Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка

(1549—1616) ваявода троцкі і віленскі
(Пасля перасылкі з Мікалай Радзівіл Сіротка)

Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» (1549, Цмелеў, Польшча — 1616, Нясвіж, ВКЛ) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, мецэнат, пісьменнік. Маршалак надворны (з 1569) і маршалак вялікі літоўскі (1579—1586), ваявода троцкі (1590—1604) і віленскі (з 1604). Сын князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1515—1565), пачынальніка Рэфармацыі ў ВКЛ. Разам з братамі Альбрэхтам і Станіславам стварыў Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, быў першым ардынатам на Нясвіжы (1586).

Мікалай Крыштаф Радзівіл
Партрэт Мікалая VIII Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Невядомы мастак, 1733—1737 гг.
Партрэт Мікалая VIII Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Невядомы мастак, 1733—1737 гг.
Герб «Трубы»
Герб «Трубы»
15-ы ваявода віленскі
26 сакавіка 1604 — 28 лютага 1616
Папярэднік Крыштаф Радзівіл Пярун
Пераемнік Ян Караль Хадкевіч
8-ы маршалак надворны літоўскі
20 чэрвеня 1569 — 25 кастрычніка 1579
Папярэднік Астафій Багданавіч Валовіч
Пераемнік Альбрэхт Радзівіл
маршалак вялікі літоўскі
25 кастрычніка 1579 — 3 сакавіка 1586
Папярэднік Ян Геранімавіч Хадкевіч
Пераемнік Альбрэхт Радзівіл
кашталян троцкі
3 сакавіка 1586 — 10 жніўня 1590
Папярэднік Ян Янавіч Глябовіч
Пераемнік Аляксандр Пронскі
ваявода троцкі
10 жніўня 1590 — 26 сакавіка 1604
Папярэднік Ян Янавіч Глябовіч
Пераемнік Аляксандр Хадкевіч[d]
Нараджэнне 2 жніўня 1549[1]
Смерць 28 лютага 1616(1616-02-28)[2][3] (66 гадоў)
Месца пахавання
Род Радзівілы
Бацька Мікалай Радзівіл Чорны[4]
Маці Альжбета з Шыдлавецкіх[uk]
Жонка Альжбета Яўхімія з Вішнявецкіх[4]
Дзеці Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл[4], Аляксандр Людвік Радзівіл[4], Жыгімонт Караль Радзівіл[4], Ян Ежы Радзівіл[4], Альжбета з Радзівілаў[4], Мікалай Радзівіл[d][4], Крыштаф Мікалай Радзівіл[d][4], Кацярына з Радзівілаў[d][4] і Крысціна з Радзівілаў[d][4]
Веравызнанне каталіцтва і Каталіцкая Царква
Дзейнасць палітык, аўтар дзённіка
Узнагароды
Knight in the Order of the Holy Sepulchre
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладанні правіць

Валодаў найбуйнейшымі ў Вялікім Княстве Літоўскім латыфундыямі. Ад бацькі да яго перайшлі Нясвіж, Ліпск, Лахва, Шацк, Свержань і іншыя разам з тытулам князя «на Алыцы і Нясвіжы». Ад маці атрымаў Шыдловец у Польшчы разам з тытулам графа. Паводле тастамента ад стрыечнага брата Юрыя Ільініча атрымаў Мірскае графства, Зэльву і Дворышча ў Лідскім павеце, Чарнаўчыцы і Белую ў Берасцейскім ваяводстве. Па падзеле маёнткаў жонкі з яе сёстрамі да яго перайшлі Дзераўная з Хотавам і Востравам у Менскім ваяводстве, Пацейкі ў Новагародскім ваяводстве і Жодзішкі ў Ашмянскім павеце. Жыгімонт Аўгуст надаў яму Крожы на Жамойці, Жыгімонт Ваза — Грэск. Таксама шмат маёнткаў набыў, у тым ліку Салтанаўшчыну, Затур’ю, Кунасу, Мікалаеўшчыну, Магільна, Гарадзею, Гавязну і іншыя, што значна пашырыла тэрыторыю Нясвіжскага княства.

