Мікалай Аляксандравіч Назарчук
Мікалай Аляксандравіч Назарчук (5 жніўня 1927[1], хутар Трафімаў Лясок непадалёку ад в. Санюкі, цяпер ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці — 4 студзеня 2019, Мінск, Беларусь) — беларускі жывапісец, графік, педагог.
Мікалай Аляксандравіч Назарчук | |
---|---|
Дата нараджэння | 7 верасня 1927 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 студзеня 2019 (91 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, педагог |
Месца працы | |
Жанр | гістарычная карціна, сюжэтна - тэматычная карціна, пейзаж, партрэт, нацюрморт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Уплыў | Валянцін Віктаравіч Волкаў, Аляксандр Пятровіч Мазалёў, Віталь Канстанцінавіч Цвірка і Акім Міхайлавіч Шаўчэнка |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьСкончыў 7 класаў Санюкоўскай сярэдняй школы у 1941. У вайну жыў на акупіраванай тэрыторыі. Пасля вызвалення Ельскага раёна ў студзені 1944 быў прыцягнуты да вучобы на арганізаваных у Мазыры курсах размінёраў. З сакавіка 1944 на працягу васьмі месяцаў баец-размінёр М. Назарчук удзельнічаў у абясшкоджванні боепрыпасаў: мін і снарадаў, якія засталіся ў месцах нядаўніх баёў. За ўдзел у гэтай складанай і небяспечнай працы[2] і праяўленую мужнасць быў прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. У канцы 1944 быў прызваны ў РСЧА. 14 снежня 1944 года 17-гадовы юнак прыняў прысягу і пачаў ваенную службу ў артылерыйскім палку. У лістападзе 1946 быў дэмабілізаваны.
Узнагарода знайшла свайго ўладальніка у 1947, ён атрымаў медаль «За адвагу».
Яшчэ да вайны, вучнем сярэдняй школы, М. Назарчук праявіў схільнасць да малявання. Яго талент быў заўважаны мастаком Рыднеўскім, які ў дарэвалюцыйны час скончыў Кіеўскую рысавальную школу. З часам Рыднеўскі пераехаў на жыхарства ў Ельск, дзе пісаў абразы, выконваў сценапіс у мясцовых храмах. Прафесійны мастак Рыднеўскі даў свайму вучню першыя веды ў мастацтве малюнка і жывапісу. Кантакты з Рыднеўскім узнавіліся пасля дэмабілізацыі М. Назарчука і паўплывалі на яго рашэнне атрымаць мастацкую адукацыю.
24 жніўня 1947 ён напісаў заяву аб залічэнні[3] і быў прыняты ў Мінскае мастацкае вучылішча. Там ён вучыўся з 1947 па 1952 у В. Волкава, В. Мазалёва, В. Цвіркі, А. Шаўчэнкі.
У 1952—1955 працаваў выкладчыкам малюнка, жывапісу і кампазіцыі ў Віцебскім мастацка-графічным педвучылішчы.
З 1955 па 1961 год вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў ужо знаёмых яму настаўнікаў В. Волкава, В. Мазалёва, В. Цвіркі, а таксама А. Казлоўскага. Атрымаў кваліфікацыю «мастака-жывапісца». Дыпломная праца — карціна «Семінар у полі».
Працаваў настаўнікам малявання ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме (1962—1966). З сакавіка 1966 на працягу шасці гадоў працаваў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве на пасадзе завуча па выяўленчаму мастацтву.
У 1967 уступіў у Саюз мастакоў БССР.
У 1974−1975 быў адказным сакратаром праўлення Саюза мастакоў БССР.
Працаваў выкладчыкам кафедры «Малюнка, акварэлі і скульптуры» Беларускага політэхнічнага інстытута (1975—1976). Пасля 1976 працаваў па дамовах, займаўся творчай працай.
У 1982—1989 займаў пасаду намесніка старшыні Мастацкага фонду Саюза мастакоў БССР.
З 1961 браў удзел у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных мастацкіх выстаўках ў Англіі, Польшчы, Расіі, Францыі.
Персанальныя выстаўкі адбыліся ў г. Брэст (Францыя) (1997), мінскім Палацы мастацтваў (2003), у мінскай галерэі «Добрыя мыслі» (2010).
Мемарыяльная выстаўка жывапісу і графікі М. Назарчука праходзіла ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага з 27 сакавіка па 14 красавіка 2019 [4].
М. Назарчук — адзін з заснавальнікаў і да апошіх дзён жыцця сябра мастацкай суполкі «Пагоня».
