Мікалай Аляксеевіч Козенка

беларускі этнограф, даследчык і папулярызатар беларускага народнага танца

Мікалай Аляксеевіч Козенка (нар. 9 сакавіка 1951; в. Целепуны (цяпер у складзе г. Мазыр), Беларусь) — збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог, арганізатар фальклорных фестываляў «Беларуская полька», «Берагіня», «Мяцеліца». Сёння Мікалай Козенка з'яўляецца лідарам [1] у даследаванні і папулярызацыі беларускай народнай танцавальнай культуры.[2]

Мікалай Аляксеевіч Козенка
Дата нараджэння 9 сакавіка 1951(1951-03-09) (73 гады)
Месца нараджэння
Адукацыя
Прафесія
харэограф, рэжысёр-пастаноўшчык, фалькларыст
Тэатр
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Дзяцінства

правіць

Мікалай Козенка нарадзіўся 9 сакавіка 1951 года у в. Целепуны (якая ўвайшла ў склад г. Мазыра) Гомельскай вобласці Беларускай ССР у сям'і рабочага. Бацька Козенка Аляксей Мікітавіч (1908 — 07.09.1957). Маці Козенка Еўдакія Ісакаўна (14.03.1917 — 25.09.1988), у дзявоцтве Сіраш, кіраўніца паляводчай брыгады калгаса «Радзіма».

Хата, дзе нарадзіўся Мікалай Козенка ўжо не існуе. Дзяцінства правёў у доме на вул. Матросава, 19. У 1966 скончыў васьмігадовую школу-інтэрнат г. Мазыра, дзе сярод іншых быў абраны ў танцавальны гурток. Ужо праз год заняткаў прадстаўляў установу і г. Мазыр на абласным аглядзе харэаграфічнага мастацтва ў г. Гомелі. Танцавалі «Беларускую польку», «Лявоніху» ў пастаноўцы А. А. Рыбальчанкі і «Матроскае яблычка» ў пастаноўцы кіраўніка калектыву Уладзіміра Мікалаевіча Авер'янава. Акампанаваў на баяне Мікалай Аляксеевіч Ляўковіч. Але калектыў праіснаваў усяго год. Па запрашэнню Мікалай Козенка пераходзіць у танцавальны калектыў Дома піянераў. Яго кіраўніком была Ніна Вячаславаўна Глінкіна. Школьную адукацыю працягнуў у 9-м класе Мазырскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1. Яшчэ будучы вучнем распачаў працоўную дзейнасць у калгасе «Радзіма» (на Мазыршчыне). На цягу чатырох год баранаваў, абганяў бульбу, касіў, ставагаў сена і салому.[3]

Адукацыя і праца

правіць

З 1967 па 1970 гады вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы на аддзяленні харэаграфіі. Пасля заканчэння быў запрошаны на працу ў Дом культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С. М. Кірава на пасаду кіраўніка дзіцячага харэаграфічнага калектыву. Адначасова па сумяшчальніцтву працуе выкладчыкам харэаграфічных дысцыплін у культасветвучылішчы (1971—1972). З 1972 па 1974 гады служыць артыстам балета ў ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі (г. Мінск). У 1974 годзе Мікалай Козенка паступае на харэаграфічнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. Паспяхова яго сканчае ў 1978 годзе, атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці «культасветработа», спецыялізацыя «выкладчык харэаграфічных дысцыплін» [4]. Па заканчэнні інстытута працуе выкладчыкам кафедры харэаграфіі ў Мінскім інстытуце культуры (сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў): на асноўнай рабоце (1978—1979), па сумяшчальніцтву (да 1988) [4].