«Попіс войска літоўскага 1567 года» называе наступныя ўладанні Мікалая Сіроткі:

«Воеводич Виленский. Месяца ноябра 20 дня. Пан Миколай Криштоф Радивил з Олыки и Несвижа, кграбя на Шидловцу, ставил почту з ыменей своих — з Несвижа и з волостей, ку Несвижу прислухаючих, з Липска, з Лафы, з Шацка, з Клецка, з Городка, з Лебедева, з Дунилович, з Дубров и Недрезки, з Кгеранойн, з Лоздун, з Негневич, з Налибоков, з Узды, з Сенежич, з Олыки, з Радивилова, з Ыванчич, з Яблоней, з Озлимич, з Морд, з Голубли, з Свядосеи, з Сол, з Дусят, з Кревин, з Богушок, з Высокна, з Жомойток, з Возкгилишок, з Мусник, з Будивидишок, з Болоши, з Ворнян; с тых всих имений ставил всего почту коней пятьсот тридцать деветь збройно по гусарску — с тар., з др.. При том почте ставил его милость драбов пеших триста осмдесят шесть и ознаймил то, иж с повинности драбей 350 а на ласку гоподарску драбей 36»[5].

Біяграфія правіць

Мікалай Крыштаф з роду Радзівілаў, сын пачынальніка вялікалітоўскай Рэфармацыі і канцлера вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла Чорнага і Альжбеты з Шыдлавецкіх. Меў братоў Альбрэхта, Юрыя і Станіслава, а таксама сясцёр Ганну Магдалену, Крысціну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.

Цяжка сказаць, у якой ступені Мікалай Радізвіл Чорны і Альжбета з Шыдлавецкіх (а ёй было толькі 16 гадоў, калі Мікалай Крыштаф з’явіўся на свет) удзельнічалі ў выхаванні свайго першынца. Вядома, што яны пяшчотна называлі яго «Мішам»[6]. Асаблівую ролю ў выхаванні Сіроткі адыгрывала маці, якую сучаснікі лічылі прыкладам дабрыні і прыстойнасці, яна лічылася адданай маці і жонкай, была надзвычай набожнай.

Пачатковую адукацыю Мікалай Крыштаф «Сіротка» атрымаў у Лукішках і Нясвіжы[7], у пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам[8]. Настаўнікамі Мікалая былі Схалей і Захарыюш Тэнха з Жытавы, якія навучалі яго польскай мове і асновам латыні, а таксама адукаваныя пратэстанцкія літаратары Дж. Б’яндрата, Ф. Станкара, Я. Тэнанда, Дж. Шомана і інш., запрошаныя ў Нясвіж для працы над перакладам біблейскіх тэкстаў, якія пазней былі надрукаваны ў вядомай Берасцейскай Бібліі (1563). У 1563 годзе Сіротка адправіўся па навучанне ў Еўропу. У пачатку ліпеня ён выехаў з Кракава ў суправаджэнні світы ў 12 чалавек, у кірунку да Страсбурга. Частка світы прызначалася для падтрымкі сувязі паміж Мікалаем Радзівілам Чорным і яго сынам. Апякунства над Сіроткам Чорны даручыў свайму двараніну Бальцэру Язерскаму[9].

Гімназія ў Страсбургу (з 1566 — акадэмія) была даволі вядомай сярод пратэстанцкіх колаў ВКЛ і Кароны Польскай. Афіцыйна яна лічылася лютэранскай, аднак у гімназіі панавала даволі ліберальная атмасфера, што без перашкод дазваляла навучацца ў ёй прыхільнікам кальвінізму. У праграме быў зроблены ўпор на вывучэнне замежных моў і асабліва латыні, і лічылася яна даволі складанай. Пазней Сіротка тлумачыў ваяводу віленскаму Крыштафу Радзівілу галоўны матыў, якім кіраваўся яго бацька, калі накіраваў яго менавіта ў Страсбургскую гімназію:

[…] мяне пытаеш, нашто мяне бацька туды пасылаў? З-за рэлігіі цвінгліянскай. Міністр Чаховіч, які цяпер новахрышчэнец, запэўніў нябожчыка, што ў Страсбургу рэлігія цвінгліянская, а бацька пагарджаў лютэранскай і, калі мяне адпраўляў, Язерскаму казаў: «няхай лепей будзе папежнікам, чым тваім Лютэрам»[10].

