Мікалай Васілевіч Лагодзіч
Мікалай Васільевіч Лагодзіч (6 снежня 1928, вёска Радаўня Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці — 1 красавіка 2009, Пінск) — іншадумца, палітычны вязень у БССР, удзельнік дэмакратычнага руху ў часы «перабудовы» і ў незалежнай Беларусі.
Мікалай Васілевіч Лагодзіч | |
---|---|
Род дзейнасці | палітычны вязень, дзяржаўны дзеяч |
Дата нараджэння | 6 снежня 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 красавіка 2009 (80 гадоў) |
Месца смерці |
БіяграфіяПравіць
У 1948 быў прызваны на ваенную службу, служыў у Кіраўскай вобласці. Як адзначаў Лагодзіч, iснавала практыка дыскрымiнацыi прызыўнiкоў з заходнiх абласцей Беларусi, якiя жылi да 1939 у складзе польскай дзяржавы i ў 1940-х гадах не былі яшчэ да канца саветызаваныя. Тых, хто нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, пасылалi служыць як мага далей ад Беларусi, давалi самую цяжкую i брудную працу, часта накiроўвалi на працу ў шахты i на лесапавал. Лагодзіч даслаў скаргу мiнiстру абароны СССР Аляксандру Васiлеўскаму з выкладаннем сітуацыi i папрасiў перавесцi яго для службы на тэрыторыю Беларусi. Ужо тады М. Лагодзіч адчуў на сабе цiск з-за сваiх поглядаў.
Пасля заканчэння ваеннай службы вярнуўся на радзiму, у 1956 годзе пасялiўся ў Пiнску. Працаваў на Пiнскiм фанерна-запалкавым камбінаце, адначасова завочна вучыўся ў тэхнiкуме. Роздумы над рэчаіснасцю ў БССР прыводзілі М. Лагодзіча да нязгоды з многімі яе праявамі. Тады Лагодзіч яшчэ верыў у магчымасць зменаў у СССР праз адкрытую дыскусiю, праз публiкацыi ў савецкай прэсе. «…Практычная дзейнасць камунiстычнага рэжыму, iнфармацыйная хлусня партыйнай прэсы, уся дыктатарская атмасфера, парушэннi Усеагульнай Дэкларацыi Правоў Чалавека падштурхнулi мяне нагадаць рэжыму пра гэта сваiмi артыкуламi. Я пачаў пiсаць»[1]. На пачатку 1960-х гадоў Лагодзіч накiроўваў свае артыкулы ў маскоўскiя газеты «Известия» i «Правда» (натуральна, артыкулы не публікавалі). Тады Лагодзіч выслаў яшчэ адзiн рукапiс у мінскi карпункт газеты «Правда». Гэты артыкул быў падпiсаны псеўданiмам Пiнчук Палескi.
КДБ пачаў шукаць аўтара. 29 студзеня (паводле іншых дадзеных — 31 студзеня) 1963 М. Лагодзіч быў арыштаваны i дастаўлены ў Брэсцкi абласны аддзел КДБ. Справу Лагодзіча вёў падпалкоўнiк Гаршкоў. Паводле дакументаў следства, Лагодзіч «выношваў пачуццё крыўды за рэпрэсію свайго бацькі — памагатага нямецкіх акупантаў» і з-за таго ў 1959—61 пісаў улёткі і лісты з заклікамі змагацца супраць камуністаў і савецкай улады, дасылаў іх у дзяржаўныя ўстановы Мінска і іншых гарадоў, раскідваў у грамадскіх месцах[2]. Асуджаны 11 красавіка 1963 Брэсцскiм абласным судом паводле часткі першай артыкула 67 Крымiнальнага кодэкса БССР («антысавецкая агiтацыя i прапаганда») на 3 гады пазбаўлення волi. Тэрмiн адбываў у Мардоўскiх лагерах.
Калі Мікалая Лагодзіча арыштавалі, яго жонка Марыя была ў радзільні. Свайго другога сына Вячаслава ён упершыню ўбачыў толькі праз тры гады. Пасля вызвалення Лагодзіч цярпеў ад дыскрымiнацыi, пастаянна сутыкаўся з праблемамi ў працаўладкаваннi. Яго ліставанне доўгi час было пад наглядам карных органаў. Рэабiлiтаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь 29 траўня 1992[3]. У канцы 1980-х і ў 1990-я гады публікаваўся ў незалежнай прэсе, браў актыўны ўдзел у дэмакратычным руху — быў адным са стваральнікаў Беларускага дэмакратычнага аб’яднання «Ветэран» і кіраўніком яго пінскага аддзялення, сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi («Грамада»).
Копія ўліковай карткі палітычнага зняволенага Дубраўлага М. Лагодзіча захоўваецца ў фондзе 167 архіву навукова-даследчага і праваабарончага цэнтру «Мемарыял» (Масква).
Зноскі
- ↑ Лагодзіч М. Мае ўспамiны // Маю права! Бюлетэнь Пiнскага рэгiянальнага аддзялення Беларускага Хельсiнкскага Камiтэта. 1998, № 3.
- ↑ 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог / Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман. Москва, 1999. С. 630.
- ↑ База данных «Жертвы политического террора в СССР».
ТворыПравіць
Мае ўспаміны // Маю права! Бюлетэнь Пiнскага рэгiянальнага аддзялення Беларускага Хельсiнкскага Камiтэта. 1998, № 3.
ЛітаратураПравіць
- Сьнітко, Тацяна. Лагодзіч Мікалай // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск, 1999.
- Снітко, Таццяна. Лагодзіч Мікалай Васільевіч // Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985. Даведнік. Том 1 / Укладальнік Алег Дзярновіч. Мінск, 2004. С. 123—124.
СпасылкіПравіць
Аксак, Валянціна. Вянок памяці: Мікалай Лагодзіч. Радыё «Свабода». 1 красавіка 2009.