Творчасць
правіцьПрацаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу і станковай графікі ў жанрах гістарычнай і тэматычнай карціны, партрэта, краявіду, рэчавіду. Карыстаўся рознымі мастацкімі тэхнікамі: алеем, тэмперай, акварэллю, пастэллю, алоўкам і вуглем.
Найбольш вядомыя творы: «Маці загінуўшага» (1961), «Агні майго горада» (1970), «Аднавяскоўцы» (1975), «Кветкі для Алаізы Пашкевіч» (1976), «Сын» (1978), «Мікола Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавая бітва пад Сянно 9–16 ліпеня 1941 года» (1986), «Якуб Колас і В. К. Бялыніцкі-Біруля ў Прылуках» (1982), «Партрэт героя Савецкага Саюза У. Царука» (1984), «Ф. Скарына ў г. Прага» (1986), «Пахаванне жаўрука. Чарнобыль» (1989), «Сястру з палону ратаваў» (1990), «Кастусь Каліноўскі» (1992), «Змаганне. 19 лютага 1989 года» (1993), «Тадэвуш Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь 1992. Алегорыя» (1995), «Беларусь, твой народ дачакаецца» (1996), «Адраджэнне» (1997), «Нараджэнне стракозкі» (1998), «І прыйдзе час. Алегорыя» (1999), «Да святла» (1998), «Алегорыя часу» (2001), «Пад сімвалам незалежнасці. Мроі» (2001), «Партрэт Лявона Баразны» (2002), «Памяці мастака Івана Рэя» (2003), «Каін i Авель» (2003), «Адраджэнне» (2007), «1960-я. Рэабілітацыя» (2007), «У дзень волі» (2015), «Санеты Максіма Багдановіча» (2017).
Мастацтвазнаўца і мастацкі крытык Я. Шунейка адзначае:
«Шматгадовая праца (…) выяўляе неабмежаваныя магчымасці М. Назарчука як каларыста і майстра эцюда-карціны ў жанры нацюрморта, пейзажа, партрэта. Яго жывапіс багаты на мажорныя кантрасты, навеяныя палескай прыродай, яго палітра гучная і разнастайная ад густых і насычаных малахітава-бурштыновых акордаў да празрыстых і сонечных паўтаноў і адценняў.
Работы М. Назарчука знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Старадарожскім мастацкім музеі, Крычаўскім раённым краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных зборах у Беларусі, Расеі, Польшчы, Францыі ды ў іншых краінах.
Узнагароды
правіць- Медаль «За адвагу» (1947)
- Юбілейныя медалі: «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1978), «50 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь», а таксама «Медаль Жукава»
- Медаль «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» ад Беларускага саюза мастакоў, медаль Язэпа Драздовіча «За плён у мастацтве» ад культурна - асветнiцкага клуба «Спадчына» (2005)[5].
Зноскі
- ↑ На самой справе нарадзіўся 7 верасня 1927. Дата нараджэння 5 жніўня 1927 – па пашпарту, але не дакладная
- ↑ (недаступная спасылка) Поля той войны были минными (руск.) // Во славу Родины, 19 лютага 2016
- ↑ Шлях у мастацтва / уклад. В. І. Ясюк. — Мн .: Беларусь, 2017. — С. 15. — 175 с. — ISBN 978-985-01-1214-9.
- ↑ «Родны край» — рэтраспектыўная выстаўка Мікалая Назарчука(недаступная спасылка)
- ↑ Ушанаванне мастака М. Назарчука
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя. Т.4. / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) і інш. — Мн.,: БелСЭ імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4. — 703 с. — ISBN 978-985-11-0746-5.
- Беларускі саюз мастакоў: Энцыклапедычны даведнік / аўтар-складальнік Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 383. — 664 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
- Художники Советской Белоруссии / редкол.: В. И. Версоцкий, Н. И. Гончаров, Н. Т. Гутиев и др.. — Мн.,: Беларусь, 1976. — С. 247. — 400 с. — 18 000 экз.
Спасылкі
правіць- Мікалай Назарчук на сайце творчай суполкі «Пагоня» Архівавана 12 жніўня 2018.
- Художник, воспевший Ельщину Архівавана 24 студзеня 2020.
- Карціна «На Прыпяці», 1978 (руск.)
- З фарбамі па жыцці // СБ, 5 красавіка 2019
- Художник М. Назарчук подарил клубу "Спадчына" свою работу // БДГ, 6 студзеня 2005
- Мікалай Назарчук на сайце беларускага жывапісу «Мастакі»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 красавіка 2017.
- Картины Николая Назарчука презентуют сегодня в галерее Михаила Савицкого
- Галерея Савицкого приглашает посетить «Родной край» живописца Николая Назарчука Архівавана 5 мая 2019.