Мікалай Крыштаф «Сіротка» пачаў навучанне ў жніўні 1563 і працягваў да жніўня 1564 года. Акрамя латыні вывучаў нямецкую мову, магчыма, французскую, але апошняй не авалодаў, вывучыў асновы геаметрыі Эўкліда і набыў уяўленні пра грамадзянскае права[11]. Чорны выкарыстоўваў знаходжанне сына ў Страсбургу для розных мэт: прасіў яго дасылаць цікавыя яму кнігі і навіны, падтрымліваў праз яго сувязі са шматлікімі, пераважна, рэлігійнымі дзеячамі. Бацька ў сваіх лістах дзяліўся з Мікалаем Крыштафам шматлікімі навінамі з ВКЛ, дзе выказваў сваю палітычную пазіцыю датычна той ці іншай праблемы; турбаваўся пра рэкламу для ВКЛ за мяжой. Так, напрыклад, ён прыслаў сыну медальён з выявай вялікага князя, які быў адлюстраваны пад Пагоняй і ў вялікакняжацкай шапцы, пасля перамогі на Уле перадаў яму копію ліста пра гэту падзею і заклікаў яе распаўсюдзіць на нямецкай і лацінскай мовах[12]. Цікава гучыць заклік Чорнага да Сіроткі трымацца польскай мовы, які яскрава паказвае на маштабы паланізацыі эліты ВКЛ ў сярэдзіне XVI стагоддзя:

Даў мне ведаць [апякун], што вы вельмі ад польскай мовы адыйшлі, што някепска, аднак жа, каб не здарылася так, як аднаму паляку Лязімскаму, які рана пачаў вучыцца ў Італіі, забыўся на польскую мову і, калі вярнуўся дадому, зноў яе вучыў. Ты, усё ж, прашу цябе, не забывайся на прыроджананую мову, каб пасля, калі вернешся, не размаўляў як цырульнік Павел, бо з цябе браты і сёстры смяяцца будуць[13].

Даволі цяжка ацаніць наколькі паспяхова Мікалай Крыштаф «Сіротка» навучаўся ў Страсбургскай гімназіі. Сам ён дужа крытычна ставіўся да перыяду свайго знаходжання там, але трэба зважаць на тое, што гэта крытычнае стаўленне адносіцца да перыяду, калі Сіротка быў ужо перакананым каталіком[14]. Апякун Язерскі, у сваю чаргу, дужа нахвальваў Чорнаму поспехі свайго падапечнага. На карысць таго, што Сіротка быў усё ж надзвычай здольным вучнем, сведчыць велізарная колькасць прысвячэнняў яму ад розных вядомых тагачасных інтэлектуалаў, а таксама пазнейшая рэпутацыя князя ў ВКЛ, і Рэчы Паспалітай і ўласна вынік яго пісьменніцкай дзейнасці — знакамітая «Перэагрынацыя…».

 
Мікалай Крыштаф Радзівіл у гады вучобы. З кнігі Марціна Крузіуса, 1564—1566

У жніўні 1564 года, з прычыны заразы ў Страсбургу, Мікалай Крыштаф «Сіротка» пакінуў гэты горад і накіраваўся ў Цюбінген, дзе пачаў хадзіць на заняткі ў мясцовую акадэмію, а таксама слухаў прыватныя лекцыі. Акадэмія мела артадаксальны лютэранскі характар і паводле праграмы нагадвала Страсбургскую гімназію. Сіротка працягваў вывучаць латынь і нямецкую мову, паглыбляў веды ў рыторыцы і класічным рымскім грамадзянскім праве. Асабліва шчыльныя кантакты сын Чорнага меў з прафесарам грамадзянскага права Стэфанам Цулінгам[15] і магістрам вольных мастацтваў Марцінам Крузіусам  (ням.). Апошні прысвяціў Сіротцы некалькі перакладаў грэчаскіх паэм. Толькі летам 1566, нават не выехаўшы на пахаванне свайго бацькі, які памёр 28 мая 1565 (зрэшты, згодна з воляю нябожчыка[16]), Мікалай Крыштаф пакінуў Цюбінген і выправіўся ў Швейцарыю (Цюрых), дзе сустрэўся са слынным тэолагам Генрыхам Булінгерам. Гэтая сустрэча, паводле самога Сіроткі, значна паўплывала на яго рашэнне перайсці ў каталіцызм[17].

