку крыві памерла дачка Наталля. У 1990-я перад смерцю Яўстолія Рыгораўна паспела перадаць малюнкі, фотаздымкі і дакументы свайго мужа блізкай сям’і, якая яе даглядала[2].

Творчасць

правіць
 
Праект школы-інтэрнату для сляпых дзяцей у Гродне, 1954
 
Праект паркавага будынка

Па праектах Максімца былі збудаваныя ці адноўленыя дзясяткі будынкаў у Гродне ды Гродзенскай вобласці[2]. Працаваў у тым ліку над праектам санаторыя «Беларусь» у г. Друскінінкай[1]. Аўтар фантана з дэкаратыўнай чашай у цэнтры круглага басейна, пастаўленага ў 1950-я гг. у Цэнтральным скверы на плошчы Савецкай[3].

Крыніцы

правіць
  1. а б в Рисунки из ГУЛАга. Архив Николая Александровича Максимца. Архівавана 30 студзеня 2021.
  2. а б в г д е Аповяд лагерных малюнкаў рэпрэсаванага архітэктара
  3. Фонтаны // Гродно: Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1989. — 440 с. — ISBN 5-85700-015-7.

Спасылкі

правіць