З 1979 па 1992 гады працуе ў Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтры культуры на пасадах загадчыка аддзела харэаграфічнага мастацтва, намесніка дырэктара, вядучага навуковага супрацоўніка. У 1992 годзе у сувязі з рэарганізацыяй РНМЦК у Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры (БелДІПК), запрошаны ў новаўтвораную ўстанову на пасаду старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі традыцыйнага мастацтва. У 1995—1996 гады паралельна працуе загадчыкам Чачэрскага раённага цэнтра рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, выкладчыкам танца ў Чачэрскай дзіцячай музычнай школе Гомельскай вобласці. У 1996—1997 гадах выкладчыкам Вялікаўхалодскай школы мастацтваў. З 1996 года настаўнікам рытмікі і танца, кіраўніком узорнага (2001) і Заслужанага (2012) аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурту «Берагіня» ў Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установе «Школа-садок» Барысаўскага раёна Мінскай вобласці [4]. З 1997 па 1998 гады працуе вядучым спецыялістам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1998 годзе працягвае адукацыю ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1998 па 1999 гады займае пасаду мастацкага кіраўніка Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь. З 1999 на асноўнай працы ў БелДІПК. З 2006 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры этналогіі і фальклору на пагадзіннай аснове. З рэарганізацыяй БелДІПК у Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ІПКПК) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ) з 2008 па 2010 гады працуе на пасадзе метадыста аддзела інавацыйных тэхналогій у сацыякультурнай дзейнасці. У сувязі з ліквідацыяй ІПКПК перайшоў працаваць у Інстытут культуры Беларусі, дзе працуе і сёння.[5]

8 ліпеня 1978 узяў шлюб з Алай Мікалаеўнай Сёмінай (нар. 5 чэрвеня 1947, г. Масква). 2 верасня 1982 года ў іх нарадзілася дачка Алеся. У 2006 г.яна закочыла Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут (Мінск), абраўшы прафесію эканаміста; у 2012 г. – Маскоўкі дзяржаўны будаўнічы ўніверсітэт па спецыяльнасці інжэнер-будаўнік. З 27 ліпеня 2002 г. знаходзіцца ў шлюбе з Аляксандрам Аляксандравічам Каваленкам (22.03.1979 г.н.). У іх сям’і нарадзіліся дзеці: Каваленка Кацярына Аляксандраўна (27.09.2013), Глеб Аляксандравіч (10.09.2014). Мікалай Козенка за другім разам узяў шлюб (10 сакавіка 2007) з Тамарай Барысаўнай Варфаламеевай (23.06.1947 г.н.), знакамітым беларускім этнамузыколагам.

На ніве фальклору

правіць

У 1980-90-х гг. Мікалай Козенка даследуе традыцыйную культуру Чачэрскага раёна. На аснове даследчых матэрыялаў падрыхтаваў рукапіс «Чачэрскі фальклор (пераважна харэаграфічны) у сучасных запісах» з фотаздымкамі, малюнкамі, нотнымі дадаткамі. Гэта ўнікальны матэрыял аб’ёмам каля адной тысячы старонак, які дагэтуль не надрукаваны.[6]

Мікалай Козенка аўтар і суаўтар каля 30 відэафільмаў і тэлесюжэтаў, кінастужкі «У Святыя вечары на Каляды» (Беларусьфільм, 1996), тэлецыкла «Чачэрскі альбом» (1995-96) і інш. З’яўляецца аўтарам больш за 170 публікацый, прысвечаных аўтэнтычнаму і аматарскаму танцавальнаму фальклору. Сярод якіх манаграфія «Лексіка беларускага народна-сцэнічнага танца. Ч. І. Паставы рук» (1993), зборнікі «Танцавальная музыка Беларусі» (15 выпускаў), «Беларускія народныя танцавальныя песні» (4 выпускі), «Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць. Магілёўшчына», раздзелы «Танцавальны фальклор», « Народная інструментальная музыка», «Народныя гульні» ў грунтоўным шасцітомным (10 кн.) навуковым выданні «Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў», брашуры і артыкулы ў навуковых, навукова-папулярных і даведачных выданнях Беларусі і Расіі, вучэбныя праграмы і метадычныя дапаможнікі. Арганізатар і кіраўнік рэспубліканскіх семінараў, круглых сталоў, дыскусій па праблемах беларускай народнай харэаграфіі [4].