З Швейцарыі Сіротка выехаў у Італію, дзе наведаў Мілан, Падую і да 27 лістапада 1566 года затрымаўся ў Рыме. На адваротным шляху наведаў Мантую, дзе завязаў прыязныя стасункі з князем Вільгельмам. У лютым 1567 года Сіротка быў ужо ў Польшчы. Такім чынам, яго перабыванне за мяжой працягвалася ад ліпеня 1563 да лютага 1567 года, няпоўныя 4 гады[18].

Кар’ера правіць

 
Узбраенне М. К. Радзівіла

У 1567 года Мікалай Крыштаф «Сіротка» атрымаў у спадчыну бацькавы маёнткі, зрабіўся апекуном малодшых братоў і сясцёр. Таго ж года пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камедонія, езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі і Гозія ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і ўступіў у шэрагі мальтыйскіх рыцараў. Неўзабаве пасля гэтага перадаў Нясвіжскую друкарню свайго бацькі віленскім езуітам.

Мікалай Крыштаф браў удзел у Інфлянцкай вайне (1558—1582), узначаліў уласны аддзел у Радашковіцкай аперацыі. У 1568 годзе ўдзельнічаў у аблозе Улы.

У час складання Люблінскай уніі (1569), як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту са сваіх маёнткаў у Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Таго ж года ён атрымаў пасаду надворнага маршалка літоўскага. Па смерці Жыгімонта Аўгуста на з’ездзе сенатараў у Кнышыне Сіротка абвясціў, што літвіны будуць дабівацца вяртання Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны[19].

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, М. К. Радзівіл быў здольным дыпламатам. У 1573 ён узначальваў пасольства ў Парыж да Генрыха Валуа, якому перадаў запрашэнне радных паноў на велікакняжацкі прастол. У 1574 у час выбараў на сойме новага караля Рэчы Паспалітай Мікалай Крыштаф «Сіротка» падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Валуа і, калі той уцёк у Францыю, двойчы ездзіў да яго з запрашэннем вярнуцца і папярэджаннем, што калі ён не вернецца, то пазбавіцца кароны. Пасля ўцёкаў Генрыха Валуа (1574), на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стэфанам Баторыем.

У гэты ж час Сіротка распачаў актыўную барацьбу супраць рэфармацыйнага руху. Выдаў сродкі для скупкі пратэстанцкай літаратуры (у т.л. Брэсцкай Бібліі). У сваіх уладаннях ён замяняў пратэстанцкіх прапаведнікаў каталіцкімі святарамі; таксама падтрымліваў праваслаўныя цэрквы[19].

У час новай ваеннай кампаніі пад камандаю Стэфана Баторыя ў 1579 годзе разам з братам Альбрэхтам Мікалай Крыштаф «Сіротка» правёў уласны аддзел пад Свір, удзельнічаў у вызваленні Полацка ад маскоўскіх захопнікаў. У момант штурму Полацкага замка быў цяжка паранены. Таго ж года за ваенныя заслугі ён атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. У 1581 годзе Сіротка браў удзел у аблозе Пскова.

У 1582 выехаў у Італію, адкуль у 1583 — рушыў у Святую Зямлю. Падарожжа апісаў у кнізе «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» (на лацінскай мове; Бранева, 1601).

 
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка». Невядомы мастак, 1590

У сталым веку М. К. Радзівіл займаў самыя высокія пасады ва ўрадзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 годзе адмовіўся ад урада маршалка вялікага літоўскага на карысць свайго брата Альбрыхта Радзівіла і быў прызначаны кашталянам троцкім, а ў 1590 годзе ваяводам троцкім.

На Віленскай канвакацыі (1591) разам з іншымі сенатарамі Вялікага Княства Мікалай Крыштаф «Сіротка» выступаў супраць намінацыі свайго брата Юрыя на пасаду кракаўскага біскупа, каб біскупам у Вільні не прызначылі паляка.

Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі (1596), быў адным з трох каралеўскіх паслоў на сабор у Берасці. У 1604 годзе прызначаны ваяводам віленскім. Разам з іншымі палітыкамі Вялікага Княства выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя I і ўмяшання ва ўнутраныя справы Масквы, супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 гг[19].

 
Рэканструкцыя палаца першага замка М. К. Радзівіла Сіроткі
 
Касцёл Божага Цела ў Нясвіж першы барочны храм на тэрыторыі Рэчы Паспалітай

У ВКЛ валодаў найбуйнейшымі зямельнымі ўладаннямі. Разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварыў у 1586 Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, стаў першым нясвіжскім ардынатам. У 1579 выдаў прывілей на самакіраванне Міру. Па хадайніцтве М. К. Радзівіла ў 1586 годзе Стафан Баторый даў Нясвіжу магдэбургскае права. У ліку першых правёў валочную памеру ў многіх сваіх маёнтках. Фундаваў касцёлы і шпіталі ў Нясвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані, Бялай. Збудаваў замкі ў Бялай і Нясвіжы (сабраў там галерэю партрэтаў, бібліятэку, збраёўню), Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў (разам з жонкай), заклаў парк у Альбе (пад Нясвіжам).

Па ініцыятыве М. К. Радзівіла і за яго кошт выдадзена першая дакладная карта ВКЛ (каля 1603), аўтарамі якой з’яўляюцца друкар, мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы Тамаш Макоўскі, а таксама Гесэль Герытс — галандскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома Блау. Захавалася 2-е выданне (Амстэрдам, 1613), апублікаванае выдаўцом Вілемам Янсзонам Блау[20].

Творчасць правіць

Да 1595 года Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» перапрацаваў свой дзённік падарожжаў і выдаў яго ў 1601 годзе пад назвай «Перэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла» (лац.: «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»). Пазней кніга двойчы перавыдавалася на латыні, у 1610 і 1753 гадах.

Паводле М. К. Радзівіла мэта выдання кнігі — «пашырыць кругагляд землякоў». У прадмове ён падкрэсліваў, што піша толькі пра тое, што бачыў на ўласныя вочы, а не вычытаў у кнігах іншых падарожнікаў, хоць быў добра знаёмы з літаратурай пра Блізкі Усход. У кнізе мноства спасылак на гэту літаратуру, але М. К. Радзівіл не капіраваў іншых, а сам аналізаваў прачытанае. Часта выказваў нязгоду з тымі або іншымі аўтарамі.

   
«Перэгрынацыя…», 1601: тытульны аркуш (злева), ілюстрацыя з кнігі (справа)

Апісваючы храмы, палацы, руіны, аўтар найперш расказвае пра іх месца знаходжання, вонкавы і ўнутраны выгляд, матэрыял, з якога яны зробленыя, часта параўноўвае бачаныя пабудовы з італьянскімі і французскімі.

Неаднойчы ён зняпраўджвае сцвярджэнні з Бібліі. Так, убачыўшы крыніцу, у якой нібыта апостал Піліп хрысціў еўнуха царыцы Кандатэі, М. К. Радзівіл заўважае: «… крыніца з цеснай скалы выходзіць і такая бедная, што абедзвюх ног не было б чым паліць. Таму хутчэй трэба казаць, што святы апостал галаву яму паліў і так яго хрысціў».

Паэтычна апісвае Мёртвае мора: «Гэта мора… сярністае, мае і каменні навокал сябе, якія, калі іх запаляць, гараць, як дрэва… Іосіф Флавій праўдзіва гэта возера апісвае, а асабліва тое, што тройчы яно змяняецца ў дзень, гэта я добра бачыў, бо зранку вада была чарнаватай, да поўдня, калі сонца яго нагрэе (бо там моцная спёка), дык блакітнявее ўся вада накшталт блакітнага сукна, да падвячорку ж, перад захадам сонца, калі сонечная спёка спадзе, вада робіцца чырванаватай або рудой, быццам яе з глінай змяшалі».

Пры наведванні Іерусалімскага храма Труны Гасподняй М. К. Радзівіл звярнуў увагу не столькі на старажытную архітэктуру, колькі на надмагільныя пліты гістарычных асоб — кіраўнікоў крыжакоў.