Пад канец ХХ ст. Мікалаем Козенкам падрыхтавана праграма адраджэння беларускай харэаграфічнай аўтэнтыкі. Мэтай праекту з’яўляецца далучэнне дзяцей і моладзі да каштоўнасцей традыцыйнай культуры, фарміраванне самадастатковай творчай асобы. Створана стратэгія іх вяртання ў сучасны побыт і культуру традыцыя народнай харэаграфіі, спеўнага і музычнага інструментальнага мастацтва.

Крокам у рэалізацыі праграмы становіцца заснаванне Мікалаем Козенкам і яго калегамі фальклорнага гурта «Берагіня» пры Мётчанскай школе-садку Барысаўскага раёна (кіраўнікі М.Козенка і А.Абрамовіч). Таксама ствараюцца цэнтры традыцыйнай творчасці ў Чачэрскім раёнё Гомельскай вобласці (вёскі Бабічы, Нісімкавічы, Меркулавічы, Бяляеўка, Палессе і інш.), Акцябрскім (г.п. Акцябрскі, вёскі Валосавічы, Рассвет, Чырвоная Слабада і інш.) раёнах Гомельскай вобласці, Барысаўскім раёне (в. Мётча) Мінскай вобласці.

Разам з установамі культуры і адукацыі, аматарамі фальклору Мікалаем Козенкам арганізоўваецца шэраг міжнародных і рэспубліканскіх фестывалей фальклору на Беларусі[4] :

  • Рэспубліканскія фестывалі беларускага народнага танца (Гродна, Мінск, 1990)
  • «Палескі карагод» (Пінск, 1991)
  • «Пярэзвы» (Бабруйск, 1992)
  • «Беларуская полька» (Чачэрск, Гомельская вобласць, 1993, 1994, 1996, 1999, 2000)
  • Фестываль народнага мастацтва "Мядоцкі край і яго таленты " (в. Метча, Барысаўскі р-н, Мінская вобласць, 1997)
  • Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» (г.п. Акцябарскі, Гомельская вобласць, 1999, 2001, 2004, 2006, 2008, 2010, 2012)
  • «Першы Міжнародны фестываль фальклору на Беларусі» (Пінск-Мінск, 1994)
  • Другі Міжнароднага фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» (Гомель, 1999)
  • Рэспубліканскі эксперыментальны праект «Танцавальны фальклор і дзеці» (2001—2003)
  • Рэспубліканскі конкурс беларускіх народных танцаў «Мяцеліца» пры «Школе традыцыйнага мастацтва» (Арганізатары: Мінскі фальклорны гурт «GUDA», культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Рэспубліканскі Палац мастацтваў (14 снежня, 2013); Мінскі фальклорны гурт «GUDA», Беларускі фонд культуры і Мінскі дзяржаўны Палац моладзі (люты, 2015)[7]

Узнагароды

правіць
  • Ганаровая грамата Магілёўскага аўтазавода імя Кірава (1972)
  • Ганаровая грамата штаба Беларускай ваеннай акругі (1973)
  • Ганаровая грамата ЦК ЛКСМ Беларусі (1980)
  • Нагрудны знак Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры «За дасягненні ў самадзейнай мастацкай творчасці» (1989);
  • Ганаровая грамата Чачэрскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці (2001)
  • Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2001, 2003, 2008)
  • Ганаровая грамата упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама (2001, 2009)
  • Дыплом Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Рэспубліцы Беларусь «За вялікі ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі» (2008)[8]
  • Нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Загад Міністра культуры П. П. Латушкі ад 29.03.2011 № 29-у
  • Грамата Беларускага фонду культуры. Старшыня Рады Ул. Гілеп. 24 чэрвеня 2012
  • Пасведчанне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» фальклорны гурт «Берагіня» ДУА «Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Барысаўскага раёна» Мінскай вобласці. Кіраўнік — Мікалай Козенка. Рашэнне калегіі ад 10.07.2012 № 45
  • Дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2014)[9].
  • Медаль Францыска Скарыны (29 красавіка 2019)[10].