Аўтара цікавілі таксама прыродныя ўмовы, гаспадарка і земляробства тых мясцін, якія ён наведаў. Апісваючы Сірыю, Ліван, Егіпет, шмат месца адводзіць іх гаспадарцы, дзівосным жывёлам, адзначае вялікае значэнне разліваў Ніла для гаспадарчай дзейнасці ў Егіпце. Аглядаючы сфінкса і піраміды са старажытнымі пахаваннямі, М. К. Радзівіл цікавіўся саставам, пры дапамозе якога робяцца муміі, і адзначаў: «Штосьці асаблівае гэта мае быць, бо і зараз, праз тры тысячы гадоў і больш, як гісторыя піша, не дазволіла наймалейшай частцы згніць». Апісаў ён таксама народныя звычаі і святы, адносіны паміж рознымі народамі. Часта нагадваў пра жорсткасць туркаў у дачыненні да жыхароў скароных Турцыяй народаў, пра рознагалоссі паміж туркамі і арабамі.

Кніга М. К. Радзівіла карысталася вялікім попытам, вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай і рускай мовах.

Сям’я правіць

 
Альжбета Яўфімія з Вішнявецкіх
 
Дзеці М. К Радзівіла: Ян, Альбрэхт і Крыштаф. Гравюра з кнігі М. Радэра, 1604

24 лістапада 1584 года ажаніўся з князёўнай Альжбетай Яўфіміяй Вішнявецкай (1569—1596), дачкой ваяводы валынскага і старосты луцкага, князя Андрэя Іванавіча Вішнявецкага (каля 1528—1584) і Яўфіміі Юр’еўны Вярбіцкай (1539—1589), ад шлюбу з якой меў 6 сыноў і 3 дочкі:

Беларускія пераклады правіць

  • Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштафа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

Зноскі правіць

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł h. Trąby, zwany Sierotką // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 74.
  4. а б в г д е ё ж з і к Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  5. Литовская Метрика. Отдел первый. Часть третья: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского/ Русская историческая библиотека, издаваемая императорскою Археографическою комиссиею. Т.33. — Петроград, 1915. — С.453.
  6. Karpluk M., Pirożyński J. O nieuwiarowaniu śmierci — rękopiśmienna relacja świadka ostatnich dni Elżbiety z Szydłowieckich Radziwiłłowej // Miscellanea Staropolskie. T. 6. Wrocław, 1990. S. 84.
  7. Гурын М. Радзівіл Мікалай Крыштаф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 494. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  8. Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007. [1]
  9. Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 32.
  10. Pietrzyk Z. «Tylem się w Strazburku nauczył…». Studia Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki w Strasburgu w latach 1563—1564 // Odrodzenie i reformacja w Polsce. T. 41. — Warszawa, 1997. S. 159—162.
  11. Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 18, 20—21.
  12. Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. С. 32—33.
  13. Паводле: Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. — Lublin, 1995. S. 17—18.
  14. Напрыклад: Archiwum domu Radziwiłłów. S. 44. М. К. Радзівіл да К. Радзвіла. Белая, 11 красавіка 1596.
  15. лац.: Stephan Culing
  16. Testament Mikołaja Radziwiłła zw. Czarnym wojewody wileńskiego. // Augustyniak U. Testamenty ewangelików reformawanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992. S. 19—20.
  17. Merczyng H. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sirotka i jego przyjęcie katolicyzmu w r. 1567. // Przegląd Historyczny. R. 12. 1911. S. 4—5.
  18. Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. С. 42—43.
  19. а б в Гурын М. Радзівіл Мікалай Крыштаф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 495. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  20. blr.belta.by
  21. Другім мужам гравюра з партрэтнай галерэі Радзівілаў называе ваяводу віцебскага Крыштафа Кішку, але гэты факт, хоць і шырока растыражаваны ў літаратуры, не знаходзіць пацверджання ні ў біяграфіі Крыштафа Кішкі, ні ў логіцы падзей. Габрыэль Тэнчынскі памёр у 1617 годзе, праз год памерла і сама Альжбета. Малаверагодна, што яна магла ажаніцца хоць з кім такім у хуткім часе. Да таго ж Рэгіна Галоўчынская, першая жонка Крыштафа Кішкі, памерла толькі ў 1640 годзе.

Літаратура правіць

  • Кніга жыцій і хаджэнняў. Уклад. А. А. Мельнікаў, прадм. І. Саверчанка, бел.перакл. С. Шупа. — Мн., 1994. С. 164—447. (Каментарыі: С. 478—499).
  • Князь Николай Радзивилл по прозванию Сиротка. — Мн: Академия управл. при Президенте Респуб. Беларусь, 2019. — 32 с. — ISBN 978-985-527-482-8.
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
  • Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998.
  • Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000.

Спасылкі правіць