Бібліяграфія

правіць
  • публікацыі ў часопісах «Інфармацыйны веснік БелІПК» ( (Мн., БелІПК, 1993, вып. 1.); «Тэатральная Беларусь» (Мінск, 1995 г., №№ 1, 2, 3, 4, 6); «Мастацтва Беларусі» (1990, №№ 6,9,10,11); Мастацтва (Мінск, № 8, 1995; № 9, 1996; №№ 2, 4, 1997;. № 6, 1998); “Беларусь” (Мінск, 1994 г., № 12); «Народное творчество» (Москва: ВЦСПС, МК СССР, “Клуб”, 1990, № 2;. 1991, № 3); «Молодежная эстрада» (Москва, 1991, № 4); «Живая старина» (Москва, 2001, №2(30) і інш.
  • укладанне зборнікаў серый: «Танцавальная музыка Беларусі» (15 вып.; Мн.:БелІПК, 1984—2002); «Беларускія народныя танцавальныя песні» (4 вып., Мн.: БелІПК, 1986—1992)
  • вучэбныя праграмы «Танец у народным хоры» для студэнтаў ІІІ-ІV курсаў факультэта культасветработы Мінскага інстытута культуры (Мн.:МІК,1986)
  • «Пачатковае харэаграфічнае навучанне. Праграма для гурткоў, студый, школ і пазашкольных устаноў» (Мн.: Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, 1998)
  • «Апытальнік для збору матэрыялаў па беларускаму танцавальнаму фальклору» (Мн.: БелІПК, 1998)
  • шэраг артыкулаў у даведніку «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (Мн.: БелСЭ, 1989)
  • артыкулы ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (Мн.: БелСЭ, 1989)
  • Руска-беларускі слоўнік : Музыка, харэаграфія (Беларус. ін-т праблем культуры ; [Уклад.: Т.В.Даніловіч, М.А.Козенка]; 1992)
  • «Лексіка беларускага народнага танца. Ч. І. Паставы рук» (Мн: Полымя, 1993)
  • «Рэспубліканскі фестываль народнага танца «Беларуская полька» (4 вып., 1996—2000)
  • «Пачатковае харэаграфічнае навучанне» для гурткоў, студый, школ і пазашкольных устаноў» (1998)
  • «Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» (6 вып., 1999—2010)
  • «Чацвёрты рэспубліканскі фестываль народнага танца «Беларуская полька» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2000)
  • «Мы — «Берагіня» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2001)
  • «Народная спадчына Бацькаўшчыны: Вывучэнне спадчыны і выхаванне дзяцей сродкамі аўтэнтычнага народнага мастацтва» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2002)
  • «Другі рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2001)
  • «Традыцыйная культура і дзеці: Праблемы захавання і пераемнасці» (Мазыр, 2001)
  • «Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі» (Мазыр, 2001)
  • «Традыцыйная культура і дзеці»: Вып.1. Рэспубліканскі эксперыментальны праект «Танцавальны фальклор і дзеці» (2001—2003) (Мн.: БелДІПК, 2004)
  • «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». У 6 т. Т. І. Магілёўскае Падняпроўе, т. 2. Віцебскае Падзвінне, т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн., т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн., т. 5. Цэнтральная Беларусь. У 2 кн., т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. (раздзелы «Інструментальная музыка», «Танцавальны фальклор», «Народныя гульні») (Мн.: Беларуская навука, Вышэйшая школа. 2001—2013)
  • «Традыцыйнае вяселле Мядоцкага краю» (у сааўтарстве з А. А. Абрамовіч, Мн.: Чатыры чвэрці, 2004)
  • шэраг артыкулаў у энцыклапедыі «Беларускі фальклор» у 2(Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005—2006)
  • «Аўтэнтычны фальклор. Праблемы бытавання, вывучэння, пераймання: Матэрыялы навукова-метадычнай канферэнцыі» (Мн.: БДУКіМ, 2007)
  • Укладальнік серыі «Выдатныя постаці Беларусі» (аўтар ідэі і кіраўнік праектаў): «Уладзімір Конан. Выбранае» (Мн: Смэлтак, 2009), ”Погляд у вечнасць. Зборнік артыкулаў да 75-годззя Ул. Конана” (Мн.: Беларускі фонд культуры, 2009), «У тэзаўрусе Беларусі. Да 80-годдзя Энгельса Дарашэвіча» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2011), «Жыццё і лёс Адама Чопчыца» (Мн.: Чатыры чвэрці, 2012), «Антаніна Абрамовіч. DUM SPIRO SPERO – Пакуль жыву, спадзяюся» (Мн.: БелДІПК, 2007), “Зроднены з культурай” (Да 70-годдзя Уладзіміра Гілепа). Пад рэд. Генрыха Далідовіча, Міколы Козенкі (Мн.:БелДІПК, 208); “Культура” – прафесія не для слабых”. Да 70-годдзя Валерыя Будняцкага (Мн.:Беларускі фонд культуры, 2014); “Неўтаймаваны: да 70-годдзя Мікалая Дудчанкі (Мн.: Беларускі фонд культуры, 2015)
  • шэраг артыкулаў ў тыднёвіку “Культура” (2012, №32; №№ 6, 32, 34, 52)
  • «Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць. Магілёўшчына» (Мн.: БДУКіМ, 2014)

Фільмаграфія

правіць
  • «Столінскія карагоды, гульні, скокі» (1991, МВТА “Артфільматэхніка”)
  • «Чачэрскі куфэрак» (1991, МВТА Артфільматэхніка)
  • «Танцы і карагоды на вёсцы» (1995, праграма “Радавод” Белтэлерадыёкампаніі )
  • «Паміж небам і зямлёй» (1995, праграма “Радавод” Белтэлерадыёкампаніі)
  • тэлецыкл «Чачэрскі альбом» у праграме «Радавод» Белтэлерадыёкампаніі (1995-96)
  • «У святыя вечары на Каляды» (1996, Летапіс , Беларусфільм) і інш.[4]

Зноскі

  1. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.152, 200-201
  2. гл. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». У 6 т. Т. І. Магілёўскае Падняпроўе, т. 2. Віцебскае Падзвінне, т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн., т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн., т. 5. Цэнтральная Беларусь. У 2 кн., т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. (раздзелы «Інструментальная музыка», «Танцавальны фальклор», «Народныя гульні») (Мн.: Беларуская навука, Вышэйшая школа. 2001—2013)
  3. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.329
  4. а б в г д е Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.1: А капэла - Куцця / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 768 с.: іл.; С.699-700
  5. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.329-330
  6. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.330
  7. гл. перыядычныя выданні ў раздзеле «Бібліяграфія»
  8. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.332
  9. Указ «Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года» № 650 ад 30 снежня 2014 года(недаступная спасылка)
  10. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2019 года № 163 «Аб узнагароджанні»

Літаратура

правіць
  • Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — 370 с.
  • Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.1: А капэла - Куцця / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 768 с.: іл.
  • Кацярына Шэйка. “Мяцеліца” запрашае // Краязнаўчая газета. № 45 (494), снежань 2014 г. – С. 4
  • Яўген Пясецкі. Полечка “па-мясцоваму”. Фота аўтара // Звязда. 17 снежня 2013 г. С. 8
  • Анастасія Капцава. У госці да “Мяцеліцы” // Літаратура і мастацтва. № 50. 20 снежня 2013 г. С. 14
  • Ніна Казленя. Снежань з “Мяцеліцай” // Краязнаўчая газета. № 47 (496), снежань 2013 года. С. 7
  • Рукапіс кніжкі «Чачэрскі фальклор (пераважна харэаграфічны) у сучасных запісах» знаходзіцца ва ўласным архіве М.Козенкі
  • Танцы ўсходняга Палесся. Мн., 1987;
  • Танцуюць дзеці // Мастацтва Беларусі. 1990. №10, 11
  • Акцэнт як сродак мастацкай выразнасці беларускага народнага танца // Весці АН БССР. 1991. №2

Спасылкі

правіць